Суседзi
– Што ж за халера такая! – эмацыйна вылаяўся Йэн.
– Кінь ты гэтую справу, – лянотна параіў Эл.
Ягоны напарнік, па сумяшчальніцтву і вучань, нервова зірнуў спадылба, але нічога не адказаў.
– Цябе ніхто не прымушае...
– Ну не магу я спакойна глядзець на гэтае цемрашальства! – злосна перапыніў яго Йэн. – Мікрапластык у акіяне дасягнуў крытычных паказчыкаў!
Але майстра Эла гэтыя словы не ўразілі:
– Ну, не перабольшвай. Не думаю, што ўсё настолькі кепска, я ж сам бачыў лічбы. Дый астатніх праблем хапае.
– Хапае, – тут жа пагадзіўся Йэн. – Але навошта рабіць яшчэ горш?!
– Ат, з такой уражлівасцю ты на гэтай пасадзе доўга не затрымаешся, – спачувальна паківаў галавой Эл. – Дарэчы, ты свае абавязкі памятаеш?
Йэн адарваўся ад манітора, устаў і нават адпіхнуў крэсла:
– Бачыць яго ўжо млосна!
Эл крыху памаўчаў і зноў перапытаў:
– Што ты павінен рабіць?
Йэн падазронна паглядзеў на яго, але акрамя спачування нічога не ўбачыў.
– Назіраць, – выціснуў ён і раптам ўздыхнуў.
Эл кіўнуў:
– Паўплываць на гэта ты можаш?
– Не! Колькі разоў ты ўжо пытаўся?
Настаўнік пакруціў галавой і таксама ўздыхнуў:
– А ты не верыў, што тут доўга не затрымліваюцца.
– Ну, не верыў, – прызнаўся Йэн. – Але ж хто ведаў, што ўсё настолькі кепска?
– Ага, – падтакнуў Эл. – Мікрапластык, глабальнае пацяпленне, войны... Які складаны свет! І паўплываць на гэта мы ніяк не можам.
– А калі б маглі? Хаця б тэарэтычна.
Эл здзіўлена паглядзеў на Йэна:
– А навошта?
– Ну, мы ж падобныя адзін на аднаго, да таго ж суседзі...
Майстар утаропіўся на свайго вучня, а потым нават павысіў голас:
– Ты з глузду з’ехаў? Каб я такога больш не чуў! Відаць, табе сапраўды не падыходзіць гэтая пасада, мо цябе лепш перавесці ў іншы аддзел?
Йэн пачаў хадзіць па лабараторыі ўзад-уперад і разглядваць шматлікія прыборы, асабліва маніторы. Што ні кажы, а ён прывык да ўсяго гэтага і лічыў сваю працу вельмі важнай і адказнай.
– Прабач, я не жадаў цябе закрануць. Мне падабаецца тое, што я раблю, а яшчэ заўсёды спадзяюся, што яны адумаюцца.
– Яны не адумаюцца, – жорстка прамовіў Эл.
Йэн здзіўлена паглядзеў на свайго настаўніка. Яны нібыта памянялся ролямі. Куды падзеўся той сонны і лянотны Эл?
– Мы назіраем ужо колькі сотняў гадоў, – працягваў той. – Мой прадзед працаваў тут. Бацька з дзедам, праўда, не назіралі, але забяспечвалі бесперапынную працу ўсёй гэтай гаспадарцы.
Йэн сумеўся, але раптам зразумеў – вось яно, пытанне, якое трэба было спытаць яшчэ раней. Ён з перамогай паглядзеў на майстра:
– А навошта, Эл?
Але той толькі незразумела зірнуў на свайго вучня:
– Што навошта?
– Навошта мы назіраем, калі і паўплываць не можам, і нават калі б маглі, то не сталі б?
Йэн думаў, што загоніць рытарычным пытаннем настаўніка ў кут, але не атрымалася.
– Ну гэта ж відавочна, Йэн! – па яго выгляду было зразумела: ён шкадаваў, што яму трапіўся такі неразумны вучань. – Мне часам сапраўды здаецца, што цябе варта перавесці ў іншы аддзел! Вытрымка ніякая, як і нервы!
Йэн апусціў вочы. Эл даволі лагодны дзядзька, але калі вывесці яго з раўнавагі, то ён сваё слова стрымае, далібог. Звольніць не можа, але перавесці ў рамонтнікі… Працягваць справу бацькі і дзеда...
– Ты думаеш, я не хваляваўся, калі трапіў сюды? – эмацыйна пытаўся ён. – Ці мне глядзець на ўсё гэта – адно задавальненне?
Йэн маўчаў.
– Але ты маеш рацыю. Мы суседзі. Значыць, павінны ведаць, што дзецца побач. Асабліва, калі твой сусед вар’ят.
Тут Йэн асмеліўся выказацца:
– Адлегласць жа вялікая! Чатыры гады...
– Нават больш, – кіўнуў Эл. – Гэта ж сапраўдная машына часу! Мо суседа ўжо няма на белым свеце? Але мы бачым усё, што адбываецца: яны рухаюцца, жывуць сваім жыццём...
– Забіваюць, – не стрымаўся Йэн і зноў пачаў злавацца. – Гэта цемрашальства, дзікунства!
– Але мы павінны назіраць, – сур’ёзна прагаварыў Эл. – Праца такая.
Ён замаўчаў і пра сябе падумаў, што вучань зноў спытае “навошта?”, але памыліўся. Тады Эл уздыхнуў і працягнуў:
– Ты спытаў “навошта?” Адказваю. Для гісторыі. Мы ж вывучаем космас, прынамсі, бліжні.
– Верагодна, вы іх баіцеся, – задумліва разважаў Йэн, але тут жа здзівіўся сваёй смеласці. Рэакцыю майстра цяжка было прадказаць.
Абыйшлося. Эл толькі эмацыянальна замахаў рукамі:
– Не, яны далёка! На нашае шчасце. Ты паглядзі, як яны б’юцца за кожны шматок зямлі на сваёй планеце!
– Бачыў, – прабуркатаў Йэн і кіўнуў на экран. – Прычым яны мараць пра міжзорныя палёты, нават ракеты запускаюць...
Эл пасміхнуўся:
– Вось адзінае наша падабенства – рухацца з хуткасцю святла не можам. Дый што я кажу – нават адна дзясятая ад яе недасягальная. Верагодна, калі ўсе сілы і сродкі кінуць на навуку, то пэўныя вынікі будуць… Але калі ў нас не атрымалася, то ў іх і пагатоў.
Йэн вярнуўся да манітору:
– А яшчэ яны дасылаюць сігналы ў космас, шукаюць братоў па розуму... Часам мяне наведвае шалёная думка – мо штосьці адказаць ім?
Эл з сумненнем паглядзеў на свайго малодшага супрацоўніка, але прамовіў даволі лагодна:
– За такія жарты ты бы ўжо тут не працаваў, але спішам гэта на маладосць. Тым больш, што сам бачыў, якія яны цемрашалы.
– Вельмі дрэнная планета, – уздыхнуў Йэн. – Але назіраць трэба. Сучаснікі і нашчадкі павінны адрозніваць добрае ад кепскага.
– Анягож, – пагадзіўся Эл і сам схіліўся да манітора. – Дарэчы, бачу, што там зараз вірусная пандэмія ў глабальным маштабе. То-бок, што я кажу? Чатыры гады таму! Хто ведае, мо і гэты від ужо не існуе?
Йэн уздыхнуў, але было бачна, што ён зусім не спачувае. Ён спадзяваўся, што ў хуткім часе сапраўды ўжо не будзе за кім назіраць.
27, 29, 30 ліпеня, 13 жніўня 2024 (дробныя праўкі), Гомель, Шведская Горка;
13 чэрвеня 2025, Гомель (выпраўлены памылкі: «дый і», «бы» пасля галосных).
Свидетельство о публикации №224081401732
Добра, Аляксандр, што Вы гэта напісалі... З цяплом!
Татьяна Цыркунова 22.08.2024 18:45 Заявить о нарушении
Александр Чепа 22.08.2024 17:52 Заявить о нарушении