Патэфон

   Патэфон для савецкiх людзей быў сапраўдным чараўнiком, якi сiлай гуку музыкi i галасоў любiмых выканаўцаў аб’ядноўваў людзей рознага веку, дапамагаў iм жыць, сябраваць, верыць, кахаць i спадзявацца на лепшае, дастойна перанасiць усе цяжкасцi жыцця ў часы да-, ваеннага i пасляваеннага лiхалецця.
   Памятаеце завадную ручку для завода стартэраў першых аўтамабiляў? Вось прыкладна так заводзiўся  патэфон – завадной ручкай праз кожныя пяць хвiлiн, ды так, каб не перажаць спружыну, бо яна магла лопнуць. Пласцiнкi таксама патрабавалi да сябе не абы якой увагi – яны былi крохкiмi –  таго i глядзi ў руках разламаецца цi, крый божа, на пол грымнецца i тады ад яе застануцца толькi маленькiя друзачкi. Чорную кружэлку асцярожна даставалi з папяровага пакета, здувалi з яе пыл i клалi на круг. Потым падводзiлi да пласцiнкi патэфонную iголку.
   Iголкi для патэфонаў. Гэта была асобная, як кажуць, песня. Яны былi металiчнымi, таннымi i iх можна было купляць на вагу. Для iх у чамаданчыках для патэфонаў быў прадугледжаны спецыяльны высоўны адсек. Але, гэтыя iголкi вельмi хутка тупiлiся i iх патрэбна было мяняць амаль пасля праiгрывання кожнай пласцiнкi. Праўда, вымалiся i ўстанаўлiвалiся яны даволi лёгка. Патэфонныя iголкi не былi дэфiцытам i прадавалiся ў  скрыначках да некалькiх сот. Былi i больш трывалыя i моцныя iголкi – сапфiравыя. Але яны сустракалiся ў прадажы не так часта ды i каштавалi даражэй.
   Пачатак выпуска патэфонаў быў пакладзены ў 1934 годзе, 1 мая. Да канца года вытворцы сабралi 242 апараты, а ўжо ў наступным годзе – больш 35 000 прылад.
Патэфон яшчэ да вайны стаў неабходным атрыбутам савецкiх людзей разам з гармонiкам. На вялiзных прасторах СССР гэтыя прасценькiя на выгляд агрэгаты, якiя памяшчалiся ў рознага колеру невялiкiх скрынках-чамаданчыках з замочкам, распаўсюдзiлiся незвычайна хутка. Амаль кожны жыхар дзяржавы меў дома такi прыбор. Патэфон у  савецкай дзейснасцi стаў культавым явiшчам – такiм, як зараз iм з’яўляецца камп’ютар.
   Патэфон хутка заваяваў сэрцы савецкiх людзей. Аб iм спявалi як аб добрым сябры i нават воiне, яго шкадавалi i называлi «змораным», «валацугай-(вандроўнiкам)патэфонам». Гэты прасцецкi на выгляд чамаданчык на самай справе аказаўся проста чароўным, бо ён уклаў добры ўнесак у вялiкую Перамогу савецкага народа над фашызмам. Тыя, хто ваяваў, увесь час успамiнаюць добрым цёплым словам патэфон. Гэты «дружок» быў для iх цэлым светам, нiбы доктарам, якi лекаваў  душы, падтрымлiваў iх дух i ўпэўненасць у хуткай перамозе. Памятаеце, у адной з песен, папулярных у гады вайны, былi такiя словы: «Кто сказал, что надо бросить Песни на войне? После боя сердце просит Музыки вдвойне!»
   Нават пад час артылерыйскай кананады, салдаты не звяртаючы на яе ўвагi, слухалi свае любiмыя песнi. Звычайна гэта былi песнi ў выкананнi Клаўдзii  Шульжэнка, Лiдзii Русланавай, Леанiда Уцёсава. У кароткiя гадзiны зацiшша, калi выпадала хвiлiна-другая перапачыць, яны спявалi iх самi. Такiя моманты дапамагалi байцам успомнiць сваiх родных i блiзкiх, набрацца душэўнай моцы, не баяцца ворага, перамагчы яго i наблiзiць доўгачаканы дзень Перамогi.
   Вайна перарвала выпуск грампласцiнак на кароткi час – на самым пачатку вайны. А калi вораг пацярпеў паражэнне пад Масквой, пабачыўшы, якую сiлу на вайне маюць музыка i песнi, на самым высокiм узроўнi было прынята рашэнне аднавiць на Апрэлеўскiм заводзе выпуск грампласцiнак. Ужо пачынаючы з кастрычнiка 1942 года з-пад прэса прадпрыемства пайшлi на фронт грампласцiнкi (разам з боепрыпасамi, пушкамi i танкамi). Iх так чакалi ў блiндажах, акопах i зямлянках. Лiчыце, што напiсаная ў лiстападзе 1942 года песня «Синий платочек», i iншыя, падобныя ёй, ваявалi разам з ворагам. Так што патэфон пад час вайны сыграў не абы якую ролю для падняцця баявога духа савецкiх байцоў, а яшчэ – дапамагаў iм выжыць.
Вось уявiце сабе шпiталь з параненымi байцамi… Калi сястрычкi заносiлi патэфон да палаты з цяжка параненымi, каля яе збiралiся ўсе, хто толькi мог хадзiць. Гэта былi такiя шчаслiвыя моманты для параненых – яны давалi iм магчымасць успамiнаць сваiх родных i каханых, марыць пра будучыню, пра хуткую перамогу.
   Цяжкiмi былi не толькi гады вайны, але i першыя пасляваенныя. Народная гаспадарка была развалена баямi i яе патрэбна было аднаўляць. Адгалоскi вайны давалi аб сабе знаць на кожным кроку. Але, як i да вайны, пад час яе i пасля яе жыццё працягвалася i людзi таксама працягвалi кахаць, спяваць, танцаваць – весялiцца. Якi быў час – такiя былi i песнi с танцамi, яны падымалi людзям дух, настрой – дапамагалi жыць-выжываць.
   У вёсках i гарадах Савецкага Саюза былi вельмi папулярнымi танцы пад патэфон. У гарадах яго звычайна выстаўлялi ў акно, у вёсках – таксама, а яшчэ выносiлi на двор i ставiлi на табурэткi. Так як патэфоны былi вельмi ломкiя, крохкiя да яго абслугоўвання дапускалiся не ўсе жадаючыя. Заводзiць гэтую «музыку» патрэбна было вельмi асцярожна, каб жа не разарваць пружынны рухавiк. Гэтая, цi не асноўная дэталь была вялiкiм дэфiцытам. Аднаго завода хапала на праслухоўванне адной пластынкi. Гэта было прыкладна 5 хвiлiн. Гучнасць была так сабе i не рэгулявалася, складала дзесьцi каля 80-100 дб. Калi пласцiнка кружылася дык разам з музыкальным суправаджэннем чуўся лёгкi ненавязлiвы шорах i трапяткое шыпенне. Дык жа на гэтыя шорахi i шыпеннi не звярталi анiякае ўвагi – галоўнай была асаблiвая цёплая сяброўская атмасфера кампанii.

   Казарма для чыгуначнiкаў стаяла адразу за пераездам. Як i ўсе пабудовы пры чыгунцы, яна выдзялася сярод iншых казённых будынiн рабочага пасёлка пры станцыi Харламаўская чырвоным чарапiчным дахам i такiмi ж чырвонымi сценамi з цэглы. Для некалькiх сямей рабочых i спецыялiстаў чыгункi гэтая доўгая аднапавярховая будынiна з невялiкiмi пакойчыкамi служыла домам. Час быў цяжкi – пасляваенны, галодны i халодны. Усё ж навокал было разбурана i яго патрэбна было адбудоўваць, аднаўляць – якiя  тут ужо раскошы – галоўнае ў людзей быў дах над галавой.
   У кампанii з чыгуначнай казармы патэфон быў цёмна-блакiтнага колеру. Ён быў адзiны на ўвесь рабочы пасёлак. Той чароўны чамаданчык прывёз з Калiнкавiч на цягнiку брыгадзiр мясцовага акалодка пуцейцаў Прохараў,  пасля таго, як адвёз да дыстанцыi пуцi чарговую справаздачу пра заканчэнне яго брыгадай работ па пракладцы дзвюх запасных адрэзкаў чыгуначнай каляi на станцыi. Тыя прызначалiся для пагрузкi грузавых саставаў пад лес або торф. Гэта была ўзнагарода калектыву за ударную працу. Разбуранай вайной краiне вунь як патрэбен быў лес-кругляк, якi загатаўлялi мясцовыя аРЗы (аддзелы рабочага забяспечання). Торф з мясцовык распрацовак таксама быў не на апошнiм месцы ў падняццi з кален эканомiкi вялiзнай краiны.
   У той дзень, Прохараў, якi, акрамя брыгадзiрскiх, выконваў i абавязкi рахункавода акалодка, бо быў самы граматны (перад вайной скончыў сямiгодку) прыбыў да сваёй станцыi вячэрнiм пасажырскiм цягнiком. Ён сышоў на драўляны перон з тым самым цёмна-блакiтным чамаданчыкам у руках нi кiм не прыкмечаны – мясцовыя хлапчукi-падлеткi нават не звярнулi на яго ўвагi, бо брыгадзiр кожны дзень быў у iх на вачах са сваiмi рабочымi-пуцейцамi, тым больш каля cамой станцыi, якая была на той час (ды i пазней) самым прыцягальным месцам для жыхароў усiх навакольных вёсак.
   Так што патэфон заставаўся не заўважаны да самага таго моманту, калi быў запушчаны ў работу. А гэта адбылося толькi наступным ранкам, у адзiны на той час выхадны дзень тыдня, калi з раскрытага акна казармы раптам пачулася мелодыя, а за ёй такi знаёмы i дарагi голас Клаўдзii Шульжэнка з яе не менш вядомай славутай песняй «Синий платочек».
   У цiшынi, якая стаяла навокал (нават рэдкiя сабакi яшчэ не падавалi голасу), гэта было сапраўдным дзiвам. За апошнiя гады людзi адвыклi ад музыкi – не да яе было пад час акупацыi пасёлка. 
   А потым пачуўся не менш славуты голас Леанiда Уцёсава. Ён спяваў-тужыў ад iмя салдата, якi вярнуўся на Радзiму пасля доўгiх гадоў, праведзеных далёка ад дома пасля  цяжкiх баёў. Вось ён i пазнае i не пазнае родныя мясцiны, якiя так змянiлiся за гады вайны. Але ўсе нягоды адыходзяць на заднi план, калi салдат сустракаецца з мацi – якое гэта шчасце для абаiх!
   Песня была напiсана адразу пасля вайны i яе тут яшчэ нiхто не чуў, але так горача прынялi, што, людзi, што збеглiся з усiх бакоў пасёлка на чароўныя гукi, плакалi разам з той невядомай мацi, якая дачакалася сына з вайны.
   – Сцяпанка, галубочак, прачытай нам на абёртцы, хто напiсаў такую жаласлiвую i праўдзiвую песню? – папрасiла суседка па казарме старая Самонiха старэйшага сына брыгадзiра – хлопец тырчэў у акне разам з патэфонам.
   – Мiхаiл Матусоўскi i Марк Фрадкiн, 1946 год – прачытаў Сцёпа на круглай этыкетцы пласцiнкi.
   – Ты пабач, як у ваду глядзелi хлопцы – так праўдзiва напiсалi, так жаласлiва – пракаментавала адна са слухачак пад акном песню. У знак згоды з ёй цi не ўсе разам закiвалi галовамi i жанчыны, i мужчыны, што стаялi вакол.
З таго памятнага ранку «На патэфон» у выхадныя днi каля акна, а ў   непапагоду i вечарамi ў агульным калiдоры, сталi збiрацца не толькi ўсе жыльцы чыгуначнай казармы, але i жыхары iншых будынiн – з баракаў торфаперагрузкi, з казарм, дзе жылi рабочыя АРЗа i абозаколавага завода.
   Разам з патэфонам Прохараў прывёз i стус грампласцiнак з ваеннымi i пасляваенымi песнямi. Сярод iх было некалькi i даваенных.
   Напрыклад, «Два сокала» – пра развiтанне Ленiна i Сталiна. Старэйшыя
слухачы, асаблiва слухачкi пры словах:
   Ой как первый сокол
   Со вторым прощался,
   Он с предсмертным словом
   К другу обращался.

   Сокол ты мой сизый,
   Час пришел расстаться,
   Все труды, заботы
   На тебя ложатся…
пачыналi канцамi, бляклых вынашаных хустак-падвядзёнак выцiраць слёзы, а мужчыны-курцы – ахутваць сябе клубамi махорачнага дыму. На апошнiх словах спявачкi:
   А другой ответил:
   Позабудь тревоги,
   Мы тебе клянемся -
   Не свернем с дороги!

   И сдержал он клятву,
   Клятву боевую.
   Сделал он счастливой
   Всю страну родную! –
усе разам выдыхалi i пачыналi бадзёрымi галасамi абмяркоўваць апошнiя навiны…
   А тым часам Сцёпа мяняў чорны кругляш пласцiнкi на iншы. Па наваколлю разлiвалася ваенная, ўсiм да болю знаёмая «Ой туманы мои, растуманы» Мiхаiла Iсакоўскага. Да гэтай песнi падключалiся нават курцы, якiя тут жа гасiлi свае cамакруткi: хто аб падэшву старога заношага ўшчэнт чаравiка, хто прама дзвюма пракуранымi наскрозь жоўтымi пальцамi.
   Ой, туманы мои, растуманы,
   Ой, родные леса и луга!
   Уходили в поход партизаны,
   Уходили в поход на врага.
   Эх!
   …
   За великие наши печали,
   За горючую нашу слезу.
   С той поры да по всей по округе
   Потеряли злодеи покой:
   День и ночь партизанские вьюги
   Над разбойной гудят головой.
   Эх!
   День и ночь партизанские вьюги
   Над разбойной гудят головой… – неслася па паўпустому, акружанаму з усiх бакоў лесам i балотамi пасёлку. Мужчыны пры выгукваннi «Эх!» усе, як па камандзе, яшчэ i залiхвацкi прытопвалi праваю нагой. Гэтая песня падымала ва ўсiх настрой, яна напамiнала пра нядаўнюю бяду-вайну, якая не абышла бокам нi адну сям’ю гэтага, амаль паўпустога пасёлка.
   Тая праклятая вайна нiяк не забывалася. Былыя сябры-аднапалчане раз’ехалiся па сваiх дамах. Але ж кожны, хто прайшоў дарогамi вайны сумаваў па тых, з кiм па iх iшоў, поўз, плыў, ляцеў – выжываў i перамагаў.
   Дык якой жа знахадкай для былых воiнаў-франтавiкоў стала песня Васiлiя Салаўёва-Сядога «Где же вы теперь, друзья-однополчане?», напicаная iм ў 1947 годзе. У памяцi жыхароў пасёлка яна запамяталася ў выкананнi
Клаўдзii Шульжэнкi.
   Той патэфон збiраў каля сябе людзей некалькi гадоў – пакуль не паявiлiся першыя электрамеханiчныя ўстройствы – радыёлы, якiя спалучалi ў сабе радыёпрыймальнiк i праiгрывацель грампласцiнак. Новыя апараты падключалiся да электрасеткi. У гэтых скрынках зверху пад драўлянай накрыўкай размяшчаўся дыск для прыёма пласцiнак. Толькi яго ўжо не патрэбна было заводзiць ручкай, як патэфон – дастаткова было апусцiць на пласцiнку рычажок з замацаванай у iм iголкай, як раздаваўся голас спевака цi спявачкi.
   Новае цуда, здавалася, адцяснiла на задворак патэфон. Асаблiва з пагардай паглядвала на яго падросшая моладзь. Ды толькi iх бацькi разам з бабулямi i дзядулямi нават слухаць не хацелi cваiх нашчадкаў пра «занесцi стары, пабляклы чамаданчык на гарышча казармы, як спiсаную, аджыўшую сваё рэч». Нават калi амаль усе насельнiкi казённых будынiн пабудавалi свае хаты, да казармы чыгуначнiкаў збiралiся не толькi былыя яе жыхары – «на патэфон», што, як самая каштоўная калектыўная рэлiквiя, зберагаўся ў канторы пуцейцаў.
   I зноў, як некалi, для iх гучалi такiя незабыўныя, знаёмыя i родныя мелодыi: «Рио-Рита», «Брызги Шампанского», «На сопках Маньчжурии», «В лесу прифронтовом», «Ой бярозы ды сосны», «Синий платочек», пры гучаннi якiх усе пачыналi танцаваць: хто парамi, хто седзячы плячыма, а хто рукамi i нагамi прыхлопваць i прытопваць. Iмёны i галасы Пятра Лешчанкi, Iзабелы Юр’евай, Вадзiма Козiна, Клаўдзii Шульжэнка для слухачоў старэйшага пакалення былi роднымi i жаданымi. Яны вярталi  iх у мiнулае: i шчаслiвае, i горкае, але сваё – такое роднае i незабыўнае.

   *Апарат для праiгрывання пласцiнак з гукавым запiсам на iх (Тлумачальны слоўнiк)
   
   "Метаморфозы" №2 2023г.
   "ЛiМ" №51 22 декабря 2023г.


Рецензии