Кот Фантазёр iдзе на справу

                ***

     Прайшло некалькі дзён, а керамічны збанок са смятанай на паліцы ўсё ніяк не выходзіў з шэрай кацінай галавы. Некалькі дзён запар Фантазёр бачыў сябе ў сне, з апетытам хлябтаючым тлусты малочны дэлікатэс.

     Прачнуўшыся неяк раніцай на ганку, смачна аблізнуўшыся пасля чарговага сытнага сну, прыняўся Фантазёр складаць план дзеянняў.

     Прабрацца да паліцы са смятанай і вяршкамі было не так ужо складана. Перш за ўсё патрабавалася вырашыць галоўнае пытанне: як адцягнуць шкодную свірнавую эканомку па імені Кася? Мышка рэдка адлучалася па сваіх справах, пакідаючы гаспадарскае дабро без нагляду.

                ***

     Тут як на поспех пралятала міма сарока Злата, якая моцна трымала ў сваёй дзюбе знойдзенае ў траве люстэрка. Фантазёр махнуў пухнатай лапкай, запрашаючы чорна-белую какетку прысесці побач.

— Да чаго ж ты прыгожая, Злата! Уся проста свецішся! А якія завушніцы ў цябе! Ці не каралеўскай крыві ты будзеш? — пачаў нахвальваць прыяцельку Фантазёр. — А ўзмах крыла які! Ні даць, ні ўзяць — цар-птушка!
— Ці не аслеп ты, Фантазёр, выпадкова? — пацікавілася Злата, цэлячыся сонечным зайчыкам прама ў вусатую мыску. — Перад табой — сарока Злата, а не сінічка Ната! Мне можаш тут песень не спяваць, а адразу прызнавайся, што табе трэба!
— Вось бы наша Кася ператварылася ў такую ж прыгажуню, як ты! Не магла б ты даць ёй некалькі тваіх мудрых урокаў прыгажосці ды паказаць, якія цацкі сёння ў модзе…
 — Значыць, пакуль я буду Касі пра прыгажосць расказваць ды пацеры паказваць, ты, мусіць, па кладоўцы шнырыць станеш? Смятаны захацеў?
— М-р-р, вельмі! — жаласна прамармытаў Фантазёр і склаў нявінна лапкі на пухнатай грудцы.
— Добра, дапамагу! Мы з табой аднаго поля ягады: не ўкрадзеш — не пражывеш! Толькі застанешся ў даўгу, не забывай пра гэта!
 
                ***

     Заставалася падгаварыць на справу і як след падрыхтаваць сваіх новых сяброў: крумкачыка Яшу, бусляня Стасіка і бабра Пашку. А ўжо падбухторванню Фантазёра вучыць не патрабавалася: у гэтай справе яму роўных не было. Што тут казаць?.. Прыроджаны крымінальны талент!

     Бабёр Паша адразу адмовіўся ад удзелу ў аперацыі.

— Маёй ежы там, хутчэй за ўсё, няма, ды і жаданнем — стаць першым у гісторыі бабром-зладзюжкай — таксама не гару! Я буду заняты сваімі справамі, плаціну замест мяне ніхто не пабудуе.

     А вось Стасік з Яшай з радасцю пагадзіліся пакаштаваць абяцанай катом рыбкай, якой, паводле слоў сведкі Фантазёра, была забітая ўся кладоўка.

                ***

— Значыць так: вы абодва прабіраецеся ў сховішча і выносіце здабычу. Рыба ў вялізнай кадушцы знаходзіцца справа, смятана — злева на паліцы. Толькі акуратна, нічога не пераблытайце, — даваў свае распараджэнні Фантазёр. — Я ж застануся знадворку і буду сачыць за тым, каб Кася раней не вярнулася і не заспела вас знянацку.
— Боязна неяк, — пралепятала нясмела бусляня. — Можа, ты сам пойдзеш у кладоўку, а мы цябе з Яшам пільнаваць будзем?
— Э-э, не! На ўваходзе патрэбен дасведчаны баец, такі як я. Вы не справіцеся! Вам, якія нядаўна аперыліся, гэта яшчэ не па сілах.

     Прыйшлося птушанятам пагадзіцца з умовамі Фантазёра: вельмі ж рыбкі хацелася ды іншай смачніны.

                ***

     Не ведалі Стасік і Яшка, што Кася, пакідаючы свой працоўны куток, загадзя заўсёды адчыняла склеп у цёмным памяшканні. У выпадку, калі які-небудзь зладзюжка пракрадзецца, то адразу ў склеп і зваліцца. Ды і века адразу ж над ім зачыніцца. Такую пастку эканомка прыдумала пасля выпадку з Фантазёрам, які яшчэ раней сцягнуў са сховішча кавалак духмянай кміннай каўбаскі. 

     Доўга чакаў пад дзвярыма каморы кот абяцаны ласунак, пачаў ужо хвалявацца.

— Вось жа някемлівыя! Трэба было мне самому смятану сцягнуць! Мабыць, наеліся ўжо да паліцы і дрыхнуць лапамі дагары дзе-небудзь у куточку! — абураўся ініцыятар незаконнага пранікнення ў засекі, пакуль не ўбачыў сароку Злату, якая спяшалася паведаміць, што Кася ўжо на зваротным шляху.

     Калі Фантазёр сам ужо заўважыў удалечыні галоўную мыш Міцькавай гаспадаркі, то хутка памчаўся прэч, высока задраўшы пухнаты хвост.

     Увайшоўшы ў кладоўку і ўбачыўшы зачыненае вечка склепа, Кася тут жа сцяміла, што былі няпрошаныя госці. Яна хуценька зазірнула ў шчылінку і зразумела, што не памылілася. Мышка вырашыла дачакацца гаспадара з працы і расказаць яму аб двух зладзюжках, якія пракраліся ў кладоўку.

                ***

— Ці не Фантазёр часам вас на справу адправіў? Хутка прызнавайцеся! — тупнуўшы шэрай лапкай у чаравічку, загадала птушанятам строгая Кася. — Я сваімі вачыма бачыла, як ён аціраўся ля кладоўкі! А потым пыл слупам падняў, уцякаючы з усіх ног.

     Крумкачаня і бусляня маўчалі, толькі нясмела пазіралі адзін на аднаго. Не хацелі яны выдаваць Фантазёра: усё ж сябар, як-ніяк. Няхай нават і такі ненадзейны…
     А Фантазёр, тым часам, уцёк далёка за межы Міцькавай сядзібы, дзе ад страху ўзлез на высокае дрэва і прасядзеў там тры дні і тры ночы.

     Міцька накарміў Яшку і Стасіка, а потым прапанаваў ім застацца жыць у яго сядзібе. Птушаняты ўзрадаваліся такому шанцаванню і з радасцю прынялі прапанову заатэхніка.

                ***

     Калі згаладалы Фантазёр усё-такі набраўся смеласці і вырашыў вярнуцца ў родны двор, то яму, як ні дзіўна, усе былі рады: вельмі ж засумавалі па яго байках і неверагодна вясёлых гісторыях. Асабліва кураня Шусь і качаня Шась. А ў пакаранне за правіннасць Міцька павесіў на шыю кату Фантазёру звонкі, прыгожы званочак, каб той больш не мог цішком гарэзнічаць і прабірацца ў кладоўку.


Рецензии