Казка пра маленькiх трусянят

Казкі дзядзечкі Рымуса
КАЗКА ПРА МАЛЕНЬКІХ ТРУСЯНЯТ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

— У Браткі Труса былі добрыя дзеткі. Яны слухаліся маму і тату з раніцы і да самай ночы. Стары Трус скажа ім: «Ляжы!» — Яны ляжаць. Матухна Кральчыха скажа ім: "Бяжы!" — Яны бягуць. Яны ніколі не смецілі ў хаце, а пад носам у іх было заўсёды суха.

     Тут Джоэль мімаволі падняў руку і выцер кончык носа рукавом.

— Гэта былі вельмі добрыя дзеткі, — працягваў стары. — А былі б яны непаслухмянымі, ім бы даўно канец прыйшоў — у той самы дзень, калі Стары Ліс забраўся ў дом да Браткі Труса.

— А як гэта было, дзядзечка Рымус?

— Нікога тады не было дома, адны толькі маленькія трусяняты. Стары Трус працаваў на агародзе, а Матухна Кральчыха адлучылася за нечым па суседстве. Маленькія трусяняты якраз разгуляліся ў палачку-ратавалачку, як раптам у хату ўвайшоў Братка Ліс. Трусяняты былі такія тлустыя — у яго і слінкі пацяклі. Але ён пабаяўся крануць маленькіх трусікаў без усялякай на тое прычыны. А трусяняты спалохаліся да смерці. Яны збіліся ў кучу, сядзяць, ва ўсе вочы глядзяць на брата Ліса. А Ліс усё сядзіць і думае, за што б прычапіцца, каб з'есці іх. Раптам убачыў — стаіць у куце вялікі кій цукровага трыснёга. Прачысціў ён горла і кажа так нахабна:

— Гэй вы, даўгавухія! Адламіце мне ад гэтай палкі кавалак, ды як мага больш.

     Трусяняты імгненна схапілі трыснёг і ну працаваць над ім і пацець.
Але толку было мала. Яны не маглі адламаць ні кавалачка. А Брат Ліс і не глядзіць быццам. Толькі пакрыквае:

— Ну, пажывей, пажывей там! Ці доўга я буду чакаць?

     А трусяняты важдаліся, важдаліся, пыхкалі, пыхкалі над палкай, пыхкалі — ніяк не маглі яе разламаць. Раптам пачулі яны — маленькая птушачка заспявала над дахам дома. А спявала гэтая птушачка такую песню:

Дружна зубкамі грызіце,
Дружна зубкамі вастрыце,
Пратачыце, прапілуйце
І сагніце, разламіце!

     Трусяты ўзрадаваліся і ну грызці палку. Стары Брат Ліс на ногі не паспеў ускочыць — яны ўжо прыцягнулі яму вялікі кавалак салодзенькага трыснёга.

     Вось сядзіць Брат Ліс, усё разважае, да чаго б прычапіцца, каб можна яму было з'есці маленькіх трусікаў. Раптам ускочыў, зняў са сцяны сіта ды як крыкне:

— Гэй вы, даўгавухія! Збегайце за ручай, прыцягніце ў гэтым сіце вады!

     Трусяняты ва ўвесь дух — да ручая. Зачэрпнуць сітам ваду, а вада ўцякае; зачэрпнуць, а вада ўцякае. Селі трусяняты, заплакалі. А на дрэве сядзела птушачка. Яна і заспявала. Вось якую песеньку яна спявала:

У сіта лісце пакладзіце,
Глінай дзіркі заляпіце,
Ды хутчэй, паспяшайцеся
І цягніце ваду ў сіце!

     Тут ускочылі трусяняты, прамазалі сіта глінай, каб трымала ваду, прыцягнулі вады Братку Лісу. А Стары Ліс узлаваўся, тыцнуў нагою ў вялікае бервяно і сказаў:

— Гэй вы, даўгавухія! Жыва кіньце ў агонь гэтае бервяно!

     Заскакалі трусяняты вакол бярвення, пыхкалі, пыхкалі — ніяк не падымуць. Тут на плоце заспявала птушачка. І вось яна праспявала якую песню:

Паплюйце на лапкі і зараз пхніце,
Штурхайце, штурхайце, спачатку пакруціце,
А пасля каціце, каціце, каціце!

     Толькі паспелі яны падкаціць бервяно да агню, бачаць — прыскакаў іх татка, і птушка паляцела прэч. Братка Ліс убачыў, што справа не выйшла.

— Трэба мне, Братка Трус, ісці, — сказаў ён. — Я на хвіліначку забег, праведаць, ці ўсе ў вас здаровыя.
— Ды не спяшайся, Брат Ліс, — адказвае Трус. — Заставайся, перакусім разам. Братка Воўк даўно не заходзіць да мяне, а вечары зараз доўгія. Вось і сумна!

     Але Братка Ліс зашпіліў тужэй каўнер і пайшоў дадому.

                ***

— І ты лепш бяжы дадому, сынок, таму што твая мама даўно ўжо выглядае ў акенца — чакае свайго сынка.


Рецензии