Лава... лавачка
Так праклiнала пад час перасялення з забруджанага радыяцыяй Брагiнскага раёна невядомую i нябачную воку «нейкую радыяцыю» жыхарка вёскi Мiкулiчы Ганна, якую па-вулiчнаму ўсе звалi Паўлiхай. Пажылая жанчына ажно выпручвалася – так не жадала нiкуды перасяляцца з гадамi абжытага селiшча. Давялося членам камiсii па эвакуацыi да ўгавораў падключаць яе сына з нявесткай. Дзецi неяк жа ўгаварылi мацi скарыцца лёсу.
Iдучы да грузавiка, жанчына ўсё аглядвалася на сваю хату, агарод з садочкам. Перад гэтым яна абышла сваё селiшча, абгледзела-абмацала кожнае дрэўца – развiтваючыся, нiзка пакланiлася сваёй невялiчкай i такой роднай хатцы, але, ступiўшы да кабiны, раптам спынiлася, як укопаная.
– А вой-вой-вой, людцы добрыя! А як жа я яе зыбыла? А як жа я без яе буду далей жыць ды яшчэ i ў незнаёмым месцы?
– Што здарылася? Каго Вы, Ганна Паўлаўна, забылi? У хаце хтосьцi яшчэ ёсць? – з трывогай запыталi члены камiсii.
– У якой хаце? Ды няма там ўжо нiкога. А мая ж ты родненькая! А мая ж ты ўцеха! А як жа мы без цябе абыйдземся? – жанчына падбегла да шырокай лавачкi, што прытулiлася каля плоту на выхадзе са двара побач з вулiчнай калiткай. Лётам уселася на яе i пачала галасiць, прычытаючы:
– А мая ж ты галубка, а мая ж ты родненькая, лава-лаўка-лавачка! А на чым я тамака сядзець буду са сваiмi аднавяскоўкамi-сяброўкамi i язык часаць? А я ж без цябе анiчога-анiякага не пачую, анiчагусенькi ведаць не буду, не пасмяюся, не парагачу разам з iмi над вулiчнымi жартачкамi. А я ж без цябе памру без пары, а што ж мне мой муж скажа з таго свету? Ён жа мне ўпiкне, што я цябе тут з той нялюдскай радыяцыяй пакiнула. А ён жа так стараўся цябе рабiць, так фуганкам стругаў-габляваў, каб ты была гладзенькая, як палiраваная. А ножкi табе якiя моцныя прыладаваў – дубовыя! Не! I яшчэ раз – не! Без сваёй лавачкi я не скрануся з месца, – сказала, як адрэзала заплаканая ўшчэнт жанчына.
На гэты раз той жа камiсii разам з сынам Паўлiхi прыйшлося «эвакуiраваць» i яе вулiчную лаўку. Праўда, пры гэтым давялося добра спацець мужчынам, якiя выкопвалi з утрамбаванай зямлi дубовыя «ножкi», бо, вiдаць, той, хто iх закопваў, добра стараўся. Дык жа i на лавачцы не адзiн год часамi (пад час свят ды вечарамi) сядзелi сяброўкi яе гаспадынi. А калi прыкiнуць, што на шырокай «лаве, лаўцы, лавачцы», памяшчалася да дзесятка дзябёлых кабет, дык можна сабе ўявiць, як яна асела i ўрасла ў зямлю.
Паўлiху разам з яе аднавяскоўцамi i сям’ёй сына перасялiлi ў Гомельскi раён у аграгарадок Бабовiчы. Там, для такiх як яна, дзяржавай ўжо быў пабудаваны цэлы пасёлак дабротных цагляных хат. Пры гэтым, улiчваючы яе ж катэгарычнае «Ня хочу з нявесткай на адной кухнi церцiся i сварыцца – лепш хадзiць у госцi адзiн да аднаго», iм выдзелiлi два дамы на розных вулiцах.
(У новыя дамы, якiх налiчвалася каля сотнi, былi пераселены не толькi жыхары Мiкулiч, а i вёсак: Гдэнь, Сабалi, Красная Гара, Дуброўнае, Астрагляды).
Абгледзеўшы новую хату, глянуўшы «адным вокам» на пусценькi агарод, пакуль разгружаўся грузавiк з дамашнiм скарбам, Паўлiха вярнулася на вулiцу i намецiла месца для ўстаноўкi cваёй ненагляднай лавачкi.
– Вось тут, сынок, капай ямкi? – паказала рукой сыну, адступiўшы на два крокi ад калiткi ўбок. Прыйшлося таму, кiнуўшы на родзiчаў i суседзяў разгрузку, станавiцца i «капаць ямкi». Калi праз нейкi час лаўка заняла сваё месца каля новенькага забору з пластмасавай сеткi, а рэчы з вулiцы былi знесены-занесены ў новенькую дамоўку i нават не былi растаўлены па месцах, Паўлiха апусцiлася на лавачку i з палёгкаю ўздыхнула:
– А бажочак мой, мiласэрдны, а святая мацер гасподня, дак жа цяперака мне на сваёй лавачцы не так будзе боязна ў новым месцы. А я ж на ёй, як усё роўна дома ў Мiкулiчах апынiлася. А хутка ж мае дзеўкi мiкулiчскiя падцягнуцца, дык разам пойдзем аглядаць свае новыя дамоўкi i вулiцу, з новымi жыхарамi знаёмiцца. Гэта ж столькi навiн у нас будзе – гаварыць-не перагаварыць… Ага, вунь ужо Вера з Ларысай сунуцца, а следам Марыя з Iрынай клыпаюць.
Паўлiха тут жа перасела з сярэдзiны лавачкi на яе край – блiжэй да калiткi, каб жа ўсiм месца хапiла. З яе вачэй пацяклi няпрошаныя слёзы, i яна, якая ўжо i забылася, калi апошнi раз смяялася i нават усмiхалася (пасля таго выбуху-лiха на станцыi), не згледзелася, як пачала цiхенька сама сабе смяяцца, бо пабачыла, што з другога боку вулiцы па асфальтавай дарозе, што бегла ўздоўж шарэнгi новых цагляных дамоў, да яе кiравалiся яшчэ некалькi «дзевак»-мiкульчанак. «Дзеўкi», як i яна, былi ўжо сталага веку, але, знаёмыя з дзяцiнства, так i звярталiся адна да адной. Гэта ж яны, i кожная на свой лад, называлi месца iх пастаяннага збору: адна – лавай, другая – лаўкай, трэцяя – лавачкай. Нязменным у кожнай заставалася адно: – «Дзеўкi, управiлiся? Дык пайшлi да Паўлiхi на … лаву, лаўку, лавачку».
P.S. Некалькi год назад Паўлiха адышла на той свет. За ёй – яе сяброўкi-«дзеўкi». А вось «лава, лаўка, лавачка» як стаяла з часу перасялення, так i сягоднi стаiць на той вулiцы. Толькi на ёй ужо сядзяць нашчадкi «мiкулiчскiх дзевак».
Лава* Лаўка* Лавачка*– прадмет сялянскай мэблi, шырокая дошка для сядзення некалькiм чалавекам.
Свидетельство о публикации №224082900291