Першага верасня
Раней мне здавалася, што дарэмна людзі прыдумалі гэты каляндар з выразнымі межамі кожнай пары года. Ну як, адкажыце мне, магчыма лічыць, што дваццаць восьмага лютага яшчэ зіма, а першага сакавіка ўжо пакрысе пачынаецца вясна? Дотык вясны адчуваецца толькі праз тыдзень-другі, але ніяк не першага сакавіка. Тое ж самае і з летам, зімой, восенню… Але сёння прыйшлося змяніць сваё меркаванне, прынамсі, наконт восені. Зіма не пачынаецца першага снежня, а вясна – першага сакавіка (мусіць, што яшчэ і з-за снега, які з’яўляецца і знікае, калі сам пажадае). Вядома, што і лета не пачынаецца першага чэрвеня, а часта значна раней. Але восень прыходзіць менавіта першага верасня заўсёды. Напэўна, і таму, што мы да апошняга дня лета не жадаем заўважаць, што ўвечары з’яўляецца халадэча, якой не было ў ліпені. І што цемра прыходзіць ужо пасля васьмі гадзін вечара. Так, справа яшчэ і ў тым, што пачынаецца вучоба, якая ў адзін момант усё псуе – яшчэ ўчора ты наведваў пляж, а сёння вучышся, школьнік ты ці студэнт. Не, нешта яшчэ дае зразумець, што лета скончылася ў адзін дзень, нават паветра ўжо іншае. Адчуваеш пах дыму; вось яна – Восень.
Мо я дарэмна пішу пра тое, што і так усім вядома, але ж усё-ткі вельмі дзіўная яна – восень. Канешне, між ёй і зімой ніколі не будзе падобнага выразнага пераходу, хаця часам і было, калі яшчэ надоечы быў звычайны восеньскі дзень, а сёння ўжо да нас завітала зіма са сваёй бязмежнай белай коўдрай. Але першага верасня вельмі незвычайны дзень. Усе дакладна ведаюць, калі ён прыйдзе, і чакаюць, няхай і з жахам. Здаецца, што ён нават з нейкага боку лепшы за першага студзеня, бо Новы год не заўсёды адчуваецца, асабліва такімі сумнымі людзьмі, як я, якія часам ужо і не чакаюць лепшага ад жыцця. Але ж тое, што прыйшоў дзень першага верасня, адчуе кожны, гэта я вам кажу з упэўненасцю! ;)
01 верасня 2012 года;
01 верасня 2024, Гомель, Шведская Горка (выпраўленне памылкі: было – «ўсё-ткі»);
23 красавіка 2025 (дробныя пунктуацыйныя праўкі, выпраўлена «Год» на «год»).
© Copyright:
Александр Чепа, 2024
Свидетельство о публикации №224090100063
Рецензии