З гiсторыi развiцця эканамiчнай думкi. Кантаровiч
Cавецкі матэматык Кантаровіч Леанід Вітальевіч (1912-1986) — адзін са стваральнікаў лінейнага праграмавання. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы 1975 года "За ўклад у тэорыю аптымальнага размеркавання рэсурсаў".
Кантаровіч Л.В. па праву лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай матэматычнай эканомікі, аснову якой складаюць тэорыя і мадэлі лінейных экстрэмальных задач.
Яго даследаванні ў гэтай галіне былі апублікаваны задоўга да з’яўлення аналагічных амерыканскіх распрацовак. Ідэі і метады Кантаровіча знайшлі шырокае прымяненне пры вырашэнні самых разнастайных эканамічных задач, прычым аказаліся карыснымі не толькі ў эканоміцы, але і ў тэорыі кіравання.
Нобелеўская прэмія па эканоміцы была прысуджана Кантаровічу сумесна з Цьялінгам Купмансам "За ўклад у тэорыю аптымальнага размеркавання рэсурсаў".
Працы Купманса і Кантаровіча, выкананыя абсалютна незалежна адна ад адной, цесна датыкаліся.
У сваёй Нобелеўскай лекцыі «Матэматыка ў эканоміцы: дасягненні, цяжкасці, перспектывы» Кантаровіч казаў аб праблемах і вопыце планавай (у асноўным савецкай) эканомікі.
ФАНЕРНАЯ ФАБРЫКА
Леанід Кантаровіч імкнуўся прымяніць свае тэарэтычныя распрацоўкі на практыцы ў савецкай эканоміцы, якая знаходзiлася ў стадыі развіцця. Такая магчымасць прадставілася яму ў 1938 годзе, калі вучоны быў прызначаны кансультантам у лабараторыю фанернай фабрыкі.
Перад ім была пастаўлена задача распрацаваць такі метад размеркавання рэсурсаў, які мог бы максымізаваць прадукцыйнасць абсталявання.
Кантаровіч паказаў, што ўсе эканамічныя праблемы размеркавання могуць разглядацца як праблемы максімізацыі пры шматлікіх абмежавальніках і, такім чынам, могуць быць вырашаны з дапамогай метадаў лінейнага праграмавання.
У выпадку з вытворчасцю фанеры Кантаровіч прадставіў пераменную, якая падлягае максімізацыі, у выглядзе сумы коштаў прадукцыі, якая выпускаецца ўсімі станкамі. Абмежавальнікі былі прадстаўлены ўраўненнямі, якія ўсталёўвалі суадносіны паміж колькасцю кожнага з выдаткоўваных фактараў вытворчасці (драўніны, электраэнергіі, працоўнага часу…) і колькасцю прадукцыі, якая выпускаецца кожнай з машын, дзе велічыня любой з выдаткаў не павінна перавышаць наяўную ў распараджэнні суму.
Не маючы чыстай эканамічнай адукацыі, ён ведаў, што максімізацыя пры шматлікіх абмежаваннях — гэта адна з асноўных эканамічных праблем і што метад, які палягчае планаванне на фанерных фабрыках, можа быць выкарыстаны і ў іншых вытворчасцях.
ВАЕННЫ ЧАС
У гады Другой сусветнай вайны Кантаровіч знаходзіўся на вайсковай службе, застаючыся ў блакадным Ленінградзе. У гэтыя гады вучоны, з’яўляючыся прафесарам Ваенна-марской інжынернай акадэміі, здолеў ажыццявіць цікавае даследаванне "Аб перамяшчэнні мас" (1942), у якім выкарыстоўваў лінейнае праграмаванне для планавання аптымальнага размяшчэння спажывецкіх і вытворчых рэсурсаў.
За навуковыя распрацоўкі ваеннага часу Кантаровіч быў узнагароджаны ў 1944 годзе Ордэнам "Знак пашаны", а пасля, ужо ў 1985 годзе — Ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
ПАСЛЯВАЕННЫ ЧАС
У 1959 годзе ён публікуе сваю самую вядомую працу "Эканамічны разлік найлепшага выкарыстання рэсурсаў". У ёй ён зрабіў далёкасяжныя высновы па ідэальнай арганізацыі сацыялістычнай эканомікі для дасягнення высокай эфектыўнасці ў выкарыстанні рэсурсаў.
Указаныя задачы ў працах фармуляваліся дастаткова проста, але яны ўлічвалі асноўныя рысы планавання ў савецкай эканоміцы. У іх аснове ляжала схема лінейнага праграмавання, г.зн. развіты аналітычны апарат і шырокі набор вылічальных сродкаў, частку якіх прапанаваў сам Кантаровіч.
АПТЫМАЛЬНАЕ ПЛАНАВАННЕ
З імем Кантаровіча звязаны прыродазнаўчы падыход да даследавання шырокага круга праблем планавай эканомікі. Адной з ключавых ён вылучаў праблему цэнаўтварэння.
Кантаровіч даў матэматычнае абгрунтаванне тэзісу аб неабходнасці адпаведнасці цэн грамадска неабходным затратам працы, вызначэнне паняцця оптымуму, аптымальнага развіцця; канкрэтызаваў, у прыватнасці, што трэба разумець пад максімальным задавальненнем патрэб членаў грамадства.
Значную частку сваіх работ па праблемах аптымальнага планавання Кантаровіч прысвяціў распрацоўцы і аналізу канкрэтных эканамічных паказчыкаў.
Дынамічным задачам аптымальнага планавання была прысвечана ключавая праца Кантаровіча ў гэтай галіне — "Аптымальныя мадэлі перспектыўнага планавання", канчаткова выдадзеная ў 1965 годзе.
***
Сёння лінейнае праграмаванне вывучаецца амаль на ўсіх эканамічных і тэхнічных спецыяльнасцях. Тым часам, сярод мноства падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў, у якіх звычайна выкладаюцца асновы лінейнага праграмавання, можна назваць толькі адзінкі, дзе зрэдку згадваецца прызнанае ва ўсім свеце імя стваральніка гэтага кірунку.
На жаль, імя Л.У. Кантаровіча, адзінага расійскага эканаміста, які атрымаў Нобелеўскую прэмію, зусім мала сустракаецца ў сучасных падручніках па эканоміцы.
Аднак вылучаны і развіты ім аптымізацыйны падыход у эканамічнай тэорыі, пачынаючы з 50-х гадоў, стаў асновай для адраджэння і развіцця эканамічнай навукі савецкага часу і адукацыі цяперашніх кадраў вучоных-эканамістаў.
Свидетельство о публикации №224090700968