Людзi i павукi
І ўсё-такі чаму людзі баяцца павукоў? Таму, што яны драпежнікі? Але коцікі таксама. Гатовы спрачацца, вас мілыя пушысцікі кусалі і балюча драпалі кіпцюрамі значна часцей за павукоў-сенакосцаў ці крыжавікоў. Не ўпэўнены, што атрымаецца знайсці водгукі сяброў, якіх хаця б раз у жыцці ўкусіў хатні павук. Хаця, канешне, тарантулаў і іншых атрутных драпежнікаў не сорамна баяцца. Але ж такія аналогіі можна правесці ў адносінах да многіх істот – сабак, рыб, нават людзей. Ёсць такія, з якімі прыемна мець справы, а ад іншых варта трымацца на адлегласці. З павукамі тое ж самае, іх пяцьдзясят тысяч відаў. Магу супакоіць – у Беларусі сустракаецца каля шасцісот, да таго ж не кожны ўяўляе небяспеку для чалавека.
Зрэшты, я не планаваў рабіць лекцыю пра павукоў ці выхваляцца, што не баюся іх. Канешне, непрыемна, асабліва, калі такі вялікі пан паўзе па сцяне ў бок маёй канапы. Вядома, павук не плануе сапсаваць мне настрой, у адрозненні ад мух, камароў і іншай заедзі, якая мэтанакіравана надакучае людзям, дарэчы, і даволі балюча, але іх мы не баімся. Такі вось парадокс. А павучок сядзіць сціпла сабе ў куце, ловіць тых жа мух і камароў, якія нервуюць нас, але гэтаму асілку дастаецца не менш. Парадокс у квадраце. А яшчэ ёсць казкі, дзе павук-ліхадзей захапляе ў палон прыгажунню-муху, якую потым вызваляе адважны і высокародны камарык…
***
– Ніякай ўдзячнасці, – паскардзіўся Васіль свайму сябру. – А я хацеў, як лепш!
– Ты пажартаваў? – іранічна запытаў стары Міхал. – Ты ж ведаеш, што жанчыны баяцца павукоў. Табе яшчэ пашанцавала з ёй!
– Мне падавалася, што мы ўжо пасябравалі, – апраўдваўся Васіль.
– Зноў жартуеш, – уздыхнуў Міхал. – Вось вучыш вас, вучыш…
– Ну, добра, калі мы пазнаёміліся, яна мяне не ведала, але ж потым колькі разоў магла запэўніцца, як я добра да яе ставіўся…
– Эх, моладзь, як з вамі цяжка, – пахістаў галавой стары. – Табе трэба запомніць адно – жанчыны баяцца павукоў. Дый не толькі яны…
– Яна зноў выгнала мяне з хаты, – паскардзіўся Васіль.
– І правільна зрабіла, – заўважыў Міхал. – Добра яшчэ, што жывы застаўся. Магла б і тапкам…
– Не, яна не такая, – запярэчыў Васіль, уздыхнуў і крыху вінавата прамовіў: – Можна я тут пакуль побач з табой раскіну сетку?
– Канкурэнт, – у тон яму ўздыхнуў стары павук. – Але ж мы сябры. Што з табой рабіць, заставайся…
08 верасня 2024, Гомель, Шведская Горка;
24 красавіка 2025, Гомель (выпраўленне памылкі «хаця бы»).
Свидетельство о публикации №224090801537