Вечна маладыя
У Брэсцкай вобласці Беларусі створаны гісторыка-патрыятычна-тэхнічны атрад “Авіяпошук-Брэст” (кіраўнік атрада – Уладзімір Бухта). Сумесна з пяцьдзесят другім асобным пашуковым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь атрад займаецца пошукам лётчыкаў, якія прапалі без вестак падчас выканання баявых заданняў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
9 жніўня 2019 года ў брацкую магілу гарадскога пасёлка Целяханы, што на Берасцейшчыне, з вайскавымі ўшанаваннямі былі пахаваны астанкі стрэлка-радыста Голікава Івана Тарасавіча.
Жалобнай цырымоніі папярэднічалі працяглыя пошукі неабходнай інфармацыі ўдзельнікамі гісторыка-патрыятычнага атрада “Авіяпошук-Брэст”. У выніку праведзенага расследавання стала вядома, што 26 чэрвеня 1941 года савецкі самалёт быў збіты над Выганашчанскімі балотамі Івацэвіцкага раёна.
З удзелам мясцовых жыхароў у 2018 годзе было ўстаноўлена месца падзення самалёта. Былі выкананы неімаверна цяжкія работы па выманні цела стрэлка-радыста; пры ім знойдзены камсамольскі білет на імя Голікава Івана Тарасавіча*, тэкст якога добра чытаўся.
27 ліпеня 2019 года на месцы падзення самалёта быў усталяваны памятны знак. На круглай чорнай таблічцы – надпіс:
“Тут 26.06.1941 г.
пры выкананні баявога задання
загінуў сяржант
Голікаў Іван Тарасавіч, 1919 г.н.
на самалёце СБ 125 БАП**
завадскі нумар самалёта 18-259
бартавы нумар 110 з маторамі
М 103а 013-397 і 013-230
27.07.2019 г.”
Па рашэнні сваякоў лётчык быў пахаваны ў брацкай магіле гарадскога пасёлка Целяханы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі.
У пахавальным абрадзе прынялі ўдзел жыхары Расіі – дзевяць блізкіх сваякоў Голікава І.Т.
У канцы красавіка 2024 года на магілку Івана Тарасавіча Голікава з Масквы прыехалі пляменніца лётчыка і яе дачка, Наталля і Марыя Зарубіны.
29 красавіка суместна са старшынёй сельскага Савета Аксанай Мялік, старшынёй ветэранскай арганізацыі пасёлка Святланай Крэк і членамі гісторыка-патрыятычнага клуба “Памяць”, яны наведалі месца гібелі Івана Голікава ў наваколлях вёскі Выганашчы.
Падчас візіту сваячкі загінулага лётчыка пабывалі ў храме-капліцы ў гонар Святой Велікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў вёсцы Бабровічы, размешчанай непадалёк ад месца падзення самалёта.
Капліца-помнік была пабудавана ў гонар Велікамучаніцы Параскевы і ў памяць аб спаленых фашыстамі ў 1942 годзе разам з жыхарамі вёсках Бабровічы, Вяда, Тупічыцы і Красніца. Прозвішча загінуўшых мірных жыхароў – на гранітных плітах, размешчаных у храме побач з іконамі.
Экскурсію па храме, які функцыянуе з 2016 года, правёў Веньямін Бычкоўскі, пры актыўнам удзеле якога была пабудавана капліца.
Марыя расказала Аксане Мялік, што яна працягвае весці пашуковую работу па высвятленні абставін гібелі дзядулі. Жанчына прывезла з сабою камсамольскі білет загінулага лётчыка і перадала яго копію ў Целяханскі музей “Пра мінулае памяць захаваем”.
Раней Святлана Крэк часта казала мне пра жыхарку Целяхан, ветэране працы Таісіі Васільеўне Капыціч. Неабыякавая пажылая жанчына лічыць сваім грамадзянскім абавязкам даглядаць магілкі мемарыяльнага комплексу. То растлумачыць жвавай дзятве, што мемарыял – не месца для рухавых гульняў, то прыбярэ прынесеную ветрам паперку… І абавязкова ўскладзе кветкі, прынесеныя са свайго падворка.
Сустрэўшы на зваротным шляху Святлану Андрэеўну, яна кожны раз тлумачыць:
– Вось я сёння да сваіх хлопчыкаў хадзіла, аднесла кветачкі.
Госці з Масквы сустрэліся з Таісіяй Васільеўнай; у завяршэнне візіту маскоўскія госці падзякавалі адміністрацыю пасёлка і Таісію Капыціч за памяць, увагу і клопат аб магілцы дарагога ім чалавека.
На фатаграфіі, прадстаўленай роднымі Івана Голікава – усмешлівы віхрасты хлопец.
На момант гібелі яму споўніўся дваццаць адзін год …
Па мерках васьмідзесяцішасцігадовай Таісіі Васільеўны – хлопчык …
***
Днямі я падышла да брацкіх могілак савецкіх воінаў і партызан, урачыстае адкрыццё якіх адбылося 10 чэрвеня 1989 года, у сорак пятую гадавіну вызвалення Целяхан ад фашыстаў. Да чатырох мемарыяльных пліт, на якіх былі ўвакавечаны імёны загінуўшых партызан і вайскоўцаў Чырвонай Арміі, за мінулыя з дня адкрыцця гады, дадалося яшчэ дзве надмагільныя пліты з прозвішчамі дваццаці сямі абаронцаў нашай Радзімы, якія загінулі ў барацьбе з фашыстамі. Менавіта столькі целаў загінуўшых байцоў было знойдзена пошукавікамі, захопленымі гісторыяй нашай краіны; дзякуючы энтузіязму шукальнікаў у сваякоў без вестак зніклых воінаў з’явілася магчымасць пакланіцца праху сваіх блізкіх.
Я ўважліва вывучыла журботныя спісы. Толькі адзін чалавек нарадзіўся ў 1903 годзе; астатнія загінуўшыя воіны былі вельмі маладыя – яны нарадзіліся ў дваццатыя гады дваццатага стагоддзя.
Вечна маладыя …
Аўтар выказвае ўдзячнасць Аксане Мялік і Святлане Крэк за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі.
*Брэсцкім пошукавікам з дапамогай членаў атрада “Вымпел” горада Масквы атрымалася ўстанавіць, што Голікаў І.Т. не вярнуўся з баявога задання.
**БАП – бамбавальны авіяцыйны полк.
Свидетельство о публикации №224090900837
З паважаннем,
Игорь Лебедевъ 11.09.2024 19:51 Заявить о нарушении
З самымі добрымі пажаданнямі.
Нелли Фурс 12.09.2024 11:03 Заявить о нарушении