Дванаццаць гадзiн

(фантастычна-рэалістычны аповед)

Прысвячаецца Станіславу Лему, бо сюжэт стварыўся дзякуючы цудоўнаму апавяданню «Сто трыццаць сем секунд».


Прадказальнік – гэта проста цуд, вяршыня вынаходніцкай думкі! Ты можаш загадзя планаваць свой дзень і не баяцца неспадзяванак. І як мы раней жылі без такой разумнай тэхнікі? Вядома, прыбор недасканалы – сёння ён можа прадказваць будучыню на дванаццаць гадзін, не болей. Але і гэтага больш, чым дастаткова. Прадказальнікі ратуюць людзей – іх жыццё і здароўе. Канешне, спадзявацца толькі на бездушны прыбор – справа такая сабе, трэба і свой розум мець. А яшчэ глядзець пад ногі і не лічыць сябе бессмяротным.

Як ні дзіўна, і сёння хапае людзей, якія не ведаюць, як яно працуе. Усё проста: прыбор разлічвае вашую будучыню з улікам вашых планаў і паводзін; вядома, ён бярэ ў разлік і дзеянні іншых людзей. Напрыклад, вы збіраецеся ў басейн, туды і трапіце, а потым... Прадказальнік не скажа, схопіце вы сутаргу ці проста няўдала паслізнецеся на падлозе ў калідоры. Але з такім раскладам нават самы зацяты фаталіст уцяміць, што лепш адсядзецца дома ці пайсці ў парк. Вядома, трэба зноў звярнуцца да прадказальніка, ён пераліча прагноз і можа вызначыць, што прагулка ці адпачынак на канапе будуць больш пажаданымі за водныя прыгоды.

Канешне, можна і заклапоціцца – а што будзе далей? Чалавек кардынальна мяняе сваю будучыню, а мо потым адбудзецца яшчэ большая бяда, якая закране і іншых людзей? Ну, тэарэтычна такое магчыма. Чыталі «Ур» Стывена Кінга? Там галоўны герой прадухіліў ДТЗ, але хто ведае, што сталася далей? Мо ў тым аўтобусе знаходзіўся будучы забойца будучага ўрача, які павінен быў вынайсці лекі супраць СНІДу?

Але калі так разважаць, то тады трэба баяцца кожнага свайго крока. Маўляў, вось я сёння паеду на працу, а мне пад колы трапіцца хлопчык – будучы Махатма Гандзі. Мо лепш зняць з сябе адказнасць і скарыстацца аўтобусам?

На жаль, з маральнага і этычнага погляду прадказанні – рэч ненадзейная, бо ўлічваюцца лёсы іншых людзей. Рэальны выпадак: адзін грамадзянін спужаўся прагнозу і ў апошні момант змяніў свае планы – не пайшоў у лазню, а іншы чалавек з-за гэтага атрымаў смяротны вырак. Як так? А вось так – калі б першы пайшоў памыцца разам з усімі, то другі б затрымаўся на хвіліну больш у чарзе за венікамі і спыніўся б на светлафоры, а не трапіў у жудаснае ДТЗ. Можна спытаць – чаму ён не ўбачыў гэтага раней і не застаўся дома ці не паехаў на ровары? Усё проста – другі атрымаў спрыяльны прагноз з улікам паходу першага ў лазню. Але той значна пазней звярнуўся да прадказальніка, убачыў сябе пасля лазні ў цешчы на блінах, таму вырашыў адключыць усе тэлефоны і махнуць на лецішча, а наш гаротнік з-за адсутнасці блінафоба паспеў на зялёны, і...

Канешне, за рашэнне ехаць на лецішча, а не ў лазню, ніхто нікога не асудзіў і не кінуў за краты. Калі ўжо сур’ёзна шукаць вінаватага, то можна дайсці да вынаходніка прадказальніка. Але, што ні кажы, гэта зручная і патрэбная рэч. Усе добра разумеюць і прымаюць верагодныя наступствы. Забараніць прыбор нельга – ён проста распавядае, дзе ты будзеш знаходзіцца ў пэўную гадзіну. Альбо адмовіцца гэта рабіць – вядома, у якім выпадку. Ён не будуе спрыяльных варыянтаў і нічога не раіць, чалавек сам вырашае, прыслухацца ці пайсці насуперак лёсу. Мы і без прыбораў штодзённа прымалі і будзем прымаць дзясяткі розных рашэнняў і накірункаў. Прадказальнік не вінаваты, гэта не падарунак д’ябала. Мінулае ён не змяняе, парадоксаў не стварае. Бясспрэчна, добрага ў наш свет «электронны прарок» прыносіць больш, чым благога, хаця меркаванняў розных хапае, дый царква не ўхваляе.

Чаму я ўвогуле пачаў разважаць пра асаблівасці прадказальнікаў і іх прагнозаў? Свет ужо прывык да гэтага вынаходніцтва, хаця і дагэтуль мае супраціўнікаў. Але не думаю, што прыбору ці ягоным карыстальнікам пагражае забарона дзейнасці. Вельмі шмат было прадухілена кепскіх падзей – прыродных, тэхнагенных... Масавыя тэракты сыйшлі ў нябыт. Што і казаць, прадказальнікі выконвалі свае мэты значна лепей за метэаслужбы з іх недасканалымі прагнозамі надвор’я…

А сёння я нічога не разумеў, бо здзіўляўся чарговаму прадказанню. Усе шляхі вялі мяне пасля працы на вуліцу Палескую. Не планаваў я туды ісці! У мяне былі іншыя планы, не такія цікавыя, пра якія варта распавядаць, таму і не будзем на іх засяроджвацца.

Ці варта казаць, што мой працоўны дзень праходзіў у напружанні і насцярожаным чаканні? Мо нас адпусцяць раней і я вырашу ехаць дадому іншым шляхам? Малаверагодна, бо гэта адбудзецца амаль адразу пасля працоўнага дня. Хаця хто ведае, мо я вырашу затрымацца ў сваім кабінеце, а потым змяніць прывычны маршрут, проста так, дзеля разнастайнасці? Гэта ў маім стылі, такое ўжо здаралася. Асаблівасць прадказальніка ў тым, што ён усё ведае загадзя. Напрыклад, увечары ты плануеш заўтра наведаць сталовую, але бачыш у прагнозе кавярню, якая знаходзіцца на суседняй вуліцы. Ты нават не думаў пра яе! Верагодна, хтосьці з калег ці сяброў запросіць паабедаць разам, а мо да цябе прыйдзе натхненне пачаставацца піцай з грыбамі, а не звычайным супам з макаронамі. А можа, сталоўка заўтра зачыніцца на сандзень...

Прадказальнік ведае нашыя думкі і жаданні да таго, як яны прыйдуць да розуму, гэта ўжо не здзіўляе. Часам нават хочацца пайсці насуперак лёсу і разумнай тэхніцы, каб даказаць Сусвету, што не ўсё прадвызначана. Прывяду прыклад з той жа кавярняй. Ты прачнуўся і кінуўся да прадказальніка, убачыў сябе пасля працы ў кавярні, якая табе не вельмі і падабалася. Гэта лёс? Былі ж планы хутчэй прыйсці дадому, закінуць сябе на канапу, а ногі на дыван! Халера такая, за мяне вызначае, калі і куды ісці! Хай хоць лепшы сябра ці каханая пакліча, каб там прапанаваць мне руку і сэрца, не пайду, і ўсё тут! Назло прыбору!

Цікава, што будзе? Прагноз зменіцца ці не? Канешне, зменіцца, кавярні вы больш не ўбачыце, толькі знаёмую кватэру з канапай і дываном на сцяне. Вы ашукалі разумны прыбор, віншую. Але ці ашукалі насамрэч?

Хтосьці скажа – як тады прадказальнік не ўлічыў вашых дзівоцтваў, у кавярню ж вы не пайшлі? Але ж яна была ў прагнозе!

Усё тлумачыцца вельмі проста: яна была да таго моманту, калі вы не ўбачылі прадказанне. Прыгадайце выпадак пра лазню, цешчу і лецішча. Плывіце па плыні і ўсё наканаванае здзейсніцца. Але ж вы зазірнулі ў будучыню і вырашылі яе змяніць. Гэта магчыма. Нават болей: пасля такога прагнозу вашая наканаваная будучыня пад пагрозай. Чаму? Таму, што цяпер вы ведаеце больш, чым патрэбна, а гэта лішняя зменная ў раўнанні. Цяпер ваш кожны крок можа быць вырашальным. Скажам, будзеце больш задумлівым і спазніцеся на цягнік да лецішча, на які ў нармальных умовах павінны былі паспець. Насамрэч, і такое часцяком здараецца, і нічога з гэтым не зробіш, трэба перазапытваць прагноз.

Але вернемся да мяне. Што здарыцца сёння? Я губляўся ў здагадках. Мо прыедзе добры сябра з іншага гораду ці нават краіны? Сурпрызам, без папярэджання? Не вельмі люблю такія неспадзяванкі, нават калі іх робяць добрыя сябры.

Увесь дзень я дзівіўся і перазапытваў прагноз, але ўсё марна. Вуліца Палеская, і кропка. Мо туды трэба патрапіць, каб пазбегнуць будучых наступстваў? Не, лухта, прыбор так далёка вылічыць не можа, дый увогуле на такое не запраграмаваны. Мо сапсаваўся? Адчувальная тэхніка ўсё-ткі...

Кожную гадзіну я зноў звяртаўся да прадказальніка, але нічога не мянялася. Што за ўпарты прагноз? У палове а шостай прыбор у апошні раз паведаміў, што мне трэба быць на вуліцы Палескай, і выключыўся. Батарэя села, а блок сілкавання я не ўзяў, бо звычайна зараду хапала на дзень. Дагуляўся, больш я нічога не ўбачу... Зрэшты, праз некалькі хвілін скончыцца працоўны дзень, я зачыню кабінет і пайду ў супрацьлеглы бок. Не ведаю, што павінна здарыцца за некалькі хвілін, каб я змяніў свае планы і пабег на вуліцу Палескую. А мо паслухаць прагноз і дзеля жарту пашыбаваць туды? Хаця вуліца доўгая, а большай канкрэтыкі прыбор не выдаў...

І тут мне патэлефанавалі! Я зірнуў на гадзіннік – за чатыры хвіліны да заканчэння працоўнага дня! Я ажно ўздрыгнуў. Вось яно!

Калі я ўбачыў таго, хто тэлефанаваў, то вельмі здзівіўся. Гэта была добрая знаёмая з бібліятэкі. І прычым тут вуліца Палеская? Але трубку ўзяў...

...Пасля кароткай размовы ўсё стала на свае месцы. Прыбор прадказваў будучыню бездакорна, я дарэмна турбаваўся, але ні адна з маіх версій не спраўдзілася.

Ужо колькі гадоў мне была патрэбна адна кніга, якую даволі цяжка адшукаць у бібліятэках ці ў продажы, у электронным выглядзе яе таксама не знайсці. А Насця знайшла, толькі трэба было пад’ехаць на вуліцу Палескую, каб праз маці перадаць яе мне на пэўны час.

Ці трэба казаць, што я падхапіўся і хутка пашыбаваў у бок месца сустрэчы?

Пасля таго, як я атрымаў запаветную кнігу і накіраваўся ў бок вакзалу, мяне не пакідалі розныя думкі. Я нават спазніўся на аўтобус, а ў наш раён яны хадзілі не так ужо і часта.

Усё-ткі дзіўна, як прыбор даведаўся, што я пагаджуся ехаць за кнігай? А калі б я адмовіўся і перанёс сустрэчу на панядзелак? Прагноз быў бы памылковым? Прадказальнікі ніколі не памыляюцца, калі толькі іншыя людзі не робяць нечаканых дзеянняў. Але гэта не мой выпадак. А можа, кожны наш крок запланаваны не намі, а кімсьці іншым? Неяк пра гэта не хацелася думаць.

Я крыху паразважаў і прыйшоў да думкі, што тэорыя не мае права на жыццё. Чаму? Якраз таму, што я мог бы адмовіцца ад сустрэчы, бо ведаў, што мне прадказалі спатканне на Палескай. Калі б я зыходна вырашыў туды не ехаць, то і прадказальнік не паказаў бы мне нічога цікавага – толькі мае першапачатковыя планы. Таму ніякіх парадоксаў няма. Прыбор не ўносіць хаос у наш свет. Ён нават не робіць жыццё чалавека раем на Зямлі, бо не выключае існаванне розных здарэнняў, забойстваў, аварый. Тым больш, што далёка не ўсе карыстаюцца такімі карыснымі прыстасаваннямі. У кагосьці няма на іх грошаў, камусьці проста непрыемна звязвацца з гэтымі прыладамі, дый увогуле пастаянна сядзець і маніторыць сваю будучыню – яно вельмі стамляе. Што і казаць, мой працоўны настрой быў сёння ніякі, бо вельмі карцела даведацца, чаму мне трэба трапіць на вуліцу Палескую. А справа аказалася толькі ў кніжцы, хоць і вельмі цудоўнай. Якой? Пра яе варта стварыць асобны аповед.

Прадказальнік... Верагодна, прыбор – гэта рэч адносная, як і дванаццаць гадзін сваёй будучыні. Хутчэй за ўсё, нашае жыццё даўно запісана дзесьці на ўзроўні Сусвету: кожны наш крок, кожная думка, сапраўдны план жыцця. Але ў гэтым няма ніякага фаталізму, бо мы самі вырашаем, дзе пайсці направа, а дзе налева. Гэта цяжка ўсвядоміць, але мінулае, сучаснае і будучыня існуюць у Сусвеце адначасова, толькі мы не можам перасоўвацца ў Часе так, як пажадаем.


07-08, 15 верасня 2024, Гомель, Шведская Горка;
13 чэрвеня 2025 (выпраўленне памылак «спыніўся бы» і «дый і»).


Рецензии