Братка Трус i Братка Верабейка

Казкі дзядзечкі Рымуса
БРАТКА ТРУС I БРАТКА ВЕРАБЕЙКА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

     Дзядзечка Рымус сядзеў насупіўшыся. Раз-другі ён нават уздыхнуў цяжка і закрахтаў. Джоэль зразумеў, што нечым збянтэжыў дзядзечку Рымуса. Ён ніяк не мог успомніць, што зрабіў дрэннага, але ўсё ж яму было не па сабе.

     Раптам дзядзечка Рымус зірнуў на яго так сумна, маркотна і спытаў:

— Чаго гэта ты набалбатаў сёння маме пра свайго браціка?
— А што такое, дзядзечка Рымус? — спытаў хлопчык, пачырванеўшы.
— Я чуў, што твая мама збіраецца пакараць яго пасля тваёй балбатні.
— Ну, дзядзечка Рымус, я ж толькі сказаў ёй, што ён тузаў часнок у цябе на градцы і кінуў у мяне камень.
— Паслухай, што я табе скажу, дружа, — прамармытаў стары, адкладаючы ў бок хамут, які плёў. — Паслухай, што я скажу: кепская гэта справа — паклёпнічаць. Вось я ўжо восьмы дзясятак на свеце жыву, а ні разу не бачыў, каб пляткар скончыў дабром. Памятаеш, што сталася з птушачкай, якая пляткарыла пра Братка Труса?

     Хлопчык не памятаў, але яму вельмі хацелася пачуць пра гэта. Яму хацелася даведацца, якая ж гэта птушачка была ябедай, пляткаркай і пустамеляй.

— Гэта быў такі вось паскакунчык-верабейка, — сказаў стары. — Вераб'і заўсёды ўмешваліся ў чужыя справы. І зараз у іх такая ж звычка. Тут клюне, там цвыркне і ўсё пляткарыць. Аднойчы, пасля таго як Браце Чарапаха перахітрыў Братка Труса, сядзеў Трус у лесе і разважаў, як яму адыграцца. Вельмі блага было ў яго на душы, злаваў вельмі Братка Трус. І лаяўся і лаяўся — проста бяда, лепш і не гаварыць пра гэта ў казцы. Думаў ён, думаў, потым раптам ускочыў ды як крыкне:

— Добра, чорт пабяры, асядлаю зноў Братка Ліса! Пакажу Матухне Мідоус з дочкамі, што я гаспадар Старому Лісу, — як хачу, так і кручу ім!

     Братка Верабейка з дрэва пачуў словы Труса і заспяваў:

А я ўсё скажу Братку Лісу!
А я ўсё скажу Братку Лісу!
Чык-чырык, раскажу,
Чык-чырык, раскажу!

     Братка Трус сумеўся крыху і не ведаў, як быць. А потым зразумеў: хто першым прыйдзе, таму і паверыць Братка Ліс. Паскакаў дадому — скок-паскак, скок-паскок! — глядзіць, а вось і Ліс, лёгкі на памоўцы.

— Што гэта азначае, Братка Ліс? — пачаў Трус. — Кажуць, ты хочаш зжыць мяне са свету, дзетак перадушыць і дом разбурыць.

     Ліс проста ашалеў ад злосці:

— Адкуль ты ўзяў гэта? Хто сказаў табе гэта, Братка Трус?
Трус спачатку ўпіраўся для віду, а потым прызнаўся, што Братка Верабей яму гэта сказаў.

— Ну, я, вядома, у сэрцах усё на свеце аблаяў, як пачуў такое, — сказаў Братка Трус. — І табе дасталася таксама, Братка Ліс.

— А ты другі раз не вер пустому слову, — адказаў Ліс. — Ну, будзь здаровы, я пайду, Братка Трус!

     Пабег Брат Ліс прэч, бачыць — Верабейка пырхнуў з куста на дарогу.

— Браце Ліс, — крычыць, — а Браце Ліс!

     А Ліс, ведай, трусіць палёгку, быццам не чуе. Верабейка за ім наўздагон:

— Братка Ліс! Ды чакай, Братка Ліс! Я што ведаю... Паслухай толькі!

     А Ліс усё бяжыць ды бяжыць, быццам і чуць не чуе і бачыць не бачыць Братка Вераб’я. Потым расцягнуўся каля дарогі, нібы сабраўся задрамаць. Верабейка ўсё кліча яго ды кліча, а Стары Ліс ні гуку ў адказ. Падскочыў да яго Верабейка зусім блізка:

— Братка Ліс, што я скажу табе!

     Павярнуў галаву Ліс і кажа:

— Сядзь на хвост мне, братка Верабейка. На адно вуха я глухаваты, а другое таксама не чуе. Сядзь на хвост.

     Сеў Верабейка яму на хвост.

— Усё адно не чую, Братка Верабейка! На адно вуха я глухаваты, другое таксама не чуе. Сядзь на спіну.

     Сеў Верабейка яму на спіну.

— Скокні мне на галаву, Братка Верабейка. Я на абодва вухі глухі.

     Скокнуў на галаву Верабейка.

— Скокні мне на зубок, Братка. На адно вуха я глухаваты, другое таксама не чуе.

     Скокнуў Верабейка Лісу на зубок, а Ліс ...

     Тут дзядзечка Рымус змоўк, шырока разявіў рот і зачыніў яго зноў, так што адразу стала зразумела, чым скончылася справа.

— Брат Ліс праглынуў яго, дзядзечка Рымус? — спытаў усё ж хлопчык.
— На другую раніцу, — сказаў дзядзечка Рымус, — ішоў па дарозе Браце Мядзведзь і натрапіў на пёркі. І слых прайшоў па лесе, што Матухна Сава зноў кагосьці з'ела на сняданак.


Рецензии