Бiблiятэка
Звычайна мне вельмі падабалася цішыня, але чамусьці не сёння. І навошта калега вырашыла пайсці на палову стаўкі? Разам было б весялей. Шчыра кажучы, я сумаваў за ёй, хаця [і ў адзіноце адчуваў сябе даволі нядрэнна].
Я адчыніў дзверы ў калідор і прыслухаўся. Такое адчуванне, што вучэбны корпус вымер – ні студэнтаў, ні выкладчыкаў, ні супрацоўнікаў. Бадай што вахцёр і вартаўнік заўжды на працоўным месцы. Мо сёння кароткі дзень, а я і не ведаю?
Трэба было высветліць, ці сапраўды ў будынку больш нікога няма, таму я зачыніў дзверы і пайшоў на пошукі... Кагосьці.
Мае крокі адгукаліся ад сценаў і столі, наўкол панавала злавесная цішыня – жывых людзей я не толькі не сустрэў, але і не чуў іх прысутнасць. Дзіўна, хаця і раней такое здаралася, асабліва падчас канікул. Дзень падаваўся таямнічым, а калі праз шыбы вокнаў я ўбачыў жоўтае восеньскае лісце, то ён стаў яшчэ і ўтульным. Сапраўды кастрычнік; і хто прыдумаў такую недарэчную назву «октябрь»? Штосьці зусім не беларускае і нават не рускае.
Па сходах я трапіў на першы паверх, але і там мне ніхто не сустрэўся. Зазірнуў у службовае памяшканне, якое раней было прыбіральней, толькі вось адразу трапіўся на вочы амбарны замок. І тут мяне не чакаюць.
У гэты момант я ўбачыў святло ў дальнім куце – там знаходзілася бібліятэка. Вось дзе працуюць цікавыя і добразычлівыя людзі. Заўсёды любіў бібліятэкі. Прыемна нават проста зайсці, каб пачуць адмысловы пах паперы і кніжнага пылу.
Я падышоў да дзвярэй, якія ніколі шчыльна не зачыняліся, і зазірнуў. І тут нікога... Але для надзейнасці я злёгку паляпаў па металічнаму лісту. Пачуўся нейкі шолах і перад маімі вачыма з’явілася Насця. Цяжка сказаць, хто з нас быў больш збянтэжаны – я ці яна.
Пасля невялічкай размовы мы развіталіся і я працягнуў сваё падарожжа па нашаму вучэбнаму корпусу. Напэўна, зараз цяжка знайсці чалавека, які наведвае бібліятэкі ў пошуках цікавых мастацкіх твораў. Вось каго ведаю, дык тых, у каго заўсёды не хапае часу прачытаць цудоўныя кнігі на паліцах у сябе дома. Сам з такіх чытачоў, што і казаць...
17-18 кастрычніка 2023, Гомель;
28 кастрычніка 2023, Яроміна (дапаўненні і змены);
21 сакавіка 2025, Гомель (дробная праўка: замена «бы» на «б»);
23 красавіка 2025 (выпраўленне памылкі: было – «падыйшоў»).
Свидетельство о публикации №224091800755