У лунаючым палёце

                ***


     У ярах яшчэ ляжыць снег, а на даху старога гумна ажывае злёгку разбуранае суровай зімой гняздо буслоў, прылёт якіх заўсёды ўсяляў надзею і абяцаў поспех людзям. Зграбныя птушкі ў моцных дзюбах пачынаюць прыносіць неабходны будаўнічы матэрыял у выглядзе старых сукоў, галінак, леташняй травы і саломы.

     Праз некалькі дзён абноўленае гняздо цешыць вока ўжо не толькі даволі стомленых за час працяглага пералёту птушак, але і мясцовых жыхароў. Дзень-другі — і шлюбная пара па чарзе пачынае наседжваць буйныя жаўтлява-белыя яйкі.
 
     Праходзіць крыху больш за месяц. Ва ўтульнай птушынай хаце з яйкаў з'яўляюцца адно за другім бусляняты.

     Клапатлівыя бацькі з самай раніцы спяшаюцца на пошукі пражытка для малых, якія з нецярпеннем чакаюць свой абед. Вялікагаловыя птушаняты з шырока расхінутымі вачамі выглядаюць з гіганцкага гнязда і з цікаўнасцю вывучаюць наваколле. Адразу ж падлятаюць бацькі і пачынаюць закідваць у шырока расчыненыя дзюбы птушыныя дэлікатэсы: жаб, мышанят, дробную рыбу, жукоў і конікаў...

     І вось, нарэшце, надыходзіць той дзень, калі маладыя буслы пачынаюць спрабаваць на смак самастойнае жыццё. Днём яны адточваюць майстэрства палёту, а бліжэй да вечара ўсё яшчэ спяшаюцца ў бацькоўскую хату на вячэру, клапатліва прыгатаваную дарослымі птушкамі.
     Пройдзе яшчэ пару тыдняў, і ўздужалыя дзеці назаўжды пакінуць бацькоўскае гняздо, дзе прайшло такое кароткае, але бестурботнае дзяцінства.

     Цэлымі днямі падлеткі, якія ўжо аперыліся, шырока расправіўшы крылы, вывучаюць гасцінны край. Не парушаючы свой зладжаны графік, птушкі штодня вылятаюць на пошукі здабычы. Пераадолеўшы пару кіламетраў і ўбачыўшы пад сабой бязмежны луг, буслы зніжаюць хуткасць і неўзабаве плаўна прызямляюцца на вабны сваёй прыроднай прыгажосцю дыван з травянога асарці.

     Важна падымаючы ногі ў высокіх каралавых боціках і дзелавіта пстрыкаючы ўжо даволі дарослай дзюбай, птушка пачынае паскараць свой крок у бок невялікага возера, схаванага за дзікім пахучым хмызняком. Паласаваўшыся жабянятамі, яшчаркамі і палёўкамі, малады бусел зноў выпроствае свае нецярплівыя крылы і ўзнімаецца ў неба, дзе дазваляе сабе грунтоўна пагарэзнічаць.

     Нярэдка маладняк удасканальвае манеўранасць свайго палёту ў кампаніі мясцовых заўсёднікаў, гарластых крумкачоў.
    
     Яшчэ крыху — і грацыёзным белым драпежнікам, якія накінулі на плечы чорныя фракі, трэба пакінуць цудоўны палескі край.

     Набліжаецца час збораў да адлёту. На палях птушкі збіваюцца ў шматлікія зграі.
     Першымі ў канцы жніўня пакідаюць азёрны край маладыя, фізічна моцныя буслы. Затым падыходзіць чарга і больш сталага пакалення.

     Ляцець чорна-белым качэўнікам у пошуках цяпла давядзецца на велізарнай вышыні ў лунаючым палёце, які дазваляе часам крыху задрамаць.


Рецензии