Праводзiны лета

У чарговы раз мяне захапілі пачуцці. Быццам бы знаёмае з дзяцінства, але ўсё роўна дзіўна. Верагодна, маё адчуванне вёскі стала больш выразным таму, што я пачаў жыць у горадзе. Сапраўды, у апошнія два тыдні ну ніяк не атрымлівалася трапіць да бацькоў нават на гадзінку. Чатырнаццаць дзён толькі ў межах гораду, калі не лічыць невялічкую паездку за Асаўцы.

Далібог, гэты іншы Сусвет, а як назваць іначай? Я ўзняў вочы на цёмнае шэрае неба і глыбока ўздыхнуў. Ніякіх лішніх раздражняючых гукаў і святла, не пахне смуродам, уся напружанасць вялікага гораду там і засталася. Вочы адпачывалі: акрамя неба, я бачыў толькі постаці дрэваў і будынкаў.

Вецер даволі моцны – балаў шэсць па Бофарту. Шум дрэваў, якія ён турбаваў, нагадаў мне марскі прыбой, хаця на мора я пакуль так ніколі і не трапіў. На дзіва, было вельмі цёпла, градусаў дзевятнаццаць; надвор'е для апошніх дзён верасня незвычайнае. Можна сказаць, лета ўхапіла яшчэ адзін месяц.

І зноў гукі, гукі, гукі. Флюгер ажно зайшоўся ад хуткіх рухаў паветра. Чутна, як спявалі апошнія цыкады. Дзесьці побач блукала чорнае кацянятка, але шукаць яго зараз у цемры – марная справа. Я не хваляваўся за нашага гадаванца, бо не такі ён ужо і малы – здаецца, месяцаў шэсць. Далёка за агародамі забрахалі сабакі – звычайная вячэрняя пераклічка.

Вось быццам бы і адпачынак, але мне было неяк неспакойна. Цікава, ці дарэчы ўзгадаць такія нашыя словы, як «фатыга» і «мітрэнга»? Я зірнуў на гадзіннік і зноў здзівіўся – усяго толькі палова на восьмую. А ўлетку ў гэты час мы выходзілі гуляць, бо сыходзіла спёка – самы прыемны час для шпацыраў ці вандровак. А сёння сонца зайшло амаль гадзіну таму.

Шум далёкай шашы нагадаў мне, што цывілізацыя нікуды не падзелася, яна зусім побач. Тут жа пачуўся і грукат з боку чыгункі: набліжаўся грузавы цягнік, я адразу пазнаў гудзенне электравоза.

Чаму ж я замаркоціўся? Але адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. Калі і праводзіць лета, то менавіта сёння. Можа, прагучыць і фаталістычна, але так цёпла ўжо не будзе. Прырода рыхтавалася да зімы.


27 верасня 2024, Яроміна;
29 верасня 2024, ноч, Гомель, Шведская Горка;
30 верасня 2024, Гомель.


Рецензии
Добрыя выйшлi праводзiны, у думках i разважаннях, у размове з сабой i прыродай.
Дзякуй, Аляксандр.

Марина Павлинкина   01.10.2024 16:48     Заявить о нарушении
Вялікі дзякуй, ваш водгук мяне вельмі ўзрадаваў, Марына)

Александр Чепа   01.10.2024 23:30   Заявить о нарушении