Як пасварылiся Шчыры i Шкода

                ***

     Сабака Шчыры і кошка Шкода пасябравалі, калі трапілі кожны ў свой час да Міцькі ў сядзібу.

     Шчыры далучыўся да гаспадара, калі будучы заатэхнік быў яшчэ студэнтам.

     Шкода сама ўлезла ў хату, заўважыўшы праз расчыненае акенца смакоцце без нагляду.

     Паколькі хітраватая Шкода жыла на два дамы, Шчыры спачатку паглядаў на яе з недаверам. Але паступова яны пасябравалі і ворагамі не былі.

     Аднак праз некаторы час сяброўства скончылася. І вось як гэта адбылося...

     Аднойчы Шчыры заўважыў, што Міцька забыўся дома ключ ад працоўнага кабінета. Гаспадар вешаў заўсёды яго на цвік, які для гэтага даволі высока тырчаў у сцяне.

     Сабакі па сценах лазіць не ўмеюць, таму Шчыры звярнуўся да вяртлявай чарапахавай кошкі:

— Шкода, гаспадар наш ключ забыўся на сцяне. Не магла б ты па паліцах дабрацца да цвіка і скінуць яго мне? Я аднясу важную рэч нашаму Міці.

— Канешне, сябар, я скіну табе зараз ключ, — адказала Шкода, але крыху пазайдросціла Шчыраму.

     “Мабыць за гэта гаспадар яшчэ больш будзе паважаць і любіць сабаку”, — падумала пра сябе Шкода і вырашыла абхітрыць Шчырага.

— А давай разам аднясем Міцьку ключ! — прапанавала кошка. — Будзем несці яго па чарзе.
— Навошта табе гэта? Я сам хутчэй дабягу! — адказаў Шчыры на прапанову Шкоды.
— А я ведаю карацейшы шлях. Дзякуючы яму мы зусім хуценька выбавім гаспадара з непрыемнасці. Так як, згодзен?
— Добра. Тады пабеглі праз лес!
Дабеглі кошка з сабакам да ляснога возера, і тут Шкода кажа Шчыраму:
— Давай я сяду табе на спіну, трымаючы ў зубах ключ, а ты пераплывеш возера. Гэта і ёсць найкарацейшы шлях. А там ужо і рукой падаць да Міцькавай фермы.

     Шчыры пагадзіўся з прапановай Шкоды і дазволіў кошцы сесці сабе на спіну.
     Калі Шчыры ўжо даплываў да супрацьлеглага берага і пачалося мелкаводдзе, то жвавая, хітрая кошка саскочыла са спіны сабакі і хацела хуценька пабегці ды прынесці ключ гаспадару першай. Але зрабіць гата не атрымалася, бо ключ выпаў з роту, калі Шкода наглыталася вады.

     Сабачку вельмі пакрыўдзіў і абразіў учынак Шкоды.

     Бабёр Паша, які непадалёку будаваў хатку, дапамог знайсці ключ пад вадой.
     Шчыры занёс ключ Міцьку, а сяброўству са Шкодай прыйшоў канец.

     Гаспадар быў вельмі ўдзячны Шчыраму і нават прамаўчаў, што ў яго на такія выпадкі заўсёды ёсць запасны ключык.



Ілюстрацыя да казкі з інтэрнэту


Рецензии