Мумукiны
Сям’я Мумукіных жыла вельмі дружна.
Бык Міхалыч кожны дзень сачыў за парадкам у сядзібе. Ён быў не толькі дужа працавітым і адказным, але таксама прытрымліваўся здаровага ладу жыцця.
Маленькія жыхары Міцькавай сядзібы прыбягалі да Міхалыча, і той паказваў малым, як трэба правільна і паслядоўна рабіць зарадку.
Карова Геаргіна таксама адказна ставілася да здароўя сваёй сям'і і іншых жыхароў сядзібы. А яшчэ яна лічылася самай сапраўднай траўніцай і ведала шмат розных лекавых раслін супраць многіх хвароб.
Геаргіна збірала зёлкі, высушвала іх і потым дапамагала ўсім жадаючым.
Вось зусім нядаўна да каровы прыбег качар Пушок, які паскардзіўся на моцны кашаль. Геаргіна адразу прапанавала прастужанай птушцы гарбату з ліпай і багульнікам.
Былі і іншыя пацыенты. Непаслухмяная каза Маліна неяк улезла ў чужы агарод, каб паласавацца лісцем маладога тытуню. Але шкадліўцы не пашанцавала, і за ёю пагнаўся вартаўнічы сабака Кумпячок. Той некалькі разоў клацнуў зубамі, і Маліне таксама прыйшлося звярнуцца за дапамогай да рагатай лекаркі.
Геаргіна адразу ж выкарыстала крываўнік, які ў народзе завуць салдацкай травой. З яго дапамогай кароўка спыніла крывацёк у Маліны, і рана загаілася.
У асабістым хлеўчыку Мумукіных заўсёды было чыста, утульна і пахла сенам ды лекавымі раслінамі. На сцяне віселі ахапкі розных духмяных лекавых зёлак. Тут былі і трыпутнік, і святаяннік, і чабор, і сухацвет, і рамонак з падбелам ды дзьмухаўцом…
А з сярэдзіны чэрвеня Геаргіна пачала збіраць скрыпень, каб таго хапіла на ўвесь год. Надта смачны і карысны чай атрымоўваецца з гэтай духмянай расліны.
Бестурботнае жыццё было толькі ў Аксаміта. Цялок цэлымі днямі гарэзліва бегаў на падворку ў пошуку цялячых прыгод. То ён чапляўся з рознымі пытаннямі да індыка Гаджэта, то спрабаваў змагацца ў сіле з баранам Зефірам, то гуляў у даганялкі з куранём Шусем і качанём Шасем…
Была ў Аксаміта адна мара. Кожную раніцу цялок пазіраў на рогі свайго бацькі быка Міхалыча і пытаўся ў яго:
— Тата, калі ўжо у мяне вырастуць такія рожкі, як у цябе? Я таксама хачу быць дужым, магутным і рагатым! Чаму на маёй галаве яўчэ нічога не вырасла?
— Чакай, гарэза! — з лёгкай усмешкай адказваў бацька. — Хутка прабяжыць час, і ты нават не заўважыш, як пачнеш сталець, а на тваёй галаве з'явяцца рогі. Зараз не думай пра гэта, а атрымлівай асалоду ад дзяцінства. Усё мае свой час.
Свидетельство о публикации №224100401875