Як пiсаць творы?

Парада: у «Самоинтервью» (http://proza.ru/2024/08/27/1902) таксама разглядаюцца некаторыя творы і моманты з жыцця.


Надоечы я атрымаў такое пытанне і адразу збянтэжыўся, а чалавек ужо падрыхтаваўся запісваць мае адказы. А сапраўды, як я пішу? Адкуль прыходзяць ідэі? Дзе шукаць натхненне? Як напісаць твор, калі ёсць жаданне, але няма натхнення? З чаго пачаць? Як скончыць? Што больш любяць чытачы? План ці імправізацыя? А што пісаць?..

Пытанняў шмат, а я маўчу. Далібог, Аляксандр Чэпа – гэта не пісьменнік узроўню Стывена Кінга, якому дазволена друкаваць дапаможнікі для тых, хто жадае паспрабаваць пісаць творы (аўт. – маецца на ўвазе аўтабіяграфічная кніга «On Writing: A Memoir of the Craft», якую ён надрукаваў у 2000 годзе). З іншага боку... А хіба я не маю права таксама напісаць Curriculum Vitae, то-бок жыццяпіс? Я буду толькі рады, калі мой досвед, парады і прапановы дапамогуць зрабіць першыя крокі, знайсці натхненне і паверыць у сябе.

З чаго пачаць? Бадай, гэта самае цяжкае. Я і зараз сумеўся. Добра, што на мяне ніхто не глядзіць, а ў кампутары няма вэб-камеры. А давайце пачнем з дзяцінства.

Верагодна, сучасных хлапчукоў і дзяўчынак бацькі ўвогуле не турбуюць казкамі і папяровымі кнігамі. Каму гэта патрэбна сёння, у дваццаць першым стагоддзі? (іранізую) Смартфон у рукі, планшэт у ногі, абы дзіцяці не румзала. Так, я не жартую: ужо колькі разоў бачыў зусім маленькіх чалавечыкаў, якіх з калыскі прывучалі да Тык-Току. Яно яшчэ толькі-толькі навучылася хадзіць, а ўжо трымае ў руках смартфон, і халера на астатні свет, які застаўся па-за цуд-экранам.

Сутнасць у тым, што нас у свой час з маленства прывучалі да кніжак: спачатку дарослыя чыталі ўслых, а потым вучылі, каб мы рабілі гэта самі. Вось яна – першапрычына таго, што адбылося потым і працягваецца сёння. Каб валодаць словам, трэба чытаць. Вядома, не кожны чытач становіцца пісьменнікам. Мне здаецца, і я не вялікі мастак слова. Многія мае творы маюць шмат хібаў, хаця некаторыя аповеды сур’ёзныя крытыкі прызнавалі даволі дасканалымі. Зрэшты, у той жа час я лічу, што ўсё гэта суб’ектыўна. Не пускаць у друк можна толькі пэўна няўдалы ці зусім недарэчны твор з вялікай колькасцю памылак. Дый тое, калі аўтару ён падабаецца, то аповед мае права на жыццё, асабліва, калі ён даспадобы яшчэ камусьці.

Вельмі важная рэч – крытыка. Яна можа назаўсёды забіць жаданне ствараць творы, а тыя, якія ўжо напісаны, аўтар у роспачы спаліць у вогнішчы, працягне праз шродар ці знішчыць нейкім іншым спосабам. Не трэба так. Я ў свой час пачуў шмат розных водгукаў ад шматлікіх чытачоў. Адны лічылі, што мне лепш ажаніцца і гадаваць дзяцей, а не шукаць натхненне ў полі, іншыя казалі, што справа марная, калі з яе дапамогай нельга зарабляць вялікія грошы. Памятаю водгукі, што мае творы аднастайныя і ў кожным ці вялікі песімізм і дэпрэсія, ці сюжэт завязаны на адносінах мужчыны і жанчыны. Ці апусціў я рукі? На шчасце, не. Ці ўсе аповеды сумныя або пра каханне? Вядома, не.

Жах кожнага пісьменніка, калі ягоны твор не спадабаўся чытачам. Што параіць? Трэба навучыцца іранізаваць, у першую чаргу з самога сябе. Вось я стаўлюся да такой з’явы з гумарам. Не спадабаўся твор? Нічога, мне таксама, другі будзе лепей. Горш, канешне, калі табе даспадобы сваё стварэнне, а іншым не. Але я не веру, што бывае так, калі твор зусім нікому не падабаецца. Давайце з уласнымі прыкладамі. Мой аповед «Саши… Жени…» (2014) некаторым не спадабаўся – сказалі, што дыялогі ненатуральныя. Ніколі не думаў, што можна прычапіцца да дыялогаў... Так, твор фантастычны, ёсць, да чаго зрабіць заўвагі, да таго ж я сумленна спачатку зрабіў нататку, што гісторыя «неправдоподобная» і нават парушае законы фантастыкі. Але дыялогі… А мне твор вельмі падабаецца. І не толькі мне, дарэчы. Водгук знаёмай пісьменніцы (не з Саюза Пісьменнікаў): «О, весьма занимательно и динамично) читаешь и видишь всё своими глазами. Мне нравится)». Яшчэ адзін водгук: «Я в восторге! Всё так запутано, интригующе и написано таким простым языком! Спасибо, Александр Викторович, за Ваше творчество! Когда читаешь эти удивительного содержания тексты, на душе становится теплее!»

А былі творы, якія і мне не падабаліся? Так. Канешне, большасць такіх аповедаў я проста нідзе не публікаваў. Напрыклад, гэта невялічкі тэкст «Хто вінаваты?» (аўт. – быў апублікаваны пазней на сайце Проза.ру). Сюжэт: кіроўца аўтобуса рэзка спыніў транспартны сродак, каб хлопчык не трапіў пад колы, але адна жанчына ў салоне праз гэта атрымала траўмы, не сумяшчальныя з жыццём. Мужчыну асудзілі ўсе, хто толькі мог, нават прыйшлося кінуць працу і пераехаць у іншы горад. Мне гэты твор падаецца недарэчным: ідэя нежыццяздольная. Можна, канешне, і апублікаваць, для гісторыі. Не выдаліў, не спаліў, не знішчыў – такім не займаюся. Нават імкнуся захоўваць першапачатковыя версіі тэкстаў, якія пазней падвяргаліся маім сур’ёзным праўкам.

Чытач справядліва запытаецца, ці падабаюцца мне творы, якія ўжо апублікаваныя? Ну-у… Ёсць тэксты, у якіх я бачу сюжэтныя недарэчнасці, чытачам яны могуць не спадабацца. Гэта «Загадать желание» (2020) і «Брама» (2022). Збольшага я імправізаваў, таму ёсць шэраг момантаў, якія пажадана перарабіць. Яшчэ «Усмешка» (2012): тэкст па-беларуску, дыялогі па-руску; даволі спрэчнае рашэнне, лепш рабіць на адной мове (аўт. – у 2025 г. выйшла версія твора цалкам па-беларуску). Хаця... Хто ведае? Можа, вы зараз зацікавіцеся, прачытаеце, і пералічаныя творы вам спадабаюцца. Да астатніх мне цяжка прычапіцца. Нават да наіўных апавяданняў «Новая Жизнь» (2012) (не скончана) і «Экскурсия» (2012), бо яны мне падабаюцца: цікава бачыць, якім летуценнікам я калісьці быў. Шчыра сказаць, лічу водгукі з’явай суб’ектыўнай, нават калі гэта меркаванні сур’ёзных крытыкаў. Мне здаецца, што «мэтры» з Саюза Пісьменнікаў «не оставят камня на камне» і «разнесут в пух и прах» увогуле кожны з маіх твораў. А простыя людзі рознага ўзросту чытаюць, ім падабаецца і стыль, і сюжэт. Можа, хтосьці параўнае мяне са спадарыняй Дар’яй Данцовай, якая піша для пэўнай катэгорыі чытачоў і не прэтэндуе на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Я таксама. Мне больш даспадобы называць сябе не пісьменнікам, а чалавекам, які піша. Маіх кніг у папяровым выкананні няма не толькі ў краме, але і ў самвыдаце. Пакуль (аўт. – ужо ёсць).

Вернемся да дзяцінства. Не памятаю, як штосьці пісаў, акрамя сачыненняў у школе. Гэта не лічыцца. Але ў старэйшых класах пачалося; не толькі дома, але і на занятках: невялічкія ўрыўкі, жарты… Штосьці захавалася. Напрыклад, сшытак з аповедамі пра дзеда Колю, аднайменная п’еса, паўнавартасны невялічкі твор «Как Малыш за флюгером ходил» (з малюнкамі аўтара!), песня пра завод ЖБВ і сюжэт пра шпацыр на ягоную тэрыторыю, які скончыўся як гісторыя кахання… Апошні я легкадумна запісаў у школьны сшытак па беларускай мове ў 2005 годзе… Колькі мне тады гадоў было, шаснаццаць?

Але сапраўды першы паўнавартасны твор, з якога я афіцыйна лічу сваю «кар’еру» – гэта «Александр», які быў створаны ў снежні 2010 году (яшчэ не публікаваў). Там ёсць пачатак, асноўная частка, інтрыга і канец. Напісана наіўна, але ж гэта сур’ёзнае аўтабіяграфічнае апавяданне. Усе падзеі адбываліся на самой справе, эмоцыі сапраўдныя. Мой узрост на момант напісання – дваццаць адзін з паловай гадоў. Вялікую колькасць твораў я напісаў падчас вучобы ва ўніверсітэце. Былі перыяды, калі амаль нічога не атрымлівалася, хаця я на гэты конт не вельмі і сумаваў. Сяброўская парада: не варта пісаць як тлусты пісьменнік у дзіцячай куртачцы з «Залатога цяля» – толькі дзеля таго, каб пісаць. Але і чакаць натхнення таксама не трэба. Калі ёсць ідэі – ажыццяўляйце іх. Не абавязкова адразу, за адзін дзень ці тыдзень. У мяне ёсць твор, з якім я працаваў фактычна тры гады – «Пересадочная станция» (2014, 2015, 2016). Праўда, гэта не было штодзённай і карпатлівай тытанічнай працай, але час ад часу я вяртаўся да аповеду: штосьці дапісваў, дадумваў, пераробліваў.

Як пісаць і дзе шукаць натхненне? А паўсюль. Яго можна знайсці і ў чорным зорным небасхіле, і нават у чыстым полі. Верагодна, парада не вельмі карысная, бо збольшага мы вельмі розныя. Нейкай універсальнай парады, напэўна, няма. Ці пашукайце ў таго ж Стывена Кінга. Вось я знаходжу сваю хвалю ў звычайным полі, а іншаму гэтага будзе недастаткова ці ўвогуле пачнецца дэпрэсія. Яшчэ мяне натхняюць добрыя і цікавыя людзі, зносіны з імі, а іншаму для плённай працы лепш будзе засяродзіцца на самім сабе, асяроддзе толькі перашкодзіць натхненню. Шукайце свае зоны камфорту.

Адкуль да мяне прыходзяць новыя ідэі? А калі як. Сёння дастаткова пачытаць навіны і натхніцца на новы аповед (напрыклад, пра прывід у Грабаўскай школе), а заўтра трэба выбрацца далей ад гораду, у лес, дзе ёсць патрэбныя ўмовы для стварэння тэксту. Якім ён будзе – я не ведаю. Мо фантастычнай аповесцю, а мо атрымаецца невялічкая замалёўка пра дрэвы і жоўтае лісце. Спрабуйце. Верагодна, патрэбны штуршок. У маім выпадку ў канцы 2010 году гэта было развітанне з каханай дзяўчынай. Хто ведае, калі б мы не пазнаёміліся, мабыць, я не пайшоў бы далей невялічкіх тэкстаў пра завод ЖБВ і гісторый пра дзеда Колю?

Верагодна, с цягам часу вы заўважыце, што новыя ідэі з’яўляюцца ўсё часцей і часам зусім нечакана. Вось хто б мог прадказаць, што фантастычны твор «Дванаццаць гадзін» (2024) з’явіцца пасля таго, як знаёмая супрацоўніца бібліятэкі прапануе мне кнігу пра вёску, дзе я правёў дзяцінства? Так, гэта быў пісьменніцкі штуршок. Крыху ніжэй распавяду і пра іншыя абставіны, дзякуючы якім усё атрымалася. А невялічкі аповед-разважанне «Людзі і павукі» (2024) я стварыў пасля таго, як увечары ў наш дзіцячы ложачак завітаў маленькі павучок.

Калі натхненне ўпарта не з’яўляецца ці няма часу і жадання ехаць у лес, то прапаную пачаць ствараць «механічныя» тэксты. Апісвайце свой настрой, дарогу з працы дадому, падзеі, якія адбываліся з вамі раней. Для гэтага не трэба быць прафесійным пісьменнікам. З цягам часу вы пачнеце працаваць з тэкстам, як з дзіўным канструктарам. І не бойцеся памыляцца! Спадзяюся, вы настроіцеся на сваю хвалю.

Калі вашае жыццё не падаецца вам цікавым… Тады пачніце выдумляць. З простага шпацыру ў краму можна прыдумаць вандроўку на планету Плюк, як у фільме «Кін-дза-дза!» Не любіце фантастыку? Можна ўявіць штосьці рэалістычнае. Напрыклад, мой няскончаны аповед «Новая Жизнь» (2012) з’явіўся пасля звычайнай і не вельмі цікавай паездкі ў горад. У той час я марыў пра знаёмства з добрай цудоўнай дзяўчынай, таму і напісаў пра гэта. Ажыццяўляйце свае мары на паперы! Хто ведае, мо гэта дапаможа здзейсніць падобнае ў жыцці? Нават калі не, то цікава ж уявіць сябе ў нейкіх незвычайных абставінах! Сам я куды толькі не трапляў у аповедах: у паралельныя сусветы, на другі бок люстэрка, у пятлю часу (дзень сурка), у цела дзяўчыны… Распавядаў пра апакаліпсіс, вёў аповед ад імя дзяўчыны, дрэва і іншых істот… Калі з натхненнем і ідэямі зусім цяжка і нічога не прыходзіць да розуму, то можна ўзяць за аснову любімую кніжку ці фільм і паспрабаваць пераасэнсаваць сюжэтную лінію ці напісаць працяг. Ёсць такі жанр як фанфікі, ён мае права на жыццё. Толькі я сам пакуль у гэтым накірунку не працаваў. Яшчэ адна крыніца натхнення – сны. Варта ўзгадаць аповед «Моя тоска» (2012, 2013). Сон быў зусім сціслы, але натхніў мяне на твор. Запісвайце тое, што вам прыснілася, хоць і напаўзабытыя ўрыўкі.

Для тых, хто раней ужо напісаў хаця б адзін твор, магу прапанаваць вяртацца да сваіх тэкстаў, каб ствараць новыя і ісці далей. Палёт думкі можна нічым не абмяжоўваць: напісаць працяг, вылучыць другую сюжэтную лінію з іншымі героямі, прыдумаць перадгісторыю, падрабязна раскрыць моманты зыходнага твору… Я часцяком звяртаўся да падобных прыёмаў. Напрыклад, у мяне ёсць два няскончаных аповеда – «Только не в одиночку» і «Зеркало» (абодва не публікаваў). Можна сказаць, гэта адзін і той жа твор: розніца ў тым, што ў першым аповед ідзе ад імя героя, а ў другім – ад гераіні. Даволі цікава разглядаць адну і тую ж гісторыю з розных бакоў. Такое я выкарыстоўваў не раз. Напрыклад, з аповесці «Девятнадцать часов» вылучыў пэўную падзею для незалежнага невялічкага апавядання «Судьба» (абодва не публікаваў). На жаль, ідэя забуксавала, але ж можна вярнуцца да яе. У маім жыцці быў перыяд, калі я захапляўся падобнымі спробамі. Твор «Саши… Жени…» (2014) таксама спрабаваў пераасэнсаваць з боку погляду дзяўчыны (не публікаваў). І эратычнае апавяданне «Кристина» (не публікаваў) пачынаў дубляваць ад жаночай асобы, але не скончыў. Напэўна, не варта надта захапляцца і спрабаваць кожны свой твор перарабіць па-іншаму, хаця гэта і даволі цікава. Паспяховы прыклад развіцця старой задумы – гэта ўжо ўзгаданы аповед «Дванаццаць гадзін» (2024). Цікавасць у тым, што сюжэт атрымаўся, дзякуючы апавяданню Станіслава Лема «Сто трыццаць сем секунд» (1972), з якога я пазычыў частку ідэі, але развіў і сваю, якая ўзгадваецца ў творы «Наука и жизнь» (2019). Можна прыгадаць і невялічкі аповед «Начало» (2021), які з’яўляецца перадгісторыяй да аповесці «Моя Саша» (пачаў пісаць у 2015 годзе). А вось «Вокзал-2024» – гэта агляд нашага чыгуначнага вакзалу праз дванаццаць гадоў з часу напісання «Вокзал-2012».

Што яшчэ параіць? Можна перакладаць творы на іншую мову – свае ці чужыя. Я перакладаў і на рускую, і на беларускую мову. Можа, здзівіцеся, але рабіў пераклады і з англійскай на беларускую: апавяданне Стывена Кінга «Word Processor of the Gods» (1983) (у працэсе), маленькі аповед Айзэка Азімава «Silly Asses» (1957), у маім варыянце – «Аслы маляваныя», фантастычны твор Роберта Шэклі «The World of Heart’s Desire» (1959), які я назваў «Свет запаветных жаданняў». Лягчэй, канешне, перакладаць з рускай мовы – гэта «Феномен Архимеда» (1992) беларускага пісьменніка Сяргея Трусава (Цэханскага), таксама ёсць на маёй старонцы на сайце – «Феномен Архімеда». Яшчэ прасцей працаваць са сваімі творамі, прыклады для параўнання – арыгінал «Суседзі» і пераклад «Соседи», 2024 год. Невялічкі тэкст «Скрыжаванні» (2022) – гэта частка з твору «Моя тоска» (2012, 2013), ёсць планы цалкам перакласці яго на беларускую мову. Наступныя апавяданні, створаныя ў 2013 годзе – арыгінал «Смерць не любіць жартаў» і пераклад «Смерть не любит шуток» – мне не падабаюцца, бо яны вельмі змрочныя, але на сайце іх можа прачытаць кожны, хто пажадае. «Мае зоркі» (2024) – гэта пераасэнсаваны пераклад замалёўцы «Мои звёзды» (2013), а «Буду з табой побач» (2025) – такая ж недаслоўная перапрацоўка загадкавага апавядання «Буду с тобой рядом» (2013).

Як бачыце, ідэй больш, чым дастаткова. Было б жаданне і вольны час, а натхненне часцяком прыходзіць падчас напісання.

План ці імправізацыя? У мяне па-рознаму. Не заўсёды ёсць час і жаданне займацца любімай справай. Не бачу кепскага ў тым, каб стварыць план, пералічыць галоўныя тэзісы і думкі, а потым вярнуцца і зрабіць, як мае быць. Такая справа можа расцягнуцца на тыдзень, месяц, год, таму раю не зацягваць. У мяне і дагэтуль ляжаць планы-чарнавікі, да якіх я так і не вярнуўся. А можа, лепш імправізаваць? Пісаць за раз, публікаваць, потым пакрысе выпраўляць памылкі і дапрацоўваць? І так я рабіў.

Зараз прыгадаў знакамітага пісьменніка Аляксандра Бяляева (1884–1942). У яго ёсць два раманы – «Человек, потерявший лицо» (1929) і «Человек, нашедший своё лицо» (1940). Калі пачынаеш чытаць, бачыш, што быццам бы адно і тое ж, але потым сюжэты разыходзяцца. Верагодна, калі вы будзеце пісаць творы, у нейкі момант зразумееце, што дасканаласці ніколі не дабіцца. Думаю, гэта нармальна. Калі я перачытваю свае тэксты, то заўсёды знаходжу ці памылкі, ці моманты, якія можна перарабіць, дапоўніць або ўвогуле выдаліць. Можна так захапіцца, што канчатковы варыянт будзе адрознівацца ад зыходнага так жа, як у фантаста Бяляева. Раю пакідаць у архіве першапачатковыя версіі, хаця б для таго, каб бачыць свой шлях да дасканаласці.

Не магу не ўзгадаць «Сашу», якая займае асаблівае месца ў маёй творчасці. Хто яшчэ не ведае – гэта дзяўчына, якую я калісьці прыдумаў, цалкам, без рэальных прататыпаў. Увесь цуд у тым, што яе можна задзейнічаць амаль у любым выпадку. За дзевяць гадоў, што існуе гэты вобраз, мы разам наведвалі і бязлюдныя палі, і шматлюдныя крамы, і бальніцу, і дах шматпавярховіка, і нават размаўлялі пра чацвёртае вымярэнне. На мой погляд, дый па водгуках, заўсёды атрымліваецца цікава.

А што больш любяць чытачы? Лічу, што не варта вельмі хвалявацца з гэтай нагоды. Верагодна, сёння на вяршыні папулярнасці жанр фэнтэзі, але я з ім не працую. Не сказаць, што мне самому не цікава, але не адчуваю патрэбы. Хутчэй за ўсё, моладзь чакае ад мяне розных неверагодных істот, магіі і чараўнікоў накшталт знакамітага Гары Потэра, але ў мяне не атрымліваецца пісаць у гэтым накірунку. Скажу больш: не думаю, што варта рабіць крокі ў бок жанру фэнтэзі, пакуль ёсць іншыя ідэі. Але не выключаю такой імавернасці, што калісьці прыйдзе натхненне, і ў маім партфоліа з’явяцца эльфы і друіды, цмокі і ведзьмары.

Ну, і апошні на сёння, але не менш важны момант – як скончыць. Прызнаюся, у мяне ёсць цэлы мех аповедаў, якія не скончаны ці засталіся ў выглядзе плана. Ляжаць і па дзесяць гадоў у шуфлядцы… Штосьці я пералічыў вышэй, але на самой справе іх значна болей. Канешне, лепш за ўсё адразу браць і рабіць, а не закідваць, нават калі натхненне прайшло. Прыклад – твор «По ту сторону жизни». Яму больш за дзесяць гадоў, ён даволі вялікі па памерах, прычым сюжэтна скончаны. Але ёсць шмат белых плямаў – месцаў, дзе я запланаваў падзеі, але так і не ажыццявіў іх. Аповед нельга публікаваць, бо будзе выглядаць недарэчна. Як вырашыць праблему? Дапісваць? Але будзе цяжкавата прытрымлівацца зыходнага стылю напісання. Перапісаць нанава, як мой цёзка Бяляеў? Пакуль не вырашыў, як будзе лепей.

Спадзяюся, мае разважанні не прымусілі пазяхаць і вам было цікава пазнаёміцца з маімі парадамі, меркаваннямі і прапановамі. Магчыма, я штосьці не ўзгадаў ці засталіся пытанні. Зусім цудоўна, калі чытач не маўчыць, а робіць заўвагі, нават тыя, якія датычацца тэхнічнай частцы, памылак друку і г.д. Лічу, што зваротная сувязь таго, хто піша, з тым, хто чытае, павінна захоўвацца заўсёды.


03-04, 06-13 кастрычніка 2024, Гомель (Шведская Горка і г. д.), Яроміна;
20, 21 сакавіка 2025, Гомель (выпраўленне дробных памылак, актуалізацыя, некаторыя аўтарскія заўвагі);
23 красавіка 2025, Гомель (выпраўленне памылак: было – «здзяйсніць», «хаця бы»; актуалізацыя і аўтарская заўвага);
03 чэрвеня 2025, Гомель (актуалізацыя, аптымізацыя: пераклад твора Р. Шэклі пераведзены ў спіс даступных, выдалена ўзгадванне пра спробу пераклада твора «Путевая воронка» Р. Адосія).


Рецензии
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.