Змяiная гiсторыя

Змяіная гісторыя

27 верасня праваслаўныя вернікі адзначаюць двунадзясятае свята Ўзвіжання Крыжа Гасподня*.

Я выхоўвалася ў атэістычнай сям’і, і ведала толькі пра Вялікдзень, Уваскрэсенне Хрыстова.

С цягам часу я даведвалася пра іншыя царкоўныя святы, у тым ліку і пра Ўзвіжанне Крыжа Гасподня.

Аб ім я пачула ад кіроўцы Баранавіцкага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання Ўладзіміра. Восеньскім днём мы вярталіся з паездкі па раёне. Па абодвух баках дарогі пралягаў жоўта-залацісты лес з рэдкімі зялёнымі ўкрапінамі; ён нібы запрашаў зайсці і паблукаць па ім.

– Валодзя, у гэтым бярэзніку павінны расці чорныя грузды, давайце зойдзем, паглядзім, – прапанавала я шафёру.

– Вы што?! Сёння ж 27 верасня, Узвіжанне, усе змеі збіраются ў кучы і паўзуць пад землю зімаваць! – узбуджана адказаў кіровец.

– Так ужо і збіраюцца, – усумнілася я.

– Так, я на свае вочы бачыў клубок гадаў, ледзь ногі панёс, бо змеі ў гэты час становяцца агрэсіўнымі! – працягваў палохаць Валодзя.

– Значыць, не пойдзем, – неахвотна пагадзілася я.

Ведаючы фантазёрскія схільнасці Ўладзіміра, вырашыла, што кіроўца проста спяшаецца дадому: да таго часу працоўны дзень ужо скончыўся.

Яшчэ некалькі разоў я чула падобныя гісторыі і, шчыра кажучы, заўсёды сумнявалася ў іх праўдзівасці.

Некалькі гадоў таму, у сярэдзіне кастрычніка збіраючы грыбы, я ўбачыла невялікую змейку. Перайшла ў іншае месца, а там – яшчэ адзін паўзун, які так хутка адпоўз ад мяне, што я не змагла разглядзець, вужака гэта ці гадзюка.
 
– Ну вось, і вер пасля гэтага народным прыкметам! Гадзючкі ўжо два тыдні павінны спаць, а яны ўсё яшчэ не дрэмлюць! – падумала я.

У канцы верасня адведаць бацькоў прыехаў сын Дзяніс. Справіўшыся з запланаванымі справамі, прапанаваў на наступны дзень з’ездзіць у грыбы.

– Якія грыбы, такая суш! Гэта толькі ў Інтэрнэце выкладаюць леташнія ролікі з вялікай колькасцю сабраных грыбоў, а пасля такой спякоты ўся грыбніца засохла, – запэўніла я сына. – І потым, заўтра ж Узвіжанне, змеі будут збірацца і запаўзаць на зімоўку, – дадала я.

Дзяніс скептычна паглядзеў на мяне:

– Мама, і даўно ты пачала верыць такім забабонам?

Я ўспомніла ўласную рэакцыю на паведамленне кіроўцы Валодзі; яна была аналагічная рэпліцы сына.

– Веру не веру, а беражонага Бог беражэ, – спакойна адказала я.

Праз дзень мы выязджалі ў лес; не было ні гадзючак, ні грыбоў. Праўда, знайшлі сямейку шампіньёнаў і два грыбы-парасона, знешні выгляд якіх выдаваў іх вельмі “немалады ўзрост”.

Пасля ад’езду сына ў тэлефоннай размове з блізкай сваячкай я расказала пра нашу паездку ў лес і яе выніках.

– Добра, што вы не паехалі ў грыбы ў свята Узвіжанне, – сказала суразмоўца. – Быўшы падлеткам, я бачыла ўвесь гэты змяіны жах!

І распавяла сваю гісторыю.

У сярэдзіне шасцідзясятых гадоў яна, трынаццацігадовая дзяўчынка, 27 верасня пасвіла кароў на зжатым полі. Жыта было прыбрана, звязана ў снапы і складзена ў копы. Іржышча парасло травой, якой і кармілася свойская жывёла.

На ўскраіне поля ўзвышаўся высокі старажытны дуб, на адным з сукоў якога былі прымацаваныя самаробныя арэлі, якія нагадвалі тарзанку. Побач з дубам – лагчынка з хмызнякамі і невысокімі дрэўцамі, якія раслі ў ёй.

Дзяўчынцы надакучыла назіраць за каровамі, і яна накіравалася да векавого дуба. Уладкавалася на арэлі і пачала разгойдвацца. Дамогшыся максімальнай амплітуды іх руху, паглядзела ўніз і абмерла.

Дрэвы і хмызнякі ў лагчынцы былі абвешаны змеямі, а на траве мноства паўзуноў фармавала жывыя клубкі.

Не задумваючыся над наступствамі, школьніца саскачыла з арэлі ў яр і стрымгалоў пабегла наверх. Прыбегшы да статка, азірнулася: яе ніхто не праследаваў.

Я ўдакладніла, ці была яна ў гумовых ботах і ці ўдалося пасля такога стрэсу працягнуць да вечара выпас жывёлы?

І на адно, і на другое пытанне былі дадзены сцвярджальныя адказы: так, была, так, працягнула.

Выслухаўшы сваячку, я пракаментавала яе аповед:

– Не толькі ў рускіх паселішчах ёсць жанчыны, гатовыя на скаку каня спыніць. У беларускіх вёсках таксама ёсць смелыя дзяўчынкі, якіе не спалохаліся незлічонай колькасці паўзуноў і да канца выканалі даручаную ім справу.

Мая суразмоўніца, стажыраваны педагог, засмяялася:

– Апошняя фраза пацвяржае, што ў табе загінуў добры настаўнік!

Пры наступнай сустрэчы абавязкова раскажу сыну, што ў свята Узвіжанне Крыжа Гасподня ў прыродным асяроддзі адбываецца масавы збор змей, якія рыхтуюцца да зімоўкі.

Са спасылкай на відавочцу кашмарнага відовішча.

*Двунадзясятымі называюцца святы, якія дагматычна звязаны з падзеямі зямнога жыцця Ісуса Хрыста і Багародзіцы і дзеляццца на гасподскія (прысвечаныя Ісусу Хрысту) і багародзічныя (прысвечаныя Божай Маці). Усталяваны ў памяць здабыцця Крыжа Гасподня, якое адбылося, паводле царкоўнага падання, у 325 або 326 годзе ў Іерусаліме каля гары Галгофы – месцы распяцця Ісуса Хрыста.


Рецензии
Доброго дня. уважаемая Нелли. Я с большим интересом читаю тексты на языках славянских народов. При этом невольно ощущаю дух православных людей, которым наполнены их добрые языки. Язык каждого народа наполнен мелодией его истории, а потому звучит особенно. Немало мог бы написать об этом, но это уже другая История.
Читал с удовольствием. Успешного творчества, ангела хранителя.

Латиф Бабаев   08.07.2025 14:27     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемый Латиф!

Сердечно благодарю за позитивный отзыв и интерес к языкам славянских народов.

В нашей стране два государственных языка и в ситуациях, когда собеседник предпочитает общаться на белорусском языке, я с удовольствием его поддерживаю.

С искренними пожеланиями здоровья и благополучия.

Нелли Фурс   09.07.2025 07:46   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.