Хто вiнаваты?

(выпраўленая версія)


Аўтобус павольна ад'язджаў ад прыпынку, але праз некалькі секунд даволі рэзка спыніўся. Кіроўца паспеў націснуць на педаль тормазу акурат у той момант, як заўважыў хлапчука, які перабягаў дарогу перад аўтобусам і не трапіў пад колы толькі дзякуючы рэакцыі мужчыны за стырном. Хлопчык не ўцяміў, што зараз ягонае жыццё магло спыніцца, нават не азірнуўся і пабег далей. Яму было не больш за трынаццаць гадоў – той узрост, калі яшчэ не ведаеш кошт свайму жыццю. Тым часам кіроўца ледзь чутна вылаяўся і аўтобус зноў пачаў рухацца. Але праз нейкі час мужчына пачуў крыкі з салону, а потым і голас кандуктаркі, якая падышла да акенца ў перагародцы паміж салонам і кабінай:

– Вася, останови автобус, тут у нас…

Яна не скончыла і разгублена кіўнула некуды сабе за спіну.

– Что там ещё…

Кіроўца спыніў аўтобус і адчыніў усе дзверы, а потым перайшоў з кабіны ў салон. Яго сустрэлі абуранымі крыкамі:

– Ты что, сдурел, так тормозить?!
– Запишите номер автобуса, позвоните в автопарк!..
– Разве это сейчас важно? «Скорую» вызывайте!

Гэта ўмяшалася кандуктарка, а кіроўца тым часам збянтэжана апраўдваўся:

– Нормально я тормозил…
– Мы видим! Люди падают, а он ещё и спорит!
– Там мальчик перебегал…

Але яго ніхто не слухаў.

– Весь автобус свидетелей! Ты чем думал? Как таких вообще допускают к управлению автобусами?!

Здавалася, яшчэ некалькі хвілін і пасажыры нападуць на кіроўцу, які спрабаваў ім нешта растлумачыць:

– За поручни нужно было держаться…

Вось гэта ён дарэмна сказаў, таму што натоўп увогуле быццам звар'яцеў:

– А он ещё её виноватой хочет сделать, негодяй!
– Его бы так толкнуть, головой об землю!..

Выратаваў становішча лейтэнант міліцыі, які вырас нібыта з-пад зямлі:

– Что здесь происходит, граждане?

Адразу пачуліся крыкі:

– Вот и милиция пожаловала!
– Товарищ милиционер, вот он человека убил!

Міліцыянер захоўваў спакой і даволі рэзка спыніў лямант:

– Тихо! Разберёмся… Сохраняйте порядок, лучше вызовите «Скорую»!

Але ўжо аднекуль чулася сірэна «Хуткай дапамогі», якая набліжалася да месца здарэння. Лейтэнант падышоў да жанчыны, якая ляжала на падлозе салону аўтобуса, але нават ён жахліва адхіснуўся ад гэтага відовішча – яна літаральна сцякала крывёю.

– Быстрее! – заекатаў мужчына. – Нельзя терять ни минуты!..

На шчасце, супрацоўнікі і ўрачы «Хуткай дапамогі» не марудзілі і праз некалькі хвілін ужо займаліся ахвярай няўдалага падзення, якая стукнулася галавой аб кут узвышэння, на якім трымаліся сядзенні. Праз нейкі час аўтобус працягнуў свой рух, быццам нічога і не здарылася.

На жаль, жанчына памерла праз некалькі гадзін, як яе даставілі ў бальніцу. Сваякі загінулай жадалі, каб кіроўца, з-за якога яна памерла, быў пакараны, а таксама заплаціў вялікую суму за смерць жанчыны. Але ўрэшце рэшт суд вырашыў, што ён не вінаваты ў гэтым здарэнні. Скончылася тым, што аўтапарк выплаціў грошы, якія яны патрабавалі, але грамадства было абурана – кіроўца застаўся працаваць. Праз некалькі дзён ён быў вымушаны звольніцца, хаця і працаваў у аўтапарку больш за дваццаць гадоў. Але і гэта не дужа дапамагло – нехта даведаўся, дзе мужчына жыве, і нейкі час кіроўца атрымліваў пагрозы ад незнаёмых. Урэшце ён не вытрымаў і з усёй сям'ёй з'ехаў у другі горад. Але ўвесь час мужчыну працягвала мучыць думка: ці мог ён заўважыць хлопчыка раней? А не спыніў бы аўтобус – мог бы загінуць падлетак, які зараз жыве, але замест той маладой жанчыны…


29 чэрвеня 2012 года;
22-23 кастрычніка 2024, Гомель (шматлікая рэдактура:
БЫЛО – «вадзіцель», «перабег», «не адчуў», «не павярнуўшыся», «12-13 год», «хутка гэты чалавек», «ціхі голас кандуктара, якая падыйшла да дзвярэй, якія ляжалі паміж кабінай і салонам», «ах, чёрт», «хутка выйшаў, накіроўваючыся ўнутр салону», «пасля гэтых слоў», «сплывала», «працоўнікі», «адвозілі ахвяру», «вугал», «не вырашыў, што менавіта ён вінаваты», «ўсе былі абураны тым, што», «год», «бы», «невядомы», «але ўвесь час яго працягвала мучыць думка: не затармазі ён у той дзень, яго таксама мучала б думка (і сваякі загінулага!), што па яго віне загінуў той хлопчык, які так ніколі і не даведаўся, што жыве за кошт той маладой жанчыны...»;
СТАЛА – «кіроўца», «мужчыны за стырном», «не ўцяміў», «не азірнуўся», «трынаццаць гадоў», «а потым і голас кандуктаркі, якая падыйшла да акенца ў перагародцы паміж салонам і кабінай», «а потым перайшоў з кабіны ў салон», «увогуле», «міліцыі», «супрацоўнікі і ўрачы», «займаліся ахвярай», «на жаль», «ўрэшце рэшт», «грамадства было абурана», «але ўвесь час мужчыну працягвала мучыць думка: ці мог ён заўважыць хлопчыка раней? А не спыніў бы аўтобус – мог бы загінуць падлетак, які зараз жыве, але замест той маладой жанчыны…»;
ПАМЫЛКІ – «дзьверы», «торомозить», «люді», «автобусамі», «падлоге», «заёкатаў», «неўдалага», «звольніцаа».
13 чэрвеня 2025, Гомель (выпраўленне пунктуацыйнай і арфаграфічных памылак: хібныя варыянты «падыйшла», «падыйшоў»).


Рецензии