Пчолка

                2005 ГОД

     За пятнаццаць хвілін да пачатку занятку ў кабінет увайшла невысокая, ахайная жанчына. Пакуль навучэнцы актыўна аб нечым гутарылі, выкладчык падрыхтавала ўсё да будучай працы. Загуў кампутар, падключыўся праектар, была праверана наяўнасць усяго неабходнага матэрыялу для правядзення ўрока. Празвінеў званок.

     Пасля таго як этап праверкі матэрыялу папярэдняга ўрока падышоў да канца, педагог вывела неабходныя элементы нагляднасці на праекцыйны экран і з імператыўнай інтанацыяй аб'явіла:

— А зараз — уся ўвага на прэзентацыю!

     Выкладчык з навучэнцамі перагледзелі адзін за другім слайды, пасля чаго педагог прынялася тлумачыць.

— На першым кадры вы ўбачылі паўразбураны будынак з сарваным дахам і пашкоджанай апорнай сцяной. Пабудаваны ён быў зусім не ў дарэвалюцыйны перыяд, а нейкіх дзесяць гадоў таму. Пацярпелі дзеці. На другім малюнку — кола аўтамабіля, якое адвалілася, выкацілася на шашу і стала прычынай сур'ёзнага ДТЗ, у якім зноў-такі было некалькі пацярпелых. А на трэцім слайдзе вы ўбачылі маладую прыгожую дзяўчыну, якой не была аказана адпаведная медыцынская дапамога. Па прычыне няправільна пастаўленага дыягназу. На жаль, яе выратаваць не атрымалася. У якасці «ягадкі на торце» хачу нагадаць вам пра жахлівую катастрофу ХХ стагоддзя — гібель «Тытаніка». Ашалёўка дна гіганцкага лайнера была зроблена са сталі з вялікай прымешкай серы, што зрабіла метал вельмі далікатным… Я думаю, вам будзе нескладана здагадацца, пра што сёння пойдзе гаворка. Ва ўсіх гэтых прыкладах ёсць нешта агульнае…

     Некалькі навучэнцаў прыняліся наперабой дзяліцца сваімі думкамі… Частка з іх мелі рацыю ў сваіх здагадках.

— Ну а зараз адкрыйце канспекты і запішыце новую тэму, —агучыў чарговую просьбу выкладчык.

— А можна я сёння не буду пісаць? Па-першае, я ручку дома забыўся, а па-другое, у мяне злёгку парэзаны палец! — пачулася з перадапошняй парты. — І наогул, навошта гэтым глупствам галаву забіваць? Мая справа ў будучыні — займацца вытворчасцю будаўнічых вырабаў і жалезабетонных канструкцый. А якасцю няхай галаву сабе забівае які-небудзь інжынерчык па якасці!

— Дзянегін Аляксей, запомні: тое, што ты сёння забыўся дома ручку — гэта не страшна. Я дам табе сваю на час. Але з асобных тваіх безадказных учынкаў пазней сфарміруецца звычка. І аднойчы ты забудзешся дадаць у бетон арматуру. Кантралёр па якасці не заўважыць гэты дэфект. А потым пліта пойдзе на будаўніцтва якога-небудзь сацыяльна значнага аб'екта. Дапусцім, дзіцячага садка, у які ты сам пазней павядзеш сваіх дзяцей ... Мне далей працягваць?

— Не трэба. Зразумеў ужо.

— Вось і малайчына! Наступны раз я цябе першага спытаю. Так што, падрыхтуйся як трэба!..
               
                НАШ ЧАС

     Алена зайшла ў родны пад'езд шэрага панэльнага дзевяціпавярховага дома, дзе пражывала па-ранейшаму яе маці. У вочы адразу кінулася стэрыльная чысціня, якой зроду у гэтым пад'ездзе не было. Ужо яна гэта ведала, паколькі вырасла ў гэтым доме. Прыбіральшчыцы іх ЖЭУ спраўна рабілі сваю працу, не парушаючы графіка. Але ў асноўным гэта было так: маханулі разок-другі венікам, трасянулі нясвежай анучай, паднялі пару паперак на прыдамавой тэрыторыі — і ўсёй працы. Цяпер жа было не проста чыста, а бездакорна чыста. Як у той аптэцы.

— Ой, Аленка! У нас жа новая прыбіральшчыца! — з радасцю мама пачала дзяліцца навінамі. — Марыяй Фролаўнай клічуць. Жанчына нядаўна на пенсію выйшла. Пагаворваюць, што сыну дапамагае ўнучку платна вучыць ва ўніверсітэце, вось грошы і спатрэбіліся. Мы не нарадуемся зараз! Пасля яе ўборкі ўсё блішчыць і свеціцца. Ты ж памятаеш, што ліфт наш асабліва ніхто не вымываў. Так, для адводу вачэй намочаць падлогу і хопіць. А Марыя Фролаўна ўсё драіць: падлогу, кнопкі, сценкі кабіны ліфта... Ты ж ведаеш, што з суседняй школы раней падлеткі курыць бегалі ў наш пад'езд. Мы стаміліся з імі змагацца. Яны код ад уваходных дзвярэй ведалі і наўпрост накіроўваліся на перапынку да нашага дому. Пасля іх паміж першым і другім паверхамі заўсёды былі горы недакуркаў. А потым Марыя Фролаўна з'явілася ў нас. Яна ім нават слоік паставіла, каб не смецілі на падлогу… Дык ведаеш што? Яны перасталі да нас хадзіць. Хтосьці чуў, як шкаляры так і заявілі:

  — У першы дом ні нагой: там чыста. А некаторыя дык і зусім кінулі благую звычку. Вось такая мудрая жанчына зараз на нашым участку прыбірае, — выхвалялася на ўсю моц маці.

                ***

     Пазней з'явіліся няхітрыя кветкі ў збанах паміж паверхамі. Забруджаныя галубамі балконы агульнага карыстання былі вычышчаны, прадэзінфікаваны і прыведзены ў армейскі парадак. Паштовыя скрыні ўжо і наогул забыліся свой першапачатковы выгляд. За шматгадовым брудам і куравой было складана ўбачыць родны светла-зялёны колер. Але гэта толькі да таго часу, пакуль Марыя Фролаўна не нацягнула гумовыя пальчаткі і не прайшлася па скрынях анучай з адпаведным сродкам. Перамянілася і прыдамавая тэрыторыя: з'явіліся кветкі і акуратныя маленькія хмызнякі. Невысокая агароджа, паваленая дагары моцным ветрам, была папраўлена і падфарбавана. Абнавілася фарба і на лаўках пры пад'ездах. Урны каля дома прыбіраліся своечасова і ніколі не стаялі перапоўненымі.

— Яна святая! — адклікаліся жыхары дома з павагай и пяшчотай аб сваёй новай прыбіральшчыцы. — Атрымлівае за сваю стараннасць невялікі заробак, а працы выконвае на мільёны. Наша пчолка-працаўніца.

     Так яе і клікалі ўсе тры гады, якія Марыя Фролаўна прысвяціла клопату аб чысціні і парадку ў шэрым панэльным дзевяціпавярховіку.

                ***

     Знікла пчолка-працаўніца таксама непрыметна, як і з'явілася. Проста аднойчы з анучай жыхары ўбачылі ўжо іншага работніка ЖЭУ.

— Аленка, перавабілі нашу Фролаўну, — пажалілася пры сустрэчы мама. — Дарэчы, ты яго павінна ведаць. Лёшка Дзянегін з твайго паралельнага класа. Яна ў яго быццам нешта выкладала ў тэхнікуме. Мужчына сустрэў яе з анучай у руках і прапанаваў пайсці да яго працаваць за добры заробак. Ёй яшчэ год унучку вучыць, таму і пагадзілася. Аляксей быццам нейкім буйным забудоўшчыкам стаў. Вось праз яго мы і асірацелі.

— Так, матуля, да добрага хутка прывыкаеш. А пра Дзянегіна я неаднаразова чула: які год уваходзіць у тройку лепшых забудоўшчыкаў. Яшчэ ні разу не было нараканняў на якасць пабудаванага ім жылля.

— Яшчэ б! — адрэагавала мама. — Знаёмыя пагаворвалі, што ўлетку прасцей было снега дачакацца, чым у Марыі Фролаўны «здавальняюча» з першага разу атрымаць. А ўжо калі яна ставіла "добра", то ты і наогул — Міхайла Ламаносаў.
 
— Так, мама, якасць не трывае мітусні і нядбайнасці, — у адказ вымавіла разважлівая Алена і, прыцмокваючы ад прадчуванага задавальнення, паклала ў цёплую гарбату вялікую лыжку валошкавага мёда.

                ***

*Збор валошкавага мёда — занятак карпатлівы і не заўсёды магчымы. Бо плантацыі гэтай расліны даволі малыя, а меданосныя кветкі даюць зусім крыху жаданага нектару. Толькі лугавыя вырастанні валошкавых палян, могуць прынесці значны ўраджай.


Рецензии