Казка пра каня Браткi Труса

Казкі дзядзечкі Рымуса
КАЗКА ПРА КАНЯ БРАТКІ ТРУСА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

     Аднойчы пасля вячэры хлопчык прыбег да старога негра, каб паслухаць яшчэ пра Братка Труса і яго сяброў. Дзядзька Рымус быў вельмі вясёлы ў гэты дзень.
Толькі Джоэль сунуў галаву ў дзверы, як пачуў песеньку:

Дзе ты, Братка Трус?
Сядзіш на ганку,
Курыш цыгарку,
Пускаеш кольцы?

     І хлопчык адразу ўспомніў, як гнаўся за Трусам Стары Ліс.

— Дзядзечка Рымус, — спытаў Джоэль, — а Трус зусім уцёк, калі адляпіўся ад Пудзілка?

— Што ты, дружа! Навошта яму было зусім уцякаць? Такі чалавек, як Братка Трус, ды раптам уцякаць! Вядома, ён пасядзеў дома, пакуль не выскраб з воўны смалу. Дзень, другі пасядзеў і зноў за сваё: скача то тут, то там, як ні ў чым не бывала.

     Усе суседзі пасмейваліся з Труса:

— Ану, ну, Братка Трус, раскажы, што здарылася ў цябе са Смаляным Пудзілкам?
Ужо яму гэта надакучыла. Вось зайшоў ён раз наведаць сваю суседку, Матухну Мідоус з дочкамі, а дзяўчынкі ну пацяшацца над ім, ну рагатаць. Братка Трус сядзеў спакойна, нібы аглох.

— А хто гэта — Матухна Мідоўс? — спытаў хлопчык.

— Не перабівай, дружа. Ну проста так гаворыцца ў казцы: Матухна Мідоус з дочкамі, а больш я нічога не ведаю.
Слухаў, слухаў Трус, як яны пацяшаліся над ім, потым паклаў нагу на нагу, падміргнуў дзяўчынкам і кажа:

— Любыя вы мае, але ж Брат Ліс у майго татачкі трыццаць гадоў быў верхавым канём: можа, і болей, але трыццаць — гэта пэўна.
Так ён сказаў, пасля чаго ўстаў, адкланяўся, і пайшоў прэч павольным, важным крокам.

     На другі дзень зазірнуў да Матулі Мідоус Братка Ліс.
Толькі пачаў ён успамінаць пра Пудзілка, Матухна Мідоўс і раскажы, чым хваліўся тут Трус.

— Вось як! — сказаў Стары Ліс. — Ну добра. Я прымушу Братка Труса разжаваць і выплюнуць гэтыя словы тут жа, на гэтым самым месцы.
З тым і сышоў.

     Выбраўся на вялікую дарогу, атрос расу з хваста і кінуўся праменька да дома Труса. Але Трус чакаў яго, і дзверы былі на завале. Стары Ліс пастукаўся. Ніхто не адклікаецца. Зноў пастукаўся. Ізноў нікога. Тады ён пастукаўся мацней: блям! блім!

     Тут Трус адгукнуўся слабым голасам:

— Гэта ты, Братка Ліс? Будзь ласкавы, збегай за доктарам. Паеў я раніцай фасолі, ужо так мне ад яе стала дрэнна! Калі ласка, Братка Ліс, бяжы хутчэй!
— А я за табой, Братка Трус, — кажа Ліс. — Сёння ў Матухны Мідоус свята будзе, я абяцаў цябе прывесці.
— Куды мне! — кажа Трус. — Я і ўстаць не магу.
— Ну, ці далёка тут ісці? — кажа Братка Ліс.
— Ды я слабы, не дайду.
— Ну, я панясу цябе.
— Як, Братка Ліс?
— Ну, на руках, Братка Трус.
— А калі я звалюся?
— Не звалішся.
— Ну добра, так і быць, толькі ты на спіне мяне павязеш, Братка Ліс.
— Добра, Братка Трус.
— А сядла ў мяне няма, Братка Ліс.
— Ну, я дастану сядло, Братка Трус.
— Як жа я буду сядзець у сядле без аброці?
— Ну, я дастану аброць.
— Толькі табе яшчэ патрэбны навочнікі, Браце Ліс, бо, чаго добрага, спалохаешся па дарозе — я і вылечу з сядла.
— Добра, і навочнікі будуць, Братка Трус.
— Ну, тады добра, Браток Ліс.

     Стары Ліс сказаў, што давязе Труса амаль да самага дома Матухны Мідоус, а там яму давядзецца злезці і дайсці пешшу. Трус пагадзіўся, і Ліс пабег за сядлом і аброццю.

     Вядома, Трус ведаў, што Лісу верыць нельга, вось ён і вырашыў перахітрыць яго.
     Толькі паспеў Трус поўсць прычасаць і вусы закруціць, глядзіць — вярнуўся Ліс з сядлом і аброццю, рахманы з выгляду, як поні ў цырку. Падбег да дзвярэй, спыніўся, лапай зямлю скрабе, грызе аброць, зусім як конь.
Трус сеў у сядло, і яны паскакалі. Старому Лісу ў навочніках не відаць, што робіцца ззаду, але раптам ён адчувае — Трус падняў нагу.

— Што ты там робіш, Братка Трус?
— Штаны папраўляю, Братка Ліс.

     А ўвесь гэты час Трус прывязваў шпоры. Як пад'ехалі яны блізка да хаты Матухны Мідоус, дзе Трусу трэба было злазіць, стаў Ліс спыняцца. Тут Трус як усадзіць яму шпоры ў бакі і пайшоў, і пайшоў!

     Пад'ехалі яны да дома. Матухна Мідоус з усімі дочкамі сядзела каля парога. Братка Трус праскакаў міма, проста да канавязі, і прывязаў Ліса. А потым уваходзіць у хату, паціскае ручкі дзяўчынкам, сядае, раскурвае сваю цыгару…
Зацягнецца, пусціць кольцы дыму, а сам кажа:

— Хіба я не расказваў вам, што Брат Ліс яшчэ майго тату катаў? Ён страціў крыху жвавасць, але я нацягаю яго зноў за месяц-другі.
Тут Братка Трус усміхнуўся, а дзяўчынкі — рагатаць, а Матухна Мідоус ведай пахвальвае коніка Братка Труса.

— І гэта ўсё, дзядзечка Рымус? — спытаў хлопчык.

— Усё не ўсё, ды хопіць. А то будзе занадта шмат палатна на пару штаноў, — адказаў прымаўкай стары негр.


Рецензии