Як спрачалiся iндык ды гусак
Апошнімі з'явіліся на падвор'і Міцькінай сядзібы цікаўны індык Гаджэт і задзірысты гусак Кусь. Паміж гэтымі двума сапернікамі заўсёды былі нейкія непаразуменні. Дамашнія птушкі ўсё ніяк не маглі высветліць, хто з іх разумнейшы. На падворку іх нават празвалі Прафесар і Дацэнт.
Трэба нагадаць, што Індык Гаджэт, гусак Кусь і свінка Афіна займаліся адукацыяй і выхаваннем маладога пакалення ў Міцькінай сядзібе.
***
Індык лічыў сябе найлепшым математыкам у вёсцы Коцікі, бо ён добра ведаў табліцу множання, мог хутчэй за ўсіх пералічыць ластавак на правадах і сарок на плоце. Таксама Прафесар з лёгкасцю карыстаўся цыркулем, алоўкам, лінейкай і з заплюшчанымі вачыма мог накрэсліць любую фігуру.
Пад вечар Гаджэт узлятаў на невысокі слупок каля веснічак і пачынаў хуценька лічыць каровак, якія ішлі з пашы дадому. Потым пастух Рыгор у знак падзякі кідаў адказнаму індыку якога-небудзь смачнага жука.
Меўся ў Прафесара зусім старэнькі падручнік арыфметыкі. Яго індык ведаў ужо на памяць, але вельмі беражліва ім карыстаўся. Матэматык Гаджэт лічыў сябе галоўным настаўнікам у анімалістычнай школе, амаль што кіраўніком яе.
***
Задзірысты гусак Кусь зусім не збіраўся быць намеснікам індыка. Дацэнт лічыў сябе не меней важнай асобай і педагогам з вялікай літары. У сваіх думках гусак нават быў упэўнены, што ён нашмат разумнейшы і больш здольны за індыка.
Дацэнт лічыўся лепшым мовазнаўцам сярод фауны Коцікаў. Ён вучыў малых чытаць, пісаць, добра разбірацца ў мясцовых гутарках і асабліва ў птушыных дыялектах.
Нават вераб’і і сарокі прыляталі на ўрокі да Куся і сядзелі на падваконні.
Гусак быў упэўнены, што ўменне пісаць і чытаць значна важней за веданне матэматычных асноў.
***
Колькі жылі Гаджэт і Кусь у Міцькінай сядзібе, усё не пераставалі спрачацца і наконт таго, чый прадмет больш значны.
— Матэматыка — галоўная з навук, — кулдыкаў Гаджэт. — Трэба табе, Кусік, гэты факт прызнаць.
— Але, каб не было моўных сродкаў, ты б нават мне пра гэта і сказаць не сумеў, — абараняўся Кусь.
***
Напэўна, доўга б яны яшчэ так ваявалі, каб аднойчы да іх не прыбег цялок Аксаміт.
— Дзень добры, паважаныя настаўнікі! — павіталася цяля. — Як вашы справы? Усё спрачаецеся і розумам мераецеся?
— А табе што? Зноў са сваімі глупствамі будзеш да нас чапляцца? — пачаў злавацца строгі Гаджэт.
— Лепш накіроўвайся дахаты і рабі ўрокі, разумнiк! — дадаў ад сябе Кусь.
— Добра, зараз пабягу. Але ў мяне ёсць для вас дваіх заданне. Хто адкажа на маё пытанне, той і разумнейшы з вас. Тады можа і вайна паміж вамі спыніцца. Згодны?
— Але ж ты і ліпкі, малы! — зноў недавольна прабурчаў Індык.
— Давай ужо сваё пытанне! — узрадаваўся гусак шанцу прадэманстраваць сваю перевагу над індыком у інтэлектуальным паядынку.
Вочкі цяляці заблішчалі, і ён з задавальненнем спытаў:
— Колькі ног у васьмінога?
Прафесар з Дацэнтам пераглянуліся, пачухалі патыліцы і нічога адказаць не змаглі. Аксаміт убачыў, што не дачакаецца правільнага адказу, таму дадаў:
— Паважаны Прафесар, вы неяк казалі, што на пытанне “Колькі?” заўсёды знойдзеце адказ, бо вы выдатны матыматык. Але на маё даволі сціплае пытанне не змаглі нават выказаць здагадку. А вы, паважаны Дацэнт, кожны раз падкрэслівалі, что няма такога слова, значэнне якога б вы не ведалі! І вы таксама не знайшлі, што сказаць! А адказ ляжаў на паверхні! Ёсць у мяне і іншае пытанне, але не буду вам больш надакучаць! Не злуйцеся на мяне, калі ласка! Пабягу рабіць урокі!
— Пачакай, не спяшайся, — спыніў Аксаміта індык Гаджэт, — можа, мы другое тваё заданне выканаем. Пытайся ўжо!
— Так-так, давай сюды сваё заданне! — далучыўся і гусак Кусь. — А то неяк нязручна перад навучэнцам!
— Калі ласка, адкажыце, як называецца дзіця кіта? — усміхаючыся, пацікавіўся Аксаміт.
Прафесар ды Дацэнт зноў пераглянуліся і прамаўчалі.
— А дзіця кіта называецца так, як і дзіця каровы. А хто я, вы ведаеце! Да пабачэння! — даўшы правільны адказ, цялок гарэзліва паскакаў дадому.
З таго часу індык Гаджэт і гусак Кусь болей не спрачаліся і не імкнуліся кожны да жаданага лідэрскага статусу. Разумныя птушкі прыйшлі да высновы, што ўсё ведаць проста немагчыма, і кожны вучэбны прадмет мае сваю непаўторную каштоўнасць і неабходнасць.
Ілюстрацыя да казкі з інтэрнэту
Свидетельство о публикации №224120100802