Курам на смех
Аднойчы Шусь прыбег дадому і пачаў скардзіцца бацькам:
— Тата, мама! У мяне ёсць да вас некалькі пытанняў!
— Што ўжо здарылася, сонейка? — адразу закудахтала курыца Дося.
— Пытай, што цікавіць, жэўжык! — дадаў певень Лукас.
Шусь сеў побач з бацькамі і пачаў абурацца:
— Вось што мы за птушкі такія, калі не ўмеем лятаць? Нягледзячы на тое, што крылы маем. Яшчэ мы не ўём гнёзды, баімся вады, не бачым нічога ў цемры… Многія нас лічаць баязлівымі і неразумнымі. Чаму пра іншых птушак не кажуць ніколі з такой непавагай?
Бацькі пераглянуліся, а потом маці спытала:
— Шусь, даражэнькі, няўжо цябе нехта пакрыўдзіў? Чаму раней ты ніколі пра гэта не пытаўся?
— Я сёння гуляў са сваім сябрам Шасем. Спачатку мы пабеглі да ката Фантазёра, каб паслухаць каціныя мемуары. А потым качаня мяне запрасіла да сябе на абед. Мы прыбеглі ў той самы момант, калі бацькі Шася спрачаліся. Качар Пушок расказаў сваёй жонцы Пенелопе, што марыць пераплыць Басфор, толькі ў качыным заплыве. А вясёлая цётка Пенелопа засмяялася і кажа мужу:
— Які такі Басфор? Курам на смех! Ты хоць бачыў на карце свету, дзе знаходзіцца Стамбул? Як ты будзеш туды дабірацца?
— Палячу самастойна! — з гонарам адказаў качар.
— Ты нават і пяці метраў не праляціш, не зможаш адарваць ад зямлі сваё ўкормленае цела! Не параўноўвай сябе з дзікімі качкамі. Дзякуй нашаму гаспадару Міці, што корміць добра!
Кураня замаўчала, а потым зусім сумна прамармытала:
— Калі я спытаў, што такое «курам на смех» і чаму менавіта «курам», Пенелопа растлумачыла: «Гэта значыць, што нават пустагаловыя куры і тыя пасмяюцца з мары Пушка!». Я ей не паверыў. Мяне гэта абразіла, і я, не жадаючы з качками абедаць, паплёўся моўчкі дадому.
— Сынок, не сумуй! Павер, куры нашмат часцей карыстаюцца галавой, чым некаторыя качкі! Ідзі адпачывай, а заўтра будзе новы дзень і новы настрой!
***
Раніцай пасля снедання Дося ўзяла малога за руку, і яны разам адправіліся да моваведа Куся. Дацэнт паўтарыў амаль тое ж самае, што дагэтуль казала Пенелопа. Акрамя таго, назваў і іншыя ўстойлівыя выразы, якія маюць «курыныя карані».
— «Мокрая курыца», «нацарапаць як кура лапай», «курыная памяць», «раскудахтацца як курыца», «блукаць як куры» — усе яны называюцца фразеалагізмамі. Але ты не спяшайся вешаць нос! Нам, гусям, так не пашанцавала, як курам: амаль што ніводнага выразу не ўзгадаю, — вырашыў дабавіць крыху жарту ў гутарку Кусь. — Лічы, што нас не існуе! Таксама можам разгледзець гэта як нагоду для крыўды.
— Але, чаму ўсе гэтыя фразеалагізмы такія зневажальныя?
— Не ўсе. Проста запамінаюцца лепш тыя, якія звязаны з эмоцыямі. І часцей за ўсё — з негатыўнымі. А пра тое, что курыца — гэта сімвал урадлівасці, росквіту і поспеху ва многіх культурах, невукі забываюць. Спрэчкі аб курыцы і яйку з часоў Старажытнай Грэцыі не спыняюцца. Колькі філосафаў зламалі на гэтай дылеме свае голавы! І напрыканцы дадам, што ніводная, мабыць, птушка не кідаецца абараняць сваіх дзетак так, як гэта робіць курыца-квахтуха. Курка ўвасабляе сабой бацькоўскую любоў і абарону. І тое, што твая маці прывяла цябе да мяне, пацвярджае мае словы…
Дося была вельмі рада ўбачыць зноў шчаслівую ўсмешку на тварыку свайго дзіцяці. Маці з сынам падзякавалі настаўніку і пабеглі кожны па сваіх справах.
Ілюстрацыя да казкі з інтэрнэту
Свидетельство о публикации №224120400793