Качыныя iмянiны
Аднойчы свінка Афіна на ўроку эстэтыкі і птушынай культуры распавяла гаворку пра незвычайныя традыцыі ў розных марскіх дзяржавах. Вучні вельмі ўважліва слухалі Афіну. Птушаняты даведаліся, што ў Англіі, напрыклад, існуе адзін цікавы звычай пад назвай «Гаршковая вечарына». Сутнасць яго заключаецца ў тым, што сябры прыходзяць у госці да гаспадара або арганізатара свята са сваімі гасцінцамі. Смакоцце прыносіцца ў гаршках і застаецца яго толькі разагрэць.
Традыцыя вельмі прыйшлася да спадобы качаняці Шасю. Маленькі качар лічыўся галоўным ласуном Міцькінай сядзібы.
Некалькі дзён таму Шась гасцяваў у свайго сябра кураняці Шуся. Ва ўтульным куратніку на невялічкім століку Шась заўважыў прыгожы кошык з птушынымі прысмакамі: сушанымі салодкімі ажынамі і журавінамі, духмянай шыпшынай і цукровым глогам, грушавымі і яблычнымі пернікамі, слівавымі і вішнёвымі цукеркамі, курынай халвой… Зразумела, што сябар пачаставаў Шася. Але гэтага было недастаткова для аматара салодзенькага.
***
Пасля ўрока эстэтыкі качаняці прыйшла ў галаву геніяльная ідэя: таксама арганізаваць у сябе дома «Гаршковую вечарыну» з нагоды ўласных імянін. Чаго толькі не прыдумае галава, каб паласавацца пернікамі ды цукеркамі!
Заставалася толькі правільна падабраць дзень для свята. Галоўнае, каб нікога з блізкіх не было дома: нельга было дазволіць, каб Шасева хлусня з імянінамі раскрылася. Але ж і зацягваць з арганізацыяй вечарыны было вельмі рызыкоўна: курыная сям'я паспее ўсё смачнае з кошыка з'есці.
Нарэшце надышоў той дзень, калі Шась абвясціў сваім сябрам:
— Заўтра ўсе прыходзьце да мяне на «Гаршковую вечарыну». Не забудзьцеся захапіць розныя прысмакі. Будзем ласавацца і весяліцца!
— І што за свята такое ў цябе? — адразу ж пацікавіўся Шусь. — Дзень нараджэння, здаецца, твой яшчэ далекавата.
— Цёмны ты Шусік! Сёння дні нараджэння святкуюць толькі куры і гусі! А інтэлігентныя качкі адзначаюць выключна свае імяніны. Мяне бацькі назвалі ў гонар вялікага качынага палкаводца Шася Ласуна Вялікага. Заўтра менавіта імяніны святкуюць усе Шасі на нашай планеце. Так што пасля заняткаў усіх чакаю ў сябе дома. Не з пустымі рукамі!
***
Назаўтра ўся качыная сям'я, за выключэннем школьніка Шася, падалася на копанку. А сам Шась пасля заняткаў ужо сустракаў сяброў, якія, захапіўшы смакоцце, спяшаліся на імяніны да качаняці.
Шусь прывалок з сабой цэлы абярэмак салодкіх курыных далікатэсаў: прынёс амаль што ўсе ласункі з сямейнага кошыка. Крумкачык Яша таксама ўзяў свой гасцінец — добры кавалак ягаднага пірага. Буслік Стасік налавіў для качынага стала жвавых апалонікаў.
Адзін толькі цялок Аксаміт прыбег з пустымі рукамі.
— Прабач мяне, Шась, што нічога не захапіў з сабой. Мама не паспела для твайго свята прыгатаваць салодкае згушчанае малако. Але сёння вечарам, калі яно будзе нарэшце гатова, я данясу сваю долю. Так што, ты не хвалюйся, калі ласка!
Шась нават не звярнуў увагі на словы Аксаміта, бо быў дужа заняты курынымі цукеркамі і пернікамі.
Хутка ўсе прысмакі і вясёлая вечарына скончыліся. Усім вельмі спадабалася святкаваць Шасевы імяніны. Сябры качаняці яшчэ раз павіншавалі таго са святам і разбегліся па хатах.
***
Праз некаторы час з копанкі вярнулася ўся качыная сям'я. У той момант свавольнік Шась ужо сядзеў за сталом і рабіў свае ўрокі.
Пад вечар, як і абяцаў, прыбег да качак Аксаміт і прынёс салодкае згушчанае малако. Цялок паставіў збанок на стол і таксама пабег дадому выконваць дамашняе заданне.
Бацькі не зразумелі ўчынак цяляці і папрасілі сына ўсё растлумачыць. Прыйшлося Шасю ва ўсім прызнацца і расказаць бацькам пра «Гаршковую вечарыну», свае выдуманыя імяніны і жаданне наесціся салодкага.
— І што зараз будзем рабіць, маленькі прахадзімец? — строга спытаў качар Пушок, бацька качаняці. — Ці ведаеш ты, што ў хлусні заўсёды нос тырчыць?
— Не, не ведаў. І што, гэты нос ніяк ужо не схаваць? — з адчаем у голасе спытаў Шась.
— Так-так, ніяк ужо не схаваць! — дадала качка Пенелопа, маці качаняці. — Бо ты трапляеш у залежнасць ад сваёй хлусні і больш не з'яўляешся гаспадаром сваіх наступных учынкаў. Зараз табе прыйдзецца кожны год святкаваць імяніны ў гэты дзень, бо твае сябры пра свята будуць помніць.
— І што мне зараз рабіць? — амаль не плачучы, спытаў Шась у бацькоў. — Маім сябрам вельмі спадабалася вечарына. Калі я прызнаюся, што запрасіў іх толькі, каб паесці цукерак, то яны перастануць сябраваць са мной. Мне зараз вельмі непрыемна ад майго ўчынка і дужа сорамна.
— Галоўнае, што ты ўсё зрузумеў пра свой выбрык! Больш так ніколі не рабі! А каб тваё сумленне замаўчала, заўтра мы арганізуем звычайную вечарыну і запросім тваіх сяброў. Толькі ўжо без смакоцця ў іх кішэнях. Згодны? — паспрабавала супакоіць своё дзіця Пенелопа.
— Канешне, згодны! — абрадаваўся Шась.
— А зараз, паважаны нашчадак вялікага качынага палкаводца Шася Ласуна Вялікага, заканчвай рабіць урокі і прыходзь вячэраць. Толькі папярэджваю, што цукерак не будзе, — жартуючы, запрасіў сына да стала качар Пушок.
Свидетельство о публикации №224121200685