Мае зоркi

Заўвага: гэта аўтарскі пераклад твора «Мои звёзды» (2013) – http://proza.ru/2016/03/12/1409. Але яго можна лічыць самастойным аповедам, бо я не імкнуўся механічна перакладаць слова ў слова, штосьці дадаў ці нават выдаліў, пераасэнсаваў, хаця і паспрабаваў захаваць адчуванні зыходнага твора.


Сёння я зноў выйшаў на цёмны агарод з надзеяй убачыць зорнае неба. На жаль, хоць месяц і нездарма называўся лютым, але надвор'е зусім не адпавядала народнаму каляндару. Верагодна, хтосьці ўзрадаваўся, што лютаўская халадэча перасунулася на поўнач, але я засумаваў, бо даўно ўжо не бачыў зорак. Хмары заміналі глядзець і на Месяц, а што казаць пра цьмяныя зоркі? І што можа быць сумнейшым за цёмнае шэрае неба?

Дзесьці месяц таму зорнае неба пачало мяне вабіць. Спачатку я проста глядзеў у вышыню і разважаў, прыгадваў сваю знаёмую, якая баялася космасу з ягонымі зоркамі і планетамі, галактыкамі і каметамі. Раней і я адчуваў нейкую злавесную адзіноту і безнадзейнасць, але з кожным новым позіркам на зорнае неба толькі больш пераконваўся ў тым, што гэта маё. Можа, якраз таму, што і я таксама самотны? Хаця кожны, напэўна, знойдзе там штосьці сваё: шчаслівы – радасць, а самотны – адзіноту.

Вось і здарылася непазбежнае: я пачаў з нецярпеннем чакаць вечара, каб яшчэ раз убачыць процьму разнастайных і таямнічых зорак, прычым так захапляўся, што пачынала ныць шыя ці замярзалі рукі-ногі. Аднак з пачаткам лютага марозы сыйшлі, а разам з імі і зоркі. Хаця не, яны заўсёды побач, проста хаваюцца за хмарамі і аблокамі.

Відаць, і сёння я іх не дачакаюся… З такімі маркотнымі думкамі я крочыў па агароду і сумаваў па сваіх зорках. Так, я лічу, што яны сапраўды мае, у пэўным сэнсе, вядома. За некалькі тыдняў я вывучыў напамяць усе яскравыя зоркі па імёнах і месцазнаходжанню ў пэўны час, мог адшукаць на небе і сузор'і: напрыклад, знакаміты Арыён з непараўнальнай Бетэльгейзэ. Дагэтуль я ведаў толькі Вялікую Мядзведзіцу, якая мае ў нас і народную назву – Вялікі Воз. Гэтае сузор'е вядома і дзецям: яно ніколі не заходзіць, а калі напружыць зрок і дачакацца спрыяльных умоваў, то можна ўбачыць і Малую Мядзведзіцу (ці Малы Воз) з Палярнай зоркай, якая заўсёды паказвае строга на поўнач. А вось іншыя цікавыя сузор'і накшталт Паўночнай Кароны і Блізнятаў лепш за ўсё назіраць толькі ў пэўны час году – улетку і ўзімку адпаведна. Магчыма, хтосьці і сумуе па летніх сузор'ях зімой, а па зімніх – летам.

Я спыніўся ля плота. Зазірнуў у цемру. Потым на шэрае неба. Не, без зорак усё не так, як мае быць. Зусім не так. І як раней я не звяртаў увагі?.. Мяркую, большасць ведае, што зоркі – гэта толькі вялізарныя газавыя шары, як і наша Сонца. Але ж да свайго сонейка мы ставімся так прыязна, што цешымся ягоным промням, і сумуем, калі яно хаваецца за хмары ці за небакрай. Чаму ж нельга радавацца нейкай маленькай зорачцы, хай нават калі і не ведаеш яе назвы, то-бок імя?

Я ў чарговы раз уяўна паслаў сваёй зорцы асабісты сігнал і загадаў жаданне. Яно пакуль не спраўдзілася, але жыццё працягваецца, так?


17, 18 снежня 2024, Гомель.


Рецензии