Ад студзеня да снежня
Чалавек з самога пачатку сваёй цывілізацыі імкнуўся надаць Часу пэўную форму. Чаму? Вядома, нас пужае тое, што імкліва праносіцца міма, а калі загнаць гэтую з’яву ў пэўныя межы, то прыходзіць спакой і раўнавага. Бадай што кожны народ меў свой каляндар, які адпавядаў патрэбным мэтам. За два з лішком тысячагоддзя адбылося шмат рэформаў толькі аднаго календара, які быў прызнаны сусветным грамадствам самым зручным і дакладным, але ж і ён не пазбегнуў блытаніны. Шмат пытанняў прыйдзецца пакінуць па-за межамі гэтай размовы, але з назвамі месяцаў трэба разабрацца тут і зараз. Хто і як надаваў ім імёны? Ці дарэчна? А мо ўжо штосьці не адпавядае рэчаіснасці ці страціла актуальнасць? Паспрабуем разабрацца.
Ніхто не ведае, як лічылі час на нашых землях у старажытнасці, але правобраз календара, якім мы карыстаемся, прыдумалі грэкі. Відаць, ён быў такім зручным, што спадабаўся і рымлянам, раз яны ахвотна прыстасавалі яго для сваіх мэтаў. Спачатку каляндар налічваў дзесяць месяцаў, прычым яны мелі толькі парадкавыя нумары – першы, другі, трэці... Год складаўся з трыста чатырох дзён. Вядома, малавата, таму недзіўна, што некаторыя народы эксперыментавалі з даўжынёй году. Верагодна, менавіта таму другі рымскі цар Нума Пампілій вырашыў запазычыць ужо з Этрурыі (гістарычная вобласць на паўночным захадзе старажытнай Італіі, якую насялялі этрускі ў першым тысячагоддзі да н. э.) каляндар, які налічваў дванаццаць месяцаў, а год мог доўжыцца 355, 377 ці 378 дзён.
Вучоныя астраномы кажуць: няма розніцы, калі пачынаць год, бо гэта ўсё ўмоўнасці. Але сёння мы лічым сыход старога і пачатак новага году даволі важным момантам у жыцці, спадзяемся на лепшае, выказваем пажаданні, надзеі… Чалавек заўсёды імкнуўся верыць у цуд. Так ці інакш, але зараз першым месяцам лічыцца студзень. За гэта трэба дзякаваць Гаю Юлію Цэзару і ягоным рэформам (паводле другіх звестак – Нуме Пампілію), бо першапачаткова год пачынаўся з сакавіка. Цяжка паверыць у тое, што ў старажытным рымскім календары студзеня, як і лютага, увогуле не існавала – зіма лічылася перыядам «безмесячча». Потым ужо ўзгаданны Нума Пампілій дадаў да календара яшчэ два месяца, а студзень, дарэчы, у розныя часы быў не толькі першым, але і перадапошнім, і пятым.
Усе ведаюць, што святкаваць Новы год на Русі [у студзені] пачалі пасля рэформы Пятра І ў 1700 г. (перад якім йшоў 7208 год ад стварэння свету). Але на беларускіх землях такая падзея адбылася значна раней: з 1583 г. пасля ўказу караля Стэфана Баторыя Вялікае Княства Літоўскае перайшло з юліанскага на грыгарыянскі каляндар, а Новы год пачалі адзначаць першага студзеня (паводле другіх звестак гэта адбылося ў 1362 г.).
Сённяшні студзень багаты на святы: Новы год, праваслаўнае Раство, Стары Новы год (ці Шчодры, Малання і г. д.), а яшчэ Вадохрышча (рус. Крещение). Палова зімы ўжо ў мінулым: трэба крыху пацярпець, а там і вясна пачне грукаць у дзверы.
Назва месяца даволі дарэчная, лепш і не прыдумаеш. Цяжка ўсвядоміць, што раней магло быць неяк інакш, але ў старабеларускай мове існаваў не «студзень», а «стычень». Гэтым словам карыстаўся і Францыск Скарына: у ягоных запісах сустракаецца і «стычань», і нават «январ». Прычым славянская назва выкарыстоўвалася побач з лацінскай формай «генвар». Можна прыгадаць, як зараз называе першы месяц наш сусед-украінец – «січень». Слова ўтворана ад «сячы, секчы». Што ж, таксама лагічна, бо звычайна ў студзені і секлі дрэвы: менавіта ў гэты час у іх менш за ўсё соку. У рускай мове ўсім вядомы «январь» мае даволі далёкае дачыненне і да Расіі, і да Беларусі, бо названы ў гонар старажытнарымскага двухаблічнага бога Януса (лац. Januarius mensis – месяц Януса), хаця ягоная назва і тлумачыцца як «дзверы ў год».
А як жа сённяшняя назва? Слова «студень» выкарыстоўвалася ў старабеларускіх тэкстах у значэнні «холад». У сучаснай беларускай літаратурнай мове ўзнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 г., калі ў календары «НН» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Паслядоўна ў газеце ўжываліся варыянты назвы: у 1907-ым – январ (стычань), у 1908-ым – стычань, у 1909-ым – январ, у 1910-1912-ым – студзень (январ); далей – студзень («бо дужа сцюдзёна»).
Люты – другі месяц году, трэці зімні і самы кароткі. Здаецца, вясна амаль на парозе, але цяжка прыгадаць год, калі зіма не пажадала перад сваім сыходам нагадаць, што значыць сапраўдная халадэча. Месяц багаты на завеі, завірухі. Ягоная назва таксама падаецца больш дарэчнай за рускую «февраль», якая паходзіць ад этрускага бога падземнага царства Фебруўса (лац. Februarius mensis – месяц Фебруўса; ці ачышчальны месяц, ад лац. Februa – свята ачышчэння; таксама februare – чысціць, прыносіць збавіцельную ахвяру пад канец году). Чаму пад канец? Раней люты лічыўся апошнім месяцам году. І па-украінску ён завецца амаль так жа, як па-беларуску – «лютий».
Цікавы месяц і сакавік. Даўным-даўно, яшчэ да рэформы Юлія Цэзара, быў першым месяцам году, а ў Старажытнай Русі пратрымаўся ім ажно да 1492 г. У Беларусі, якая ў тыя часы была ў ВКЛ, а потым у Рэчы Паспалітай, яшчэ з дахрысціянскіх часоў захоўвалася традыцыя святкаваць пачатак году першага [ці 22-га] сакавіка, што было прымеркавана да пачатку новага земляробскага году. То-бок адзначаліся два Новых года – языцкі і праваслаўны [удакладніць].
Руская назва «март» толькі з першага погляду падаецца бяскрыўднай, бо насамрэч месяц быў названы ў гонар рымскага бога вайны Марса (лац. Martius mensis – Марсаў месяц): у Старажытным Рыме пачатак вясны лічыўся спрыяльным часам для разгортвання ваеннай кампаніі. У нас жа ў часы Францыска Скарыны назва месяца гучала як «марец», потым можна было сустрэць і такія варыянты: «марецъ», «соковикъ» і «марац». Чаму ж «сакавік»? Канешне, дзякуючы соку, які пачынаюць вырабляць не толькі бярозы, але і іншыя расліны. Ва ўкраінскай мове больш канкрэтызаваная назва – «березень».
Чарговы веснавы месяц – красавік. Беларусы даўно заўважылі, што менавіта ў гэты час пачынаецца буйнае хараство прыроды, якая пачынае нібыта «красавацца», хаця ў выданнях Ф. Скарыны ўжываецца іншая народная назва – «кветень», якая вельмі падобная да сучаснай украінскай «квітень» (укр. квіт – кветка). У беларускай літаратурнай мове ў слоўніку Івана Насовіча (1870 г.) сустракаецца ўжо звычнае нам «красовикъ», хаця нават у пачатку ХХ ст. у газетах можна было сустрэць і «апрыль», і «апрэль». А што ж азначае таямнічае «апрель»? Лацінская назва месяца – Aprilis, якая ў сваю чаргу можа паходзіць ад aperire (ці aperio) – адчыняць, раскрываць, бо ў тагачаснай Італіі якраз пачыналася вясна, хаця ёсць іншая версія: apricus – сагравальны сонцам. Ці яшчэ адно меркаванне: ад этрускага імя Apru багіні Афрадыты (хаця ў рымскай міфалогіі багіняй кахання і прыгажосці з’яўлялася Венера).
Наступны месяц, верагодна, многія лічаць лепшым, бо халадэча ўжо сыйшла, а спёка яшчэ не прыйшла. Хаця для шлюба і вяселля май не лічыцца спрыяльным месяцам, але ён вельмі прыгожы – цудоўны зялёны травень. Так здарылася, што ў афіцыйным беларускім календары назва «май» – гэта адзіны лацінізм (лац. mensis Maiu – месяц [грэцкай, а потым і рымскай] багіні Маі). Таксама ўзгадваецца і багіня зямлі Маеста. Цікава, што і ў Скарыны трэці веснавы месяц называецца «маем». Хаця народнае, лагічнае і больш дарэчнае «травень» было ўжыта ў Полацкім Евангеллі ў ХІІІ ст. і ў Лексіконе Памвы Бярынды ў ХVII ст. Сімвалічна, што і ва ўкраінскай, і ў старажытнарускай мове месяц таксама называецца «травнем». Але ў сучаснай беларускай літаратурнай мове амаль ад пачатку існавала толькі форма «май», а назва «травень», на жаль, была прызнана народнай і састарэлай. Канешне, ніхто не забараняе ўжываць у жывой гаворцы менавіта такую назву, пашыраць і папулярызаваць яе.
Першы месяц лета – чэрвень. Напэўна, далёка не кожны здолее зразумець паходжанне гэтай загадкавай назвы. Ёсць некалькі меркаванняў. Першае сцвярджае, што дзякаваць трэба такому насякомаму, як чарвец, бо яго збіралі для атрымання барвовай фарбы менавіта ў чэрвені. Быццам бы невялічкая істота, а паўплывала і на суседнія мовы: украінскую («червень»), польскую («czerwiec»), нават чэшскую («cerven»).
Іншыя запэўніваюць, што не чарвец паўплываў на імя месяца, а звычайныя чарвякі, якія ў пачатку лета пачынаюць ахвотна ласавацца пладамі дрэваў, напрыклад, яблыкамі. Хтосьці звязвае назву «чэрвень» са словам «чырвоны» і пералічвае ягады і кветкі, але, хутчэй за ўсё, узгаданыя версіі ў роўнай меры адпавядаюць рэчаіснасці.
Народная назва падаецца ў выданнях Ф. Скарыны – «чирвець», а ў «Храналогіі» А. Рымшы (1581 г.) згадваецца як «чырвецъ». Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 г., калі ў календары «НН» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Дагэтуль у газеце ўжываўся і такі варыянт – «юнь».
А як растлумачыць сучаснае рускае «июнь»? Самая прызнаная версія паходжання, якую прапанаваў рымскі паэт Авідзій – назва у гонар багіні Юноны, жонкі Юпітэра (лац. mensis Junonis – месяц багіні Юноны), якая спрыяла шлюбу і сямейнаму жыццю, так што лічылася ўдалым выйсці замуж у гэтым месяцы. Другая версія Авідзія мяркуе паходжанне «июня» ад лацінскага iuniores, што значыць «маладых (юных) людзей», у адрозненні ад maiores (старэйшын), у гонар якіх быццам бы названы папярэдні месяц май. Ёсць яшчэ адно меркаванне, што «июнь» атрымаў імя Луцыя Юнія Брута – першага рымскага консула.
Ліпень – сярэдзіна лета ў Паўночным паўшар’і, звычайна самы цёплы месяц. Відавочна, што назва не выклікае пытанняў – прыблізна ў гэты час квітнее ліпа. У выданнях Ф. Скарыны можна сустрэць народнае імя ліпеня – «липець», у «Храналогіі» А. Рымшы (1581 г.) згадваецца як «липецъ». Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 г., калі ў календары «НН» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Дагэтуль паслядоўна ў газеце ўжываліся варыянты: ліпец, ліпень, юль, ліпень (юль), ліпень (жыцень). Ва ўкраінскай мове таксама вельмі падобнае па напісанню, хаця крыху іншае па гучанню – «липень» (лыпэнь).
Калі звярнуцца да вытокаў, то першапачаткова месяц называўся «Квінтылій» (ад. лац. Quintilis – пяты). Але яшчэ ў 45 г. да н. э. быў перайменаваны ў гонар старажытнарымскага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Гая Юлія Цэзара (лац. mensis Julius – месяц Юлія (Цэзара)). Такім чынам у рускай мове і з’явілася назва «июль», хаця на слых вельмі лёгка пераблытаць з «июнем».
Жнівень – апошні месяц лета, таму часцяком прымушае сумаваць. Адчуваецца, як дзень скараціўся, а ноч падоўжылася, хаця яшчэ даволі цёпла, нават спякотна. У выданнях Скарыны даецца народная назва жніўня – «серпень», таксама яна згадваецца ў «Храналогіі» А. Рымшы (1581 г.). Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 г., калі ў календары «НН» былі прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Да гэтага часу ў газеце ўжывалася некалькі варыянтаў: серпень, аўгуст, серпень (аўгуст), пакуль не замацавалася сённяшняя назва – жнівень («усюды жніва»). Ва ўкраінскай мове ён называецца так, як і ў нас раней – «серпень». А вось рускае «август» – чарговая запазыка: рымскі сенат яшчэ ў 8 г. да н. э. вырашыў перайменаваць шосты месяц (калі лічыць ад сакавіка), які першапачаткова называўся «Сэкстылій» (ад лац. Sextilis – шосты), у гонар рымскага імператара Актавіана Аўгуста (лац. Octavianus Augustus). У большасці моваў свету назва месяца адпавядае лацінскай традыцыі, але ёсць выключэнні.
Верасень – першы месяц каляндарнай восені, хаця здараецца так, што лета зусім не жадае сыходзіць. Цікава і тое, што зыходна ён быў сёмым (ад лац. September – сёмы), адсюль і сучасная руская назва «сентябрь», але пасля рэформы Цэзара апынуўся дзявятым. А вось у 325 г. рымскі імператар Канстанцін Вялікі загадаў, каб верасень не толькі пачынаў восень, але і сам год. У Старажытнай Русі месяц спачатку быў сёмым, як і ў першапачатковым календары, а потым (у 1492-1700 гг.) – першым (загад цара Івана ІІІ). Ёсць меркаванні, што беларусы, у адрозненні ад рускіх, ніколі не святкавалі Новы год па-візантыйску – першага верасня. Праславяне называлі месяц «versьnь» – ад назвы расліны «вереск» (рус.), якая квітнее ў гэты час. У выданнях Ф. Скарыны падаецца народная назва верасня – «вресень», таксама яна згадваецца ў «Храналогіі» А. Рымшы (1581 г.). У сучаснай беларускай літаратурнай мове назва «верасень» з’явілася ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 г., калі ў календары «НН» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Раней у газеце ўжывалася не вельмі прыгожае «сенцябр». У шматлікіх еўрапейскіх мовах прасочваецца паходжанне ад лацінскага September, хаця ёсць і выключэнні: напрыклад, па-украінску – «вересень», па-польску – «wrzesien».
Кастрычнік – месяц, які мае самую загадкавую назву. Чаму менавіта «кастрычнік»? Зусім не ад слова «касцёр». Ёсць такое цікавае слова, якое моладзь, верагодна, і не чула – кастрыца. Гэта адкіды лёну, то-бок тое, што застаецца пасля апрацоўкі сцёблаў валакністых раслін. У кастрычніку сяляне часалі, трапалі лён і каноплі, з якіх было шмат кастры. Прычым у выданнях Ф. Скарыны падаецца народнае і трапнае імя – «листопад», а ў «Храналогіі» А. Рымшы (1581 г.) увогуле згадваецца як «паздерник». Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канечную форму ў 1912 г., калі ў календары «НН» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. У газеце раней ужывалася слова, якое зараз сустракаецца на шыльдах і вельмі рэжа вуха – «акцябр». Па-украінску гучыць нават паэтычна – «жовтень» (ад слова «жоўты»). А як жа «октябрь»? Тут усё проста: ад лацінскага October – восьмы.
Лістапад – сучасны перадапошні месяц. Цяжка зразумець, ці прыйшла позняя восень, а мо гэта ранняя зіма? Верагодна, калі зрабіць апытанку, то высветліцца, што ў многіх лістапад будзе самым нелюбімым месяцам. Дарэчы, сёння цяжкавата зразумець, чаму перадапошні месяц завецца лістападам. Паглядзіце на дрэвы: яшчэ не скончыўся кастрычнік, а яны ўжо сарамліва стаяць без адзення. Было і такое, калі зямля хавалася пад снежнай коўдрай за месяц-другі да афіцыйнага снежня. Кажуць, клімат памяняўся…
Праславяне называлі яго так – «listopadъ» (вядома, чаму). У выданнях Ф. Скарыны падаецца народнае імя – «грудень», якое таксама згадваецца ў «Храналогіі» А. Рымшы (1581 г.). Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 г., калі ў календары «НН» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Сустракалася ў газеце і дзіўнае «наябр». І зараз у некалькіх славянскіх мовах існуюць роднасныя назвы: па-украінску – «листопад», па-чэшску і па-польску – «listopad». А вось рускае «ноябрь» паходзіць ад лацінскага November – дзявяты, бо да рэформы ўжо ўзгаданага Юлія Цэзара месяц быў дзявятым.
Апошні месяц – снежань… Гучыць прыгожа, як спеў, хаця выпадкі сустракання Калядаў і Новага году без снегу адбываюцца ўсё часцей. Ужо нікога не здзівіць шпацырам у навагоднюю ноч з парасонам у руцэ. Гэта самы цёмны месяц у Паўночным паўшар'і. Галоўныя святы ў снежні: Першая Каляда і Новы год. Народная назва падаецца ў выданнях Ф. Скарыны – «прасинець», у «Храналогіі» А. Рымшы (1581 г.) згадваецца як «просинецъ». Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 г., калі ў календары «НН» былі пададзеныя прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. Паслядоўна ў газеце ўжываліся варыянты: «грудзень», «дзекабр». Ва ўкраінскай мове «грудень» існуе і сёння. Рускае «декабрь», як можна дагадацца, паходзіць ад лацінскага December (Decembris) – дзясяты.
Бясспрэчна, народны каляндар больш прыгожы, а галоўнае – зручны, бо кожны месяц адпавядае рэчаіснасці, уласцівай для пэўнай мясцовасці і яе жыхароў. Напэўна, не толькі славяне, але і жыхары іншых кантынентаў не заўсёды ведаюць рымскую гісторыю і міфалогію, а для апошніх чатырох месяцаў, як бачым, увогуле не знайшлося ні міфалагічных, ні тытулаваных дзеячаў, у гонар якіх можна было бы перайменаваць «сёмы», «восьмы», «дзявяты» і «дзясяты». Хаця Інтэрнэт, які ўсё ведае, кажа, што некалькі імператараў спрабавалі называць месяцы сваімі імёнамі, але да нашых дзён такія назвы не дайшлі.
На гэтым аповед можна было бы і скончыць, але варта ўзгадаць і трынаццаты месяц – мерцэдоній (лац. Mercedonius), які атрымаў імя ў гонар Мерцэдоны – багіні-заступніцы тавараў і аплат. Калі ж існаваў такі цікавы звычай падаўжаць каляндарны год і навошта гэта рабілася? Дзесьці з 304 г. да н. э. і да пачатку дзеяння юліанскага календара ў 45 г. да н. э. раз на два гады прызначаўся дадатковы месяц, каб каляндар супадаў з сезонамі году. Але гэта рабілася бессістэмна і часам па палітычных матывах, таму за чвэрць тысячагоддзя выкарыстання мерцэдонія несупадзенні сталі надта адчувальнымі. Канец каляндарнаму бязладдзю паклаў усё той жа Юлій Цэзар.
Застаецца спадзявацца на тое, што сучасны адлік часу знайшоў сваю раўнавагу і такіх вялікіх зменаў, перайменаванняў і перасоўванняў мы больш не дачакаемся.
10-11 лістапада 2024, Яроміна – Шведская Горка (задумка і вельмі сціслы план);
21-24, 26-28 снежня 2024, Гомель – Шведская Горка, Гомель.
Свидетельство о публикации №224122800104