Дзень падзякi
Кураня Шусь і качаня Шась накіраваліся пасля заняткаў дадому.
Сёння на ўроку эстэтыкі птушаняты даведаліся пра існаванне Дня падзякі, які святкуецца толькі ў двух краінах. Але пра гэту ўрачыстасць ведаюць ва ўсім свеце.
На стале ў абавязковым парадку заўсёды павінны прысутнічаць такія стравы, як запечаная індычка ў журавінавай падліўцы, гарбузовы пірог, салодкая бульба, яблычны сідр…
Дарэчы, перад тым як прыступіць да трапезы, усе члены сям'і дзякуюць Богу і адзін аднаму за ўсё добрае, што здарылася з імі за апошні год.
Менавіта з гэтага Дня пачынаецца святочны сезон, які ўключае ў сябе Каляды і працягваецца да самага Новага года.
***
У апошні чацвер лістапада свінка Афіна вырашыла таксама арганізаваць у анімалістычнай школе ўрачысты абед і святочны баль з захаваннем усіх традыцый Дня падзякі.
Вучням школы было наказана прыйсці ў гэты дзень прыгожа апранутымі. Хлопчыкам — у прыбраных фраках, дзяўчынкам — у бальных сукенках.
***
— Але, ведаеш, Шась, што мяне хвалюе? — сумна глянуўшы на сябра, спытаў Шусь па дарозе дахаты. — Няўжо нашага Гаджэта прыгатуюць у журавінавай падліўцы?
— А з чаго ты гэта ўзяў? — разгублена ў адказ пракракаў Шась.
— Хіба ты не памятаеш, што Афіна сказала? — сумна працягваў Шусь. — Святкаваць будзем з захаваннем усіх традыцый! І хоць наш прафесар мае брыдкі характар, мне яго ўсё ж шкада.
— Я б таксама не хацеў, каб нашага індыка засмажылі і на стол паклалі ў якасці стравы. І што нам зараз рабіць?
— Мне здаецца, што трэба яго ў такім выпадку ратаваць.
— Але як? — здзівіўся Шась.
— Трэба Гаджэта схаваць!
— Вельмі цікава! І як мы гэта зробім? Ён велізарны і нашмат мацней за нас.
— Не панікуй, Шасік! Ёсць ідэя! Давай прафесара паклічам да сябе ў якасці матэматыка: скажам, што ў нас не атрымліваецца пералічыць усіх мух на столі без яго дапамогі. Фанабэрысты Гаджэт не зможа адказацца, захоча пацешыць самалюбства, прыйдзе, а мы яго зачынім на клямку, — падзяліўся планам дзеянняў Шусь.
— А самі пабяжым на святкаванне Дня падзякі! Я ўпэўнены, што індык будзе нам яшчэ ўдзячны!
— Я таксама не сумняваюся! — важна згадзілася кураня.
***
Як дамовіліся птушаняты, так і зрабілі напярэдадні свята.
Прафесар Гаджэт быў вельмі рады, што вучні звярнуліся да яго як да аўтарытэтнага матэматыка. Індык з важным выглядам прыняўся лічыць тлустых мух на столі і не заўважыў, як гарэзы зніклі і самога старога зачынілі на клямку.
Шусь і Шась, задаволеныя сваім подзвігам, прыбеглі ў школу і далучыліся да астатніх гасцей.
Усе былі прыгожа апранутымі і з добрым настроем, акрамя Афіны. Усхваляваная свінка шукала прафесара Гаджэта і нідзе не магла яго знайсці. Ніхто не ведаў, куды знік матэматык. Спыталася Афіна і ў птушанят, ці не бачылі яны індыка.
— Не, не бычылі! — адразу ж адказаў Шась.
— А навошта ён вам, паважаная Афіна, спатрэбіўся? На стале і так хапае ежы! Мусіць, паважаны Гаджэт схаваўся, как вы яго не засмажылі ў гонар Дня падзякі і на стол не паклалі, — адказаў больш бойкі Шусь.
— Што за глупства ты зараз кажаш?! Як такое вам магло прыйсці ў галаву?! — уразілася адказам Шуся свінка. — Хутка пачнецца баль, і мы з Гаджэтам павінны будзем танцаваць мазурку і катыльён. Мы столькі рэпеціравалі! І што мне зараз рабіць?
Птушаняты пераглянуліся.
— Не хвалюйцеся, калі ласка, паважаная Афіна! Мы яго зараз абавязкова знойдзем! — штурхнуўшы ў бок сябра, радасна паабяцаў Шусь.
— Так-так! Я ўпэўнены, што лепшы танцор недзе побач! — дадаў Шась. — Танцам быць!
Шкоднікі пабеглі дадому, адчынілі дзверы і папрасілі прабачэння ў раззлаванага Гаджэта.
— Паважаны прафесар, прабачце нас, калі ласка! Мы вас вельмі любім і паважаем! — пачаў апраўдвацца Шусь.
— І не хацелі, каб вамі паабедалі, як у далёкіх краінах! — падтрымаў сябра Шась. — Хутчэй бяжым, бо зараз пачнецца баль! Свінка Афіна вельмі хвалюецца, што вы зніклі.
***
Гаджэт і Афіна даравалі свавольнікам іх учынак і толькі пасмяяліся ўсе разам з камічнага непаразумення.
Баль атрымаўся па-сапраўднаму ўрачыстым і святочным.
Гаджэт і Афіна былі прызнаны лепшымі танцорамі не толькі мазуркі і катыльёна, але і вальса, кадрылi, полькі… Астатнія ўдзельнікі балю таксама не адставалі, а бралі прыклад з узорнай пары.
А на святочным стале самай смачнай стала індычка з салодкага цеста ў журавінавым сіропе.
Свидетельство о публикации №224122901119