Снежань?

Калісьці ў аповедзе «Брама» я выказаў сцвярджэнне, што нельга жыць у двух сусветах адначасова. Але што замінае час ад часу наведваць іншы свет, калі ёсць тэхнічная магчымасць?

Горад і вёска былі для мяне такімі ж рознымі сусветамі. Нягледзячы на ўсё, я імкнуўся часцей выбірацца бліжэй да прыроды, хаця Яроміна і не з’яўлялася паўнавартаснай вёскай, а афіцыйна ўвогуле лічылася аграгарадком.

Каляды, Раство, снежань... Апошняе слова прагучала неяк недарэчна. Тыдзень да Новага году, а трава яшчэ зялёная! Што адбываецца: лістапад без лісця, снежань без снега... Застаецца чакаць студзень без сцюжы і рыхтаваць парасоны.

Далібог, хацелася замаляваць у памяці сапраўдную зімнюю вёску, а справа скончылася паразай. Гэта і не восень, і тым больш не вясна, а нейкае «безмесячча», як трапна называлі ў Старажытным Рыме.

Я прыслухаўся: здавалася, яшчэ крыху і пачуюцца спевы птушак – хай не шпакоў і салаўёў, а варон ці вераб’ёў... Ды хаця б пеўнікаў. Але навокал панавала цішыня. Нават сабакі не брахалі. Дзіўна.

Можа, прырода ўсё-ткі заснула? Снегу няма, але хіба ён так ужо патрэбны? Аднавяскоўцы толькі радуюцца таму, што надвор’е не прымушае брацца за лапаты. Праўда, дзеці сумуюць: канікулы без коўзанкі – гэта проста жах. Санкі, лыжы і ватрушкі валяюцца без справы. Туды-сюды і зіма скончыцца.

Дарэчы, цішыня ў нас даволі адносная. Калі душа патрабуе сапраўднага адпачынку, то параю шэраг месцаў, далёкіх ад цывілізацыі: Навіны, Ляды, Цёмны Восаў, Баркі, Ягаднае... А мо адразу ў лес?

Нібыта ў адказ на мае думкі, з’явіліся гукі, але не тыя, што радуюць вуха: з боку шклозаводу пачулася даволі моцнае гудзенне, а далёкая шаша, нягледзячы на выхадны дзень, працягвала сваё актыўнае жыццё. Чыгунка таксама вырашыла нагадаць пра сябе: толькі што перад маімі вачыма праляцеў важкі кітайскі электравоз БКГ, хоць і без вагонаў.

Канешне, поўнай цішыні няма і ў лесе, і ў полі, і нават на могілках, я правяраў. Хіба што дрэвы зараз голыя і шапацення лістоты не чуваць.

Я акінуў позіркам агароды і суседскія дамы. Хаты? І гэта не пра наша Яроміна. Але ж моцна я адвык ад такога краявіду, бо адчуванні істотна змяніліся. Відаць, калі пачынаеш жыць у горадзе, то... Я пачуваў сябе нібыта ў лесе. А што? Людзей не бачна, паветра чыстае. А калі я траплю ў сапраўдны гушчар?..

Толькі зараз прыйшло разуменне, чаму нельга паўнавартасна жыць на два сусветы. Потым заўсёды цяжка вяртацца да звыклага жыцця. Хтосьці на выхадныя ўцякае ад гарадской мітусні на лецішча, але і яны кажуць, што цяжка вяртацца ў рытм гораду. А вось тых, хто жыве ў вёсцы і пасля працоўнага тыдня адпачывае ў каменных джунглях, не ведаю.

Прырода маўчала. Нават ветру не чуваць. Але спакой і раўнавага – яны тут, побач. Усё, да чаго я за трыццаць з лішкам гадоў прывык і раней прымаў за паўсядзённасць, здавалася незвычайным. Хіба гэта не цуд? І... Як мала мне трэба для шчасця. Я паспрабаваў зрабіць стоп-кадр, замацаваць моманты свайго жыцця, і ў мяне атрымалася...

Гукі суседскай дрылі парушылі чараўніцтва. Што ж, на сёння хопіць. Месца сілы існуе, і гэта цудоўна.

Вяртацца да гарадской беганіны пасля вясковага павольнага жыцця заўсёды цяжкавата. Але калі жывеш у чалавечым мурашніку, то пачынаеш шанаваць іншыя ўмовы і іх перавагі. Раней я гэтага не разумеў, бо не было магчымасці параўнаць горад і вёску...


25 снежня 2024, Яроміна;
25, 27, 29, 30 снежня 2024, Гомель, Шведская Горка;
24 красавіка 2025, Гомель (выпраўленне памылак: было – «негледзячы» (2 разы), «хаця бы»).


Рецензии