Аслы маляваныя

Пераклад на беларускую мову апавядання «Silly Asses» амерыканскага пісьменніка Айзэка Азімава (1920–1992), які напісаў яго ў 1957 г., апублікаваў у 1958 г. У перакладах на рускую мову вядома як «Они не прилетят», «Зрелость», «Глупые ослы» (літаральны пераклад).


Нарон, прадстаўнік старажытнай рыгеліянскай расы, быў галактычным летапісцам у чацвёртым пакаленні.

У яго было дзве кнігі – вялікая, якая налічвала спіс шматлікіх разумных рас з усіх галактык, і маленькая, у якой пералічваліся толькі тыя цывілізацыі, што дасягнулі пэўнай сталасці і атрымалі права на ўступленне ў Галактычную Федэрацыю.

У першай кнізе былі выкраслены тыя, хто па розных прычынах пацярпеў няўдачу: няшчасці, біяхімічныя і біяфізічныя недахопы і сацыяльная непрыстасаванасць бралі сваё.

Але ніводны з тых, хто трапіў у другую кнігу, яшчэ не быў адтуль выключаны.

І вось Нарон, велізарны і неверагодна старажытны, падняў галаву, калі да яго наблізіўся ганец.

– Нарон! – усклікнуў той. – Адзіны і Непаўторны!..
– Ну-ну, менш цырымоній. Што такое?
– Яшчэ адна група арганізмаў дасягнула сталасці.
– Цудоўна. Цудоўна. Цяпер яны хутка сталеюць. Не праходзіць і года, каб не з’явіўся хтосьці новы. І хто на гэты раз?

Пасланец паведаміў кодавы нумар галактыкі і каардынаты планеты ў ёй.

– О, так, – сказаў Нарон. – Я ведаю гэты свет.

І ён дбайна занатаваў імя планеты ў першую кнігу і перанёс яго ў другую, па традыцыі ўжываючы назву, пад якой планета была вядома найбольшай частцы яе насельнікаў. Ён напісаў: Зямля.

– Гэтыя новыя істоты ўсталявалі рэкорд. Ніхто іншы не прайшоў шлях ад пачатку развіцця розуму да сталасці так хутка. Спадзяюся, гэта не памылка.
– Ніякай памылкі, сэр, – адказаў ганец.
– Яны адкрылі тэрмаядзерную энергію, ці не так?
– Так, сэр.
– Што ж, гэта галоўны крытэрый, – Нарон усміхнуўся. – Неўзабаве іх караблі пачнуць разведку прасторы і звяжуцца з Федэрацыяй.
– Насамрэч, Вялікі і Непаўторны, – неахвотна заўважыў ганец, – назіральнікі кажуць, што яны яшчэ не праніклі ў космас.

Нарон быў ашаломлены:

– Як, зусім? Нават на ўзроўні касмічнай станцыі?
– Пакуль не, сэр.
– Але калі ў іх ёсць тэрмаядзерная энергія, дзе ж тады яны праводзяць выпрабаванні і выбухі?
– На сваёй планеце, сэр.

Нарон падняўся на свае шэсць метраў вышыні і загрымеў:

– На сваёй планеце?!
– Так, сэр.

Нарон павольна выцягнуў пяро і закрэсліў апошні запіс у меншай кнізе. Адбыўся беспрэцэдэнтны ўчынак, але Нарон быў вельмі мудры і мог прадбачыць непазбежнае, як і любы іншы жыхар Галактыцы.

– Аслы маляваныя, – прамармытаў ён.


Пераклад 27, 28 студзеня 2025, Гомель;
29 студзеня 2025, Гомель (замена «пацярпелі» на «пацярпеў»).


Рецензии