Абрадавае свята

Абрадавае свята “Дажынкі” збірае сяброў
Вера Стасенка
Абрадавае свята Дажынкі заўсёды збірала і  аб’ядноўвала людзей. Аб чым без перабольшвання лічыць Стасенка Вера Сяргееўна, старшы навуковы супрацоўнік Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.
Ужо з самага рання настрой быў святочны, бо ў музеі рыхтавалася сустрэча з самаадданымі людзьмі – грамадзянамі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі”.
У простых працавітых людзях захоўваецца сапраўдная спадчына беларускага народа. Павітаць гасцей і падзяліцца з імі асабістымі думкамі і пачуццямі ў музей завіталі пісьменніцы Людзміла Марціновіч, Антаніна Цыгава, мастачка Алена Громава, якія прыйшлі дапамагчы і падтрымаць  Веру Сяргееўну, каб свята гасцям спадабалася.
Ва ўтульнай і добразычлівай абстаноўцы былі накрыты святочны стол, падрыхтаваны падарункі для Дабрачыннага фонду Аляксея Талая, каб падтрымаць акцыю “Дапаможам сабрацца у школу Дзецям Данбаса” .
Музейная пляцоўка стала падмуркам і цудоўным месцам для наладжвання сустрэч з сапраўднымі патрыётамі нашай Радзімы.
Сустрэча пачалася са знаёмства з традыцыяй святкавання жніўнага абраду, які адыходзіць у далёкую гістарычную мінуўшчыну нашых продкаў. Вельмі танны матэрыял сабраны ў кнізе Ліцьвінкі В. Д. “Святы і абрады беларусаў”. Вось, што ён піша: 
Найбольшая колькасць жнейных песен звязана з заканчэннем Жніва, якое мела розныя назвы: Дажон, жніўная талака. На свята Дажынкі запрашалі ўсіх родзічаў, суседзяў, сяброў.
У кутку апошняга загона завівалі казлу бараду, якая “спелым шоўкам наліта”, –  аддавалі належнае казлападобнай істоце (па старажытных уяўленнях, добраму духу ніўкі, поля), каб яна дала ўраджай і на другі год.
Рабілі гэта так:
Унутры нязжатай лапінкі поля клалі хлеб і соль, а над імі звязвалі жытнія каласы.
Відавочна сувязь гэтага абраду і з веснавым пінскім “Кустом” , бо дзе нідзе “бараду” называлі “кустом”.
Таму, відаць, у куставой песне спяваецца “Каля куста сачавічанька густа”.
Сцятую сярпом “бараду” клалі на дажынках у апошні абагаўляемы сноп, а на галаву старшай жнейкі надзявалі вянок з каласоў гэтай “барады”, вадзілі вакол гаспадара карагод і спявалі:
Чыя ж гэта барада
Мёдам-квасам абліта,
Чорным шоўкам ушыта?
Рана! Рана!
Сцяпанава барада
Мёдам-квасам абліта,
Чорным шоўкам ушыта.
Рана! Рана!
Скупому гаспадару спявалі: “Смалой, дзёгцям абліта, дратваю ўшыта!”
Пасля завівання “барады” жнейкі качаліся па полі з просьбамі:
Ніўка, ніўка аддай маю сілку
На коніка лой, на ніўку гной, а мне здароўя.
Дай, Божа другое лета даждаці,
Гусцейшае, каранейшае жыта жаці!
Бывала, што на ніве або ў двары гаспадара купалі ў цэбры з вадою. Гэта была магія ачышчэння вадою і вызывання дажджу на наступную сяўбу.
Апошні сноп святкавалі яшчэ больш урачыста, чым першы, бо самая цяжкая праца скончана, вялікай талакой з песнямі, карагодамі, танцамі, музыкай прыносілі ў двор гаспадара.
Па дарозе спявалі песні Райка і Спарыша – сімвалаў дабрабыту, новага ўраджаю, увасабленняў самой дзіўнай дзеі і гурта жнеек-спявачак:
Ай, хадзіў Спарыш
З канца вуліцы ў канец,
Ай, ніхто Спарыша
Ды ў хату не завець.
Адазвалася гаспадыня,
Васілёва жана:
– Хадзі ж ты, Спарыш,
Ай у хату да мяне!
Сядзь жа, Спарыш,
За кляновым сталом.
За зялёным пітвом.
Спары жа мне, Спарыш,
І ў полі, і ў доме,
І ў гумне, і ў двары,
І ў пячы, і ў клеці,
І ў клеці карабом,
І ў печы пірагом.
Толькі на вяселлі і на дажынках можна сустрэць вытатныя песенныя метафары:
А ў нас сёння вайна была,
А мы ўсё поле заваявалі.
А мя ўсё поле заваявалі,
Усё жыта пазжыналі.
Пазмяталі мяцёлкамі,
Пазвозілі шасцёркамі.
Песенькамі згудзелі,
Вячэраць захацелі.
Найбольш рада была дажынкам гаспадынька:
Рада, рада, перапёлка,
Што лета даждала.
Радзей таго наша гаспадынька,
Што жыта даждала.
Абрады жніва добра захаваліся на ўсёй Беларусі, маюць дастаткова блізкія тыповыя напевы, якія не зблытаеш ні з якімі іншымі.
Багатая ніва самабытнай беларускай нацыянальнай культуры захоўваецца ў традыцыйнай абраднасці жніўных песень:
Гаварыла ядронае жыта,
У чыстым полі стоячы,
Гаварыла:
– Авой не магу я ў полі стаяці,
Каласком махаці.
Ой, не магу!
Толькі магу я ў плі капамі,
У гумне стагамі,
Толькі магу.
Бо я вам уроны зраблю –
Залатыя зёрны пагублю.
 [Ліцьвінка, В. Д. Святы і абрады беларусаў. – Мінск : Беларусь, 1997. – 176 с. : іл. ISBN 985-01-0055-9. С. 135-139]
Пасля знаёмства з традыцыяй святкавання “Дажынак” і экскурсіі па экспазіцыйных залах Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, працягам сустрэчы было ўрачыстае прыняцце ў ГА “Патрыёты Беларусі” новага члена і перадача канцылярскіх прыналежнасцей, друкаваных выданняў для дзяцей Данбаса, якія прыехалі на аздараўленне ў Беларусь.
На прыканцы сустрэчы ў сяброўскай гутарцы аб’яднаныя адзінай справай людзі дзяліліся паміж сабой чароўнымі праменьчыкамі дабрыні ў асабіста напісаных творах яскравых вершаваных радкоў “Мы адзіныя і непахісныя!”, а таксама ідэямі на лепшае развіццё нашай роднай краіны Рэспублікі Беларусь.
03.11.2022


Рецензии