Хворы трактар
Міцін трактар Ды-дэр-дас адразу пасябраваў са старым канём Летуценнікам, як толькі цяжкавоз трапіў у сядзібу. І той, і другі ў сваім жыцці рабілі адну і тую ж справу, мелі амаль што аднолькавыя абавязкі. Толькі для Летуценніка ўсё засталося ў мінулым.
Нягледзячы на тое, што трактар з’яўляўся вынікам тэхнічнага прагрэсу, у адрозненне ад жывой істоты з грывай, сябры добра разумелі адзін аднаго.
Вечарамі, пасля таго як Міцька вяртаўся з працы дадому, Дыдэрдас і Летуценнік вялі бясконцыя гутаркі. Напрыклад, стары Летуценнік першым у сядзібе даведаўся ад сябра на колах, што ў Міцькі з’явілася нявеста Аленка. Малады заатэхнік пасля працоўнага дня заўсёды падвозіў дзяўчыну да хаты на ўласным трактарчыку.
Алена працавала селекцыянерам. Яна займалася распрацоўкай новых і палепшаных відаў раслін з мэтай павышэння ўраджайнасці.
— Мабыць, хутка наш гаспадар жэніцца, — неяк выказаўся Дыдэрдас. — Сёння я вазіў яго з Аленкай да яе бацькоў. Добрая будзе ў нас гаспадыня: ветлівая, працавітая і вясёлая.
— Будзем спадзявацца на тое, — усміхаўся конь у адказ.
***
Аднойчы Міцькін трактар не завёўся. Заатэхнік Моцін быў вымушаны ісці пешшу на працу. Калі Дыдэрдас не варухнуўся і на наступны дзень, Летуценнік ужо звярнуўся да сябра з пытаннем:
— Што здарылася, дружа? Ці не захварэў ты часам?
Дыдэрдас спачатку прамаўчаў, не жадаючы нікому нічога расказваць. Стары конь быў дужа ўсхваляваны маўчаннем сябра і вырашыў праявіць упартасць.
— Ці магу я табе чым-небудзь дапамагчы? — дапытваўся Летуценнік. — Ты ж зусім новы і яшчэ моцны трактарчык. Бегаў кожны дзень на зайдрасць іншай мясцовай тэхніцы. А тут раз — і стаў на адным месцы як укапаны.
Не змог Дыдэрдас доўга маўчаць, вырашыў адкрыцца сябру.
— Я табе, Летуценнік, даверуся, але ты мяне не выдавай. Я не завожуся наўмысна. Гэта — мая стратэгія ў адносінах з гаспадаром. Здраднік наш Міцька.
— Што ўжо здарылася, і каму гаспадар здрадзіў? Ці не табе часам? — здзіўлена глянуўшы на сябра, спытаў конь.
— Мне, каму ж яшчэ! Некалькі дзён таму назад мы з Міцькай паехалі ў Мінск. Я думаў, што заатэхнік наш вырашыў наведаць кірмаш. А ён, як высветлілася, намыліўся купіць сабе новы прыгожы аўтамабіль. Мабыць, некалькі часоў мы бадзяліся па розных аўтасалонах. Нарэшце, гаспадар зрабіў свой выбар і паабяцаў гандляру, што ў хуткім часе вернецца за таварам, — амаль не плачучы, скардзіўся Дыдэрдас.
— І што цябе так абурае ва ўсім гэтым? — спытаў Летуценнік.
— Калі гаспадар купіць сабе новы сучасны аўтамабіль, то пра мяне забудзе. Ад гэтых думак мне стала вельмі крыўдна. І я вырашыў не запускацца, каб здраднік Міцька, нарэшце, зразумеў сваю памылку і перадумаў набываць сабе іншага памочніка.
— Не бачу нічога кепскага ў тым, што наш Міцька вырашыў купіць сабе цацку на колах. Не на трактары ж яму ездзіць да дзяўчыны на спатканні! Паважаны заатэхнік павінен мець годны выгляд. Неразумная твая стратэгія прывядзе да таго, што гаспадар купіць сабе новы трактар для працы. Калі ты заўтра паўторыш свой выбрык, то так яно і будзе: з’явіцца ў Міці новы памочнік на колах.
Дыдэрдас уважліва паглядзеў на каня, крыху падумаў і, усміхнуўшыся, пагадзіўся.
— Ведаеш, Летуценнік, ты маеш рацыю. Трэба працаваць, як і дагэтуль, добра і адказна. Дзякуй, дружа, за добрую параду.
— І не дадумайся заўтра хварэць, бо прымусіш мяне, старога цяжкавоза, везці Міцьку да месца працы. Шкада мне нашага гаспадара.
— Я ўсё зразумеў. Сорамна мне крыху за свае думкі і паводзіны. Я вельмі рады, што ў мяне ёсць такі мудры сябрук, як ты.
— Пайду я, хлопец, а то зараз Міцька вернецца дадому і ўбачыць гасцей каля хворага памочніка. Вельмі нязручна можа атрымацца.
Свидетельство о публикации №225021402073