Судьба человека - история малой родины!

Лес чалавека – гісторыя малой радзімы!
Лес кожнага чалавека вельмі розны, і, часцей за ўсё, залежыць ад абставін, якія сустракае ён на жыццёвым шляху.
Вялікая Айчынная вайна – гэта выпрабаванне, што давялося пераадолець Хрубераву Сцяпану Радзівонавічу і яго блізкім… Сам ветэран Вялікай Айчыннай вайны не любіў распавядаць аб яе падзеях, бо вялікі цяжар на сэрцы заховалі ўспаміны франтавых шляхоў, якімі давалося яму прайсці.
Сцяпан Радзівонавіч нарадзіўся ў 1925 годзе ў Краснаярскім краі, але яго бацька Хрубераў Радзівон Прохаравіч родам з вёскі Аляксандраўка Каменскага с/савета Прапойскай воласці. Па ўспамінах маці Хруберавай Марыі Навумаўны (1905 г.н.) стала вядома, что сям’я напачатку вайны з фашысцкай Германіяй знаходзілася ў горадзе Баку. Яе старэйшаму сыну Сцяпану, як раз споўнілася 16 гадоў. Сцяпан Радзівонавіч да вайны скончыў 7 класаў і працаваў трактарыстам.
У першыя дні вайны разам з маракамі на баркасе Сцяпан хацеў уцячы на фронт, але баркас трапіў пад кулі нямецкай авіяцыі. Не ўсе засталіся жыць пасля налёту, але Сцяпану пашанціла – ён выжыў. Выратаванных маракоў, з якімі быў і Сцяпан, вярнулі назад.
Першая спроба трапіць на фронт не здзейснілася. І толькі ў маі 1942 года, калі Сцяпану споўнілася 17 год, ён дабравольцам папрасіўся пайсці на фронт. У ваенным білеце серыі Б пад № 577833 зафіксаваны запіс: “Призван в ряды РККА”. Гэта быў датэрміновы прызыў дабравольцаў. Трапіў Сцяпан Радзівонавіч у самую гушчу ваенных падзей, спачатку ваяваў у 62 дапаможным палку ў складзе 35 мота-стралковай брыгады. А ўжо з 5 чэрвеня 1944 года ў складзе 1-га Украінскага фронту. Атрымаў цяжкае раненне ў студзені 1945 года і быў адпраўлены ў шпіталь…
Успамінае дачка Інэсса Сцяпанаўна: “Знянацку на шпіталь быў здзейснены налёт нямецкай авіяцыі. Пасля гэтага налёту - жывых амаль не засталося, і ўсім родным былі адпраўлены “пахаванкі”. Параненага Сцяпана Радзівонавіча дзівам выратавала медсястра, якая выцягнула з-пад абстрэлаў восем байцоў, у тым ліку і майго бацьку... Чырвонаармейцы былі пераведзены ў другі шпіталь”.
З успамінаў Марыі Навумаўны – маці Сцяпана, якая расказвала ўнучцы Іннэсе аб гэтым выпадаку з бацькам, стала вядома, што Марыі Навумаўне таксама прыйшла “пахаванка”, у якой было напісана, што яе сын Сцяпан Хрубераў загінуў. На той момант яна знаходзілася ў бежанцах у горадзе Крычаве. Даведаўшыся аб гібелі сына Марыя Навумаўна вырашыла вопратку і некаторыя рэчы Сцяпана раздаць суседзям і бежанцам. Такі быў час…
Але ж, праз некаторы час, Марыя Навумаўна атрымлівае пісьмо ад сына Сцяпана. Сам Сцяпан з-за ранення пісаць яшчэ не мог, і замест яго пісьмо для маці пад дактоўку напісала медсястра, каб супакоіць бацькоў і паведаміць аб тым, што яе сын жывы.
Марыя Навумаўна калі атрымала пісьмо, то ніяк не магла ўразуміць тое, што сын застаўся жывы, бо напярэдадні атрымала “пахаванку”. Для ўдакладнення абставін яна вырашыла напісаць у шпіталь пісьмо. Адказ зусім уразіў маці Сцяпан Радзівонавіча. Каб Марыя Навумаўна паверыла сыну,  папрасіў сфатаграфаваць яго і адаслаць пісьмо з фотаздымкам. Для большай упэўнінасці ў навіне аб тым, што сын жывы, Марыя Навумаўна вырашыла наведацца ў шпіталь. І ўдакладніць для сябе тое, што “пахаванка” прыйшла да яе памылкова. Нажаль, на сёняшні дзень фотаздымак, як і тое пісьмо не захаваліся. (фотаздымак Хруберава С. Р.)
Захаваўся фотаздымак 1945 года, на якім з адваротнага боку напісана рукой Сцяпана Радзівонавіча:
“Если встретиться нам не придётся,
То несчасная наша судьба,
Тогда на память пускай остаётся (дорогие родные) неподвижная личность моя. Ваш сын Стёпа Польша, май 1945 г.”
Асабіста Сцяпан Радзівонавіч быў не вельмі гаваркі, а, тым больш, успамінаць і распавядаць аб франтавой біяграфіі не жадаў. Розныя апавяданні дачка Інэсса Сцяпанаўна пачула з вуснаў маці Сцяпана Радзівонавіча, сваёй бабулі Марыі Навумаўны.
Пералістваючы дакументы і разглядваючы ўзнагароды, якія беражліва захоўваліся  роднымі ў сям’і Хруберава, а зараз перададзены ў Слаўгарадскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей – выклікаюць гонар за выбітных землякоў. Сярод узнагарод у “Красноармейской книжке” пазначаны такія, як: ордэна Славы трэцяй (№ 451637) і другой (№ 23824) ступеняў, медалі “За освобождение Варшавы” (А № 377815), “За взятие Берлина” (А № 099656), “За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.” (Ж № 0225159) і іншыя.
Медаль “За отвагу” Сцяпан Радзівонавіч атрымаў за  вызваленне горада ў Германіі. Падчас танкавага бою танк камандзіра Хрубера С.Р. першым варваўся ў горад і сваёй бранёй прыкрыў атаку ворага, чым забяспечыў паспяховае наступленне частак Чырвонай арміі. Танк трапіў пад абстрэл і быў выведзены з строю. Але менавіта гэты танк – капітана Хруберава ўзвышаўся на падмурку ў цэнтры германскага горада, аб чым сержант  Хрубераў С. Р. даведаўся толькі праз 30 год пасля вайны.
Працоўная біяграфія Сцяпана Радзівонавіча пачалася з 1 мая 1941 года ў якасці матарыста на кацеры Хочмазскага рамонтнага завода № 2. Пасля дэмабілізацыі ў жніўні 1946 года працаваў кладаўшчыком Слаўгарадскага раймаслапрома, потым памочнікам дырэктара па гаспадарскіх справах у сярэдняй школе горада. З 1949 года працуе інспектарам сацыяльнага забеспячэння, а з 51-га года Сцяпан Радзівонавіч пераходзіць з пасады загадчыка агульным аддзелам Слаўгарадскага райвыканкама да упаўнаважанага па перасяленню і аргнабору рабочых Слаўгарадскага раёна амаль да студзеня 1963 года – скасавання раёну. У гэты перыяд Сцяпан Радзівонавіч пераведзены на пасаду старшыні Васькавічскага сельскага савета Быхаўскага раёна. Пасля аднаўлення Слаўгарадскага раёна ў студзені 1965 года Хрубераў Сцяпан Радзвонавіч прызначаны на пасаду загадчыка сацыяльнага забеспячэння Слаўгарадскага райвыканкама. Апошнія гады перад пенсійным узростам Сцяпан Радзівонавіч працававаў старшынёй Слаўгарадскага райкома ДААСАФ і пасля пенсіі ён працяграў сваю працоўную дзейнасць у якасці адказнага сакратара Слаўгарадскага райкома Савета Беларускага таварыства аховы прыроды.
Працоўная дзейнасць Хруберава Сцяпана Радзівонавіча адзначана рознымі ўзнагародамі, сярод якіх медалі “За доблестный труд. В озноменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина”, “Медаль ветеран труда”, а таксама Ганаровыя граматы Магілёўскага Абкома КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных, Міністэрства сацыяльнага забеспячэння Беларусскай ССР і іншыя.
Ветэрану Хрубераву Сцяпану Радзівонавічу у гонар 30-годдзя Перамогі Савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне былі ўручаны Дыплом і Памятны медаль за подпісам двойчы Героя СССР, генерала арміі П. Батава і адказнага сакратара Савецкага камітэта ветэранаў вайны Героя СССР Аляксея Марэсьева, лётчыка, аб подзвіге якога напісана ў апавяданні “Повесть о настоящем человеке”, вядомым пісьменнікам Барысам Палявым.
 Вера Стасенка, старшы навуковы супрацоўнік ДУК “Слаўгарадскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей”
27.03.2020


Рецензии