Феномен Архiмеда
– Скажы, геаметр, чым можа дапамагчы Сіракузам твая новая машына?
– Ты, Эстах, не верыш у мае механізмы?
– О не, геаметр! Ты вялікі, і ў гэтым няма сумневу. – Рослы ваяр паважна схіліў галаву. – Але твае ранейшыя катапульты кідалі вялізныя камяні, а гэты камень занадта малы.
– Як ведаць, – задуменна вымавіў Архімед, – магчыма, гэты камень будзе для ворага страшнейшы, чым глыба ў дзесяць талентаў.
– Гэты камень? – недаверліва перапытаў Эстах, падняўшы з зямлі валун крыху большы, чым яго кулак. – Ім можна забіць ваяра, хіба што трапіўшы яму ў галаву.
Мімалётная ўсмешка з’явілася на вуснах вучонага і тут жа схавалася ў кучаравай барадзе.
– Як думаеш, Эстах, ці далёка ты закінеш той снарад? – Архімед паказаў на масіўны прастакутны блок, які служыў яму сталом.
– Ты смяешся, я не ссуну яго з месца!
– А гэты камень?
– Адсюль магу дакінуць да мора.
– Ну вось табе і першая перавага маленькага каменя.
– Прабач, Архімед, але я не разумею цябе. Я бачу толькі тое, што гэты цяжкі снарад можа патапіць цэлую галеру, а камень, – Эстах падкінуў у руцэ валун, – што ён можа?
Вялікі геаметр не адказаў. У роздуме пагладжваючы бараду, ён глядзеў туды, дзе бліскучае пад сонцам мора злівалася з блакітным сіцылійскім небам. У насталай цішыні быў чутны шум хваляў, якія набягалі на бераг, ды ваяўнічыя крыкі рымскіх легіянераў. Пераканаўшыся ў немагчымасці ўзяць Сіракузы прыступам, Марцэл адвёў сваё войска за ўзгорак.
– Добра, я растлумачу табе. – Архімед падняўся і ўвайшоў у дом. Праз хвіліну вярнуўся з двума драўлянымі шарамі. Паклаўшы іх на зямлю, сеў на ранейшае месца і спытаў: – Што, па-твойму, уласціва гэтым целам?
– Гэтыя шары... – няўпэўнена пачаў Эстах. – Яны зроблены з дрэва.
Але Архімед ужо нічога не чуў. Узяўшы ў рукі адзін з шароў, ён пільна ўглядаўся ў яго, нібы спрабуючы зазірнуць унутр.
– Ты маеш рацыю, – прамовіў ён. – Кожны з гэтых прадметаў валодае даўжынёй, шырынёй і вышынёй. А цяпер скажы, якім быў бы гэты шар, калі б у яго знікла вышыня?
– Мне здаецца, гэта немагчыма, – збянтэжана ўсміхнуўся Эстах.
– Добра, скажу інакш. Якім бы ты ўбачыў шар, калі б ты не меў вышыні?
Шырокая ўсмешка асвяціла асмуглы твар ваяра. Падняўшыся ва ўвесь свой двухмятровы рост, ён паклаў руку на тронак кароткага мяча і са смехам вымавіў:
– Я думаю, рымляне моцна ўзрадуюцца, калі пачуюць, што Эстах страціў сваю вышыню.
– Так, – усміхнуўся Архімед, любуючыся гульнёй мускулаў на грудзях волата. – Яны цябе добра ведаюць. Але хочаш, я пазбаўлю цябе вышыні проста зараз?
– Ты кажаш дзіўныя рэчы, геаметр, – нахмурыўся Эстах.
– Не палохайся. Глядзі – вось твой цень. Гэта і ёсць ты, які страціў вышыню. А цяпер уяві, што твой цень можа бачыць, але бачыць толькі тое, да чаго дакранаецца. – Архімед паклаў на цень Эстаха шар. – Што ён убачыць?
– Ён убачыць... – Эстах задумаўся. – Кропку?
– Слушна! – усклікнуў Архімед. – А зараз дастань свой меч і адсячы ад шара невялікую частку.
Эстах зрабіў тое, пра што яго прасілі, і працягнуў большы абрэзак Архімеду.
– А што цяпер убачыць твой цень? – спытаў той, паклаўшы шар зрэзам уніз.
– Цяпер круг.
– Так. Вазьмі другі шар і рассячы яго напалову.
Узмах мяча – і драўляная сфера раскалолася на дзве роўныя часткі. Адну з іх Архімед тут жа паклаў на цень Эстаха.
– Цяпер таксама круг, але большы! – здагадаўся той.
– Значыць, – усміхнуўся Архімед, – адзін і той жа шар можа быць кропкай, маленькім кругам і вялікім кругам?
– Так, але пры чым тут катапульта?
– Не спяшайся. Мы высветлілі, якім бывае шар без вышыні. Цяпер давай уявім, якім ён будзе, калі акрамя даўжыні, шырыні і вышыні ў яго з’явіцца яшчэ, ну скажам, глыбіня.
Эстах, ссунуўшы бровы, утаропіўся на свой цень. Затым ён падняў палову шара, пакруціў яе перад вачыма і паклаў на месца. Адышоў убок, прысеў, спрабуючы зазірнуць знізу, і зноў устаў. Пацёр рукой лоб.
– Божухна! – прастагнаў ён. – Мне здаецца, я зараз з’еду з глузду. Не магу!
– Я таксама не магу, – сумна прызнаўся Архімед. – Але ведаю, што калі шар апынецца там, дзе ў яго будзе глыбіня, мы яго зможам назіраць альбо як кропку, альбо як вялікі ці маленькі шар.
– Так, – падумаўшы, пагадзіўся Эстах, – гэтак жа як і мой цень. Але ж гэта значыць... – ён запнуўся і пашыранымі вачыма паглядзеў на Архімеда, – мы таксама нечыя цені?
– Не ведаю, – безуважліва адгукнуўся геаметр, – можа, і цені, ды гэта не галоўнае.
– А што ж?
– Эх, калі б Конан быў жывы! – гаротна выклікнуў Архімед. – Я заўсёды пасылаў яму свае тэарэмы. Ён бы знайшоў рашэнне гэтай праклятай глыбіні!
Бачачы, што вялікі вынаходнік зноў пагрузіўся ў разважанні, Эстах ніяк не мог адважыцца задаць пытанне, якое не давала яму спакою. Аднак ён рашыўся:
– А як жа катапульта?
– Што? – уздрыгнуў Архімед. – Ах, катапульта... Вось ты трымаў у руцэ гэты невялікі камень, а ці можаш ты сказаць, якой ён велічыні насамрэч?
– Ну, – сумеўся Эстах, – камень як камень.
– А ты не думаеш, што ён толькі нікчэмная частка нябачнай скалы? Бо і твой цень, гледзячы на кропку, не ведае сапраўдных памераў шара.
Эстах уважліва паглядзеў на каменьчык ля сваіх ног і адчуў холад паміж лапаткамі.
– А ты кажаш, галера, – працягваў Архімед. – Можа, гэты камень разам знішчыць увесь рымскі флот.
– Як жа ты выцягнеш адтуль гэтую скалу? – косячыся на грозны снарад, спытаў Эстах.
– Ды гэтак жа, як ты рассек драўляны шар, – адказаў вучоны. – Толькі мой меч – катапульта!
– Ты вялікі, геаметр! – у захапленні вымавіў уражаны ваяр. – Адным маленькім каменем – цэлы флот! Нездарма Марцэл называе цябе казачным старукім волатам.
– Баюся толькі, як бы гэтая скала не аказалася залішне велізарнай, – задуменна прамармытаў Архімед, падыходзячы да катапульты. – Калі яе памеры дастаткова вялікія, то, стаўшы на яе, можна было б ссунуць Зямлю. Хм... цікава.
– Будзеш запускаць? – спытаў Эстах, з асцярогай сочачы за дзеяннямі геаметра.
– Так, трэба паспрабаваць. Падай мне камень. Не, не той. Вазьмі на першы раз невялікі. Увогуле, мы ўсё роўна не ведаем сапраўдных памераў каменя, але калі ён маленькі, то неяк спакайней. Глупства, вядома, але іншых крытэрыяў няма... Эх, калі б Конан быў жывы!
З тоненькім свістам камень, велічынёй з гусінае яйка, узняўся ў блакітнае неба Сіцыліі. Апісаўшы зададзеную катапультай мудрагелістую траекторыю, ён нечакана ўспыхнуў жоўтым полымем і знік. Два чалавекі, якія стаялі на сцяне крэпасці, заўважылі, як у ярка-сінім небе расчынілася і тут жа зачынілася чорная праломіна, у якой ззялі зоркі.
* * *
Летняй раніцай 1908 года над тайгой, у басейне ракі Падкаменнай Тунгускі, з жахлівым грукатам пранёсся неапазнаны палымяны аб’ект. Урэзаўшыся ў зямлю, ён узняў хмары агню і дыму, паваліўшы дрэвы ў радыусе дваццаці пяці кіламетраў. Феномен гэты выклікаў мноства розных тлумачэнняў. Меркаванні людзей вучоных падзяліліся: альбо метэарыт, альбо касмічны карабель. Людзі ж набожныя схіляліся да думкі, што гэта быў антыхрыст, ахоплены полымем і смуродам у пакаранне за свае грахі цяжкія.
Пераклад зроблены 18 – 20 лютага 2025 года, Гомель.
Свидетельство о публикации №225022101112