М. Савiцкi. Лiчбы на сэрцы
З успамінаў М.С.:
«... Усе мае спробы збегчы кожны раз ажыццяўляліся не з самога канцлагера. Адтуль уцячы было немагчыма: некалькі радоў дроту пад токам, вышкі з кулямётамі. Уцёкі з пекла часцей за ўсё правакацыйна арганізоўваліся самімі эсэсаўцамі. Ведаючы прызначаны час, ахова крыжаваным агнём расстрэльвала ўцекачоў. А за кожнага забітага ахоўнікі заахвочваліся водпускам...»
***
Глядзець на гэтыя палотны і даваць ім мастацкую адзнаку цяжка. Маўклівыя фігуры нябожчыкаў надоўга ўразаюцца ў памяць тых, хто хаця б на хвіліну затрымаецца каля твораў гэтага мастака-філосафа, летапісца людскіх пакут і жахлівых узрушэнняў ХХ стагоддзя.
Сам ён выжыў цудам, прайшоўшы праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры. І пазней, праз дзясяткі гадоў, выкажа праўду на палатне. Не словам, а тым, чым валодаў бездакорна і па-майстэрску: сваім не ўмелым хлусіць пэндзлем. Міхаіл Савіцкі агаліць тую праўду, сведкам якой стаў сам, перажыў і замоўчванне якой усё жыццё лічыў здрадай.
***
У 1974 годзе ў Саюз мастакоў прыйшоў ліст, аўтарам якога быў Георгій Іванавіч Карнілаў. З ім Міхаіл Андрэевіч Савіцкі прайшоў усе мукі фашысцкага пекла ў канцлагерах Германіі. Разам яны здзяйснялі ўцёкі, паміралі, выжывалі...
Запрасіўшы на той час ўжо вядомага мастака да сябе ў Туапсэ, Георгій Іванавіч пацікавіўся: «А ці напісаў ты што-небудзь пра ГЭТА?».
Сустрэча падштурхнула народнага мастака БССР да пачатку працы над стварэннем 16 карцін, напоўненых сімвалізмам і адначасова дакументальна дакладных: апавяданне аб жахах, якія тварыліся фашыстамі ў канцлагерах...
Так з'явіўся адзін з самых цяжкіх і знакамітых цыклаў у творчасці мастака — «Лічбы на сэрцы», які захоўваецца сёння ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.
ВЯЗЕНЬ 32815
На фоне каваных варот Бухенвальда, у верхнюю частку якіх уманціраваны надпіс «Кожнаму сваё», адлюстраваны юнак ва ўбогай робе зняволенага. Па яе крысах прадрукаваны літары К, L — канцэнтрацыйны лагер. Маленькі чырвоны трохкутнік з літарай R азначае — рускі, палітычны. Над ім, як і на жэтоне, падвешаным на вяровачцы, — нумар, пад якім лічыўся вязень. Страта жэтона каралася смерцю. Юнак стаіць горда выпрастаўшыся. У яго асуджальным поглядзе дзёрзкая смеласць непакоранага.
Палатно, масла. 180Х90, 1976
ЭТЭРСБЕРГ — ГАЛГОФА ХХ СТАГОДДЗЯ
Адлюстраваны бухенвальдскі бункер — месца адзіночных карцэраў і катаванняў. У тупіку калідора на кратах падвешаны, як бы распяты, юнак. Крывавая зорка пунсавее на яго грудзях. Гэта пакутніцтва не ў біблейскія часы, а падрыхтаванае чалавецтву ў ХХ стагоддзі. Крыжападобна распасцёртая фігура — увасабленне пакут, прынесеных фашызмам.
Палатно, масла. 250Х140, 1978
АДБОР
Знішчаючы вязніц жаночых канцэнтрацыйных лагераў, фашысты выбіралі самых маладых і прыгожых для медыцынскіх эксперыментаў. На палатне фігуры дзяўчат падобныя на залатыя зліткі. Цынічна-дзелавітае аблічча гітлераўскіх малойчыкаў кантрасціруе з бязмерным адчаем іх ахвяр.
Палатно, масла. 160Х180, 1978
«КАНАДА»
Імкнучыся знішчыць цэлыя нацыі , эсэсаўцы падманным шляхам прымушалі з’яўляцца асуджаных на смерць. Маючы пры сабе ўсё каштоўнае. «Канада» — так называлі каты пункты збору незлічоных багаццяў. Пасля аграблення людзей заганялі ў газавыя камеры. Чарада фігур на другім плане карціны — апошні шлях асуджаных. Агідны цынічны эсэсаўскі завадатай — увасабленне брыдоты, якая настала на зямлі.
Палатно, масла. 140Х140, 1978
«ЛЕТНІ ТЕАТР»
Так на жаргоне эсэсаўцаў называліся ямы для спалення трупаў (печы крэматорыяў не спраўляліся з гэтай задачай), куды целы зграбаліся бульдозерамі. На карціне бульдозер са злавеснымі фарамі сімвалізуе той бездакорна наладжаны механізм знішчэння , якім быў кожны лагер смерці. Загінуўшыя людзі нагадваюць зрынутыя антычныя статуі, якія засталіся вечным увасабленнем прыгажосці і гармоніі. Права на жыццё фашыстскі рэжым дае толькі катам. Гратэскава пачварны садыст-эсэсавец. Спадзяецца выжыць любой цаной яго ўгодлівы памочнік — вязень з зондэркаманды.
Палатно, масла. 150Х200, 1975
СПЯВАЮЧЫЯ КАМУНІСТЫ
Гэтая карціна гучыць як гераічная сімфонія. Камуністы засталіся барацьбітамі да апошніх імгненняў свайго жыцця. Паказальны абрад пакарання іх лютай смерцю ператварыўся ў дэманстрацыю нянавісці да фашызму, веры ў будучую свабоду і перамогу справядлівасці. Разадранае навальнічнымі разрадамі неба быццам заклікана мастаком у сведкі трагедыі. Яго гнеўны вобраз прадвяшчае праведную адплату.
Палатно, масла. 240Х175, 1978
УЦЁКІ
У лагерах смерці людзі як маглі адстойвалі сваё спрадвечнае права на свабоду і жыццё. Пастаянна з рабочых лагераў рабіліся ўцёкі. У карціне адны вязні карабкаюцца ўверх па дошках, перакінутых праз правады пад токам, другія — падаюць , расстраляныя з дазорных вышак. Хісткая піраміда цел, якая разбураецца на нашых вачах… Так трагічна паварочвалася ілюзія выратавання. Уцёкі звычайна правакаваліся здраднікамі і былі падставай для знішчэння людзей.
Палатно, масла. 250Х120, 1974
СПЯВАЮЧЫ КОНЬ
Так называліся каманды па прыбіранню трупаў з тэрыторыі лагера. Павозку з целамі вязуць запрэжаныя ў яе вязні, якіх падганялі хлыстамі эсэсаўцы. Пад страхам смерці зняволеных прымушалі пець.
Палатно, масла. 150Х150, 1979
НАГЛЯДЧЫК
Эсэсаўцы фарміравалі сярод зняволеных падкупленую «эліту» галаварэзаў і садыстаў, якіх назначалі наглядчыкамі. Яны падвргалі вязняў асабліва вытанчаным экзекуцыям, часцей за ўсё са смяротным вынікам. У карціне адлюстраваны тыповы эпізод на земляных работах — пакаранне за тое, што хворыя, знясіленыя палонныя не маглі выконваць непасільную працу.
Палатно, масла. 150Х150, 1979
ПРАКЛЁН
Адлюстраваная на карціне сцэна была паўсядзённай з’явай лагерных будняў. Многія вязні не маглі вынесці нясцерпных катаванняў і ўніжэнняў. Тады знаходзіўся найбольш просты выхад — самагубства. Са словамі праклёну фашызму зняволеныя «ішлі на провад». Правадамі пад токам агароджваліся лагеры.
Палатно, масла. 150Х150, 1979
ТАНЕЦ З ФАКЕЛАМІ
Па цэнтру палатна, як злавесны сімвал варварства, вырысоўваецца страшэннае збудаванне з чалавечых цел і бярвенняў. Перад тым як яго падпаліць, фашысцкія галаварэзы «забаўляюцца» танцам з факеламі. Такі апагей вытанчанай фантазіі злосных цемрашалаў… Фігуры катаў мастак паказвае канвульсіўна скрыўленымі, падкрэсліваючы іх нікчэмнасць і агіднасць. Але мармурова свецяцца целы ахвяр, прыгожыя іх твары з адбіткам адлучанага спакою. Гэтым алегарычным супрацьпастаўленнем мастак сцвярджае цудоўнае насуперак жорсткасці факта.
Палатно, масла. 180Х120, 1978
МАДОННА БІРКЕНАЎ
У адрозненне ад іншых палотнаў серыі, маючых дакументальную аснову, гэта пабудавана на асацыятыўна-вобразнай сімволіцы. Над чарнеючым сілуэтам крэматорыя жаночага лагера Біркенаў лёгка лунае, узносіцца ў неба мадонна — сімвал усіх загінуўшых маці. Яна такая ж пераможна цудоўная, якой адлюстроўвалася ў жывапісе Адраджэння. Ідэал любві, прыгажосці і мацярынства для цемрашальства недасягальны. Ён непахісны і бессмяротны. І быццам адраджаючы жыццё, попел спаленых прарос сціплымі палявымі кветкамі.
Палатно, масла. 180Х180, 1978
SOS!
Адлюстраваная на гэтым палатне сцэна расказвае аб падзеях, якія адбываліся ў Бухенвальдзе вясной 1945 года. Падпольшчыкі, камуністы лагера назапасілі зброю, зманціравалі ў вядры рацыю. Рыхтавалася паўстанне. Група вязняў сабралася вакол рацыі. Іх твары, застылыя ў напружаным чаканні, азораны светам надзеі, раз’юшанай прагі да свабоды. У эфір ляціць сігнал няшчасця «SOS!».
Палатно, масла. 200Х150, 1978
СВАБОДА
Перад зняволенымі, змучанымі пакутамі і нечалавечымі ўмовамі знаходжання, адчыняюцца дзверы. На парозе з'яўляецца салдат, які дазваляе вязням, знясіленым і страціўшым надзею на выжыванне і выхад з пазбаўлення волі, убачыць сонечнае святло, якое сімвалізуе канец вайны, свабоду і пазбаўленне ад пастаяннага чакання смерці ...
Палатно, масла. 1987
ГЭТЫЯ ВЫЖЫЛІ
Гэта незвычайны групавы партрэт толькі што вызваленых з няволі — мужчын і дзяцей. Вобраз савецкага салдата выпісаны ў залацістых танах. З’яўленне на палатне сонечнага колеру на фоне змрочных зняволеных стала увасабленнем перамогі ў страшнай вайне, якая каштавала чалавецтву мільёны жыццяў.
Палатно, масла. 1987
АПАЗНАННЕ
Плач бядуючых жанчын, якія заспелі толькі нежывыя целы сваіх сыноў, бацькоў, мужоў, здаецца, чутны нават праз застылыя вобразы на палатне... Побач з тужлівымі постацямі — маленькая дзяўчынка, якая зраслася з жахамі настолькі, што глядач не бачыць ні слязінкі на яе твары.
Палатно, масла. 1987
***
Ён гарэў у тыфознай агоніі, калі 29 красавіка 1945 года наступіла доўгачаканае вызваленне.
З успамінаў М.С.:
«...Дахау планавалася знішчыць сродкамі авіяцыі і артылерыі. Быў ужо прызначаны час. Але жонка кашталяна лагера паведаміла пра задуманую акцыю камандаванню амерыканскіх войскаў, якія наступалі на Мюнхен, — хутчэй за ўсё, жанчына спадзявалася змякчыць сабе прысуд. Амерыканцы паскорылі прасоўванне на Дахау. Толькі таму я і застаўся жывы...»
У жывапісе Міхаіла Савіцкага, як гэта было і ў ягоным жыцці, шмат сэнсу, але зусім мала яркасці і параднага бляску.
У 1986 годзе мастак пачне стварэнне цыкла "Чорная быль", прысвечанага аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
***
ЗАЎВАГА:
З першых дзён вайны Міхаіл Савіцкі быў на фронце. Усе 250 дзён гераічнай абароны Севастопаля заставаўся яе ўдзельнікам. Неўзабаве апынуўся ў канцлагерах Дзюсельдорфа, Бухенвальда і Дахау. У дні абароны Севастопаля Савіцкага двойчы прадстаўлялі да ордэна Чырвонага Сцяга і адзін раз да медаля «За адвагу», але знаходжанне ў палоне абнуліла гэты гераічны рахунак.
Толькі ў 1985 годзе яго нагнаў ордэн Айчыннай вайны II ступені, а ў 2006 годзе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прысвоіў Міхаілу Савіцкаму вышэйшую ўзнагароду — званне Героя Беларусі.
***
Пры падрыхтоўцы артукула выкарыстоўваўся матэрыял з адкрытых крыніц, а таксама архіў перыядычных выданняў «ЗВЯЗДА», «СБ-Беларусь сегодня», дакументальны фільм паводле сцэнарыя Г.Бураўкіна "Апаленая памяць"; дакументальны фільм АТН Белтэлерадыёкампаніі "Міхаіл Савіцкі. Таямніцы біяграфіі".
Свидетельство о публикации №225022200954