Лёгкiя Еуропы

Вось і прыспеў час для асобнага аповеду аб нашым балоце. Магчыма, хтосьці гідліва падцісне вусны: ат, знайшоў тэму! Лепш ужо казку пра коцікаў або нарыс пра лес ці поле, а то – балота! Каму такое спадабаецца? Хіба што Шрэку?

Але сёння распавядаю менавіта пра балота. Гэта не толькі цэлы свет для розных цікавых істот, але і вельмі адчувальны да зменаў прыродны кампанент. Не, я не збіраюся чытаць лекцыю аб ролі падобных экасістэм і іх жыхарах, хаця гэта і вельмі цікавая тэма. Збольшага закрану дзіцячыя ўспаміны, але не абмяжуюся толькі імі.

Дрыгва, багна... Топь, трясина... Верагодна, у кожнай мове ёсць словы, якія не выклікаюць аптымізму, калі маюць на ўвазе такую прыродную з’яву, як балота. Колькі добрых казак складзена аб рэчках і азёрах, нават раўчуках, а вось на балотах заўсёды жывуць ці ведзьмары, ці чэрці, ці проста кепскія людзі. Хаця што я кажу? Адзін з маіх любімых раманаў так і называецца – «Людзі на балоце», і большасць герояў трылогіі – гэта даволі прыемныя людзі, хоць і са сваімі недахопамі. Іван Мележ – цудоўны пісьменнік, які яскрава паказаў жыццё простых людзей у няпростыя часы.

Відаць, тут працуюць такія ж сумныя стэрэатыпы, як і ў адносінах да павукоў: колькі карыснага нам прыносяць хатнія членістаногія, а колькасць арахнафобаў з кожным годам павялічваецца. А пра бугіфобію чулі? І я не, але Інтэрнэт кажа, што гэта і ёсць балотабоязь.

Мяркую, мае пачцівыя адносіны да такой загадкавай часткі прыроды ідуць з дзяцінства, бо наша вёска, зрэшты, як і сам край, славіцца балотамі. Іх было яшчэ больш, але меліярацыя не супыняецца і сёння. Прызнаюся, маленькімі мы баяліся балота. Мая стрыечная сястра лічыла, што там жыве балотнік «Лечень» (аўт. – назва на рускай мове), а мяне пужала злавеснае «уканне», асабліва ўвечары. Хто ж тады ведаў пра жабак-жарлянак?

Зараз нікога не здзіўляе абыякавасць моладзі да вывучэння родных мясцінаў, а вось на нас паўплывала адсутнасць сучасных забаваў у дзяцінстве (аўт. – дзевяностыя – пачатак нулявых гадоў). Як правесці вольны час пасля школы, у выхадныя ці на канікулах, асабліва зімніх? Можна кніжку пачытаць. Яшчэ мелася пэўная колькасць настольных гульняў: ад пазлаў да шахматаў. Памятаю, як мы гралі ў карты, раскладвалі дзясяткі мудрагелістых пасьянсаў. Надакучыць – глядзелі тэлевізар. У ліхіх дзевяностых многія мелі «ящик» (аўт. – назва на рускай мове), а мятровыя антэны лавілі тры каналы. Больш прасунутыя рабілі ці куплялі дэцымятровыя, якія маглі прымаць ужо шэсць тэлеканалаў. Не так і шмат, да таго ж удзень часцяком можна было назіраць і слухаць хіба што «белы шум» ці рознакаляровую табліцу: загадкавае і фаталістычнае слова «прафілактыка» ў сучаснікаў ужо не выклікае ніякіх эмоцый. Зрэшты, у тыя часы якасць «кантэнту» была зусім іншая: глядзелі з цікавасцю, выбар існаваў на любы густ. Толькі хопіць пра гэта, бо я адхіліўся ад тэмы.

Чым яшчэ заняць дзіцяці, асабліва ўзімку? Вядома, рознымі зімовымі забавамі. У тыя часы нас нават мароз не супыняў. З-за вялікай сцюжы маглі адмяніць заняткі ў школе, але ніхто не забараняў катацца на санках і на лыжах, будаваць снегавікоў ці снежныя вежы. Канешне, для апошняга патрабаваліся снег і пэўная тэмпература, і гэтыя дзве ўмовы не заўсёды супадалі. Заставаліся яшчэ канькі, толькі далёка не кожны быў здольны іх набыць і навучыцца катацца. Гэтая забава прайшла міма нас. Заставалася толькі ціха зайздросціць старэйшым, якія лёталі па мясцовых сажалках узад і ўперад нібыта фігурысты.

Балота. Падавалася, што яно ніколі не надакучыць. Улетку там асабліва не было чаго рабіць, хіба што слухаць жабак ці чаек; вялікай удачай лічылася ўбачыць вадзянога пацука. А вось узімку пачыналіся сапраўдныя прыгоды. Першы надзейны лёд чакалі нібыта як свята, таму было не так крыўдна праважаць цёплае лета з доўгімі канікуламі, роварамі, пікнікамі і іншымі цікавымі справамі, якія ўзімку недаступныя. Нават самы першы лёд, які не трымаў і падлетка, выклікаў столькі эмоцый, што зараз іх немагчыма цалкам адрадзіць у памяці.

Варта дадаць: многія дарослыя таксама чакалі, калі балота скуе лёд, таму што любілі скарачаць шлях праз часова цвёрдую водную прастору. Хтосьці захапляўся падлёднай рыбалкай, але такіх, па маіх назіраннях, было няшмат. А мо яны проста ездзілі на далёкі Сож?

Раней было цікавей, і гэта не проста пыхлівыя словы. Забалочанасць нашых мясцінаў у тыя часы дасягала неймаверных маштабаў. У джунглях чароту і рагозу можна было заблукаць. Сярод гэтага ўсяго мы неяк натрапілі на некалькі вялікіх вадаёмаў, якім адразу ж далі назву – «залы». Цікава было б павандраваць там не толькі па лёдзе, але і на лодцы. На жаль, ужо немагчыма...

Астравоў у нашай мясцовасці я не прыгадваю, але іх нам замянялі вялікія купіны, хмызнякі і іншыя цяжкадаступныя месцы. Як потым высветлілася, старэйшыя будавалі там хаткі-палаткі.

Ніхто не замінаў абыходзіць балота з усіх бакоў, перашкодаў проста не існавала. Хіба што было месца, якое не замярзала нават у моцныя маразы – яго мы баяліся і не лезлі туды. Цікавасць да зімовых вандровак па балоце ніколі не гублялася, як ніколі не надакучала вывучаць і «джунглі», і «залы», хаця мы ведалі літаральна кожны метр гэтай прасторы, хіба што мапы не малявалі. А хто ведае, мо і малявалі – доказаў і ўспамінаў не захавалася...

Бясспрэчна, нашыя інтарэсы не абмяжоўваліся бліжэйшым балотам. Мы перасоўваліся і ўверх па цячэнні – да так званага возера Мяшанцава, якое на афіцыйных мапах нічым не адрознівалася ад шматлікіх безыменных сажалак. Толькі і яно пакрысе пераўтварылася ў балота – нязменная эвалюцыя амаль кожнага вадаёму. Часцяком мы цягнуліся і ўніз па цячэнні – да возера Махаў, якое таксама забалоцілася, але на старых мапах усё яшчэ існуе, і нават са сваёй непаўторнай назвай. Сёння гэтай сажалкі зусім не бачна. Так, калісьці мы сапраўды лічылі, што Махаў – традыцыйнае возера, і нават баяліся падыходзіць бліжэй, бо думалі, што яно глыбокае як мае быць, а насамрэч ягоная глыбіня зусім смешная: яно зараз часцяком цалкам перасыхае на працягу году. Вось вам і вялікае возера Махаў...

Чаму ж я кажу нібыта ў мінулым часе? Ці вада назаўсёды сыйшла? Ці прыйшлі меліяратары? Насамрэч, галоўны кампанент жыцця з некаторага часу паводзіць сябе непрадказальна: то залівае, як ніколі, то сыходзіць амаль зусім. Такое адчуванне, што людзі нешта парушылі. Ці плануюць нейкую шкоду...

Калі скончылася маё дзяцінства? Пасля вучобы ў адзінаццатым класе сярэдняй школы прайшло ўжо столькі гадоў, колькі мне было ў той час – васемнаццаць. Але я быў старэйшым у нашай мясцовай кампаніі, таму, вядома, мы працягвалі вандраваць і вывучаць родны край: суседнія вёскі, палі, вадаёмы і лес. Толькі вось з нашым балотам гэта не магло працягвацца бясконца...

Дакладна не прыгадаю, калі пачалася вялікая меліярацыя – здаецца, гадоў пятнаццаць таму. Можа, сцёк пагоршыўся, а можа, камусьці рэзалі вока зараснікі рагозу, але прыйшлі меліяратары, і балота ў нашым разуменні спыніла сваё існаванне. Невялічкую частку паміж чыгункай і вуліцай не чапалі, але з іншага боку зрабілі вялікую сажалку, ад якой пракапалі канал напрасцяк да Махава. Гектары чароту і рагозу проста зніклі, як і грандыёзныя «залы», зямля падсохла і на ёй пачалі пасвіцца каровы. Заставаліся невялічкія кавалкі некранутай прыгажосці, дый Мяшанцава пакуль не чапалі, але былую веліч ужо не вярнуць...
 
Аднавяскоўцы хутка сцямілі, што да чаго. Адзін гаспадар, відаць, увогуле вырашыў, што чайкі і жабкі засталіся ў мінулым, таму хутка пабудаваў хату ўсутыч з рэшткамі старога балота і новай сажалкай. Мы глядзелі на дзівака, які нават частку раўчука схаваў за плот, і здзіўляліся. Хіба так можна было? А хата не паўторыць лёс «Тытаніку» падчас першай паводкі?

Але і іншыя не адставалі. У нейкі час мы заўважылі, што пэўнымі шляхамі ўжо не прайсці: там, нібыта грыбы пасля дажджу, выраслі платы. Балота перайшло ў прыватную маёмасць... Але гэта рабілася не так стыхійна і не выклікала хвалявання. А вось сёлета...

Сёлета я вырашыў наведаць тыя самыя шляхі дзяцінства, хаця даўно ведаў, што іх ужо няма. Колькі ж часу я не наведваў мясціны, якія размяшчаліся літаральна ў некалькіх хвілінах ад майго дому? Гадоў дзесяць ці пятнаццаць? Я заўсёды праходзіў міма, абяцаючы некалі вылучыць час для сапраўднага даследавання...

Варта адразу сказаць: усё было горш, чым я меркаваў. Так, вельмі шмат хмызняку – цяпер не паўсюль можна прайсці нават зімой. Да гэтага я быў падрыхтаваны: далібог, каму займацца яшчэ і хмызнякамі, якія растуць нібыта бамбук? Але мяне ўзрушыла, як многія аднавяскоўцы, з дазволу ці без, далучылі да сваіх агародаў тое, што раней было балотам. Хтосьці захапіўся настолькі, што ўвогуле нічога не пакінуў прыроднай экасістэме, ды яшчэ і ўсталяваў слупы – далей не пройдзеш. Я перажыву, а куды пойдзе вада? І гэта з улікам, што ў нас нават традыцыйна сухія мясціны ў апошнія гады залівае. Можа, плануюць вырошчваць рыс? А яшчэ варта ўлічваць, што сучасная моладзь не надта імкнецца працаваць на зямлі ці з жывёлай.

Гледзячы на ландшафт, які змяніўся да непазнавальнасці, я быў вымушаны прызнаць, што месцамі сапраўды не прайсці не толькі ўздоўж, але і па самім канале, бо перашкаджаюць платы і хмызнякі. Раўчак, вядома, прыватызаваць пабаяліся, але ў мяне не атрымалася прасунуцца нават па лёдзе, таму што некалі «аптымізаваны» водны шлях моцна зарос.

Я акінуў позіркам мясціны, якія ведаў з дзяцінства. Канешне, на штосьці я мог і забыцца, але ж як моцна змяніўся краявід! Думаю, і фотаздымкаў з тых часоў не надта захавалася, каб параўнаць, тым больш, што першы тэлефон з камерай мне падарылі толькі на васемнаццацігоддзе.

Я ўявіў, што яшчэ праз пятнаццаць гадоў апошнія каналы схаваюць у трубы, а тут пабудуюць чарговую вуліцу, ці проста разаруць, што найбольш вераемна, і ўздыхнуў. Бяздумнае ўзворванне нагадала мне прытчу пра лес, які галоўны ляснічы вырашыў пачысціць, «аптымізаваць». Чалавек быў упэўнены ў тым, што хмызнякі, трава, апалае лісце, буралом, ламачча і іншае «смецце» толькі шкодзіць лесу, але, мяркую, усім зразумела, якімі апынуліся наступствы такой «аптымізацыі»…

А балота, калі хтосьці забыўся – гэта крыніца сілкавання рэк. Усё дзяцінства я пражыў з думкай, што ў нашай мясцовасці няма нават невялічкай рачулкі, але іх аказалася ажно дзве – Рандоўка і Белічанка. Праўда, паўнавартаснымі рэкамі іх назваць цяжкавата, хаця вытокі вялікіх сусветна вядомых блакітных артэрый планеты якраз і пачынаюцца са сціплых крынічак, балота, возера ці ледавіка. Значыць, Мяшанцава сілкуе і Белічанку, і Рандоўку, апошнюю менавіта праз нашае балота. Далей абедзве рачулкі ўпадаюць ва Узу, па якой аматары праводзяць сплавы, а тая ўжо сустракаецца з Сажом. Што далей? Хто вучыў геаграфію, здолее працягнуць ланцужок: Дняпро, Чорнае, Мармуровае і Міжземнае моры, і нарэшце Атлантычны акіян. Вось як атрымліваецца, што дзіцём ніхто з нас і не задумваўся: нашае невялічкае балота мае сувязь з такімі знакамітымі морамі і ўвогуле з Сусветным акіянам!


15–18, 24 лютага 2025, Яроміна, Гомель;
26 лютага 2025, Гомель (дробныя праўкі, выпраўленне памылак, публікацыя);
20 сакавіка 2025, Гомель (дробныя праўкі: замена «было бы» на «было б», «Ўзу» на «Узу»);
24 красавіка 2025 (выпраўленне памылкі «дый і»).


Рецензии