Новы жыхар
Адкуль прыляцела навіна, што ў сядзібу на днях прыбудзе новы жыхар, адразу ніхто і не зразумеў.
Але ж усім, да каго дайшлі апошнія чуткі, было цікава, хто ж такі з’явіцца ў якасці новага жыхара. І ці з’явіцца ўвогуле?
Адны казалі, што трактар Дыдэрдас мог ведаць пра ўсё дакладна, бо ён знаходзіцца заўсёды побач з гаспадаром. Але той сябраваў толькі з Летуценнікам. А стары конь не меў звычкі распаўсюджваць плёткі.
Іншыя меркавалі, што небыліцы — гэта справа языка Фантазёра. Толькі кот мог маленькую муху з лёгкасцю ператварыць у вялізнага слана. На гэта ён быў мастак, амаль што лепшы ў вёсцы Коцікі.
Куры з качкамі лічылі, што і каза Маліна была здольнай на распаўсюджванне асабістых выдумак…
Школьнікі Шусь, Шась і Аксаміт па дарозе з заняткаў дадому таксама дыскутавалі. Малыя, ў адрозненне ад дарослых, паверылі ананімнай навіне і з нецярпеннем чакалі новага жыхара. Яны паспелі вывучыць ўжо шмат экзатычных прадстаўнікоў фауны і зараз імкнуліся кожны прадэманстраваць свае веды.
— Было б выдатна, калі б да нас далучылася якая-небудзь малпа ці кенгуру! — разважаў Шусь.
— Ці ў сваім ты розуме, дружа?! — здзівіўся Шась. — Ім тут будзе вельмі холадна. Вось беламу мядзведзю было б даволі ўтульна ў нас. Мы б з ім разам хадзілі на копанку купацца!
— А я б пажадаў, каб да нас далучыўся вярблюд! Яны могуць доўга абыходзіцца без ежы і амаль што два тыдні без вады. Вельмі эканамічныя жывёлы. Тое, што патрэбна нашаму гаспадару! — выказаў сваю думку і Аксаміт. — На благі канец, няхай гэта будзе жыраф: будзе здымаць яблыкі, якія растуць вельмі высока.
***
Праз некалькі дзён у сядзібе, на самой справе, з’явіўся доўгачаканы новы пастаялец.
Жвавы страус Інакенцій, якога адрузу ж пачалі зваць Кешай, выклікаў цікаўнасць амаль што ў кожнага з падворка.
— Ніколі б не падумаў, што страусы такія велізарныя! На малюнку ў падручніку ён зусім маленькі. А ў жыцці — сапраўдны гігант! — здзівіўся Шусь.
— І як нам з гэтым Гуліверам сябраваць і гуляць у даганялкі? Аднойчы ён нас не заўважыць і прабяжыцца па нам сваімі моцнымі страусінымі лапамі! — прамармытаў больш уражлівы Шась.
Але ў хуткім часе птушаняты пасябравалі і весела гулялі разам. Кеша быў добрым і ўважлівым да новых сяброў.
***
З’явіўся маленькі страус ў Міцькінай сядзібе, маючы таксама асабістую гісторыю за плячыма. Да нядаўняга часу Кеша жыў на страусінай ферме непадалёку ад вёскі Коцікі. Інакенцій быў дужа свабодалюбівым. Як толькі гаспадыня прыходзіла накарміць гарэзу, ён імкнуўся ўцячы. Некалькі разоў яго знаходзілі за межамі страусінай фермы, дзе ён давольны нарэзваў кругі вакол ляснога возера.
Менавіта там страусяня пазнаёмілася з буслікам Стасікам і крумкачыкам Яшай. Птушкі распавялі гаворку пра сваё цудоўнае і вясёлае жыццё ў Міцінай сядзібе. Інакенція вельмі ўразіў расказ новых сяброў, і ён пажадаў далучыцца да жыхароў сядзібы.
Калі марыць пра нешта добрае, то яно зусім хутка можа здзейсніцца. Пазней высветлілася, што заатэхнік Міця Моцін быў добра знаёмы з гаспадаром страусінай фермы Іванам Тарасевічам. Мужчыны пагаварылі, і Ваня з радасцю развітаўся з уцекачом, даверыўшы лёс свайго выхаванца новаму гаспадару з вёскі Коцікі.
Кеша, трапіўшы ў сядзібу да Міцькі, адчуў сябе па-сапраўднаму вельмі шчаслівым і таксама далучыўся да вучняў анімалістычнай школы.
Свидетельство о публикации №225030200554