Вяселле
У хуткім часе ў сядзібе ўжо ведалі ўсе, што гападар вырашыў жаніцца. Амаль што цэлы год Міцька сустракаўся са сваёй Аленкай. Дзяўчына была ветлівай і вясёлай. Фауна падвор’я яе палюбіла, калі Алена дапамагала Міці прыводзіць у парадак вясной сад. Кураня Шусь і качаня Шась увесь час бегалі за нявестай Міцькі. Ім было вельмі цікава назіраць за будучай гаспадыняй. Аксаміт і Маліна таксама з задавальненнем прымалі ўдзел у садовых клопатах.
Афіна, Кусь і Гаджэт займаліся падрыхтоўкай да новай чвэрці, пакуль малыя былі на канікулах.
Дыдэрдас сумаваў, стоячы пад навесам. Нават Летуценнік не мог яго развесяліць. Міця на днях стаў уладальнікам новага аўтамабіля і зараз усюды ездзіў на ім. Старэйшыя птушкі і жывёлы былі занятыя сваімі дарослымі справамі.
Паколькі Міцька быў адказным жаніхом, то ўжо загадзя набыў пярсцёнак для сваёй нявесты. У той жа дзень ён паклаў яго на невялічкі столік і часова забыўся пра яго.
А потым пярсцёнак знік. Птушаняты нават спалохаліся, што не будзе вяселля. А ім ужо так падабалася добрая і клапатлівая Аленка.
Высветлілася, што акенца ў пакоі гаспадара было адкрыта. А як жа інакш: на вуліцы было цёпла і сонечна. З гэтай нагоды Міця і адчыніў акно, каб упусціць свежае паветра.
***
Шусь і Шась вырашылі шукаць злачынца. Птушаняты абышлі сядзібу і апыталі амаль усіх жывёл і птушак, але ніхто не бачыў, як і куды знік пярсцёнак.
— Засталося знайсці Фантазёра і задаць яму пытанне. Як ты мяркуеш, Шась, ці не мог ён сцібрыць рэч? — спытаў Шусь у сябра.
— А навошта кату ўпрыгажэнне? У яго толькі адна забава была — да Касі ў кладоўку лазіць па смятанку. А зараз, калі гаспадар начапіў яму на шыю званочак, то і ў кладоўку не імкнецца трапіць. А вось і ён сам бяжыць. Давай спытаем ў яго.
— Добры дзень, шаноўны Фантазёр! — пачаў гаворку Шась.
— Якая ў цябе прыгожая блакітная камізэлька сёння! Гэта — твой колер, можаш не сумнявацца! Вельмі падыходзіць да тваіх несумленных вачэй! — падтрымаў гутарку надта прамалінейны Шусь. — А ну каліся, хітрун, ці не браў у гаспадара пярсцёнак на століку?
— Сябры мае, што вы такое кажаце?! Навошта мне, такому важнаму і прыгожаму кату, пярсцёнак? Мне хапае і званочка на шыі, — масляным голасам прамуркаў добра ўкормлены Фантазёр.
— Шкада, што гэта не тваіх лап справа. Мусіць, не знойдзем мы злачынца сёння, — засумаваў уражлівы Шась.
— Але чакайце, сябры… Вы кажаце, што акенца ў пакоі было адчынена? — раптам пацікавіўся Фантазёр.
— Так, было адкрыта, — пацвердзіў Шусь.
— Тады, здаецца, я здагадваюся, хто мог на Міціну маёмасць пасягнуць, — узрадаваўся кот і хуценька выбег за ваколіцу.
Фантазёр добра ведаў, дзе заўсёды можна было знайсці сароку Злату. І на гэты раз мясцовая какетка была на сваім сталым месцы. Але самае галоўнае — адна з двух тонкіх птушыных лап была ўпрыгожана пярсцёнкам.
— Прывітанне, сябровачка! — звярнуўся да сарокі кот. — Які ў цябе прыгожы пярсцёнак! Дзе ж ты яго набыла? Колькі каштуе? Мабыць, вы з нашым гаспадаром у адной краме куплялі цацкі, бо ў Міцькі такі ж пярсцёнак знік сёння раніцай.
Злата зразумела, што няма сэнсу хлусіць. Але ж сарока хуценька знайшла апраўданне свайму ўчынку.
— Ці не памятаеш, Фантазёр, як паабяцаў некалі разлічыцца са мной за адну дапамогу? Ты захацеў смятанкі, а я Касіну ўвагу адцягвала. Вось і палічыла, што гэтая цацка і будзе разлікам за маю падтрымку.
— Але гэты пярсцёнак нельга браць, бо ён мне не належыць. Яго наш Міцька набыў, каб дзяйчыну замуж узяць. Я табе, калі хочаш, з радасцю ўзамен аддам свой званочак.
— Ты, Фантазёр, доўга не можаш без прыгод! Зноў захацеў у Касіну кладоўку трапіць, так?
— Злата, ты прыгожая птушка і вельмі разумная сарока. Але на гэты раз памыляешся. Я гатовы развітацца са сваім званочкам толькі дзеля гаспадара.
Злаце нічога іншага не заставалася, як аддаць пярсцёнак і начапіць узамен прыгожы званочак.
Фантазёр аднёс прапажу і паклаў на месца. Птушаняты і астатнія жыхары сядзібы, нарэшце, супакоіліся.
У хуткім часе Міця зрабіў прапанову сваёй нявесце, і яны пажаніліся. У сядзібе з’явілася доўгачаканая гаспадыня, і жыццё жыхароў падворка завіравала па-новаму.
Свидетельство о публикации №225030901517