Дванаццаты

– Рана вы прыехалі, таварыш газетчык, рабяты яшчэ на палётах, – прапыхкаў на хаду хлопец у тэхнічным камбінезоне, звяртаючыся да лейтэнанта, які дапамагаў яму валачы аб’ёмістую скрыню. – Палкавы народ пры справах са світання, ды справы тыя ўсё не перавядуцца. Ліпень выдаўся гарачы!

Як у пацвярджэнне яго слоў, па полі пранеслася пара знішчальнікаў і з выццём пайшла ўгору, скалыхнуўшы паветра. Лейтэнант не асабліва ўразіўся, толькі прытрымаў фуражку, вызваліўшы адну руку. Скрыню ён цягнуў борзда, хаця выгляд меў не тое каб крэпкі дый з дарогі запылены. А яшчэ меў карэспандэнцкі фотаапарат у скураным чахле цераз плячо і відавочную мэту візіту.

– Хіба ні з кім не перамоўлюся? Ці доўга распавесці пра полк, пра баявую працу, досведам карысным падзяліцца?

– Калі каго схопіце... усе вашы... Фу-ух! Але запарка ў маёй трэцяй эскадрыллі на ўвесь дзень. Людзей, ведаеце, малавата.

– А я ж чуў, загінулі сёлета ў трэцяй толькі два лётчыкі. І гэта за паўгода! Безумоўна, вынік таго, што праца наладжана як мае быць! – зазначыў лейтэнант патэтычна. Так і карцела сказаць: з прафесійнай здольнасцю хутка выцягнуць звесткі.

Тэхнік, знемагаючы ад спякоты ў поўнай форме ды пры фізічнай працы, нязручна выцер спацелы твар аб плячо.

– Точна так, два. Але яшчэ тры ад нядаўняга па шпіталях... З намі тут шасцёра... Дык тое на тое і выходзіць. Мала!

На гэтым слове ён цяжка апусціў скрыню на зямлю, змусіўшы госця зрабіць тое самае, і працягла выдыхнуў.

– Мне, зрэшты, пасада не дазваляе языком малоць. Вы ідзіце да лётчыкаў, хай самі разбіраюць, што казаць, што не... Ву-унь камандзір мой, да вылету рыхтуецца! – ён махнуў некуды да ўзлеску. – А мне б зараз пры самалёце быць.

– Усё, больш не турбую! Вельмі ўдзячны за садзеянне!

Лейтэнант пругкім крокам рушыў у падказаным напрамку і выйшаў да куста, на які дзіўным чынам была закінута гімнасцёрка. Тут жа схіліліся над разгорнутай мапай два знішчальнікі... Ці хто? Бо адзін, без сумневаў, быў дзяўчынай. У белай ніжняй кашулі, прычым мужчынскай, запраўленай у форменныя галіфэ. Гэткая вольнасць не перашкаджала ёй мець выгляд па-свойму стылёвы і бравы... бравы несвядома, таму што, зарыўшыся пяцярнёй у чорныя кудзеры, яна была паглыблена ў мапу. Твар палаў ад духаты і ад увішнай разумовай дзейнасці.

– Ага, вось і мясцовая валькірыя, – мармытнуў лейтэнант.

– ...Так, ну гэтым маршрутам мы да іх аэрадрома больш не выйдзем. Ніяк! Гэта быў фокус на адзін раз. Чорта з два яны дазволяць прычасаць стаянкі тым жа макарам.

– А што, калі адсюль? – яе таварыш няўпэўнена пастукаў па суседнім квадраце. Хвала статуту, адзеты як належыць вайскоўцу.

– Адсюль яны нас за вярсту засякуць і паспеюць падняць каго наперахват. Не, ну можна яшчэ з захаду, чаму не? Кружным шляхам. Ды гэта ж час, бензін! Дадому ісці амаль з пустымі бакамі! Па ўсім выходзіць: трэба ламануцца напрасцяк. Але пытанне: туды або сюды?

– Выбачайце, а вы ляцець плануеце... удваіх?

Дзяўчына ўскінула галаву і змерыла лейтэнанта беглым крытычным позіркам, нібы тэлеграфны слуп, які вырас сярод дарогі.

– То гайда з намі, таварыш ваенкар! Акурат жывец патрэбны – фрыцаўскую ўвагу адцягнуць. У кабіне сядзець па службе не даводзілася, не?

– Чую скепсіс, – мовіў ён сціпла і нібы цалкам сур’ёзна. – А мяне цікавіць усяго арганізацыя лётнай працы. Ці адпавядаюць умовы чаканням, баявыя задачы – навыкам. Як ваюецца пры нястачы асабовага складу...

Пакуль ён ладна далучаў фразу да фразы, яна ўтароплівалася яму ў вочы бессаромна і ўчэпіста, быццам каб не глянуў зверху за выраз кашулі.

– Вы вось што, – адсекла яна, – адразу матайце на вус: афіцыйна размаўляць не ўмею. Як і выбіраць абцякальныя фармулёўкі. Адзетая вунь таксама... мда. Калі газеце трэба штось тыповае і ідэйна выверанае, то я не я й пасада не мая! Слаў, давай ізноў...

Лейтэнант заспяшаўся, тэрмінова падключаючы фантазію:

– Нашто ж ідэйнасць, афіцыйнасць? Можна па-простаму. Ну, хаця б... Мо бывае складана, мо дапамогі дзе хочацца. А тут – адказнасць! Яшчэ і за пол.

Яе позірк памутнеў, выражаючы нейкае складанае спалучэнне эмоцый. Няўжо і тут промах? З тэхнікам ён навёў масты, падхапіўшы скрыню, а тут заходы неяк не працавалі.

– Слухайце сюды, спадар пісака! Паўтараю адзін раз, болей не ўмею! – тон у яе зрабіўся жалезным. – Тыповасць выцягвайце з каго-небудзь, хто сядзіць ды насвіствае...

– Ды я зусім не...

– А лепей сачыняйце самі. Дазваляю напісаць, як бязмежна шкада, што ў спадніцы нельга зашпіліць лямкі парашута, але, на шчасце, ад галіфэ мы, жанчыны, хутка пазбавімся, раз быў пераломлены ход вайны...

– А казалі, не ўмееце.

– І іншае скажу: я ўжо вылятала сёння і палячу зноў. Прыкладна... с-с-сабака, праз дзесяць хвілін! Калі абяру не той маршрут, – пляснула па мапе, – дапытваць вы будзеце мае парэшткі, а не мяне. Таму сардэчная просьба: не маячыць!

– Ваша праўда, – лейтэнант захоўваў пакуль анёльскае цярпенне. Ці то быў звыклы да адмоў, ці то страціў надзею на стандартны гераічны матэрыял, у які лётчыца не жадала ўпісвацца. Дзеля разнастайнасці звярнуўся да яе таварыша: – Ну а хтосьці вышэйшы па званні? Хоць пару здымкаў зрабіць!

– Камэск пад аб’ектыў тым больш не палезе. Такі чалавек! – добразычліва запэўніў той. І атрымаў ад паплечніцы штурхаль.

– А рызыкніце, мы ў вас верым! – абвясціла яна. – Бачыце, дыбаюць два цыркулі? Лавіце, катуйце на здароўе. Абы без нас!

Лейтэнант, якога адкрыта выправадзілі, праглынуў прыкрасць, скомкана развітаўся і пакіраваў прэч. На твары ў яго выразна адлюстравалася: «Ну і народ тут у вас! Адно што неахвота звязвацца...»

– Лід? Дык што, ты казала, з маршрутам?

– Нічога. Чакаю прапаноў!

– Уф-ф... Прапаную не ламаць галовы, а зматацца зноў да штурмана палка. І параіцца.

– А ён што, вярнуўся?

– Ну так, даўно. Заходзіла ж на пасадку іх шасцёрка...

– І ты маўчыш, нягоднік?! То давай, давай! Бягом!

Лейтэнант, не вытрымаўшы, зрабіў выгляд, што акідвае аэрадром позіркам, і ўхапіў, як лётчыца сарвала з куста гімнасцёрку і прыпусціла кудысьці. Яе таварыш тым часам таропка і няўклюдна складваў мапу, у якой не стыкаваліся згіны.

– Вось вам і наладжаная праца. Вось і карысны досвед! – не без расчаравання падагульніў лейтэнант і змахнуў парушынку з чахла фотаапарата. – Ла-адна, працягваем разведку!

У працяг былі «цыркулі» – капітан ды малодшы лейтэнант. Паспелі ўладкавацца ў цяньку пад плоскасцю знішчальніка з талеркамі кашы, а шклянкі з кампотам выставілі на земляны лапік перад сабой.

Капітан ледзь пабачыў «лейку» цераз плячо – забубніў з набітым ротам:

– Не-не-не! Не, таварыш дарагі. Я ў тыя фатальныя фотагульні не гуляю! Нават за ўсесаюзную вядомасць.

– Я ж і сказаць нічога не сказаў! Я, можа, пагаварыць...

Той, дажоўваючы, згодліва паківаў:

– Пагаварыць, канешне. Яно як? Маўчком у пастку не завабіць. А раскажыце, а пакажыце. А крыху правей, паварот у тры чвэрці ды каб ордэны пад святло... А потым – шчоўк! І фота ў рамку.

– Чорную, – удакладніў яго напарнік з непранікальным тварам сноба. І жэстам прыдзірлівага фатографа пасунуў шклянку, каб сонца выгадней адбілася ад граней. Зялёны ён быў настолькі, што хутчэй прымазваўся да пазіцыі старшага, чым трымаўся сваёй.

Вось нібы лётчыкі і лётчыкі, а бачна, што баявая пара.

– Дык і што ж, хіба кожнага збіваюць? – абурыўся лейтэнант, уколаты да глыбіні душы ўпершыню за час знаходжання ў кадры. – У мяне, даруйце, адваротна – рука лёгкая!

– Э-э-э, галубчык! – капітан пагразіў яму лыжкай. – Адкуль мне на гэтым свеце ведаць, ці праўду кажаш? А мяне, між іншым, чакаюць дома!

Малодшы лейтэнант, перш чым загаварыць, так пільна разглядваў госця, што ў таго па спіне мусілі прабегчы прахалодныя мурашкі няўтульнасці (хоць і смажыўся ён на санцапёку).

– А вось вядомасць... Вы пры газетным досведзе не маглі не сутыкацца. Наколькі хутка яе напрацоўваюць? Што можа павялічыць шанцы навічка? Ці значную ролю іграе сваяцтва? Удалае і няўдалае. Аб чым кажа статыстыка прысваення медаля Героя?..

– Аб тым, што нярэдка медаль пасмяротны, – лейтэнант кашлянуў і зрабіў крок назад, пакуль капітан кусаў вусны, хаваючы ўсмешку. – Ну што ж, не дык не, таварышы! Смачна есці!

Ён сышоў, і капітан за яго спінай урачыста адсалютаваў напарніку шклянкай.

Сёння лейтэнанту ўпарта не шчасціла. А мо непаразуменні суправаджалі яго заўжды? Бо далей ён аступіўся на роўным месцы: ішоў ускрайкам лётнага поля, змарнела выціраў лоб рукавом, прыўзняўшы фуражку над бландзіністымі з рыжынкай валасамі. Азірнуўся кудысьці, спатыкнуўся ні на што – і... паляцеў пад зямлю.

– Дзівак чалавек, пад ногі глядзі! Апарат свой раскокаеш! Самае меншае.

Цяпер лейтэнант паўсядзеў на дне даўжэзнай і вузкай шчыліны-яміны, заглыбленай у глебу трошкі больш, чым па калена. У падзенні ён рэфлекторна схапіўся за чахол абарончым жэстам, а зараз таропка абмацаў і перавёў дух: відаць, абышлося!

Непадалёк абапіраўся на рыдлёўку нейкі плячысты хлопец і цікаўна пазіраў на яго зверху ўніз. Быў ён без рамяня, па-працоўнаму падкасаў рукавы і наводзіў на думку пра гэткага волата з падання, толькі не ў даматканай кашулі, а ў змакрэлай вайсковай гімнасцёрцы. За яго спінай працягвалі капаць іншыя хлопцы – меркавана, батальён аэрадромнага абслугоўвання, што запазніўся з падрыхтоўкай лётнага поля.

– Памагчы?

– Не-не, парадак, устану!

Лейтэнант даволі спрытна падняўся, хоць і вохнуў: падзенне яўна будзе каштаваць яму сінякоў. Пакуль абтрасаўся ад зямлі, волат кіўнуў на фотаапарат:

– Наш?

– Нямецкі. Мой асабісты.

– То і бачу, што асабісты. Над казённай рэдакцыйнай маёмасцю гэтак не трасуцца. Тут такая штукень, што тады свая галава даражэйшая. І як, даўно здымаеш?

– Даўно, – лейтэнант памарудзіў і дадаў, як бы ў здзіўленні ад сваёй шчырасці: – Крыху... сямейнае.

Волат з павагай падціснуў вусны. У адрозненне ад іншых, ён не разводзіў ні супраціву, ні асаблівых цырымоній, і гэта адгукалася.

– Я калісь таксама думаў заняцца, – патлумачыў ён, – ды ўсё неяк нешта... Бач, во рыдлёўкай махаю!

Падумаў, абцёр руку, працягнуў:

– Коля.

– Харлам.

Яны замацавалі знаёмства поціскам.

Здавалася б, суразмоўца па статусе не вельмі пасаваў для таго, каб вызнаць у яго інфармацыю, хоць і аказаўся першым, хто быў не супраць наладзіць кантакт. Нават прапанаваў яго сам. Аднак лейтэнант, які пасля прызямлення цяміў не так хутка, нарэшце здагадаўся ўгледзецца ў пагоны. І – уражана прысвіснуў:

– Гэта што ж, тутэйшыя знішчальнікі – за кратоў? Рыюць шчыліны?

Новы знаёмы, які аказаўся з малодшых лейтэнантаў лётнага саставу, нядбайна адмахнуўся:

– Ды я, лічы, пакараны! Не цягнеш паветраную працу – цягні наземную, такая філасофія. За кампанію з БАА.

– А што так?

– Цю, дурная гісторыя. Як звычайна. Былі сёння ў вылеце, на прыкрыцці... Вось толькі-толькі! Гадзіны не прайшло. Ледзьве ўзнімаемся, а ў мяне матор – з перабоямі. Я і адстаў. І што ты рабіць будзеш, га? Лячу, канешне. Даганяю.

– Не назад жа сядаць. Каб сустрэлі на паласе – і пад белы ручкі: ад бою ўхіляешся, так цябе растак...

– Ну! Тым больш матор толькі спачатку збоіў, а там і выправіўся. Як назло. Дык вось лячу адзін, значыцца. Стараюся. Далей – іншая халера: задачу-та памятаю, а курс – не! Ведаць курс – гэта я на вядучага спіхнуў. Мы ж другі дзень як на новы аэрадром пераляцелі, дзе тут тэрыторыю запомніць? А пакуль я блукаў-шукаў – нашы ўсіх папрыкрывалі, суседні полк па плане адбамбіўся над цэллю... Назад ляцяць, разумееш!

Ён шумна выдыхнуў і прыкра ўвагнаў рыдлёўку ў зямлю. Адной рукой, але глыбока. Бядоты ён жывапісаў эмацыйна і з пахвальнай чыстасардэчнасцю, калі ўлічыць тое, каму менавіта. Перспектыва праславіцца няўдалым вылетам яго відавочна не бянтэжыла.

– Але ж матор – гэта па тэхнічнай часці, – трапна падмеціў лейтэнант.

– І не на маім сумленні! А за нявывучаную тэрыторыю мне адказаць не лянотна, – падагульніў волат спакайней. – Ха, думаюць, пакаралі, а мне і за шчасце! Заўжды любіў паднапружыцца на які-небудзь гэткі манер. Дый не пераймаюся я насамрэч, тут усіх непрыемнасцей – што камандзір палка сам вадзіў нашу шасцёрку і сам усё бачыў. А пакараў лёгка!

– Дык мо знарок? Па-чэснаму?

Тут было над чым прызадумацца.

– Хм... Мо і знарок... А вунь ён тэпае, дарэчы!

Лейтэнант азірнуўся і чагосьці анямеў. На даляглядзе сапраўды з’явіўся нехта мажны, каржакаваты, дасюль у шлемафоне і спыніўся ля століка сувязіста. З краю там прытуліўся ўскудлачаны руды лётчык і страчыў нешта падобнае да рапарта (шлемафон быў пры ім таксама, ну а пісаць пад носам у начальства можна хіба нешта па службе). Камандзір палка перамовіўся з ім, рушыў да палаткі каманднага пункта, усталяванай ля старту... Але перад самым уваходам нешта запаволіўся, схіліўся. І выцягнуў з травы рэчмяшок.

Невядома, што лейтэнанта спужала, але ён не стаў чакаць, пакуль камандзір выпрастаецца і адшукае позіркам яго. Памкнуўся быў адступіць... але за плечы яго акуратна ўхапілі крэпкія рукі.

– Ку-уды, брат? Каманды драпаць не было, – з ласкавым падазрэннем звярнуўся да яго волат. – А як жа спытаць, ці не хоча таварыш падпалкоўнік на першую паласу?

На твары злоўленага чыталася высакародная скруха: я ўліп, але выйду са становішча з гонарам. Ён паправіў фуражку і вызваліўся – таксама акуратна, але настойліва.

– Не будзе першай паласы. І драпаць мне няма прычыны, – нацягнута ўсміхнуўся ён. – Нават наадварот!

– Ну-ну, валяй наадварот. Калі што, я сачу!

З гэтым наказам лейтэнанта выпіхнулі ўверх са шчыліны, і ён трохі скаваным, але цвёрдым крокам – варта аддаць яму належнае – адправіўся наўпрост да камандзіра палка. На хаду выняў з нагруднай кішэні чырвонаармейскую кніжку, безуважна адкрыў-закрыў неспакойнымі пальцамі падначаленага, якога чакае разнос, але які прывык, што ўзаемадзеянні з кіраўніцтвам бываюць толькі такія.

– А вось і таварыш няўлоўны карэспандэнт! – праскрыпела кіраўніцтва ў вусы, сузіраючы незадачлівага ўцекача з-пад цяжкіх, сонна-стомленых павекаў. – То-та мне шапнулі, што ў нас сёй-той шнырыць, вынюхвае... Кім будзеце, шаноўны? Чым дакажаце, што вам дазволена марнаваць час, прызначаны для баявой працы?

«Няўлоўны карэспандэнт» старанна не падаваў выгляду, што яго хвалюе прахалодны прыём. Ён павітаўся належна, зашпіліў нагрудную кішэню пад нялёгкім камандзірскім позіркам і падаў дакумент:

– Лейтэнант Бязбедны! Харлам Бязбедны. Лётчык-знішчальнік. Прыбыў з n-га гвардзейскага авіяпалка на перавыхаванне і перайманне, так бы мовіць.

Руды за столікам здзіўлена прыўзняў пяро над рапартам. Мінулы рапарт ён скончыў, адклаў і пачаў новы (можа стацца, за кагосьці менш адоранага). Камандзір жа ніколькі не перамяніў выраз твару, які можна сцісла ахарактарызаваць як «у гэтым палку мяне нішто не ўразіць». Дакумент прыняў, учытаўся пільна, мружачы вочы. На шчацэ зморшчылася скура вакол свежай драпіны з падсохлай крывёй.

– На перавыхаванне, значыць... І ёсць у чым выхоўваць. Што за маскарад? А зайсці на КП, далажыць па форме?

– Вінаваты, – дзяжурна адгукнуўся лейтэнант з інтанацыяй бывалага атрымальніка «нездавальняюча», які падчас натацый думае пра нешта іншае. Але фотаапарат з пляча хуценька зняў. – На КП я быў, сказалі: начальства дзесь там, на стаянках. Мне і прыйшла ідэя не чакаць, а... трошкі разведаць абстаноўку.

– І бадзяцца пад выглядам ваенкара? Уводзіць у зман асабовы склад?

– А я не падманваў. Ні слова не схлусіў. Мяне ўсе самі прынялі не за таго.

Рэпліка была, без сумневаў, небяспечная, і лейтэнант усвядоміў гэта раней, чым дагаварыў. Успомніў пра выпраўку, забегаў вачыма і ўтаропіўся некуды па-над галавой камандзіра палка.

– Гэта называецца «ўтаіць звесткі», – сказаў апошні з націскам, пасля чаго зноў узяўся за знойдзены рэчмяшок, каб кінуць пад ногі гаспадару. – І такіх інтрыганаў, па-добраму, трэба гнаць у штрафбат. А для пачатку – у Асобны аддзел. Ці ясна выражаюся?

– Так точна, – смірна пацвердзіў інтрыган, хаця наўрад ці быў згодны, што гэта па-добраму.

– Ваша шчасце, што я быў папярэджаны пра перавод. І сам даваў згоду. Можа, і дарэмна, сваіх арыгіналаў палова палка... У вас што ж, і дакументы ніхто не праверыў?

– Праверылі. Але накіраванне маё дзесьці глыбока ў рэчмяшку. Яго не адкапаў, так пусцілі. Бо там, на ўездзе... ну, гружаная палутарка з’ехала ў кювет. Шум, крык... А тут я са сваімі паперамі.

– Палутарка?

– Так, і ў кузаве самалёт з адстыкаванымі кансолямі крыла. На палутарцы мяне, уласна, і падкінулі.

– Кампалка ў паветры – на зямлі бардак! Зрэшты, нічога новага, – сварліва рэзюмаваў камандзір. – А толькі ж выдыхнуў, што перабазіраваліся без сюрпрызаў...

З палаткі КП між тым куляй выскачыла колішняя лётчыца, за ёй таварыш – на гэты раз абое з іголачкі і ў пілотках. Аддалі чэсць камандзіру, сустрэлі стрыманы ківок-развітанне і тут жа рванулі бегма да самалётаў. Прычым лётчыца прапусціла таварыша ўперад, а сама гнала як мага і пхала ў спіну, як толькі ёй здавалася, што ён запавольваецца.

Камандзір праводзіў іх доўгім позіркам, у які ўпершыню напоўніцу вярнулася ўважлівасць, развеяўшы паўсоннае замарачэнне. Быццам ад таго, наколькі доўга і ўважліва ён глядзіць, залежала бяспека падчас усяго вылету – ад першых да апошніх метраў, якія самалёты прабягуць па паласе.

Урэшце адвёў позірк, пачухаў у роздуме шчаку, зачапіў драпіну. Здзівіўся крыві на пальцах. Прачысціў горла.

– Ладна, лейтэнант Бязбедны, паглядзім на вас у небе, тады і вызначымся. Бо людзі патрабуюцца. На жаль. Мяркую, ордэн атрымалі не за добра падвешаны язык...

Лейтэнант змушана міргнуў: яго гімнасцёрка была пустая, але ў ёй сапраўды мелася дзірачка пад ордэнскі штыфт.

Тым не менш першы поспех вярнуў яму і самаўпэўненасць, і адвагу на мяжы з нахабствам.

– Таварыш падпалкоўнік, а дазвольце мне ў трэцюю! Якраз недакамплект. Ізноў жа, паненка... Ізноў жа, ёсць што пераймаць: усяго два лётчыкі загінулі!

– ...Засталося павытрасаць з галавы геніяльныя ідэі і ўбіць статут, – размерана скончыў камандзір. – Мы тут не гвардзейцы, у нас, даруйце, па-простаму. Калі ўжо там пераймаць не было чаго... М-м-м, дарэчы. Ці праўда, што лёталі з фотаапаратурай?

У лейтэнанта, які азадачана звёў бровы на фразе адносна яго мінулага палка, паяснеў твар:

– Так точна, лётаў! На здымку войскаў, мясцовасці. На маёй машыне апаратура і стаяла, пакуль я яе не... – тут праславуты язык давялося прыкусіць.

Заканчэнне камандзір прапусціў міма вушэй.

– Машына адпаведная ёсць. Калі не разгрохалі ў кювеце разам з палутаркай. А вось чалавека часова няма... – няпэўна мовіў ён. І без пераходу пацвярдзеў тонам: – То пойдзеце ў трэцюю. Вядома, калі вы – гэта вы, а не хтосьці яшчэ акрамя лётчыка і карэспандэнта! З гэтай прычыны сёння ў знішчальнік не лезці ні пры якіх умовах пад пагрозай арышту. Чарговым загінулым не станавіцца і не псаваць нам статыстыку. Фотаапарат – здаць. Да высвятлення. Да паненкі звяртацца выключна па статуце як да намесніка камандзіра эскадрыллі... Што яшчэ? Усё? Усё!

І патрабавальна працягнуў руку па «лейку».

Лейтэнант жаласна акругліў вочы, як пяцікласнік, але аддаў. Камандзір скоса глянуў на яго, прабурчаў крытычна:

– Не перадаюць жа левай рукой? Ці перадаюць?.. А, каб вас ліха! Праўда што: з кім лятаеш, у таго і пераймаеш.

Ён вярнуў чырвонаармейскую кніжку і даў знак вартавому пры КП прыгледзець за неадназначным суб’ектам. А сам, крыху прыпадаючы на левую нагу, скіраваўся ўздоўж выкапанай шчыліны ў бок уезда. Міма волата, які заўзята працаваў рыдлёўкай разам з усімі і рабіў выгляд, што не падслухоўваў.

Лейтэнант зладзеявата пачакаў, пакуль камандзір аддаліцца, а тады расшпіліў кішэню, якую нядаўна зашпіліў. Схаваў дакументы, выняў ордэн і пачаў прыкручваць назад на гімнасцёрку; пры бліжэйшым разглядзе было бачна, што ордэн насілі даўно: вакол дзірачкі сукно не выцвіла, як усюды.

Удакладнім для парадку, што авіяцыйныя эмблемы на пагонах ён меў нароўні з іншымі дзеючымі асобамі. Але хто, па шчырасці, успомніць пра пагоны, калі цераз плячо вісіць, здавалася б, самая што ні ёсць пераканаўчая прыкмета прафесіі?

– Канкрэтны ў вас баця. З ім без фінтаў, – сказаў лейтэнант са шкадаваннем. Без свайго фотасябра ён зажурыўся і не ведаў, куды прыстасаваць рукі. Павярнуўся да рудога, які зноў прыняўся за свае-чужыя рапарты: – Які ён увогуле па натуры? Да нас сёе-тое далятала... Не перадумае, не?

Над імі, як надоечы, з гудам прайшла пара знішчальнікаў – рушылі на заданне валькірыя і яе вядзёны.

Руды дробна імкліва дапісаў радок і памарудзіў, не ставячы кропку.

– Дванаццаты, – толькі і сказаў ён з няўцямнай усмешкай.


17.10.2023–11.03.2025


Рецензии