Зноу зiма

Прайшло крыху больш за год з мінулага шпацыру па зімняй вёсцы і яе наваколлям. Дзіўна, што нават абставіны супалі: я зноў на бальнічным у бацькоўскай хаце. Супярэчлівы момант, але самаізаляцыя на сённяшні дзень ніяк не магчымая, тым больш, што мая паліклініка знаходзіцца тут, у вёсцы.

Я выйшаў з дому і пацягнуў носам паветра. Вось гэта сапраўдная зіма: мароз мінус пяць градусаў, доўгачаканы снег... Сумётаў не відаць, затое будзе лягчэй ісці, а там, куды я накіраваўся, афіцыйных шляхоў не прагледжвалася. Сур’ёзна, я планаваў паўтарыць леташні маршрут і спадзяваўся, што прагулянка будзе толькі на карысць, прынамсі, не нашкодзіць здароўю. Далібог, якое ж тут чыстае паветра...

Тут жа перад маімі вачыма ўспамінамі паўстаў з нябыту таполевы парк, які знішчылі, пэўна, больш за дваццаць пяць гадоў таму. А вось тут, пад пластом асфальту, пахаваная легендарная «гліняная дарога», якая любіла зацягваць аўтамабілі нібыта багна. Усё, што рухалася, трымалася далей ад гэтай дарогі, а хто зараз прыгадае яе, акрамя мяне?

Відаць, успаміны ўжо не залежылі ад майго жадання, раз паўставалі ў самыя нечаканыя моманты. Мабыць, тут трэба дзякаваць майму ўяўленню. Ці абвінавачваць яго... Але ж варта захаваць гісторыю для нашчадкаў! Хаця... Ці будзе ім цікава?..

Я дайшоў да балота і задумаўся: мароз пануе ўжо некалькі дзён, легкавік, можа, і не вытрымае, але чалавек не павінен праваліцца пад лёд. Раней я б нават не раздумваў, а зараз завагаўся. Каб пераканацца ў бяспецы сваёй задумы, я абвёў позіркам мясцовасць. Узровень вады несур’ёзны – вунь нават масток зусім сухі. Хаця што я кажу? Простая жалезная труба пад дарогай, дый яшчэ і ржавая. Дзецьмі мы часцяком залазілі ўнутр, а потым на нас налаяўся кіроўца грузавіка, калі ўбачыў такія небяспечныя гульні.

Памятаю, мы думалі, што глыбіня балота не менш за 5-10 метраў, а сябар калісьці нас узрушыў – сказаў, што ў багне пахаваны танк. Але потым мы перасталі баяцца, калі ўбачылі, як дзядзькі-рыбакі палезлі туды з сеткай, і высветлілася, што там нават і двух метраў не будзе ў самым глыбокім месцы…

Я асцярожна пакратаў нагой лёд. Відаць, сапраўды надзейны. Ён быў прыцярушаны снегам, але празрысты і гладкі. Вось дзе трэба катацца на каньках! Канешне, тут не вельмі і раскатаешся, але затое ніхто не перашкаджае і не блытаецца пад нагамі. А ў дзяцінстве мы даволі добра каталіся і коўзаліся па лёдзе зусім без канькоў, бо іх у нас проста не было, дый катацца мы ніколі не ўмелі.

Успаміны… Як жа гэты сціплы краявід здолеў так моцна змяніцца! Балота нікуды не падзелася, але берагі ўдзірванелі, люстра крыху змясцілася, аднекуль з’явіліся вялікія дрэвы, а не так даўно расчысцілі шлях да трубаў пад чыгункай, каб лепш цякло. Раней мы на памяць ведалі мапу нашага балота амаль да кожнай купіны. З паўночнага боку кожны сустракаў зараснікі рагозу, а з паўднёвага існавалі джунглі чароту, які мы па недасведчанасці менавалі «мяцёлачкамі». Дарэчы, акрамя сваёй прыгажосці, даволі карысная рэч: з чароту мы ладзілі і стрэлы для лукаў, і нават кіі для самаробнага міні-більярду.

Я пакруціў галавой: тое, што было, ужо даўно ў мінулым, нельга жыць аднымі ўспамінамі. Шкада, канешне, што фотаздымкаў не захавалася – у тыя часы смартфоны яшчэ толькі рабілі першыя крокі па планеце, лічбавага здымача мы таксама не мелі, а марнаваць фотаплёнку на балота лічылася немэтаздольным...
 
Я разагнаўся і праехаў па цвёрдай вадзе. Эх, і чаму тады ніхто з нас не катаўся на каньках? Можна было заспець чысты і роўны лёд, без снежнай коўдры: старэйшыя каталіся, а мы толькі зайздросцілі ім.

Праз некалькі хвілін я рушыў далей: перайшоў праз чыгунку і накіраваўся да пасадак. Каб паўтарыць леташні маршрут, трэба ісці па сцежцы, потым праз хмызнякі да балота, хаця можна скараціць шлях – да пчальніка і хутароў, а там і да дому недалёка, але раптам я перадумаў. Надвор’е не спрыяла доўгім прагулкам, тым больш, што я яшчэ хворы: перагуляю і тэмпература зноў дасягне трыццаці васьмі. Лепш скарыстацца момантам і пайсці напрасцяк праз «лес» – калі яшчэ будзе такая магчымасць? Ні кляшчоў, ні крапівы, ні розных паўзуноў і камароў. За гэта можна любіць зіму і не так моцна журыцца па леце.

Як толькі я сышоў са сцяжынкі, адразу нібыта трапіў у нейкі новы свет. Хто ж ведаў, што вывучаць лес без народных шляхоў настолькі цікава? Улетку, канешне, жыццё тут кіпіць, але не кожны здолее яго вытрымаць, да таго ж зараснікі не дазволяць прайсці і некалькі крокаў.

Я паспеў атрымаць асалоду ад незвычайных адчуванняў, але неўзабаве натрапіў на прасеку. Тут я ніколі яшчэ не хадзіў… Як цікава: мясціна менш, чым у дзесяці хвілінах ад майго дому, але ніколі не было жадання ці магчымасці прайсці гэтым шляхам. А мо я проста забыўся?..

Прасека скончылася так жа раптоўна, як і пачалася, але гэта не прымусіла мяне сумаваць. Я лічыў, што сённяшняя прагулка перасягнула ўсе чаканні, хаця яе і прыйшлося моцна скараціць. Столькі эмоцый, пачуццяў…

Калі я дайшоў да народнага шляху праз пасадкі, пра які распавядаў у леташнім аповедзе «Зіма», то зноў задумаўся. Мяркую, мы ўпэўнены, што сцежка была, ёсць і будзе, яна вечная, як Сусвет, але гэта зман. Хутчэй за ўсё, праз якія-небудзь дзесяць гадоў мы ўбачым толькі чыстае і роўнае, але звычайнае і сумнае поле. Канешне, ноччу хадзіць будзе не так страшна, дый смеціць так злосна ўжо не атрымаецца, але…


13, 14 лютага 2025, Яроміна;
13, 14 сакавіка 2025, Гомель (выпраўленні і дапаўненні, моцна дапрацаваны і дапісаны апошнія пяць абзацаў);
17 сакавіка 2025 (выпраўленне памылкі – «лёгкавік»);
24 красавіка 2025 (пунктуацыйная праўка, выдалена паўторнае «сваёй»).


Рецензии