Вясна

Як толькі ровар пачаў рух, я адчуў усе чатыры з паловай месяца без веласіпеда. Гэтыя пачуцці апісаць немагчыма! Далібог, трэба кожнаму рабіць перапынкі на зіму, каб зноў перажыць цудоўныя імгненні першай паездкі.

Сонца ўжо схавалася за небакрай, але было светла і цёпла, як удзень. А які маляўнічы краявід! Шкада, што камера не адлюструе гэтую прыгажосць. Застаецца толькі назіраць і атрымліваць асалоду.

Я выруліў на перон, пераехаў праз чыгунку, потым скрозь пасадкі, і нарэшце апынуўся на адкрытай мясцовасці. Колькі свежага паветра! Я захапляўся літаральна кожным момантам. Панавала цішыня, але ж дзе ў нашым свеце вы сустракалі сапраўдную бязгучнасць? Недзе далёка ціўкалі недасяжныя майму воку птушкі, і нават тарахценне такіх жа нябачных трактароў выклікала натхненне. Хоць ты прыходзь сюды пасля працы і пішы вершы!

Ровар ехаў так ціха, што я ў чарговы раз пахваліў сябе за тое, што не грэбаваў чысткай і змазкай ланцуга перад зімой.

Ліхтары яшчэ спалі, і навакольны свет мне падаваўся нейкай іншай рэальнасцю. А мо яно так таму, што я зараз часцей праводжу свой час у горадзе і зусім адвык ад вёскі?

Каля раўчука я не вытрымаў і спыніўся. Навокал яшчэ больш пацішэла, хаця вуліца ў гэтым месцы звычайна рабілася больш ажыўленай. Хаты стаялі, людзі хадзілі, але я ўсё роўна адчуваў сябе амаль што пасярод лесу. Не, дакладна горад на мяне так уплывае! Што ж будзе, калі я траплю ў сапраўдны лес?..

Натхненне ўздымалася з кожнай хвілінай. Я глядзеў на навакольны свет з уласцівым мне замілаваннем…


27 сакавіка 2024, Яроміна;
26, 27 сакавіка 2025, Гомель (выпраўленне памылак, істотныя праўкі).


Рецензии