Вёска i зоркi
Я паглядзеў праз агароды ў бок вуліцы Савецкай. Да яе амаль кіламетар, але тэхнагенны шум пачаў раздражняць мяне. Вось вам і вёска... Але ж і на Савецкай жывуць людзі! Хіба гэта жыццё? Чалавек да ўсяго прывыкае, толькі гэта не мой выпадак. Можна да нейкага ўзроўню прыстасавацца, але то будзе вялікі падман. Пэўна, яшчэ крыху і я змяню сваё меркаванне аб нашай вёсцы, хаця, вядома, адшукаць ціхія месцы ў нас не так ужо і цяжка. Па наваколлю толькі і чуўся брэх сабакаў: ім таксама не падабалася такое гукавое суправаджэнне.
Я ўзняў галаву, каб павітацца з зоркамі. Палова неба было зацягнута хмарамі, свяціў месяц, але ўсё роўна бачна лепей, чым у горадзе. Даволі лёгка знайшоўся Леў, а дзесьці побач размяшчалася «Львяня». Жартую, канешне, бо афіцыйна сузор’е называецца Малы Леў, але я ніколі яго не назіраў, нават у самую цёмную ноч. А тут яшчэ і вулічны ліхтар з месяцам… І не сціплы маладзік, а цэлая першая чвэрць (ці квадра, а па-народнаму – сход). Пад месяцам я ўбачыў Арыён, хаця лепш назіраць ягоныя зоркі ўзімку. Увогуле для астраномаў ці проста рамантыкаў зіма – найлепшы час для гэтай справы. Канешне, калі цёпла апрануцца і дачакацца бясхмарнага неба.
А вось і зорка Бетэльгейзэ. Яе памеры цяжка ўсвядоміць – усё-ткі чырвоны звышгігант. Яна большая за Сонца ў тысячу разоў! 1,2 мільярда кіламетраў у дыяметры – гэта вам не жартачкі. А вось і блакітна-белы Сірыус – самая яркая зорка на нашым небасхіле пасля Сонца. Не такая і вялікая – толькі ў два разы большая за нашу зорку, але свеціць у дваццаць пяць разоў ярчэй за яе! Хаця калі параўноўваць з Бетэльгейзэ, якая ярчэй за Сонца ў сто тысяч разоў… Але Сірыус блізка – амаль дзевяць светлавых гадоў, а чырвоны звышгігант далёка – пяцьсот ці шэсцьсот, дакладна нават і невядома.
Як жа цудоўна, калі ведаеш назвы, то-бок імёны зорак, сузор’яў і іншых касмічных аб’ектаў. Калісьці я глядзеў на неба і бачыў толькі яркія і цьмяныя кропачкі, а зараз здольны адрозніць Венеру ад Сірыуса, а Юпітэр ад Сатурна. Памятаю, як нас вучылі правілу: мігцяць толькі зоркі. Я сашчурыў вочы: так, мігаюць, як заўсёды. Насамрэч, зоркі не мігацяць, гэта ўсё асаблівасці нашай атмасферы. Не верыце? Злятайце ў космас ці спытайце ў астранаўтаў.
Я зноў перавёў позірк на чырвоную Бетэльгейзэ. Кажуць, зорка можа выбухнуць у любы момант. Мо праз месяц, а мо праз дзесяць тысяч гадоў. Нам нічога не пагражае – да гэтай «бочкі з порахам» пяцьсот ці шэсцьсот светлавых гадоў, як я ужо казаў. Бетэльгейзная сістэма, хутчэй за ўсё, не мае планет зямнога тыпу, але яе суседнія зоркі могуць налічваць сотні цывілізацый. Сказаць, што ім моцна не пашанцавала – гэта нічога не сказаць.
Я ўздыхнуў. Зямных турботаў хапае – і глабальных, і мясцовых, а я засмучаюся з-за лёсу суседніх з прыгаворанай зоркай сістэм. А што? Ведаеце раман «Планета малпаў» французскага пісьменніка П’ера Буля? Для тамтэйшай цывілізацыі Бетэльгейзэ выконвала ролю нашага Сонца. Зразумела, фантастыка, але ж усё можа быць.
У гэты момант у мяне атрымалася адчуць весь адчай шматлікіх вучоных і разумных істот, якія таксама вылічылі імавернасць выбуху зоркі, і я нават скалануўся. Бязмежная роспач і безнадзейнасць – валодаць самымі дасканалымі прыладамі, ведаць усе тайны прыроды, але не мець магчымасці змагацца з законамі Сусвету…
04, 05, 07–09 красавіка 2025, Яроміна – Гомель.
Свидетельство о публикации №225040901229