Усмешка. Версiя 2
Раней я вельмі скептычна ставіўся да тых, хто казаў, што звычайная ўсмешка, тым больш свая ўласная, здольная ўзняць сабе настрой і палепшыць душэўны стан. Ну як магчыма ўсміхацца, калі на душы сумна? Усмешка, вядома, будзе сумнай і фальшывай. Але я памыляўся. Чаму? Зараз распавяду…
Вось ужо некалькі тыдняў запар мне было вельмі сумна, быццам да мяне завітала дэпрэсія. Я думаю, што так яно і адбывалася. Ніхто не мог мне дапамагчы, хіба што на нейкі час. Але потым усё вярталася. Я не ведаю, чым бы гэта ўрэшце скончылася, але выпадкова я спыніўся каля люстэрка. Не скажу, што часта гляджу ў яго, бо не вельмі высокага меркавання наконт сваёй знешнасці, але зараз чамусьці затрымаўся ля люстэрка крыху даўжэй, чым заўсёды. І ўжо дакладна не скажу, чаму мне прыйшло ў галаву, дзеля жарту, паспрабаваць усміхнуцца самому сабе. Ведаючы, што нічога не атрымаецца, акрамя сумнай усмешкі сумнага чалавека. Але вынік узрушыў – на мяне глядзеў прывабны малады хлопец, якому на погляд будзе не дваццаць тры гады, а значна менш. І гэты хлопец прыязна і шчыра ўсміхаўся мне з люстэрка. Хіба гэта я? Дагэтуль я ведаў толькі адзін тып сваёй усмешкі – сціплы і стрыманы, аднымі вуснамі. Але той хлопец, які сядзеў у люстэрке, нават не хаваў сваіх цудоўных белых зубоў. Ніколі не заўважаў, што я так умею ўсміхацца… Здавалася, што маё адлюстраванне жадае мне нешта сказаць, што яшчэ хвіліна, і ён парушыць маўчанне… Але гэтага, вядома, не адбылося. Праз хвіліну ягоны твар крыху засмуціўся і я вырашыў пайсці далей па сваіх справах, канешне, забыўшыся на тое, што жадаў зрабіць.
У той дзень я ніяк не мог заснуць. З галавы не выходзіў хлопец, якога я бачыў у люстэрке і якім быў я сам. І што ён жадаў мне сказаць? Мо мае думкі здаюцца камусьці дзіўнымі, але ж у тую ноч мяне толькі яны і хвалявалі. Не ведаю, колькі часу я праляжаў у ложку без сну, але нарэшце не вытрымаў і пайшоў зноў да люстэрка, стараючыся не пабудзіць брата.
Як і ў мінулы раз, адлюстраванне зноў заўсміхалася мне. Нават смутак, які мяне турбаваў, кудысьці знік. Але ўсё-ткі нешта бянтэжыла, і я задумаўся. Штосьці было не так, як раней. Я яшчэ раз пільна ўгледзеўся ў сваё адлюстраванне. Мабыць, я не заўважаў дагэтуль, якая мая ўсмешка прывабная… Не, справа не толькі ў гэтым, дакладна.
А мой двайнік усё ўсміхаўся і ўсміхаўся з адваротнага боку люстра, гледзячы мне проста ў вочы. Я з самотай глядзеў на яго – ну чаму я не магу быць такім, як ён? І тут мяне быццам нешта штурханула. Я ж больш не ўсміхаўся! Але маё адлюстраванне, як і раней, весела глядзела на мяне. Я крыху адышоў ад люстэрка. Мой двайнік не паўтарыў гэтага, але пасунуўся бліжэй. Тады я хутка наблізіўся да яго. Зараз мы стаялі адзін насупраць другога. І ён так лагодна ўсміхаўся, што я вырашыў – хто б ён ні быў, гэты чалавек, але ён мне не вораг.
Я першы парушыў маўчанне:
– Э-э… Я не…
– Супакойся, я твой сябра. Не бойся, – адказала маё адлюстраванне.
Тады я крыху асмялеў:
– Я і не баюся. Але гэта што – сон?
– І так, і не.
Я ўздыхнуў:
– Шкада. А я думаў, што нарэшце знайшоў сябра, які мяне зразумее, як ніхто іншы…
Ён спыніў мяне рухам рукі:
– Я разумею цябе, але не перапыняй. У нас няшмат часу. Сябры ў цябе яшчэ будуць, а я… Хіба ты жадаў сябраваць з самім сабой?
– Канешне!
Зараз ужо і ён больш не ўсміхаўся, толькі спачувальна глядзеў на мяне:
– Ты ж ведаеш сябе лепш, чым хтосьці іншы. І ведаеш, якім зараз стаў. Ты змяніўся, прычым не ў лепшы бок.
– Ну і што? Мы з табой цудоўна размаўляем, мы зразумеем адзін аднаго з паўслова. І нашыя погляды на жыццё супадаюць.
Двайнік з люстра працягваў уважліва глядзець на мяне, і нарэшце пачаў:
– Ты маеш рацыю. Але… Калі дойдзе да сваркі, то ні адзін з нас другому не саступіць.
– Ну чаму ж? Ты – гэта я, а я – гэта ты. Мы не будзем сварыцца ўвогуле, – не разумеючы, што ён мае на ўвазе, прамармытаў я.
– Так, але ты сам не жадаеш прызнаць праблем, якія ўзнікнуць падчас нашых зносін, хай і не адразу…
Я спрабаваў спрачацца з ім, але ён зноў жэстам спыніў мяне:
– У нас вельмі няшмат часу, Саша. А сказаць трэба не так ужо і мала. Ты хоць дагадваешся, навошта я прыйшоў?
– Э-э… Паведаміць мне штосьці важнае?
– Іменна, – кіўнуў ён. – А твая праблема ў тым, што ты нікога не слухаеш, і толькі твая будучая дзяўчына здолее пераканаць цябе.
– А яна будзе?
– Будзе, вядома. Але пра яе крыху пазней. Пакуль ты яе не сустрэў, пераканаць цябе магу толькі я.
Я ўдзячна паглядзеў на самога сябе ў люстэрке. І ўзрушана прашаптаў:
– Ты…
Той, другі Саша, зноў кіўнуў:
– Я. То-бок мы. Пакуль ты сам не пажадаеш штосьці змяніць у сваім жыцці, то нічога і не зменіцца. Дакладней, усё ў цябе будзе, я ведаю, але табе будзе цяжка. Як і мне ў свой час… Карацей, я табе крыху дапамагу.
Я з зайздрасцю глядзеў на гэтага чалавека ў люстэрке, а потым, не вытрымаўшы, працягнуў руку і дакрануўся да халоднага шкла. Ён не паўтарыў мае рухі і толькі больш заўсміхаўся:
– Як думаеш, у чым наша галоўнае адрозненне?
Я пільна агледзеў яго. Гэта быў я, але нейкі іншы. Лепшы, ці што...
– Ну, – прамармытаў я, – Ты іншы.
– Гэта зразумела, але ў чым? – Саша пстрыкнуў пальцамі.
Я яшчэ раз кінуў позірк на яго, і, крыху саромеючыся, адказаў:
– Ты прыгожы.
Маё адлюстраванне хмыкнула:
– Па сутнасці, ты правы, хаця мы прыгожымі сябе ніколі не лічылі. А яшчэ?
– Ты ўпэўнены, – выпаліў я. – Дый вышэйшы за мяне.
– А я аб чым! – усклікнуў ён. – Выпрастай плечы, не горбся! І мы будзем падобныя. Так, і яшчэ… Усміхайся! Дапамагае.
– І толькі? – расчаравана вымавіў я.
– Так, і толькі! І ўсё зменіцца.
Я засмуціўся:
– Усе мне так кажуць…
– І правільна робяць, – падхапіў Саша. – Думаеш, я такім, як ты, не быў?
– Але як жа ты здолеў?..
– А я такім стаў дзякуючы ёй.
– Каму? – я ледзь не закрычаў, хаця і дагадваўся, што ён мне адкажа.
– Цішэй, Саша. Імя не мае значэння. Маёй дзяўчыне. Так-так. І тваёй таксама. Але яшчэ не час.
Напэўна, недавер і смутак былі напісаны ў мяне на твары, таму што Саша зрабіўся цалкам сур’ёзным:
– Так. Яна будзе. Імя я сказаць не магу, і час, калі ты яе сустрэнеш, таксама. Гэта можа ўсё зруйнаваць.
– Ты альбо Бог, альбо ты з будучыні, – я пасунуўся яшчэ бліжэй да люстэрка і ўбачыў, як мой госць задаволенна ўсміхнуўся.
– Ну нарэшце. Так, я з будучыні. Не-не, не з бліжэйшай, канешне, не бойся, – запэўніў ён мяне, убачыўшы, што я жадаю спытаць яго. – Скажу толькі вось што: ты бачыш вялікую розніцу ў нашым узросце?
Я ў чарговы раз уважліва паглядзеў на яго:
– Зусім не. Ты нават быццам памаладзеў…
– Так, – Саша зноў заўсміхаўся. – Дзякуючы ёй.
– Значыць, хутка? – прашаптаў я.
– Так, – паўтарыў ён. – На жаль, калі я з ёй пазнаёміўся, быў вельмі сумным чалавекам, як…
– …я – скончыў я і ўздыхнуў.
– Вось-вось, – Саша таксама ўздыхнуў. – І гэта часцяком перашкаджала нашым зносінам. Таму паспрабуй быць шчаслівым ужо зараз. І ў цябе ўсё будзе лепш, чым у мяне.
– Так? А я дакладна нічога не сапсую?
– Не, нават і не думай аб гэтым! – усміхнуўся ён. – Увогуле яна мяне пакахала менавіта тады, калі я спыніў быць прыхільнікам песімізму… Ёй самой часам патрэбна была дапамога, але я…
Саша яшчэ раз уздыхнуў. Крыху памаўчаў.
– Але зараз усё добра, нават вельмі. Я шчаслівы.
– Зайздрошчу табе, – я ўсміхнуўся.
Мой двайнік паглядзеў на мяне і зноў заўсміхаўся ў адказ:
– А я табе. Ты ўжо ведаеш усё. А я ж не ведаў… Ат, добра, усё роўна мы дасягнулі… Дасягнем аднаго.
Раптам люстэрка паплыло. Я захваляваўся:
– Скажы мне, сябра, усё-ткі сон гэта ці не? Калі сон, то вельмі шкада…
– Не шкадуй. Так, сон. Але няпросты сон, – тут ён нават засмяяўся. – Хіба ў рэальнасці я б да цябе дастукаўся?
Маё адлюстраванне рабілася ўсё больш і больш расплывістым. Я хутка запытаў яго ў апошні раз:
– Мы яшчэ ўбачымся?
Цяпер я не бачыў яго, а толькі чуў голас:
– Не, наўрад ці, хаця… Хто ведае? Поспехаў табе, Саша!
– Поспехаў, – я заплюшчыў вочы, думаючы, што калі іх расплюшчу, то прачнуся ў сваім ложку. Але я бачыў толькі тое ж люстэрка, якое праяснілася. І майго адлюстравання там не было! Я залыпаў вачыма, крутануўся і зноў паглядзеў туды. Ёсць… Але гэта быў я, не ён.
Я ўздыхнуў:
– Ну што, сумны Саша, трэба мне з табой развітвацца. Думаю, той Саша быў бы гэтаму вельмі рады.
Я памахаў свайму адлюстраванню, і яно паўтарыла мае рухі. Казка скончылася. Я павольна пайшоў у свой пакой і лёг у ложак. Заплюшчыў вочы. Не ведаю, колькі прайшло часу, але калі я зноў адкрыў іх, за вокнамі была раніца.
***
Я стрымаў сваё слова, якое даў самому сабе, а калі дакладней – таму Сашы, які прыйшоў да мяне невядома адкуль. І які быў так падобны на арыгінал, але не было ў ім таго смутку, які мучыў мяне доўгі час.
Як высвятлілася пазней, ён не падмануў. Мары часам маюць уласцівасць здзяйсняцца. Але ж хто ведаў, што так хутка…
20, 23 лістапада 2012 года;
20 жніўня 2024, Гомель, Шведская Горка (пунктуацыйныя праўкі, выпраўленне памылак афармлення дыялогу і іншых: было – «здольна», «губамі», «сна», «пытаўся» (трасянка), «зайздросцю», «вытрамаўшы», «запытаць», «алюстравання»; выдаленне лішніх словаў: «мяне», «я», «мне», «же», «свой»);
24, 27, 28 сакавіка, 04, 08 – 10 красавіка 2025, Гомель (пераклад дыялогаў на беларускую мову, пунктуацыйныя праўкі, замена паўтораў, выдаленне лішніх словаў, выпраўленне памылак друку і іншых: было – «дольш», «ведая», «сціплая», «стрыманая», «сам я», «адыйшоў», «спачуваючы», «шчоўкнуў», «саромечыюся», «думая», «бычыў», «мучаў»).
Свидетельство о публикации №225041300037