Вера. Раздзел II
Здаецца, даўно мы не чакалі выхадных, як зараз: сіноптыкі абяцалі апошні цёплы дзень у гэтую суботу, а потым ужо пачнецца сапраўдная восень са сваёй халадэчай і макрэчай.
Адразу пасля сняданку Вера падышла да мяне і зазірнула проста ў вочы:
– Тата, хопіць сядзець, нас чакаюць у лесе.
Я не збіраўся так рана на шпацыр, дый яшчэ заставаліся нявыкананыя справы.
– У лесе? – пасміхнуўся я. – Мы не планавалі ніякага лесу. Тым больш, ты бачыш, які вецер узняўся?
– Ну тата!
Я крыху палагаднеў:
– Добра. У горад мы сёння не пойдзем, хаця і ў лес таксама. Але я ведаю другі маршрут, які табе спадабаецца. Там і дрэвы ёсць. Лес не лес, але...
– Цудоўна! – запляскала ў далоні Вера.
***
Праз нейкую гадзіну мы ўжо шыбавалі ў накірунку станцыі. Канешне, мяне зусім не здзіўляла тое, што дзяўчынцы таксама падабалася чыгунка – відавочна, гэта ў нас перадаецца праз пакаленні. Дарэчы, трапнае слова – «чыгунка». Я ж, калі быў маленькім, ведаў яе як «железную дорогу». Хаця не такая ўжо яна і жалезная – хіба толькі рэйкі. Шпалы часцей за ўсё з бетону, часам сустракаюцца і драўляныя. А баласт – гэта друз, які і дагэтуль часцяком клічуць на рускі лад «шчэбнем».
Станцыю мы вырашылі не наведваць, а пайшлі напрасткі ўздоўж чыгункі.
– Тата, глядзі, цягнік!
Я ўзняў галаву і сапраўды ўбачыў, як да нас нешта набліжаецца. Хоць яно і было яшчэ даволі далёка, мы пасунуліся крыху далей ад рэек. На сцежцы бяспечна, але ж...
Праз колькі хвілін міма нас павольна праехала электрычка. І, як аказалася, не простая, а іменная. Зрэшты, зараз яны амаль усе мелі імёны выбітных беларусаў.
– «Міхась Чарот», – прачытала Вера.
– Так, – кіўнуў я. – Паэт і пісьменнік. Вы яго яшчэ не вывучалі ў школе?
– Не, – дзяўчынка зацікаўлена паглядзела на мяне. – Цікавае прозвішча.
– Гэта псеўданім, – патлумачыў я. – Сапраўднае імя – Міхаіл Кудзелька. Шкада толькі, што ягоны лёс быў вельмі сумным. Ты ж яшчэ не чула пра Ноч расстраляных паэтаў?
– Не, – Вера адразу зразумела, што да чаго, і ўжо не ўсміхалася, а сур’ёзна пазірала на мяне.
– Гэта было ў 1937 годзе, дарэчы, сёлета будзе роўна сто гадоў, як адбыліся тыя жахлівыя падзеі. Толькі за адну ноч грамадства страціла больш за сотню выбітных беларусаў, дваццаць два з іх былі паэтамі, празаікамі, крытыкамі. Сумныя лічбы.
– Вельмі, – ціха адказала дзяўчынка. – Тата, а чаму так? За што?
– Ну, – няпэўна прамовіў я. – Свет больш складаны, чым ты думаеш. З цягам часу ты зразумееш, што могуць адбывацца падзеі, якія кожнаму разумнаму і свядомаму чалавеку здаюцца ну зусім... Нават не магу падабраць трапнае слова.
– Цемрашальства, – падказала мая дачка.
– Верагодна, – кіўнуў я. – На шчасце, усё гэта засталося ў мінулым і зараз такія падзеі проста немагчымы.
2022 год;
24 траўня 2025, Гомель, Шведская Горка (выпраўленне памылак: было – «падыйшла»);
13 чэрвеня 2025 (выпраўленні: было – «сто год», «адказала мне»).
Свидетельство о публикации №225052401516