Свет запаветных жаданняу

Пераклад на беларускую мову навукова-фантастычнага аповеда «The Store of the Worlds» («The World of Heart’s Desire»), які быў напісаны і апублікаваны ў 1959 годзе ў часопісе «Playboy» амерыканскім пісьменнікам-фантастам Робертам Шэклі (англ. Robert Sheckley) (1928–2005). Літаральны пераклад назвы – «Крама Светаў» («Свет сардэчных жаданняў»). У перакладах на расійскую мову твор вядомы як «Лавка миров», «Склад миров» і г. д. Пераклаў з англійскай мовы на беларускую Аляксандр Віктаравіч Чэпа (нарадзіўся ў 1989 годзе), 2024–2025 гг., Гомель, Беларусь.


Уэйн падышоў да канца доўгага, вышынёй па плячо, насыпу з шэрага друзу і апынуўся якраз насупраць Крамы Светаў. Усё было ў дакладнасці так, як апісвалі ягоныя сябры: маленькая хаціна, пабудаваная з кавалкаў дошак, ацынкаванага жалеззя, рэштак аўтамабіляў і старой цэглы. Звонку гэты будынак быў пафарбаваны вадзяніста-блакітнай фарбай.

Уэйн азірнуўся, каб пераканацца, што за ім ніхто не сочыць. Ён мацней сціснуў скрутак пад пахай і злёгку здрыгануўся ад уласнай дзёрзкасці, нарэшце адчыніў дзверы і праслізнуў унутр.

– Дабранак, – павітаўся з госцем гаспадар.

Ён таксама быў такім, якім яго апісвалі: высокі, хітрага выгляду стары з вузкімі вачыма і апушчаным ротам. Яго звалі Томпкінс. Ён знаходзіўся ў старым крэсле-качалцы, на спінцы якога сядзеў сіне-зялёны папугай. Побач мясціліся яшчэ адно крэсла і стол. На стале ляжаў іржавы шпрыц для падскурных ін’екцый.

– Я чуў пра вашу краму ад сяброў, – сказаў Уэйн.
– Тады вы ведаеце маю цану, – адгукнуўся Томпкінс. – Прынеслі?
– Так, – адказаў Уэйн і падняў скрутак. – Але спачатку я хачу спытаць…
– Яны заўсёды хочуць спытаць, – звярнуўся стары да свайго папугая, які міргнуў у адказ. – Добра, слухаю вас.
– Я хачу ведаць, што адбываецца насамрэч.

Томпкінс уздыхнуў:
– Вось што адбываецца. Вы плаціце мне. Я раблю вам укол, вы засынаеце. Затым з дапамогай некаторых прыстасаванняў, якія ў мяне ёсць у другім пакоі, я вызваляю ваш розум.

Пасля гэтых слоў на вуснах гаспадара з’явілася ўсмешка, і ягоны маўклівы папугай, здавалася, таксама ўсміхнуўся.

– А потым?
– Ваш розум, вольны ад цела, здольны абраць усякі з бясконцых імавернасных светаў, якія Зямля стварае ў кожную секунду свайго існавання.

Ухмыляючыся, Томпкінс выпрастаўся ў крэсле-качалцы, а ў ягоным голасе пачулася натхненне:
– Так, мой сябар, хоць вы, магчыма, і не падазравалі аб гэтым, з таго моманту, як наша старэнькая Зямля-матухна нарадзілася з вогненнага чэрава Сонца, яна сама пачала ствараць альтэрнатыўныя светы-імавернасці. Светы без канца, якія з’яўляюцца з падзей вялікіх і малых; кожны Аляксандр і кожная амёба ствараюць рэчаіснасці, гэтак жа, як рабізна будзе распаўсюджвацца па сажалцы, незалежна ад таго, наколькі вялікі або малы камень, які вы кінулі. Хіба не кожны аб’ект адкідвае цень? Што ж, мой сябар, Зямля сама па сабе чатырохмерная, таму яна адкідвае трохмерныя цені – свае цвёрдыя адлюстраванні ў кожны момант уласнага існавання. Мільёны, мільярды Зямель! Бясконцасць Зямель! І ваш розум, вызвалены мной, зможа выбраць любы з гэтых светаў і жыць у ім нейкі час.

Уэйну было непрыемна ўсведамляць, што Томпкінс падобны на цыркавога зазывалу, каторы абвяшчае цуды, якіх проста не можа існаваць. Але, нагадаў самому сабе Уэйн, на працягу яго ўласнага жыцця адбываліся рэчы, у якія ён ніколі б не паверыў, што гэта магчыма. Ніколі! Так што, мажліва, цуды, пра якія казаў стары дзівак, былі імаверныя.

Уэйн пачаў:
– Мае сябры таксама сказалі...
– Што я быў заўзятым ашуканцам? – хутка спытаў Томпкінс.
– Некаторыя з іх мелі на ўвазе гэта, – асцярожна заўважыў Уэйн. – Але я імкнуся быць непрадузятым. Яшчэ яны...
– Я ведаю, што сказалі вашы распусныя сябры. Яны распавялі пра здзяйсненне жаданняў. Гэта вы хацелі пачуць?
– Так, – кіўнуў Уэйн. – Яны сказалі мне, што чаго б я ні пажадаў... Чаго б ні захацеў...
– Менавіта так, – пацвердзіў Томпкінс. – Па-іншаму гэта не працуе. Ёсць бясконцыя светы, з якіх можна выбіраць. Ваш розум абірае і кіруецца толькі жаданнем. Адзінае, што мае значэнне – гэта ваша самае патаемнае жаданне. Калі вы песцілі затоеную мару аб забойстве...
– Не, крый божа, ніколі! – усклікнуў Уэйн.
– …тады трапіце ў свет, дзе зможаце забіваць, купацца ў крыві, перасягнуць маркіза дэ Сада, Цэзара або кім бы ні быў ваш кумір. Можа, вы імкнецеся да ўлады? Тады ўбачыце свет, дзе будзеце богам – у літаральным сэнсе і на самой справе. Магчыма, крыважэрным Джагернаўтам або наймудрым Будай.
– Вельмі сумняваюся, што я…
– Ёсць і іншыя жаданні, – працягваў Томпкінс. – Усякі рай і любое пекла: усё, што можа ўявіць ангел або дэман. Неўтаймаваная сэксуальнасць. Абжорства, п’янства, каханне, слава – усё, што пажадаеш.
– Нішто сабе! – выгукнуў Уэйн.
– Так, – пагадзіўся стары. – Вядома, мой маленькі спіс не вычэрпвае ўсіх магчымасцяў, камбінацый і перастановак жаданняў. Верагодна, вы маглі б захацець простага, ціхамірнага, пастаральнага існавання на востраве ў паўднёвых морах сярод ідэалізаваных тубыльцаў.
– Гэта больш падобна на мяне, – адказаў Уэйн і сарамліва засмяяўся.
– Але хто ведае? – разважаў Томпкінс. – Нават ты сам можаш не ведаць пра свае сапраўдныя жаданні. Яны могуць уключаць і ўласную смерць.
– І гэта часта здараецца? – з трывогай запытаў Уэйн.
– Часам.
– Я б не хацеў паміраць, – прамармытаў Уэйн.
– Такое амаль ніколі не здараецца, – запэўніў гаспадар крамы, гледзячы на скрутак у руках Уэйна.
– Калі вы так кажаце... Але адкуль мне ведаць, што ўсё гэта рэальна? Ваш кошт надзвычай высокі, мне прыйдзецца аддаць усё, што ў мяне ёсць. Хто вас ведае, мо я атрымаю снатворнае ці наркотык, засну і буду проста марыць! Усё, што я маю, толькі за дозу гераіну і кучу прыгожых слоў!

Томпкінс падбадзёрвальна ўсміхнуўся:
– У гэтых адчуваннях няма нічога наркатычнага. Не падобныя яны і на сны.
– Калі так, – сказаў Уэйн крыху раздражнёна, – чаму я не магу назаўсёды застацца ў свеце сваёй мары?
– Я працую над гэтым, – адгукнуўся стары вынаходца. – Вось чаму я бяру такую высокую плату: каб атрымаць матэрыялы і працягваць эксперыменты. Я спрабую знайсці спосаб зрабіць пераход трывалым. Пакуль мне не пашчасціла паслабіць сувязь, якая прывязвае чалавека да роднай Зямлі і цягне яго назад. Нават вялікія містыкі не маглі перарэзаць гэтую нітку, акрамя як смерцю. Але я не губляю надзею.
– Было б цудоўна, калі б у вас усё атрымалася, – ветліва заўважыў Уэйн.
– Безумоўна! – усклікнуў Томпкінс з нечаканым выбухам натхнення. – Таму што тады я ператварыў бы сваю нікчэмную краму ў выратавальную браму! Мой працэс быў бы бясплатным, дармовым для ўсіх! Кожны адправіўся б у свет сваіх жаданняў, на Зямлю, якая яму сапраўды падыходзіць, і пакінуў бы гэтае праклятае месца пацукам і чарвякам...

Стары абарваў сябе на паўслове і раптам працягнуў з ледзяным спакоем:
– Але баюся, што я надта захапіўся. Я пакуль не знайшоў спосаб назаўсёды ўцячы з Зямлі, які б не быў звязаны са смерцю. Магчыма, я ніколі не здолею. На дадзены момант усё, што магу вам прапанаваць – гэта адпачынак, перамены, смак іншага свету і погляд на свае ўласныя жаданні і мары. Вы ведаеце мой кошт. Я вярну вашы зберажэнні, калі ўражанні вас не задаволяць.
– Вы вельмі ласкавы, – шчыра адказаў Уэйн. – Але ёсць яшчэ адна акалічнасць, пра якую распавялі мне сябры. Я маю на ўвазе дзесяць гадоў майго жыцця.
– Тут нічога не зробіш, – сказаў Томпкінс, – і кампенсацыі не падлягае. Мой працэс аказвае моцную нагрузку на нервовую сістэму, і працягласць жыцця адпаведна скарачаецца. Гэта адна з прычын, чаму наш так званы ўрад абвясціў маю дзейнасць па-за законам.
– Але яны не вельмі строга выконваюць забарону, – заўважыў Уэйн.
– Згодны. Афіцыйна працэдура забаронена як шкоднае махлярства. Але чыноўнікі таксама людзі. Яны хацелі б пакінуць нашу Зямлю, як і ўсе астатнія.
– Аддаць усё, – задумліва разважаў Уэйн, моцна сціскаючы свой скрутак. – І яшчэ дзесяць гадоў жыцця! За выкананне маіх утоеных жаданняў... Сапраўды, я павінен добра ўсё абдумаць.
– Думайце колькі заўгодна, – абыякава адказаў Томпкінс.


Усю дарогу дадому Уэйн думаў пра гэта. Калі яго цягнік прыбыў у Порт-Вашынгтон, на Лонг-Айлэнд, ён усё яшчэ разважаў. І калі вёў машыну ад станцыі да свайго дома, згадваў хітры твар старога Томпкінса, уяўляў светы-верагоднасці і здзяйсненне запаветных жаданняў.

Але калі ён увайшоў у хату, гэтым думкам прыйшлося спыніцца. Джанет, ягоная жонка, хацела, каб муж сур’ёзна пагаварыў з пакаёўкай, якая зноў напілася. Сыну Томі трэба было дапамагчы са шлюпам, які планавалася спускаць на ваду заўтра. А ягоная маленькая дачка хацела расказаць пра свой дзень у дзіцячым садку.

Уэйн ветліва, але цвёрда пагаварыў з пакаёўкай. Ён дапамог Томі нанесці апошні пласт меднай фарбы на дно шлюпа і выслухаў аповяд Пэгі пра яе прыгоды на дзіцячай пляцоўцы.

Пазней, калі дзеці ляглі спаць, а яны з Джанет засталіся адны ў гасцінай, яна спытала яго, ці не здарылася чагосьці.

– Напрыклад?
– Здаецца, ты пра нешта турбуешся, – прамовіла жонка. – У цябе быў дрэнны дзень у офісе?
– Ат, не выдумляй, усё добра...

Ён, вядома, не збіраўся распавядаць Джанет ці камусьці яшчэ, што браў выхадны, каб наведаць Томпкінса ў ягонай вар’яцкай старой Краме Светаў. Уэйн таксама не планаваў абмяркоўваць права, якое павінен мець кожны чалавек хоць бы раз у жыцці, каб здзейсніць свае самыя патаемныя жаданні. Джанет, са сваім цвярозым розумам, ніколі б гэтага не зразумела.

Наступныя дні ў офісе апынуліся надзвычай напружанымі. Уся Уол-стрыт была ў лёгкай паніцы з-за падзей на Блізкім Усходзе і ў Азіі, і акцыі рэагавалі адпаведным чынам. Уэйн засяродзіўся на працы. Ён імкнуўся не думаць аб выкананні жаданняў коштам усяго, чым валодаў, выдаткаваўшы на гэта дзесяць гадоў свайго жыцця. Няма дурных! Стары Томпкінс, мусіць, з’ехаў з глузду!

Па выхадных днях Уэйн хадзіў з Томі пад ветразем. Старая лодка паводзіла сябе вельмі добра і амаль не прапускала ваду праз ніжнія швы. Томі папрасіў набыць новы камплект гоначных ветразяў, але Уэйн рашуча адхіліў ягоную просьбу. Можа, у наступным годзе, калі кошты будуць больш прывабнымі. Пакуль што хопіць і старых ветразей.

Часам па начах, калі дзеці засыналі, яны з Джанет адпраўляліся ў плаванне. Праліў Лонг-Айлэнд уначы быў ціхім і прахалодным. Іх лодка праходзіла міма бакенаў, якія міргалі ў цемры, трымаючы курс на вялікі жоўты дыск месяца.

– Я адчуваю – цябе штосьці хвалюе, – неўзабаве сказала Джанет.
– Мілая, не трэба!
– Ты нешта хаваеш ад мяне?
– Не, нічога!
– Ты цалкам упэўнены?
– Канешне!
– Тады абнімі мяне. Вось так...

І човен некаторы час плыў сам па сабе.

Здзяйсненне запаветных жаданняў… Але наступіла восень, і шлюп запатрабаваў рамонту. Фондавы рынак аднавіў некаторую стабільнасць, але Пэгі захварэла на адзёр. Томі хацеў ведаць адрозненні паміж звычайнымі бомбамі, атамнымі, вадароднымі, кобальтавымі і ўсімі іншымі відамі бомбаў, пра якія распавядалі ў навінах. Уэйн патлумачыў, наколькі гэта было ў ягоных сілах. Потым нечакана звольнілася пакаёўка.

Таемныя жаданні – гэта, вядома, усё вельмі добра. Магчыма, ён сапраўды хацеў кагосьці забіць або жыць на востраве ў паўднёвых морах. Але трэба было ўлічваць адказнасць за сваю сям’ю. У яго растуць двое маленькіх дзяцей, і жонка лепш, чым ён заслугоўваў.

Магчыма, дзесьці да Каляд...

Але вось ліха: у сярэдзіне зімы ў незанятай гасцёўні адбыўся пажар з-за кепскай электраправодкі. Пажарныя патушылі полымя: абышлося без вялікай шкоды і ніхто не пацярпеў. Але гэтая падзея прымусіла часова забыцца пра Томпкінса. Спачатку трэба было давесці да ладу спачывальню, таму што Уэйн вельмі ганарыўся сваёй самавітай старэнькай хатай.

Бізнэс па-ранейшаму быў ліхаманкавым і нявызначаным з-за міжнароднай сітуацыі. Рускія, арабы, грэкі, кітайцы... Міжкантынентальныя ракеты, атамныя бомбы, спадарожнікі… Уэйн праводзіў у офісе доўгія дні, а часам затрымліваўся да позняга вечара. Томі захварэў на заўшніцу. Частку даху прыйшлося перакласці. А потым ужо надышоў час падумаць аб вясновым спуску шлюпа на ваду.

Прайшоў год, і ў яго было вельмі мала часу падумаць аб таемных жаданнях. Верагодна, у наступным годзе… А тым часам…


– Ну як? – спытаў Томпкінс. – Усё добра?
– Так, усё ў парадку, – адказаў Уэйн.

Ён устаў з крэсла і пацёр лоб.

– Вы хочаце вярнуць плату? – пацікавіўся гаспадар крамы.
– Не. Адчуванні былі цалкам здавальняючымі.
– Яны заўсёды такія, – Томпкінс пажадліва падміргнуў папугаю. – Ну, а вы што абралі?
– Свет нядаўняга мінулага, – вымавіў Уэйн.
– Многія выбіраюць тое ж самае. Вы ўбачылі сваё таемнае жаданне? Можа, забойства? Ці востраў у паўднёвых морах?
– Я не хацеў бы абмяркоўваць гэта, – адказаў Уэйн ветліва, але цвёрда.
– Многія людзі не хочуць абмяркоўваць са мной свой досвед, – панура прамовіў Томпкінс. – Каб я з месца не ўстаў, калі ведаю, чаму.
– Мяркую, што свет таемных жаданняў нейкім чынам з’яўляецца святым для кожнага чалавека. Не крыўдуйце... Як думаеце, вы калі-небудзь здолееце зрабіць так, каб можна было збегчы адсюль назаўсёды? Я маю на ўвазе свет па ўласным выбары?

Стары паціснуў плячыма:
– Я спрабую. Калі ў мяне атрымаецца, вы пачуеце пра гэта. Усе пачуюць.
– Але, я мяркую, што так яно і будзе.

Уэйн выцягнуў скрутак і выклаў яго змесціва на стол. У пакунку былі пара вайсковых чаравікоў, нож, два скруткі меднага дроту і тры маленькія банкі тушонкі.

Вочы Томпкінса на імгненне заблішчалі.

– Цалкам здавальняюча, – сказаў ён. – Дзякуй.
– Бывайце, – развітаўся Уэйн. – І вам дзякуй.

Уэйн пакінуў краму і паспяшаўся да канца паласы з шэрага друзу. За ёй, як вокам кінуць, ляжалі роўныя палі з друзу, карычневага, шэрага і чорнага. Гэтыя палі, якія працягваліся да самога небакраю, складаліся са знявечаных трупаў гарадоў, абломкаў дрэваў і дробнага белага попелу, які калісьці быў чалавечымі целамі і косткамі.

– Ну, – прамовіў Уэйн услых, – прынамсі, як узаралі, так і сабралі.

Год у мінулым каштаваў яму ўсяго, чым ён валодаў, да таго ж яшчэ і дзесяці гадоў уласнага жыцця. Ці было гэта марай, а мо толькі сном? Яно таго каштавала! Але цяпер ён павінен адкінуць усе думкі пра Джанет і дзяцей: што прайшло, таго не вернеш. З марамі было скончана, хіба толькі Томпкінс не ўдасканаліць свой працэс. Цяпер яму трэба паклапаціцца пра ўласнае выжыванне.

З дапамогай свайго наручнага прыбора Гейгера Уэйн знайшоў дэзактываваны праход сярод абломкаў. Лепш паспець у прытулак да наступлення цемры, пакуль не выйшлі пацукі. Калі ён не паспяшаецца, то прапусціць вячэрнюю раздачу бульбы.


Пераклад:
24-25, 29-30 студзеня, 01 лютага 2024 (чарнавы тэхнічны варыянт);
02, 05-07, 14-15, 20-23, 27-28 траўня 2025, Гомель (дапрацоўка).


Рецензии