А мы лёгка адкараскалiся!
У сярэдзіне васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя міністэрствам аховы здароўя быў выдадзены загад аб мерах па зніжэнні працастрат па хваробе працуючых.
У дакуменце кіраўніцтву адпаведных міністэрств рэкамендавалася паляпшаць умовы працы, выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны работнікаў у цэхах са шкоднымі вытворчымі фактарам і г.д.
Адміністрацыі прадпрыемстваў і прафесійным саюзам ставілася ў абавязкі сістэматычнае правядзенне прафілактычных аглядаў асоб, якія працуюць у шкодных умовах працы, забяспячэнне санаторна-курортным лячэннем усіх, маючых патрэбу, дыетычным харчаваннем, супрацьрэцыдыўным лячэннем і т.п.
Гісторыя замоўчвае, ці прыняло да ўвагі і выканання кіраўніцтва саюзных міністэрств ведамасны загад міністэрства аховы здароўя, але на месцах не адчулі ніякіх змен. Умовы працы на прадпрыемствах засталіся ранейшымі, ды і сродкаў абароны працаўнікоў не дадалося.
Безумоўна выконваліся, прынамсі, на заводах і фабрыках горада Баранавічы, прадпісанні для адміністрацыі прадпрыемстваў. Па ўрачэбных заключэннях дыспансерныя хворыя забяспечваліся дыетхарчаваннем і прафілактычным лячэннем; санаторна-курортным лячэннем – каля васьмідзесяці адсоткаў работнікаў, якія мелі патрэбу ў ім.
За даўнасцю гадоў і не ўзгадаю, на два ці на дзесяць адсоткаў у параўнанні з папярэднім годам прапаноўвалася знізіць паказчыкі часовай непрацаздольнасці.
Як вядома, самы “эфектыўны” спосаб рашэння пастаўленых задач – адміністратыўны. Вось і ў арганізацыях аховы здароўя, атрымаўшы нарматыўны дакумент аб мерах па зніжэнні працастрат па хваробе працуючых, выдалі адаптацыйныя загады.
У той час я працавала загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі. На адной з вытворчых нарад кіраўнікам структурных падраздзяленняў была даручана работа руханкаводаў: разлічыць мінімальна-аптымальныя паказчыкі выдачы лісткоў непрацаздольнасці для кожнага ўрача аддзялення.
Чаго прасцей! Узяў паказчыкі выдачы бальнічных лісткоў за кожны месяц мінулага года, адмінусаваў патрэбны адсотак, падзяліў на чатыры-пяць тыдняў і, будзьце ласкавы, доктар Іваноў, Ваш ліміт на будучы тыдзень – дзесяць лісткоў непрацаздольнасці!
Кожны лекар завёў сшытак, у які ўносіліся дадзеныя: план і факт. На штотыднёвых вытворчых нарадах адміністрацыя “клеймавала ганьбай” дактароў, якія не ўклаліся ў даведзеныя паказчыкі. Пры гэтым кожны раз агучваліся памеры выдаткаў дзяржавы за адзін нявыхад на працу па хваробе; улічваўся кошт не вырабленай прадукцыі, выдаткі фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на аплату лісткой непрацаздольнасці, заработная плата медыцінскіх работнікаў і г.д.
На якія толькі хітрыкі не ішлі лекары, каб “укласціся” ў нарматыў! Асабліва цяжкім днём была пятніца, калі ўжо быў зрасходаваны “нарматыў” ці заставаўся ўсяго адзін лісток непрацаздольнасці, дазволены да выдачы на гэтым тыдні. Урачы ператвараліся ў прафесійных дыпламатаў:
– Вы сёння былі на працы, Іван Іванавіч? Значыць, бальнічны лісток на пятніцу не патрэбен. А субота-нядзеля непрацоўныя дні? Вельмі добра, я прызначу Вам лячэнне, а ў панядзелак, калі не будзе лепш, паўторна агляджу.
– Вы не выйшлі сёння на працу, Зоя Іванаўна? А майстар у Вас які: нармальны ці шкодны? Добры майстар? Дайце, калі ласка, нумар яго тэлефона, я патэлефаную і папярэджу, што Вы захварэлі. А калі не будзе лепш, то з панядзелка адкрыем бальнічны.
І тады, і праз шмат гадоў я часта думала пра другі бок кампаніі: у якой колькасці пацыентаў лячэнне без адрыву ад вытворчасці вылілася ва ўскладненне ці хранізацыю вострага працесу? Нажаль, такой статыстыкі няма …
Буду сумленная: большасць калегаў ніколі не паступалася ўрачебным прынцыпам “Не нашкодзь”. У паказаных выпадках яны выдавалі лісткі непрацаздольнасці, думаючы пры гэтым:
– Ну, назавуць на “пяціхвілінцы” тваё прозвішча ў ліку “дрэнных”, ну, пазбавяць прэміяльных даплат, і што?
Менавіта тады з’явілася асаблівая форма кантролю за абгрунтаванасцю выдачы лісткоў непрацаздольнасці – выязная ўрачэбна-кансультацыйная камісія (УКК). Яна складалася з намесніка галоўнага ўрача лячэбнай установы па экспертызе часовай непрацаздольнасці, загадчыка аддзялення і доктара, які лечыць.
Прынамсі, так прадпісвалася нарматыўнымі дакументамі міністэрства аховы здароўя. На практыцы ж камісія складалася з двух загадчыкаў аддзяленнямі, якія наведвалі часова непрацаздольнага грамадзяніна дома. Пасля агляду ацэньвалі абгрунтаванасць выдачы яму бальнічнага лістка, наяўнасць медыкаментаў і выкананне прадпісанага лекарам рэжыму.
Іншыя формы кантролю, якія ажыцяўляліся ў сценах паліклінікі, былі даволі стандартнымі і малацікавымі.
Я не любіла ўдзельнічаць у выязных праверках. Адна справа, калі хворы сам выклікае лекара на дом; зусім іншая – калі без яго запрашэння ў кватэру заяўляюцца няпрошаныя госці.
Але… На любой вытворчай нарадзе кіраўніцтва лячэбнай установы магло спытаць, колькі выязных УКК праведзена загадчыкам аддзялення ў справаздачным перыядзе ці, горш за тое, праверыць адпаведны журнал запісаў. Вось і даводзілася пераступаць праз сябе.
Пры наведванні пацыентаў дома часам здараліся неардынарныя сітуацыі, пра адну з якіх – маё апавяданне.
З загадчыкам терапеўтычнага аддзялення паліклінікі мы выбралі ў кабінеце рэгістрацыі бальнічных лісткоў некалькі адрасоў часова непрацаздольных грамадзян. Асноўнымі крытэріямі адбору з’яўляліся пачатак захворвання, прафесія і месца пражывання хворага.
Праверцы таксама падвяргаліся пацыенты, бальнічныя лісткі якім былі выдадзены акрэсленымі лекарамі. Яны адрозніваліся “паблажлівасцю” пры ацэнцы працаздольнасці “хворых”, якія ўмелі “зацікавіць” доктара. Прозвішчы такіх “эскулапаў” ведалі не толькі медыцынскія работнікі лячэбнай установы, але і жыхары горада; “добрая” слава хутка распаўсюджваецца.
Мы з калегам выбралі адрасы хворых з аднаго мікрараёна, каб не ездзіць па ўсім горадзе.
Па спісе наведалі некалькі пацыентаў. Усе яны былі дома, выконвалі пасцельны рэжым, прымалі выпісаныя доктарам лекі; агляд пацвердзіў наяўнасць ва ўсіх траіх прыкмет часовай непрацаздольнасці.
Дзверы чарговай кватэры адчыніў саракагадовы мужчына ў спартовым гарнітуры.
– А-а, праходзьце-праходзьце, вы, напэўна, кантрольная УКК? – убачыўшы белыя халаты, удакладніў ён.
– Так. А Вы ўжо ведаеце пра выязныя УКК? – пацікавіліся мы з Нінай Іванаўнай.
– Ведаю, мне сусед расказваў, што зараз лекары без выкліку прыязджаюць да хворых. Вы праходзьце ў пакой, я пакажу, чым лячуся, – запрасіў гаспадар.
На крэсле каля распраўленай канапы ляжалі медыкаменты і гарчычнікі. Ніна Іванаўна аглядзела хворага і крыху падкарэктавала лячэнне. Пажадаўшы пацыенту хутчэйшага ачуньвання, мы накіраваліся да выхаду.
У імгненне вока мужчына апынуўся ў дзвярэй. Зашчоўкнуў замок і моўчкі стаў ля праёму.
– Адчыніце дзверы, у паліклініцы нас чакаюць хворыя, – сказала калега.
– Не, не адчыню, – адказаў мужчына.
– Даезділіся, – засмучана падумала я. – Нармалёвая рэакцыя здаровага мужыка на маладых сімпатычных загарэлых жанчын. Вунь які напампаваны! Адной па галаве стукне, а над другой наглуміцца. І нікому потым не пажалішся, на смех падымуць!
Першай прыйшла ў сябе напарніца:
– Выпусціце нас, мы ж на працы!
– Не, не адпушчу! Вы – кантрольная камісія. Праверылі мяне, так і напішыце, што ўсё ў парадку!
– Дык гэта будзе напісана ў Вашай амбулаторнай картцы! – да мяне вярнуўся дарунак мовы.
– Не, пакуль не напішаце, што ўсё ў парадку, нікуды я вас не адпушчу! – не здаваўся мужчына.
– Добра, нясіце бальнічны лісток, – знайшлася Ніна Іванаўна.
Абаронец парадку і справядлівасці, не выпускаючы нас з поля зроку, прынёс лісток непрацаздольнасці. У графе “парушэнне рэжыму” калега зрабіла пазнаку “няма”, паставіла подпіс і асабістую пячатку лекара.
– Ну вось, зусім іншая справа, – прамовіў пацыент, адчыняючы ўваходныя дзверы.
Пад любымі падставамі я нейкі час ухілялася ад удзелу ў выязных УКК, потым стала выязджаць пераважна з калегамі-мужчынамі.
Прыкладна праз год здарыўся эпізод, у параўнанні з якім мае даўнія асцярогі здаліся дзіцячымі страхамі.
Участковы доктар прыйшла на выклік да жонкі кадравага вайскоўца. Аглядзела яе і, не выявіўшы прыкмет часовай непрацаздольнасці, адмавіла ў выдачы бальнічнага лістка. Кахаючы муж, пачуўшы вердыкт, ненадоўга адлучыўся і вярнуўся з пісталетам. Накіраваўшы яго на лекара, загадаў:
– Хутка выпісвай маёй жонцы бюлетэнь, а не тое прыстрэлю!
Дзіўна, але маладая жанчына-урач не страціла самавалодання і аформіла лісток непрацаздольнасці жонцы афіцера, пасля чаго ён выпусціў доктара з кватэры.
Вярнуўшыся ў паліклініку, нядаўняя “закладніца” напісала заяву на імя галоўнага ўрача аб эпізодзе, які меў места, і прыклала да яе карэньчык бальнічнага лістка, выпісанага пад пагрозай ужывання зброі.
Заява была перададзена ў праваахоўныя органы, якія і заняліся псіхічна неўраўнаважаным “баявым” афіцэрам.
Шырокай агалоскі гэтая гісторыя не атрымала; у васьмідзесятыя гады аўтарытэт вайскоўцаў быў яшчэ дастаткова высокі.
Абмяркоўваючы з Нінай Іванаўнай нядаўні інцыдэнт з запалохваннем калегі боявой зброяй, мы ўспомнілі наш леташні “захоп у палон”:
– А мы ў той раз лёгка адкараскаліся!
Свидетельство о публикации №225060400561
В моей профессии педагога тоже необходимы домашние посещения учеников. Этому нас учили в вузе во время педагогической практики. Мне пришлось навестить моего семиклассника Борю. Его мама встретила меня словами - " Боря, иди сюда, к тебе девочка пришла!" Но, узнав, что я студентка на практике и являюсь Бориным классным руководителем, приветливо отнеслась к моему визиту и на прощание вынесла из кухни пакет с домашними пирожками! Это был классный гостинец для студентов! Вечером в общежитии всей комнатой пили чай с испечёнными Борькиной мамой пирожками!
Наталья Дюбина 12.06.2025 12:37 Заявить о нарушении
Искренне благодарю за отзыв!
Много всякого и разного было за годы моей врачебной деятельности.
У меня были хорошие наставники, один из которых, в самом начале интернатуры, сказал такую фразу:
- Никогда не обижайтесь на больных, они же - б-о-ль-н-ы-е!
А вот "девочкой" мои подопечные, увы, меня не называли!
Так что, Ваш визит к семикласснику Боре имел два приятных бонуса: моральный и материальный.
С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.
Нелли Фурс 12.06.2025 15:08 Заявить о нарушении