Кацяня Боня дапамагае дзеду збiраць парэчкi
Чэрвеньскі досвітак напярэдадні дня летняга сонцастаяння мае сваю асаблівую прыгажосць. Самая кароткая ноч знікае паступова, паволі уступаючы правы самаму доўгаму летняму дню. Пачынае памалу шарэць на ўсходзе. Размыты свет, нібы малако, паціху пранікае ў цемру ночы, разбаўляе яе, робячы падобнай да сінявата-шэрага, дзе-нідзе з ружовымі разводамі кісялю, які, здаецца, рупная гаспадыня-чараўніца зварыла з хмарак, сабраўшы іх на зорным небе. Зверху ў гэтым кісялі яшчэ зрэдку мільгаюць іскрынкі зорачак, нібы ягадкі спелых суніц сярод густой лістоты, якімі поўніцца знаёмая палянка ў бліжнім лесе. Гэты час паміж ноччу і світаннем мае свой асаблівы характар, што складаецца з сімфоніі прыродных гукаў. Прачынаюцца і падаюць першыя галасы раннія птушкі. Дзесьці на сажалцы ў рэдкую пакуль што птушыную пераклічку раптам дысанансна ўразаецца запозненае адзінокае “ква-а-а” вадзяной жабкі. Асобная музычная партыя на досвітку належыць камарынай зграі. Звонкі і пранізлівы камарыны піск становіцца мацней, настойлівей, запаўняе сабой наваколле і дзейнічае падобна сваеасаблівай псіхалагічнай зброі. З блізкага пералеску даносіцца рэдкае кукаванне зязюлі. Мала хто ведае, што зязюля за адзін раз сваё ку-ку можа прамаўляць не больш дзясятка разоў, таму пытаць яго аб тым, колькі гадоў засталося, – дарэмная трата часу. Кукаванне зязюлі – нібы сольная партыя ў паступова набіраючай сілу сімфоніі птушыных гукаў на світанні. Пярнатая раць вітае ўзыходзячае сонца, спяваючы на ўсе свае птушыныя галасы гімн свяцілу, якое дае жыццё ўсім насельнікам зямлі. Выгадна аццяняе птушыныя спевы мерны шум лясных дрэў і кустоў, што з гатоўнасцю адзываецца шапаценнем густой зялёнай лістоты на кожны подых ветрыку.
Ва ўскраінным прыватным сектары гарадской забудовы сімфонія прачынаючайся прыроды летам звычайна дапаўняецца візглівымі гукамі газонакасілак, якія імгненна парушаюць прыродную гармонію і агрэсіўна запаўняюць ўсё наваколле. Звычайна гэтыя гукі суправаджаюцца хлопаннем вокнаў, якія гаспадыні хуценька закрываюць, спрабуючы зберагчы астаткі сямейнага сну.
У такі ранні час на ганак выйшаў дзядуля. Бонечка паціхеньку выслізнуў услед за ім, пацёрся аб дзядулевы ногі. Чорненькая спінка кацяняці ласнілася, аж пералівалася на ўзыходзячым сонцы. Дзядуля нагнуўся, пагладзіў катка, патрапаў злёгку за вушкі: “Ну што, малеча хвастатая, будзем парэчкі збіраць, ці як?”.
Боня аглянуўся на дзверы, нібы пытаючыся: “А бабуля з намі?”. Нібы пачуўшы нямое пытанне катка дзядуля прамовіў: “Няхай спіць бабуля, не будзем яе будзіць. Яна ўчора дапазна студзень варыла, няхай адпачыць. Без яе справімся”.
Так, Боня ж сам дапамагаў учора бабулі гатаваць смачны наварысты студзень! Саваў сваю вострую мордачку з чорным цікаўным носікам пад руку, калі тая даставала з духмянага густога варыва мяса, аддзяляла яго ад костак, драбніла нажом, не забываючы частаваць свайго пушыстага ўлюбёнца, затым працэджвала і залівала гэтым неверагодным варывам з такім смачным пахам мяса місачкі, здымала з дапамогай сурвэтак залішні тлушч з паверхні студня і, счакаўшы некаторы час, пакуль перастане клубіцца над гэтымі чароўнымі місачкамі пара, перастаўляла іх на паліцу халадзільніка. Боня нават яшчэ некаторы час пасля таго, як бабуля, закончыўшы справу, пайшла спаць, пасядзеў перад зачыненай дзверцай халадзільніка, уяўляючы сабе смачную ежу, якая, як бабуля сказала, будзе гатова ўжо заўтра раніцай.
Дзядуля тым часам дастаў вядро, нізенькі драўляны стульчык, які і бабуля, і дзядуля называлі дзіўным словам – услон. Падыйшоў да вялікага куста, на якім, нібы шыкоўныя завушніцы, гронкамі віселі драбнаватыя чырвоныя ягады. На сонцы яны пераліваліся рубінавым светам, нібы падсвечваючыся знутры. Дзіўна, але яны амаль не мелі аніякага паху. Боня ведаў ужо, як пахнуць клубніцы: водарам спелых буйных ягад запоўнена, здаецца, усё наваколле. Мой дарагі чытач, канешне ж, ведае, як смачна пахнуць суніцы або спелая маліна, але ж Бонечка быў яшчэ маленькім кацяняткам і яго першыя маліны, як і суніцы, яшчэ ўперадзе, у зусім недалёкім будучым.
Першая гронка чырвоных парэчак глуха стукнулася аб дно вядра. Дзядуля, адхінуўшы зялёную галіну, шпарка абіраў з яе ягады, кідаючы іх у падрыхтаваную глыбокую пасудзіну. Паступова дно запоўнілася і ягады клаліся адно на адно ціха, без стуку. Боні хутка надакучыла назіраць, як дзед iрве ягады, і ён адышоўся пашукаць сабе цікавейшага занятку. Абыйшоў невялікі двор, панюхаў і пачапаў лапкай галоўкі адцвітаючых позніх півоняў, якія дарылі наваколлю моцны салодкі водар. Каля плоту яго ўвагу прыцягнулі буйныя фігурныя, нібы выразаныя з паперы невядомым майстрам-мастаком лісты вінаграду, якія трапяталі на ветрыку. Мурашыную армію, якая тут жа дружна нешта цягнула ў сваё жытло пад парогам хлеўчука, Боня нават не чапаў. Ён ужо ведаў, што мурашы – вельмі працавіты народ і адарваць іх ад справы амаль што немагчыма. Тут жа паспрабаваў пазнаёміцца з вінаградным смаўжом, які выпаўз на росную траву, ды той хутка схаваўся ў сваім цвёрдым закручаным доміку-ракавіне, якія смаўжы заўсёды носяць на сабе. Пакруціўшыся некаторы час вакол смаўжа, Боня вярнуўся да дзядулі. Ягад у вядры прыбавілася, дзядуля збіраў іх спора, метадычна абрываючы з галінкі па-парадку ўсе гронкі.
Боня назіраў нейкі час за работай дзядулі, думаючы, чым жа яму заняцца. І тут ён звярнуў увагу на тое, як шпарка снуюць ад куста да вядра і назад рукі дзядулі. Вось яны дакранаюцца да галінкі, хапаюць і абрываюць хуткім, амаль няўлоўным рухам чырвоную парэчкавую гронку, амаль незаўважна для вока перамяшчаюцца ў бок вядра і вось праз долю імнгнення ягады ўжо ляжаць разам са сваімі таваркамі ў чаканні, калі іх закідаюць другімі ягадамі. І так амаль бясконца!
Дзядуля, заняты справай, не бачыў цікаўнасці катка. І гэта стала яго стратэгічнай памылкай! Боня, нейкі час пацікаваўшы за дзедам, дакладней, за яго рукамі, стаў паціху падкрадвацца бліжэй. Вочы, не адрываючыся, сачылі за рухамі дзядулі, задняя частка тулава разам з хвосцікам нецярпліва захадзіла ў бакі, пярэднія лапкі ледзь прыгнуліся, нібы пружыны, гатовыя кінуцца на ахвяру. Каточак адчуў сябе сапраўдным паляўнічым! Вось жа якая цацка цікавая! Зараз ён зловіць гэтыя шпаркія рукі, яны ж, пэўна, гуляюць з ім, з Боняй! Нічога не падазраваючы дзядуля між тым хуценька абрываў ягады і кідаў іх у вядро. Яго раздражнялі камары, якія лезлі ў вочы, выводзіў з сябе іх бясконцы піск. Аднак справа ёсць справа.
Калі дзядуля ў чарговы раз падняў руку, каб ляпнуць камара на сваёй шчацэ, у яе, руку, раптоўна ўчапілася нешта вострае, балючае і даволі цяжкае (шаноўны юны чытач ведае, што калі добра есці, дык і расцеш хутчэй, ці не так? Бонечка гэта напэўна ведаў!). Дзядуля стаў трасці рукой, спрабуючы сагнаць малога кіпцюрастага разбойніка. Шчыра думаючы, што дзядуля з ім ахвотна гуляе, той учапіўся ў руку не толькі кіпцюрамі, але і вострымі зубкамі.
Думаю, вы здагадаліся, чым закончылася гэта гісторыя. Дзядуля, спрабуючы адчапіцца ад Боні, стаў моцна махаць рукой, якая аказалася ў палоне малога забіякі, свабоднай рукой спрабуючы схапіць катка і адкінуць яго ад сябе. І канешне ж у пыле барацьбы з катком зачапіў напалову напоўненае ягадамі вядро, вывернуўшы ўсе сабраныя ягады на зямлю. Вядро, стукнуўшыся аб дол, з грохатам пакацілася па зямлі. На шум выскачыла бабуля, стаяла на ганку і дзівілася, спрасоння не разумеючы, што здарылася. Дзядуля, адарваўшы нарэшце ката ад сябе, трос добра падранай рукой, на якой, нібы тыя парэчкі, дзе-нідзе застылі чырвоныя кропелькі. Боня, зразумеўшы, што гэта гульня і не гульня зусім, паспешна схаваўся за лаўку і, стараючыся быць непрыкметным, ціхенька цікаваў за тым, што робіцца каля ягадніку.
Бабуля, зразумеўшы сітуацыю, кінулася ў хату. Дзядуля з раздражнёным бурчаннем таксама накіраваўся следам за ёю. Калі праз нейкі час выйшаў з хаты, рука была заматана белым бінтам і ад яе пахла ёдам. Разам з падаспеўшай бабуляй паднялі вядро і сталі збіраць з зямлі рассыпаўшыяся ягады. Паступова грымаса раздражнення і злосці стала сыходзіць з твару дзядулі. Бабуля ж… Напачатку Боня, які не вылазіў яшчэ са сваёй схованкі, думаў, што бабуля таксама злуецца – надта ж дзіўна-незразумелым быў выраз яе твару. Затым, бачачы, што дзядуля адыйшоў крыху ад перажытай “атакі”, гаспадыня не стрымалася. Яе гучны смех раздаўся ў двары. Дзядуля спачатку нават нібы пакрыўдзіўся. Затым, слухаючы звонкі залівісты смех, і сам стаў паціху пасміхацца: “Вось жа гарэза хвастатая! Да чаго ж дадумаўся! Гульню знайшоў! Прыйдзі толькі дадому, вось табе будзе!”.
Бабуля, адсмяяўшыся, прамовіла: “Ды годзе табе. Пайшлі паснедаем, там студзень ужо застыў, такі смачны атрымаўся! А ягады пазней абяром, тут цянёк, можам і днём гэта зрабіць”.
Бонечка сумна назіраў, як бабуля з дзядуляй пайшлі ў хату. Яму ўяўляўся той самы духмяны мясны студзень, а ён жа, Бонечка, не снедаў сёння. Аднак пачуццё самазахавання было мацнейшым за жаданне паласавацца. Пакрыўджаны (ён жа нічога благога не хацеў зрабіць дзеду, толькі пагуляць!) сядзеў каток пад лаўкай і ўжо гатовы быў расплакацца.
Ды тут на парог выйшла бабуля, аглядзелася, паклікала. Боня асцярожна высунуўся са сваёй схованкі, але блізка падыйсці пакуль не адважваўся. У руках бабулі паявіўся сподачак, ад якога сыходзіў той самы чароўны смачны дух. Яна падыйшла да лаўкі, паставіла сподак з ежай: “Паеш пакуль тут, гаротнік. Няхай дзед крыху адыдзе, потым у хату зойдзеш”.
Калі Боня схіліўся над ежай, пагладзіла таго па спінцы: “Ты мой харошы каток. Ты мой ласкавы каток! Ты мой хуліган малы”. І ў словах яе Боня адчуў не толькі ласку і спагаду, але і схаваны смех.
Свидетельство о публикации №225062401256