Кацяня Боня з Беларусi i iншапланетны прышэлец

Кацяня Боня і іншапланетны прышэлец

Зімой дзень кароценькі, нібы знічка на досвітку – мільгане і не заўсёды пабачыць паспееш.  Затое вечары доўгія і так прыемна пасля працоўнага дня, справіўшы потым  ўсе хатнія справы, утульна ўладкавацца на мяккай канапе з кніжкай ці хай сабе і з планшэтам у руках, і, захінуўшы ногі ў плед, а краем вуха слухаючы завыванне завеі за вакном, чытаць улюбёны тэкст ці знаёміцца з апошнімі навінамі. Так, шаноўны чытач, цяперашняй зімой мы часцей чуем за вакном шум дажджу, чым завеі, але ж няхай у нашай казцы зіма будзе сапраўднай, са снегам, ветрам, марозам.
У адзін з такіх вечароў кацяня Боня, нагуляўшыся са сваёй маленькай сяброўкай Танечкай, гаспадарскай унучкай, якая ўжо тыдзень як гасціла ў бабулі з дзядуляй, ціхонечка згарнулася на каленях бабулі маленькім зграбным клубочкам чорнага колеру і, зрэдку цікуючы напаўадкрытымі вочкамі за тым, чым тая занята, ціхенька мурлыкала. Гаспадыня ж, зрэдку адрываючы погляд ад дысплея планшэта, пагладжвала раз-пораз Бонечку і ласкава гаварыла яму словы, якія так любіла кацяня: “Ты мой харошы каток, ты мой ласкавы каток”. Боня (так, гэта быў каток-хлопчык) гатовы быў слухаць гэтыя словы бясконца і не сыходзіць з гаспадарскіх ручак наогул ніколі. Каб жа так можна было!
   Раптам каток улавіў нейкія незразумелыя гукі. Яны былі настолькі ціхія, што ніхто, акрамя Боні, не пачуў іх. Навастрыўшы вушкі, Бонечка яшчэ раз прыслухаўся. Так, штосьці ціхенька пішчала, здаецца за ўваходнымі дзвярыма, мабыць у сенцах. Паглядзеў на бабулю з дзядуляй – тыя займаліся сваімі справамі як ні ў чым ні бывала. Незразумелыя гукі не сціхалі, толькі дзіўныя яны былі нейкія: раз-пораз перарываліся, потым праз пэўны інтэрвал ізноў узнаўляліся.
Ляжаць на каленях гаспадыні ўжо не хацелася. Цікаўнаму кацяняці карцела высветліць, што ж робіцца там, за закрытымі дзвярыма. Саскочыўшы, падбег да іх і запытальна паглядзеў на гаспадыню. Тая, адклаўшы планшэт, глядзела на Бонечку і ласкава ўгаворвала яго не ісці на вуліцу, на холад, а застацца ў цёплай хаце. Боня нецярпліва мяўкнуў. Гаспадыня падышла, адчыніла дзверы, кацяня хуценька шмыгнула за парог. 
    У сенцах было холадна, аднак Боня ў сваёй цёплай мехавой шубцы на холад не зважаў. Цяпер яго адолела цікаўнасць і ўвесь ён быў як напружаная антэна: улаўліваў наўкола ўсе гукі, пахі і рухі. Незразумелае папіскванне на нейкі час заціхла, затым ўзнавілася. Так, гэта за скрыняй з інструментам дзядулі. Там пэўна нешта адбываецца! Бонечка, нібы пружына, спачатку быццам зжаўся, а затым, імгненна разлічыўшы траекторыю, скокнуў прама на скрыню. Тое, што ён убачыў, яго вельмі здзівіла. І нават напалохала. Усё ж такі ён быў усяго толькі маленькім кацяняткам. Аднак Боня сваечасова ўспомніў, што ён дарослы дужы кот, амаль што тыгр, і не да твару яму паказваць свой страх. Шорстка ўздыбілася на загрыўку, хвост распушыўся, усё маленькае цельца прыняло пагражаючы выгляд і з вуснаў Бонечкі вырваўся грозны рык. Ну, ва ўсякім разе яму так здавалася. На самай справе кацяня выдала хрыплае нешта паміж “ш-ш-ш-ш-ш-ш” і “р-р-р-р-р-р”, якое магло напалохаць хіба толькі яго самога.  Аднак жа каточак вельмі стараўся быць пагрозлівым.
     Істота,  якая хавалася за скрыняй, заціхла і ва ўсе свае велізарныя вочы глядзела на махнатага невядомага звера, які, растапырыўшы лапы, стаяў зверху і выдаваў незразумелыя гукі. Нейкі час яны глядзелі, вывучаючы адзін на аднаго. Затым істота піскнула. Кацяня аж падскочыла ад нечаканасці: “Ты хто? І чаму ты зялёны”.  У істоты на поясе тут жа замільгала рознымі колерамі нейкая незразумелая прылада, раздаліся невядомыя гукі. Калі прылада перастала шумець і мільгацець, Бонечка пачуў нейкі нязвыклы, нібы механічны і крыху замедлены голас: “Я Вог. Я не прадстаўляю для вас небяспеку. Я жыхар планеты Варда. А вы хто?”. Боня замёр на месцы, не зводзячы вачэй з дзіўнага  незнаёмца. Варданец меў прыплюснутую галаву з непамерна вялікімі вачыма, тонкія ручкі і ножкі, адзеты ў скафандр з нейкімі правадкамі, лямпачкамі і незразумелымі прыладамі. Але самае дзіўнае– незнаёмец увесь быў зялёнага колеру.
Бонечка быў выхаваны каток, таму хуценька ўспомніў, што з незнаёмцамі патрэбна падтрымліваць ветлівую размову і звяртацца на “вы”: “А чаму ў вас такі дзіўны голас?”. Зноў замільгацела-зашумела прылада на поясе і праз некалькі імгненняў зноў раздаўся ўсё той жа голас: “На маёй планеце іншая мова. А з вамі размаўляе мой памочнік – перакладчык”.
     Пасля гэтых слоў у Боні прама ў сэрцы сабралася зарадзіцца і вось-вось вылезці наружу вялікая крыўда: у нейкага зялёнага ёсць свой персанальны памочнік-перакладчык. Вось бы яму такое! Усе каты наваколля лічылі б яго самым крутым! А то што такога асаблівага ёсць у яго, у Бонечкі? Аднак Боня быў яшчэ і разумным коцікам, таму ён хуценька пастараўся прагнаць крыўду з сэрца. Ды і не крыўда гэта зусім, а самая што ні на ёсць сапраўдная зайздрасць, а яе нельга да сябе падпускаць ані на міліметр, бо з’есць і душу, і сэрца. Бонечка чуў, што так бабуля гаварыла Танечцы, калі тая плакала ад таго, што у суседскага хлопчыка ёсць прыгожая машынка, а ў яе такой няма. І яшчэ бабуля казала, што калі запаўзае ў сэрца зайздрасць, трэба падумаць аб тым добрым і каштоўным, што ў цябе ёсць. Так, у Боні ёсць бабуля з дзядуляй, якія яго песцяць і шкадуюць, да якіх ён заўсёды можа прыбегчы з усімі сваімі крыўдамі і няўдачамі, пажаліцца і атрымаць пагладжванне па галоўцы і па спінцы, ласкавыя словы і нават розныя прысмакі. І дзіўным чынам тады ўсе няўзгоды вельмі хутка забываюцца. І цацак у Бонечкі нямала. І бабуліны маточкі з ніткамі, якія так весела запутваць. І дзядуліны цяжкія чаравікі са шнуровачкамі, з якімі так весела гуляць. І пёркі птушыныя на вяровачцы, што…
      Думкі коціка перарваў механічны голас, які сыходзіў ад Вога: “Скажыце, калі ласка, ваша імя”. Боня  назваўся. Вог, запамінаючы, нібы пасмакаваў: “Бо-ня. Бо-ня. Бо-ня”. Пакуль зялёная істота паўтарала яго імя, каток разглядаў госця. І тут увагу прыцягнула нейкая незразумелая жалезная канструкцыя, якая стаяла побач з выхадам на вуліцу. Вузкая і невысокая, якраз пад рост зялёнага госця, як адзначыў пра сябе Бонечка. Час ад часу яна пішчала. “Дык вось якія гукі я пачуў!” – падумаў каток. Тым часам Вог прадаўжаў: “Шаноўны Боня…”. Боня так здзівіўся, што на нейкі час забыўся пра дзіўную канструкцыю. Так паважліва да яго яшчэ ніхто не звяртаўся. Звалі Боняй, Бонечкам, нават Бусінкай бабуля часам клікала. Дзядуля, калі сердаваў на Боню за нейкую правіннасць, часам строгім голасам называў яго поўным імем “Баніфацый” і тады хвастаты гарэза адчуваў сябе вельмі няўтульна, разумеючы, што вінаваты. Каток прыасаніўся, зноў успомніўшы, што ён дарослы сур’ёзны кот (шаноўны чытач, мы ж з табой помнім, амаль што тыгр). Тым часам Вог прадаўжаў: “Ці не дапаможаце вы мне адрамантаваць мой касмалёт? Справа ў тым, што ў мяне зламалася адна дэталь і пакуль я яе не адрамантую, я не змагу вярнуцца дамоў, на Варду. Я спрабую перадаць сігнал аб дапамозе сваім калегам, але мне не ўдаецца. Мабыць, антэна таксама зламалася. Калі ласка. Калі ласка. Калі ласка”. У Боні нават дыханне перахапіла ад гонару за сябе. Боню ніколі ніхто не прасіў аб дапамозе. А ён жа дарослы, вось жа да яго звяртаюцца за дапамогай, без яго не справяцца, не адолеюць праблему! У каточка міжволі нават вышэй падняўся носік, плечыкі расправіліся, лапкі ўпэўнена апіраліся на скрыню, напружаны хвосцік, які да гэтага спачатку быў апушчаны ўніз, а потым, пакуль Боня стараўся напалохаць нязванага прышэльца, стромка махаў з боку ў бок, выпраміўся і ўпэўнена лёг на паверхню скрыні, на якой усё яшчэ сядзеў кот. 
     “Так, шаноўны Вог, я пастараюся вам дапамагчы, чым змагу”. Боня зноў здзівіўся, на гэты раз з самога сябе, ад таго, што міжволі пераняў інтанацыі госця і стаў гаварыць нязвыклымі для сябе словамі. Аднак становішча абавязвала. Да яго звяртаюцца як да дарослага, значыць і гаварыць ён будзе, як дарослы: “Што я магу для вас зрабіць?”. Вог стаў хутка-хутка лапатаць нешта па-свойму, мабыць, па-вардаўску, прылада на яго поясе хуценька-хуценька мільгацела, аднак маўчанне час ад часу перарываў толькі незразумелы шум. Нарэшце Вог выгаварыўся і перакладчык, крыху пачакаўшы, выдаў кароткае: “Я і сам не ведаю”. 
     Боня задумаўся. Як ён можа дапамагчы, калі не ведае чым і як. А Вог тым часам глядзеў на яго сваімі вялізнымі вачыма з такой мальбой і разгубленасцю, што у Бонечкі сэрца зайшлося ад жалю. Ён быў добрым кацяняткам і разуменне, што прышэлец папаў у бяду і цяпер знаходзіцца так далёка ад сваіх і зусім не ведае, што яму рабіць, напоўніла яго сардэчка сапраўдным болем і шчырым жаданнем дапамагчы. “Шаноўны Вог, мы нешта прыдумаем, не паддавайцеся скрусе”. Бонечка і сам не змог бы сказаць, дзе і ад каго ён чуў такія словы. Хутчэй за ўсё у нейкім фільме, што па вечарах глядзелі па вялікай плоскай скрыні бабуля з дзядуляй. Аднак Боня цвёрда разумеў, што гэтыя словы тут вельмі дарэчы. І так, Вог, здаецца, крыху супакоіўся, пачуўшы іх.
     Тым часам Боня разважаў, што можна зрабіць. Першай думкай было: “Пазваць дзядулю, той абавязкова ведае, як дапамагчы”. Аднак  гэту думку ён адразу адмёў. А калі дзядуля  не захоча нават слухаць і разбірацца, накрычыць на яго, Боню, тут жа, перад госцем, ды яшчэ закрые ў хаце, нібы маленькага? Сораму не абярэшся! Бабуля? Таксама не варыянт. Ды і не разумее яна нічога ў тэхніцы! Яшчэ, чаго добрага, можа перад госцем яго зганіць, калі будзе сюсюкаць з ім, як з маленькім: “Бонечка, сонейка маё маленькае”. Боня, вядома, вельмі любіў, калі бабуля лашчыла яго. Але пры госці, ды яшчэ такім незвычайным… Патрэбна было нешта прыдумаць.
І тут позірк коціка апусціўся на скрыню, на якой той сядзеў. Скрыня з дзядулявым інструментам! Вось што можа ім спатрэбіцца! Боня аж падскочыў ад радасці за такую сваечасовую думку. Але ж як яе адчыніць? У Бонечкі ж лапкі, а імі цяжкае вечка не паднімеш. “Вог, вы можаце адчыніць вечка гэтай скрыні?”. Тое, што адбылося пасля гэтых слоў, Боню здзівіла яшчэ больш. Незвычайны госць штосьці пралапатаў на сваёй мове, перакладчык нават гукам не азваўся, а вечка… прыпаднялося само. Боня ледзве паспеў саскочыць з яго на падлогу. Вог дзелавіта падышоў да скрыні. Росту прышэльца ледзьве хапіла на тое, каб зазірнуць у яе. Але ж гэта не перашкодзіла дзіўнаму госцю імгненна вывучыць напаўненне скрыні і вынесці кароткі вердыкт: “Нічога не падыходзіць!”.
     Бонечка скрушана маўчаў. Што ж рабіць, як дапамагчы Вогу? І тут прышэлец, хуценька-хуценька перабіраючы сваімі ножкамі, накіраваўся ў вугал сенцаў. Нагнуўся, нешта падняў. І Бонечка са здзіўленнем убачыў, што ў руцэ Вог трымае блішчастую абгортку ад цукеркі, якую, мабыць, выкінула з кішэні Танечка, а бабуля, якая так любіла, каб не было нідзе ніводнай пылінкі і нават мела для барацьбы са смеццем спецыяльную прыладу – венік, з якім часам любіў гуляцца Боня (той быў такі мяккі і так заманліва шабуршаў ад дотыку Боніных лапак), не заўважыла ў цёмным кутку. Вог меў выгляд  вельмі задаволены. “Мне патрэбны вось такі матэрыял. Па-вашаму – фо;льга”. Бонечка задумаўся. Ён ведаў, што на кухні ў адной са скрыняў, побач з плітой, гаспадыня трымала цэлы скрутак гэтай блішчастай паперы, якая так весела шамацела, калі гаспадыня заварачвала ў яе галоўныя і самыя любімыя Бонечкай прысмакі – мяса ці рыбу.  Засмучала толькі, што яна ніколі не давала Бонечцы гуляць з гэтай паперай. Гэта ён лічыў несправядлівым. Затое заўсёды бабуля частавала смачнасцямі, якія гатаваліся ў ёй, і гэта дапамагала коціку забыць аб мімалётнай крыўдзе.  Аднак, як жа дастаць гэту фольгу і пранесці яе ў сенцы? Ён падзяліўся сваімі думкамі з Вогам. Робячы агульную справу Боня і Вог нават не заўважылі, што перайшлі на ты і размаўлялі паміж сабой як даўнія сябры.  Перабраўшы некалькі варыянтаў і адмовіўшыся ад іх, яны нарэшце прыйшлі да наступнага плану: Боня зараз пачне мяўкаць, каб гаспадыня пусціла яго ў хату. На парозе ён крыху запыніцца, нібы думаючы, заходзіць яму ці не (а Боня часценька рабіў гэта!). Вог жа ў гэты час ціхенька прашмыгне ў хату і, стараючыся застацца нябачным, прабярэцца на кухню. Тое, што кухня знаходзіцца справа ад дзвярэй Вог ведаў ад Боні, гэтакжа як і тое, дзе знаходзіцца так патрэбная яму фольга. Аб тым, як выбрацца потым назад у сенцы і даставіць туды патрэбны для рамонту касмалёта матэрыял, сябры  не сталі задумвацца, пакінуўшы рашэнне гэтай задачы на потым.
     Першая частка плана была выканана бліскуча. Гаспадыня, быццам чакаючы знаку, хуценька адкрыла дзверы, Боня ледзь паспеў разочак мяўкнуць. Як і планавалі, не стаў адразу заходзіць, а, як і падабае сапраўднаму кату, зрабіўшы крок, усеўся прама на парозе, стараючыся засланіць сваёй спінай Вога. Праўда доўга так сядзець яму не прыйшлося, таму што дзядуля грозна прыкрыкнуў: “А ну заходзь, холад не пускай у хату!”. Бонечка хуценька заскочыў у хату і адразу накіраваўся на кухню. Гэта было яго стратэгічнай памылкай! Гаспадыня, вядома ж, падумала, што каток згаладаўся ў халодных сенцах, таму зайшла на кухню следам і, ласкава прыгаворваючы, стала падкладваць у Боніну місачку кавалачкі ружовай каўбаскі, якую коцік вельмі любіў. І па звычцы той накіраваўся да ежы. Аднак краечкам вока выхапіў знаёмы зялёны сілуэт, які прытаіўся за ножкай стала, успомніў, што цяпер не час для прысмакаў. Добра, што гаспадыня не стала чакаць, пакуль Бонечка стане есці, сышла назад у залу. 
     Цяпер сябрам трэба было здабыць фольгу з кухоннай скрыні. А гэта было высока. Вог прайшоўся ўздоўж куханнага гарнітура і безпамылкова спыніўся каля патрэбнай скрыні. Боня, нібы заварожаны, назіраў, як сама па сабе высоўваецца скрыня, як Вог на вачах выцягваецца і становіцца ў разы вышэйшым за свой звычайны рост, як бярэ сваімі зялёнымі рукамі фольгу і як зноў нібы сама па сабе скрыня засоўваецца назад. Праз імгненне сябры мелі на руках партэбны матэрыял і цяпер ім належала прыдумаць, як выбрацца са здабычай непрыкметна назад у сенцы.
Вырашылі пайсці пратораным шляхам і выйсці гэдак жа, як і зайшлі. Гаспадыня пабурчала дзеля прыліку на Боню, але дзверы адчыніла. Зноў коцік затрымаўся на парозе, што дало магчымасць Вогу з фольгай у руках прашмыгнуць у сенцы. Праўда, гаспадыня, здаецца, нешта заўважыла, уважліва паглядзела ў той бок, куды шмыгнуў Вог, нават патрасла галавой, нібы адганяючы нейкае незразумелае бачанне. На шчасце, відаць вырашыўшы, што нешта зялёнае з бліскучым памроілася, зачыніла за катком дзверы, вярнулася ў хату. Калі Боня нарэшце  таксама аказаўся ў сенцах, Вог ужо шпарка шабуршаў фольгай каля касмалёта. Не чакаючы пытанняў, ён растлумачыў Бонечцы, што фольга зроблена з алюмінію – вельмі добрага правадніку току і што ёю на нейкі час можна аднавіць некаторыя важныя функцыі касмічнага апарата і даляцець да базы, з якой яго забяруць варданцы.
Хутка касмалёт быў гатовы да  адлёту. Настала пара развітацца. На вочкі Боні навярнуліся слёзы, але ён паспешліва змахнуў іх – ён жа не маленькае якое кацяня слёзкі ліць, ён дарослы кот, амаль што тыгр! Упершыню ён зразумеў, наколькі гэта цяжка – раставацца з сябрам надоўга, на няпэўны тэрмін. Думкі, што яны з Вогам ніколі больш не ўбачацца, нават не ўзнікла. Такога проста не можа быць, каб сябры больш не сустрэліся.
     Вог падышоў да Боні, узяў сваёй зялёнай рукой яго лапку і моцна яе паціснуў, гаворачы словы ўдзячнасці. Бонечка нават не заўважыў, што разумее сябра без перакладчыка. А мабыць яшчэ і таму, што словы падзякі гучаць на любой мове зразумела, яны гаворацца сэрцам. Сябры абняліся і Вог, стаўшы вельмі сур’ёзным, шпарка залез у касмалёт. Дзверы сенцаў на кароткі міг адчыніліся нібы самі па сабе і касмалёт хутка растварыўся ў цёмным начным небе. У гэты час у сенцы выглянула гаспадыня і пазвала Боню ў хату. Яна ізноў патрасла галавою, нібы адганяючы нейкі прывід. Трэба ж такому быць, другі раз за вечар ёй здаецца нешта дзіўнае: то маленькі зялёны чалавечак з бліскучай трубкай у сенцах, то адкрытыя дзверы на вуліцу, якія самі па сабе зачыняюцца. Мабыць, вельмі стамілася за дзень.
     Праз нядоўгі час у цёплай зале, утульна ўладкаваўшыся на ручках гаспадыні, Бонечка ціха спаў і ў сне мроіліся яму бліскучыя, нібы фольга, зоркі і ўсмешка Вога. А зоркі, здавалася, так прыемна шабуршалі і клікалі ў нязведаную далеч.


Рецензии