Кацяня Боня i вожык
Улетку на вуліцы так добра! У двары злёгку калыхаюцца на ціхім ветрыку кветкі ў гаспадыніным палісадніку, дорачы наваколлю невыразна прыгожыя пахі. Высока на дрэвах шалясціць-шапоча зялёнае лісце, адкрываючы вачам яшчэ не паспеўшыя яблыкі і ігрушы. Чырвонымі бусінкамі мільгацяць сярод лісточкаў вішні, гатовыя, здаецца, вось-вось пырснуць салодкім густым сокам. Па блакітнаму небу, нібы па чароўнай рацэ, паволі плывуць белыя аблокі, пастаянна змяняючы сваю форму. Вось плыве воблака, падобнае на лодку з ветразем – раздутым, напоўненым свежым ветрам, здаецца яно імклівым і свабодным. Ды толькі, прыглядзеўшыся, заўважаеш, што становіцца яно ўсё больш і больш падобным на …вялізную рыбіну, якая шырока раззявіла рот і рухаецца насустрач вялікаму беламу айсбергу, вось-вось, здаецца, сутыкнецца. А зараз на небе з’явілася белае паветранае кацяня, яно ляжыць на спінцы, прыгожа раскінуўшые лапкі ў бакі. Вось-вось павернецца на бачок і стане гуляць са сваім хвосцікам. А гэта белы лебедзь паважна плыве па блакіту нябёсаў насустрач беламу палацу, які стромкімі вежамі ўзвышаецца на шляху гордай птушкі. Ды праз нейкі час палац плаўна ператвараецца ў постаць каня з шыкоўнай грывай, а лебедзь з выгінастай тонкай шыяй чароўным чынам ператвараецца ў таўсматае мядзведзяня, якое трымае ў лапах бочачку з нечым смачным, мабыць з мёдам. Змену формы аблокаў на небе ў ясны сонечны дзень можна назіраць бясконца, гэта тое, што ніколі не надакучыць.
Не менш цікава назіраць за тым, што робіцца на зямлі. Вось па садовай дарожцы шпартка рухаецца нешта жоўценькае і доўгае. Рухаецца дзіўна – зусім не згінаючы цела, паварочваючыся ад кожнага подыху ветрыку ў бакі. Прыглядзеўшыся, Боня разумее, што гэта проста… саломінка, якую ветрык нясе па сваім, аднаму яму вядомым маршруце. Аднак на ўсялякі выпадак Бонечка адыходзіць ад дарожкі. Увагу яго тут жа прыцягвае стракатанне коніка. Яно даносіцца аднекуль з травы. Дзе ж ён?
Але ў наступнае імгненне ўвагу кацяняці адцягвае ціўканне птушкі на калючым кусце агрэсту. Птушка даволі вялікая, мае чорнае з бліскучым апярэнне. Боня ведае, што жыве яна ў драўлянай маленькай будачцы, прымацаванай да страхі гаража, ў які дзядуля ставіць сваю машыну. Ведае таму, што неаднойчы хацеў залезці ў тую будачку – дзядуля з бабуляй называюць яе шпакоўняй – але дзядуля крычаў і нават замахнуўся на яго, Бонечку, рукой. Боня помніць тую крыўду на дзядулю. Ён жа не хацеў нічога дрэннага, проста карцела паглядзець, як жывуць у гэтай прыгожай хатцы птушкі.
Думкі Бонечкі перарываюцца ад брэху сабакі на суседскім двары. Ён ведае, што з сабакам коцікі не сябруюць, так Танечка гаварыла, бабуліна ўнучка, якую зрэдку прывозяць у госці. Аднак яму вельмі цікава было б даведацца, на каго ці на што гаўкае Рэкс – вялікі лахматы сабака, такі грозны з выгляду. А што, калі ён, Боня, зараз…
Раптам з-пад куста данясліся дзіўныя гукі. Боня, імгненна забыўшыся пра Рэкса, прыслухаўся. Так, там пэўна нехта ёсць: “Пых-пых. Пых-пых. Пых-пых”. Бонечку было і страшнавата, і цікава адначасова. Цікавасць перамагла. Распластаўшыся амаль што па зямлі, прыжаўшы да галавы вушкі і апусціўшы ўніз хвост, Боня паволі стаў набліжацца да куста, з-пад якога даносілася пыхканне. Падышоўшы бліжэй, запыніўся і стаў назіраць. І хоць ужо вечарэла і сонейка ўжо на палову схавалася за гарызонт, Боня бачыў усё вельмі добра. Коцікі наогул вельмі добра бачаць у цемры.
Пыхканне на нейкі час заціхла. На змену яму прыйшло шалясценне. І вось з-пад куста высунулася шэрая мордачка з вузкім доўгім носікам і вочкамі-бусінкамі. Боня напружыўся. А калі гэта мыш? Бабуля ж з дзядулем казалі, што каты ловяць мышэй. А ён, Бонечка, дагэтуль не бачыў гэтых самых мышэй. А яны ж якраз шэрыя! Здаецца, сапраўды мыш! Вось пашанцавала! Зараз ён, Бонечка, зловіць яе і бабуля з дзядулем будуць ім ганарыцца! Вось-вось ён яе ўпалюе…
Боня, нібы пружына, скочыў на невядомага звера. І ў тое ж імгненне адскочыў, заенчыў. Як балюча! Гэты невядомы звер вельмі калючы! Ніхто ж не сказаў Бонечцы, што ў мышэй такія вострыя калючкі!
Звер тым часам зноў схаваўся пад куст і заціх. Відаць, усё-такі спалохаўся яго, Боні. Не дзіва, Боня ж вунь які вялікі ды грозны! Амаль што тыгр!
Абодва звяркі затаіліся на нейкі час: Боня ў траве, невядомы звер – пад кустом. Было чуваць толькі стракатанне конікаў, ціўканне птушак ды гагатанне гусей на гаспадарчым двары. Вось да Боні зноў даняслося: “Пых-пых. Пых-пых”. Выцягнуўшы шыю, коцік вырашыў назіраць за невядомым зверам пакуль што здалёк. Відаць, той таксама абраў такую ж тактыку. Абодва звяркі час ад часу шыпелі. Боня пры гэтым грозна выгінаў спінку і распушваў хвост, невядомы звер дадаваў да шыпення пыхценне і цоканне. Нарэшце, папалохаўшы такім чынам нейкі час адно аднаго, абодва звяркі заціхлі на нейкі час. Першым пакінуў сваю схованку незнаёмец. Боня добра яго разглядзеў. На спіне частаколам узвышаліся вострыя густыя калючкі. “Дык вось што мне зрабіла так балюча! Якія яны грозныя, гэтыя мышы!” – падумаў Боня. “Навошта гэты вусач з вострымі кіпцюрамі напаў на мяне? У яго кіпцюры не меншыя за мае калючкі” – падумаў вожык. Так, шаноўныя мае маленькія чытачы, вы напэўна здагадаліся, што гэта быў менавіта ён.
Вожык павярнуў убок ад куста і, хуценька перабіраючы маленькімі лапкамі, накіраваўся ў бок плоту. Боня, крыху павагаўшыся, у некалькі скокаў дагнаў яго: “Гэй, а ты чаму ўцякаеш?” – спытаў ён калючага незнаёмца. Вожык, не прыпыняючыся, незадаволена нешта буркнуў у адказ. Боня зноў дагнаў калючыка: “Ты сапраўды мыш?”. Вожык аж спатыкнуўся ад нечаканасці: “Сам ты мыш! – абурыўся ён. Я – вожык. А вожыкі самі ядуць мышэй, каб ты ведаў!”. Прыйшла пара здзівіцца катку: “А хіба мышэй ядуць не толькі коцікі?”. Вожык зноў фыркнуў: “На мышэй палююць многія жывёлы і нават птушкі. Хіба ты не чуў, што выдатнымі мышаловамі з’яўляюцца лісы, куніцы, ласкі, харкі, рысі, нават ваўкі і дзікія кабаны не грэбуюць імі. Мышы – ласунак для змей. І нават драпежныя птушкі ядуць мышэй. На іх палююць совы, ястрабы, коршуны, буслы, жураўлі”. Боня азадачана глядзеў на субяседніка. Тым часам вожык, выказаўшы сваё абурэнне, хуценька пашпацыраваў ізноў да плоту. “Гэй, пачакай, куды ж ты?”. Вожык, не прыпыняючы кроку, буркнуў: “На паляванне. Я ж не лайдак які!”.
“Дазволь я табе дапамагу!” – вызваўся Бонечка. Яму вельмі хацелася навучыцца лавіць мышэй. А тут такі выпадак! Ды і з гэтым калючым зверам не так і страшна ісці на паляванне!
“Спачатку кідаецца, бы шалёны, а потым дапамогу прапануе, бач ты яго” – бурчаў вожык, аднак кіўнуў кацяняці, маўляў, пайшлі са мной, так і быць.
Бонечка подбегам рушыў за новым знаёмым. Вожык рухаўся амаль бясшумна, аднак вельмі шпарка. Коцік таксама стараўся не шумець. Разуменне, што падчас палявання нельга выдаваць сябе аніякім шумам, было ў яго з нараджэння. Так, коцікам гэтыя веды перадаюцца з пакалення ў пакаленне на ўзроўні інстынкту. Ішлі яны даволі доўга паўз агарожы чужых агародаў, праз сад, вось і поплаў. Боня нават перажываць стаў, каб хоць не заблудзіцца і знайсці дарогу дамоў. Ён ніколі так далёка яшчэ не адыходзіў ад дому. Ды і сцямнела ўжо зусім. Боня яшчэ не ведаў, што вожыкі палююць толькі ў цемры, арыентуючыся па паху. Вось вожык спыніўся, стаў вынюхваць нешта ў густой траве. Боня таксама спыніўся. Прыглядзеўшыся, заўважыў у зямлі ледзь прыкметную маленькую-маленькую дзірачку. Новы знаёмы Бонечкі даў амаль непрыкметны знак, маўляў, сядзі вельмі ціха. Боня замёр. Так яны ўдвух сядзелі даволі доўга. Боня нават стаў думаць, што яны дарэмна марнуюць час. Але вось вожык напругся яшчэ мацней. Боня прыслухаўся і таксама ўлавіў ледзь-ледзь чутны гук, падобны на нейкае асцярожнае шкрабанне. Абодва не зводзілі вачэй з мышынай норкі. І вось ён, даўгачаканы момант. З адтуліны ў зямлі паказаўся маленькі шэры носік. Нейкі час пачакаў, прынюхваючыся. Потым паказаліся маленькія вочкі-бусінкі на шэрай мордачцы. Далей…
Далей Боня нават не зразумеў, што адбылося. Шустры калючы драпежнік маланкай наляцеў на мыш. Тая і піскнуць не паспела.
Бонечка заварожана глядзеў на свайго новага знаёмага. Больш за ўсё на свеце яму хацелася стаць такім жа адважным і спрытным паляўнічым. Ён прынясе сваю здабычу бабулі з дзядулем, няхай яны пабачаць, які Боня моцны і смелы каток!
З такімі думкамі коцік вяртаўся дамоў. Усе яго страхі, што не знойдзе назад дарогі, недзе дзеліся і ён, нават не задумваючыся, безпамылкова вызначаў правільны шлях. Вось і хата, дзверы на вуліцу адчынены, з праёма льецца палоска яркага святла, а ў дзвярах стаіць занепакоеная гаспадыня, час ад часу кліча “Каты-каты-каты”. Бонечка адчуў сябе крыху вінаватым за тое, што заставіў яе хвалявацца. Падбег да дзвярэй, пацёрся аб бабуліны ногі. Тая нагнулася, узяла Бонечку на рукі і, ласкава прыгаворваючы нешта, панесла яго прама на кухню. Там у місачцы ужо ружавела нарэзаная на кавалачкі каўбаска, побач ляжалі насыпаныя сухія шарыкі – корм, як называла гэту смачную ежу бабуля, у сподачку плёскалася малачко. Добра паеўшы (а падчас прыгод з вожыкам Боня, аказваецца, нагуляў добры апетыт), коцік залез до бабулі на калені і, згарнуўшыся клубочкам, слухаў, як тая, пагладжваючы маленькага гарэзу па пушыстай чорненькай поўстцы, ласкава гаварыла яму словы, якія так любіла кацяня: “Ты мой харошы каток, ты мой ласкавы каток”. Боня гатовы быў слухаць гэтыя словы бясконца і не сыходзіць з гаспадарскіх ручак наогул ніколі. Каб жа так можна было!
Засынаючы, Бонечка паспеў падумаць: “Вось заўтра абавязкова пайду на паляванне, злаўлю мыш і прынясу яе бабулі з дзядуляй. Я ж не лайдак які!”.
Свидетельство о публикации №225062400948