Кацяня Боня з Беларусi i бабулiн парасон

Кацяня Боня і бабулін парасон
    Дождж за вакном ліў, бы з вядра. Касыя струмені гулка білі па шыферы, порстка адскокваючы ад цвёрдай паверхні, і імкліва раствараліся  ў вільготным паветры. Тыя ж струмені, што даляталі да зямлі, густа пузырыліся ў глыбокіх лужах, якімі была пакрыта зямля. Півоні ў бабуліным палісадніку панура звесілі паніклыя кветкі, а ўзорчатыя лісты іх трапяталі, нібы ажыўшыя зялёныя матылькі, пад вадзяным напорам. Лісточкі вішні блішчэлі, вымытыя дажджом, нібы смагарды,  а між імі дзе-нідзе чырвонымі рубінамі выглядвалі спелыя вішні.
    Боня сядзеў на падаконніку і сумаваў. За вакном ужо так даўно нічога не мянялася. Ліў дождж, неба было зацягнута шэрымі хмарамі, а за бурбалкамі на лужах коціку назіраць ужо надакучыла. На вуліцы ніхто не паказваўся, хаця звычайна там было ажыўлена і шумна: то хтосьці з суседзяў пройдзе па вуліцы, то хлапчукі на веласіпедах з гікам і свістам праімчаць, то машына праедзе. І хоць вуліца іх знаходзілася на ўскраіне горада і жыццё тут было больш падобнае на вясковае, аднак жа гэта быў горад з усімі належнымі атрыбутамі: канчатковым прыпынкам гарадскога аўтобуса, чыгуначным прыпыначным пунктам непадалёку, ліцэй і дзіцячы садок знаходзіліся ўсяго праз некалькі дамоў, а за скверам і дарогай  высіліся шматэтажкі, падобныя на вялікія стромкія скрыні з мноствам вокнаў.
Увагу Бонечкі прыцягнуў добра знаёмы гук са двара. Так і ёсць, гэта ляснулі весніцы і ў двор зайшла гаспадыня з сумкай у руцэ. Другая ж рука трымала нешта дзіўнае, зверху круглае і паласатае, што мацавалася на тоненькай ножцы. Менавіта за яе, гэтую тоненькую ножку, і трымала  нябачаны раней прадмет гаспадыня. Прыглядзеўшыся лепш, Боня адзначыў, што ад гэтага прадмета порстка адскаквае вада, нібы сустрэўшы моцную перашкоду на сваім шляху. Тыя ж кроплі, што не паспелі адскочыць, збіраліся і ручайкамі сцякалі з краёчкаў круглага купалападобнага прадмета. “Вось цікавостка!” – паспеў падумаць Боня. Гаспадыня тым часам зайшла ў сенцы, грукнула дзвярыма. У хату зайшла ўжо без прадмета, што так зацікавіў катка. Боня скеміў, што тая пакінула яго ў сенцах. Борзенька саскочыў з падаконніка, падбег да дзвярэй, запытальна паглядзеў на бабулю. Тая прыадчыніла дзверы, выпусціла коціка.
   На падлозе ў сенцах, крыху збоку ад праходу, што быў засцелены вязаным паласатым ходнічкам (а іх некалькі падобных адзін на аднаго вісела пад навесам каля хаты. Бонечка сам бачыў, як гаспадыня вязала іх з палосак тканіны, скручаных у клубкі, шпарка арудуючы адной рукою нечым, падобным на кручок, а другою прытрымліваючы вывязанае палатно. Бонечка, канечне ж, з вялікім задавальненнем гуляў з тымі клубкамі). З аднаго краю на ходнічак сцякала вада з таго самага прадмета. Боня абыйшоў прадмет з усіх бакоў, абнюхаў яго. Прадмет пах свежасцю, вадой, нават, здаецца, зялёнай травой, яшчэ нечым быццам знаёмым, але чым канкрэтна, Боня не змог вызначыць. Ды й не вельмі стараўся, калі быць праўдзівым. Яго вельмі зацікавіў сам прадмет. Калі каток, вывучаючы мокры кругляш на ножы, зачапіў надуты бок хвастом, прадмет нібы ажыў і стаў сам па сабе паварочвацца. Бонечка ад нечаканасць адскочыў. Прадмет, крыху павагаўшыся з боку ў бок, сцішыўся. Цікаўнае кацяны асцярожна, апусціўшы хвосцік долу і прыжаўшы вушкі да галавы, наблізілася да цікавосткі ізноў. Абнюхала, датыкнулася лапкай. Прадмет зноў завагаўся. На гэты раз Боня не стаў адскокваць, крыху адступіў і назіраў за тым, як паволі заціхаюць рухі незвычайнага прадмета. Паспрабаваў яшчэ раз, потым яшчэ. Гульня спадабалася малому гарэзе і ён у хуткім часе весела скакаў вакол новай вялікай цацкі, штырхаючы яе лапкамі і нават раз-пораз спрабуючы ўхапіць вострымі зубкамі. Заўважыў, што прадмет мокры звонку, а ўнутры сухі. А там жа, унутры ку;пала, былі яшчэ і нейкія незразумелыя металічныя дроцікі, падобныя на струны ці спіцы ў коле веласіпеда! Гэта рабіла гульню яшчэ цікавейшай! Кацяня весела скакала між спіцамі, забаўляючыся тым, што пры кожным скачку прадмет пакачваўся ў розныя бакі і вельмі цікава было здагадацца, у які бок на гэты раз ён качнецца і скокнуць у адваротным напрамку. За гульнёй Бонечка не заўважыў нават, што дзверы з хаты крыху прыадчыніліся і за ім з замілаванай усмешкай цікавала гаспадыня.
    Тут у вочы Боні кінулася, што зверху, на той самай металічнай ручцы, побач з нейкай кнопкай, пакачваецца тоненькі раменьчык.  Прысеўшы паміж спіцамі парасона (так, мой маленькі чытач, ты ж напэўна здагадаўся, што гэты незнаёмы каточку прадмет ёсць ні што іншае, як парасон), ён нейкі час цікаваў за тым, як пакачваецца разам з самім парасонам гэта стужка, потым паволі заціхае. Яшчэ Боні спадабалася, што пасля таго, як ён так удала змяніў дыслакацыю, парасон прыняў вельмі зручнае становішча: блішчастая ручка аказалася накіраванай ўверх, а сам круглы прадмет пад ім крыху прасеў  у адзін бок, прыняўшы даволі ўстойлівае становішча.
    Боня паварушыўся ў сваім сховішчы са спіцаў. Парасон і стужка ізноў прыйшлі ў рух. Боня выцягнуў лапку і паспрабаваў кіпцюрыкамі зачапіць стужку. Тая аказалася мяккай і падатлівай. Пацерабіўшы яе, Боня паспрабаваў адняць лапку, ды не тут было! Кіпцюрыкі моцна увязлі ў стужцы, ды так, што коціку аніяк не ўдавалася ад яе адчапіцца. Каб вызваліць лапку з палону непаслухмянай стужкі, Боня прыпадняўся, парасон згубіў раўнавагу і нахіліўся ўбок. Боня паспрабаваў выскачыць са сваёй схованкі, ды не так проста аказалася яе пакінуць. Парасон качаўся сабе, Боня спрабаваў захаваць раўнавагу, ды яму гэта не вельмі добра ўдавалася. Кацяняці стала страшна, што гэты прадмет, які ўвесь час рухаецца, ніколі не захоча адпусціць яго, Бонечку! А яму ж так хочацца да бабулі на ручкі, схавацца ад усякай небяспекі! Коцік залямантаваў, падскочыў. Стужка ўсё аніяк не адпускала Бонечкіну лапку. Тады ён ірвануўся, што было сілы ўверх і… Ён нават не зразумеў, што здарылася далей. Зусім нядаўна надзвычай цікавы, а цяпер раптоўна стаўшы небяспечным прадмет, стаў хутка згортвацца, заціскаючы Бонечку даволі моцнай хваткай стальных спіцаў. І вось ўжо тулава каточка моцна зажата, лапка ўсё яшчэ ў палоне праклятай стужкі, коціку вельмі страшна, ён крычыць, заве бабулю з дзядулем на дапамогу…
    Усё закончылася добра, мой дарагі маленькі чытач. Мы ж з табой помнім, што з прыадчыненых дзвярэй за гульнёй Бонечкі цікавала гаспадыня. Яна зразумела, што, гуляючы, Бонечка ненарокам зачапіў другой сваёй лапкай тую самую кнопачку побач са стужкай. Парасон, стаў зачыняцца, яго спіцы сабраліся каля  ручкі і, натуральна, прышчымілі коціка. Гаспадыня паспяшалася хутчэй на дапамогу свайму маленькаму ўлюбёнцу, дастала яго з пасткі, прылашчыла, занесла на руках у хату. Напалоханы Бонечка ціха-ціха ляжаў на каленях бабулі, перажываючы наноў нядаўні страх і раз-пораз уздрыгваючы ўсім сваім маленькім цельцам. Бабуля ласкава гладзіла небараку.
    Паціху страх стаў сыходзіць у нябыт і коцік стаў прыслухвацца да таго, што гаворыць гаспадыня. А тая, пагладжваючы маленькага гарэзу па пушыстай чорненькай поўстцы, ласкава гаварыла словы, якія так любіла кацяня: “Ты мой харошы каток, ты мой ласкавы каток”. Боня гатовы быў слухаць гэтыя словы бясконца і не сыходзіць з гаспадарскіх ручак наогул ніколі. Каб жа так можна было!


Рецензии