Кацяня Боня дапамагае збiраць клубнiцы

Прыгоды кацяняці Боні ў гасцях, або Кацяня Боня
дапамагае бабулі  збіраць клубніцы

   Лета – чароўная пара. Сонейка шчодра адорвае зямлю жыватворнымі праменямі, цёплы ветрык лунае, чапляючы на сваім шляху галінкі раслін, ласкава гуляе з з зялёнымі лісточкамі і тыя шапочуць, нібы складаюць сваю адметную прыродную музыку, дапоўненую стракатаннем конікаў у траве, спевамі птушак. Басавыя ноты ў гэту мелодыю дадаюць рэчы, звязаныя са светам  чалавека: роў тэхнікі – аўтамашын, матацыклаў, трактароў. Ноткі званочкаў дадаюць веласіпеды, а спеўныя гукі ідуць ад самога чалавека, яго голасу, мовы. Слухаць гэту музыку жыцця можна бясконца, яна мяняецца, кожнае імгненне не падобна сваёй мелодыяй на тое, што было толькі што.
    Сонечным чэрвеньскім ранкам Боня сядзеў на ганку, падняўшы  мордачку і ловячы цёплыя ласкавыя праменьчыкі.  Уся зграбная постаць кацяняці, здавалася, сама выпраменьвала спакой і задаволенасць жыццём. 
Сонечную медытацыю перарваў грукат дзвярэй. На ганак выйшла гаспадыня, звыкла нагнулася, пагладзіла катка па спінцы. Бонечка з задавальненнем азваўся на ласку, выгнуўся, падставіў вушкі, пацёрся аб бабуліны ногі: “Цудоўны пачатак дня”.
Тым часам на вуліцу выйшаў гаспадар і накіраваўся да гаража. Боня звярнуў увагу, што і бабуля, і дзядуля адзеты не па-хатняму. А на лаве каля парога стаіць яго, Бонечкіна, пераноска. “Так, – пачаў здагадвацца коцік, – учора бабуля прымусіла яго прыняць нейкую агідную таблетку. А сёння пасля порцыі любімай кілбаскі, якая, дарэчы, была значна меншай, чым заўсёды, яго чакаў ласунак, які чароўна пах мятай. Значыць, мы паедзем некуды ў дарогу”.
    Боня не памыліўся. Гаспадыня аднесла Бонечку на руках у пераноску, зачыніла яе. Боня не вельмі любіў гэту цесную скрыню. Дарэчы, пах салона машыны яму таксама не вельмі падабаўся, аднак выбару ў яго не было. У машыне Боня некалькі разоў незадаволена мяўкнуў,  аднак ласкавы голас бабулі і мернае пакачванне аўто на гладкай шашы зрабілі сваю справу. Коцік супакоіўся і нават паспрабаваў задрамаць.
   Бонечка не ўмеў вызначаць час па гадзінніку, таму не мог сказаць, доўга ці коратка яны ехалі ў машыне. Ён пачуў, як гаспадыня, абдымаючыся з нейкай жанчынай, сказала: “Ну вось, усяго за гадзіну дабраліся”. Пераноска з катком перакачавала з аўтамабіля ў хату, дзядуля адкрыў яе са словамі: “Ну, выходзь, арыштант хвастаты!”.  Бонечка добра ведаў, што за паказной, часам грубаватай жартаўлівасцю дзядулі хаваецца шчырая любоў да малога гарэзы, таму першай справай, пакінуўшы пераноску, пацёрся аб дзядулеву руку, падыйшоў да бабулі, з цікавасцю паглядзеў на жанчыну, якая стаяла побач і была дзіўна падобна на бабулю з твару. Хіба трошачкі маладзейшай. “Ну, пакажыся, які ты вырас”, – у словах жанчыны была дабрыня і Бонечка без страху падыйшоў да яе, азваўся на ласкавае пагладжванне, выгінаючыся і падстаўляючы спінку. “Зараз унукі прыедуць, будзе табе з кім гуляць. А мы зараз паснедаем і пойдзем клубніцы збіраць”.
Што такое клубніцы Боня не ведаў. Але ж, мабыць, гэта нешта важнае і цікавае, раз бабуля з дзядулем ехалі сюды дзеля іх на машыне. А вось унукі – гэта заўсёды весела і шумна. Бонечка вельмі любіў, калі да бабулі з дзядулем прыязджала Танечка, іх унучка. Якія толькі гульні яна не прыдумвала!
    На сняданак Бонечцы дасталіся блінцы. Бабуля таксама частавала яго калі-нікалі гэтымі кругляшамі, якія заўсёды смачна пахлі сметанковым маслам. Заеўшы іх малачком, коцік смачна аблізнуўся і …задрамаў. “Змарыла малечу ў дарозе”, – скрозь сон пачуў словы бабулі. “Носішся ты з ім, нібы з дзіцем малым”, – незадаволены, аднак нязлосны голас гаспадыні хаты Боня ўжо ледзь разабраў.
Прачнуўся коцік ад шуму. У хаце звінелі дзіцячыя галасы. Двое хлапчукоў гадоў сямі-васьмі і маленькая дзяўчынка гадоў чатырох узнялі ў хаце сапраўдны вэрхал. Хлапчукі тузілі адзін аднаго, гучна гаварылі, сварыліся, потым, замірыўшыся, смяяліся. Столькі дзетак адразу Боня яшчэ ніколі не бачыў, такога шуму таксама не чуў, таму на ўсялякі выпадак схаваўся пад сталом, які быў засцелены вялікім абрусам, краі якога звісалі амаль да падлогі.
   У хату зайшла гаспадыня, занепакоена паглядзела на месца, дзе спаў Боня.  Абвяла вачыма пакой, заглянула пад крэсла, затым пад стол. Ні слова не гаворачы, узяла Боню на рукі і панесла з сабой на вуліцу. Аказаўшыся ў адноснай цішыні, Боня аглядзеўся. За хатай цягнуліся доўгія рады з зялёнымі кусцікамі. Такія кусцікі былі і на бабулім агародзе, аднак іх там было мала. Тут жа ад засаджанай плошчы перахоплівала дух! І дома на гэтых кусціках былі яшчэ зусім зялёныя ягадкі, якія амаль не мелі паху і таму Боню да гэтай пары не цікавілі. Тут жа ягады сярод зялёных лістоў былі ярка-чырвонымі, буйнымі і мелі чароўны салодкі водар!   
   Аказаўшыся на зямлі, Боня  стаў даследаваць новую тэрыторыю. Спачатку насцярожана, апусціўшы ўніз хвост і прыжаўшы вушкі да галавы. Паступова рухі коціка станавіліся больш упэўненымі, смелымі. Пераканаўшыся, што небяспекі не існуе, а бабуля і дзядуля побач, Боня стаў дэтальна вывучаць абстаноўку. Больш за ўсё яго прываблівалі тыя чырвоныя ягады на кусціках. Ён бачыў, як зрываў іх і, абцёршы рукой, з задавальненнем адпраўляў у рот дзядуля, жанчыны смяяліся і жартаўліва сварыліся, што нельга есці нямытыя. Ды дзядуля толькі адмахваўся, маўляў, што з вас узяць, трашчоткі. Боня пачапаў лапкай ягаду, тая загайдалася на гнуткай ножцы, затрапятала сярод лісцікаў. Боня не асмеліўся паспрабаваць ягаду на смак, усёж-такі пах клубніц яму, коціку, падабаўся не вельмі.  Затое як цікава было наўкола! Вось пад кусцікам прабег нейкі жук з доўгім целам і чорнай з блішчастым зеленаватым адлівам спіной. Боня нават паспрабаваў дагнаць яго, ды дзе там! Імгненна схаваўся дзесьці пад лісцік, юркі, маленькі, толькі яго і бачылі! З мурашамі таксама не ўдалося пасябраваць, тыя надта спяшаліся па сваіх важных справах і на Бонечку зусім не звярталі ўвагі! Такая ж гісторыя адбылася і з павуком, які на сваіх тонкіх высокіх нагах, нібы на хадулях, хуценька прабег міма Боні і знік за землянымі грудкамі. Дзесьці зусім побач звінелі тонкімі галаскамі надакучлівыя камары, іх было шмат. Боня неяк чуў каля сваёй хаты гэты агідны піск і бачыў, як смешна адмахваюцца ад гэтых ледзь бачных крылатых бабуля з дзядулем, аднак там, у горадзе, камары былі рэдкімі гасцямі. 
    Боня, даследуючы мясцовасць, нават не заўважыў, як адышоўся даволі далёка.  Яго зацікавіла горка зямлі між кусцікамі клубніц. Падышоў, абнюхаў. І ўзрытая рыхлая зямля, і норка побач, і нязвыклы пах – усё было дзіўным. Бонечка ўлавіў ледзь чутны гук дзесьці там, пад зямлёй – слых у коцікаў вельмі востры! Міжволі напружыўся, вушкі тарчком, цела нібы зжатая пружына – доля імгнення і, нібы страла, выпушчаная з лука, узляціць-узаўецца над зямлёй у паляванні на ахвяру. Успомніў першае сваё паляванне на мыш разам з вожыкам, тады адчуваў нешта падобнае. Застыў каля норкі, не зводзячы вачэй.
Аднак той, хто жыў пад зямлёй, таксама, мабыць, нешта пачуў небяспечнае, таму да выхаду з норкі больш не набліжаўся. Бонечка не ведаў, што у крата (а шаноўны маленькі чытач канечне ж здагадаўся, што горка зямлі з норкай – гэта, пэўна ж, работа крата) пад зямлёй цэлы маленькі горад з сістэмай запутаных хадоў і што крот пад зямлёй рухаецца ўпэўнена дзякуючы развітай адчувальнасці, хоць і мае вельмы слабы зрок. Мала таго, вочы яго пакрыты скурай, нібы вейкамі.
Нейкі час пакруціўшыся каля норкі, Боня стаў аглядацца ў пошуках іншага занятку. Яго ўвагу прыцягнула стракатанне, што раздавалася ў паветры. Падняўшы галоўку, Боня ўбачыў… сапраўдную прыгажосць. У паветры стракатала, застыўшы на месцы, прыгажуня з празрыстамі крыламі, на якіх рознымі адценнямі перламутрава пераліваліся пражылкі. Вялікія вочы, нібы апраўленыя ў модную аправу акуляраў,  дзіўным чынам варочаліся і, здавалася, цудоўная ззяючая істота імі можа аглядаць наваколле наўкола сябе, не паварочваючы галавы. Боня заварожана глядзеў, не даючы веры сваім вачам: “Ці ж можа існаваць такая прыгажосць?”.
    Тым часам страказа, нібы верталёт, стракочучы падляцела да самага высокага клубнічнага куста, пакружылася, нібы сапраўды выбіраючы сабе пляцоўку для пасадкі, і плаўна спланіравала на клубнічную кветачку. Галінка пад ёй ледзь-ледзь варухнулася. Бонечку вельмі хацелася пазнаёміцца з чароўнай госцяй. Успомніўшы правілы ветлівых стасункаў, ён зрабіў крок да прыгажуні, разявіў раточак каб казаць “Добры дзень”. Аднак страказа, спалохаўшыся, імгненна знялася з месца, напачатку нібы завісла ў паветры, потым хутка с лёгкім стрэкатам знікла з вачэй.
Боня расчаравана правёў вачыма прыгажуню. Аднак доўга сумаваць коцік не ўмеў. Хуткім часам яго ўвагу прыцягнулі нейкія рухі пад адным з клубнічных кустоў. Прыжаўшы вушкі да галавы, нібы сцелючыся па зямлі ўсім зграбным цельцам, хуценька наблізіўся да зацікавіўшага яго месца. З асцярогай прынюхаўся, не зводзячы вачэй з куста. Цішыня. Боня асцярожна зрабіў крок наперад. Яшчэ крок.
    І сустрэўся з позіркам лупатых аранжавых вачэй. Істота была настолькі незвычайнай, што Боня сумеўся. Прыплюснутае цела, усыпанае бугаркамі, нібы бародаўкамі, вянчала буйная галава з вялікім вачыма, нібы перарэзанымі папярок шырокім зрачком. Рот быў вельмі шырокім, нібы папярэчная лінія. Колер незвычайная істота мела зямліста-шэры, таму фактычна злівалася з рыхлай зямлёй клубнічнай грады. Боня звярнуў увагу на лапы: яны мелі нешта падобнае на пальцы, аднак паміж сабой былі злучаны перапонкай. Бонечка не мог зразумець, якім чынам жаба (шаноўны юны чытач, ты ж даўно здагадаўся, што гэта была земляная жаба!) ходзіць па зямлі  такімі лапамі. Яму здавалася, што істота вось-вось скокне на яго, Боню. Маленькі каточак яшчэ не ведаў, што земляныя жабы ў адрозненне ад вадзяных не ўмеюць скакаць, а толькі паволі ходзяць. Страх запаўняў маленькае цельца кацяняці, той зжаўся, хвосцік апусціў уніз, вушкі прыжаліся да галавы. І тут адбылося нешта нааогул жудаснае: з шырокага плоскага рота істоты высунуўся доўгі-доўгі язык, імгненна захапіў пралятаючага камара і маланкава знік разам са здабычай зноў у роце. Ад здзіўлення і ахапіўшага жаху Боня нібы прымёрз да месца. Аднак тое, што адбылося ў наступнае імгненне… Істота адкрыла рот і выдала пранізлівы гук, не падобны ні на якія гукі, якія раней чуў Боня: “Ква!”.
    Бонечка з усіх лапак кінуўся прэч ад страшнага монстра! Маленькі гарэза, ён не ведаў, што жабы толькі з выгляду незвычайныя, а насамрэч яны прыносяць людзям толькі карысць, знішчаючы пражэрлівых насякомых-шкоднікаў. Боня бег, не разбіраючы дарогі, не аглядваючыся – хутчэй, хутчэй! Дзверы ў хату былі адчынены, каточак забіўся пад стол, сцішыўся.
Паволі стаў супакойвацца. З вуліцы даносіліся вясёлыя дзіцячыя галасы, але тут, пад сталом, закрытым вялікім абрусам, краі якога звісалі амаль да зямлі і былі выдатнай схованкай для малога гарэзы, было ціха і спакойна. Праз нейкі час у хату зайшла занепакоеная гаспадыня, якая заўважыла адсутнасць свайго ўлюбёнца. Заглянула пад крэслы, пад стол. Сустрэлася позіркам са спалоханымі вачыма кацяняці. Бонечка ахвотна пайшоў на працянутыя рукі, прыжаўся да бабулі, узрушаны, напалоханы, прыслухоўваючыся да такіх звыклых і патрэбных яму зараз слоў: “Ты мой харошы каток, ты мой прыгожы каток, ты мой маленькі каток”. І маленькае сэрца Бонечкі паволі зноў напаўнялася спакоем і задавальненнем. Для гэтага ўсяго і трэба, што быць упэўненым у тым, што ў цяжкі час на дапамогу прыйдзе той, хто цябе любіць, суцешыць і скажа, які ты харошы і добры.


Рецензии